Смекни!
smekni.com

Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі (стр. 3 из 4)

Тэарэтычная і літаратурна-крытычная думка прадстаўнікоў барока развівалася не так інтэнсіўна, як класіцыстаў. На гэта былі свае прычыны. І самая галоўная заключалася ў тым, што барока не так поўна, як класіцызм, адпавядала атмасферы таго часу з яго ўсеагульнай цягай да рацыяналізму і ўнармаванасці ва ўсім, у тым ліку і ў мастацтве.

Найбольш раннім выражэннем тэорыі барока быў «Трактат аб дасціпнасці» (1639) італьянца Мацео Перэгрыні (1595–1652). Аўтар крытыкаваў крайнасці барочнага стылю, і ў першую чаргу залішняе разумовае мудрагельства, ускладненыя метафары і параўнанні, якія зацямняюць сэнс твора, сутнасць яго праблематыкі.

Своеасаблівым водгукам на працу Перэгрыні стаў трактат іспанскага празаіка Бальтасара Грасіяна (1601–1658) «Дасціпнасць, альбо Мастацтва вытанчанага розуму» (1642). Зрабіўшы пэўную пераацэнку «Паэтыкі» Арыстоцеля, пісьменнік паспрабаваў даследаваць прыроду мастацкага пазнання. Яно, на думку Грасіяна, звязана перш за ўсё з хуткасцю разумовага пранікнення ў сутнасць праблемы, а таксама з творчай інтуіцыяй. Усё гэта іспанскі даследчык і раманіст назіраў у творчай практыцы надзвычай шануемых ім паэтаў Таса, Марына, Гангоры.

Віднейшым тэарэтыкам барочнай паэзіі быў італьянец Эмануіле Тэзаура (1591–1675) – паэт, драматург, даследчык літаратуры і мастацтва, аўтар трактата «Падзорная труба Арыстоцеля» (1653). Як і Грасіян, Тэзаура імкнуўся замяніць антычную паэтыку новай, з’акцэнтаваўшы ўвагу на пошуках вытокаў не лагічна-навуковага, а менавіта мастацкага пазнання. Асабліва вялікую ролю ў мастацкай творчасці Тэзаура адводзіў метафары. Практычна ўся яго паэтыка пранізана пакланеннем гэтаму тропу. Шэраг момантаў сваёй уласнай эстэтычнай дактрыны, адлюстраванай у «Падзорной трубе Арыстоцеля», Тэзаура развіў у трактаце «Маральная філасофія» (1670).

Даволі блізкімі да поглядаў Тэзаура на мастацтва былі эстэтычныя ўяўленні яго суайчынніка Джамбацісты Віка (1668–1744). Гэта адлюстравалася ў трактаце пісьменніка «Новая навука», у якім ідзе даволі цікавая гаворка аб метафары, алегорыі, сімвале, іроніі.

1.5 Фарміраванне літаратуразнаўства як самастойнай навукі ў ХVІІІ ст.

Наступным значным этапам у гісторыі еўрапейскай і сусветнай эстэтычнай і тэарэтыка-літаратурнай думкі стала ХVІІІ ст. Менавіта з гэтага часу літаратуразнаўства пачало паступова вычляняцца з эстэтыкі і афармляцца ў самастойную навуку.

Як і ў папярэднія часы, самы значны ўклад у развіццё літаратуразнаўчай думкі гэтага перыяду ўнеслі прадстаўнікі Англіі, Францыі і Германіі.

У літаратуры ранняга англійскага Асветніцтва значная роля належала класіцызму. Англійскія пісьменнікі першай трэці ХVІІІ ст. імкнуліся адлюстроўваць сучаснае ім грамадскае жыццё ў формах і вобразах антычнасці. Адпаведна, што ў дадзеным русле ішло таксама і асэнсаванне літаратуры.

Своеасаблівым маніфестам англійскага асветніцкага класіцызму стала паэма Аляксандра Попа (1688–1744) «Вопыт аб крытыцы» (1711). «Князь рыфмы і вялікі паэт розуму», як называлі Попа сучаснікі, у форме вершаванага трактата паспрабаваў выкласці асновы літаратурна-мастацкай крытыкі. Можна лічыць, што Поп быў адным з першых тэарэтыкаў літаратурнай крытыкі. У аснове яго канцэпцыі – ідэя дапаўнення мастацтва крытыкай, мастацкага таленту – здольнасцю разумнага крытычнага меркавання. Крытык, на думку Попа, павінен аказваць у першую чаргу ўплыў на мастака, а не на шырокую публіку.

Асаблівае месца ў раннім англійскім Асветніцтве належыць Джанатану Свіфту (1667–1745). Знакаміты празаік напісаў два памфлеты, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс. Першы пад назвай «Бітва кніг» з’явіўся адгалоскам спрэчкі паміж «старажытнымі» і «новымі». Адзначым, што ў Свіфта свая пазіцыя, якая не прымае неразумнасць «новых» і гарачлівасць «старажытных». Памфлет «Казка пра бочку» стаў не толькі бліскучай сатырай на тагачаснае рэлігійнае жыццё Англіі, але і сатырычным адлюстраваннем бягучага літаратурнага і навукова-філасофскага жыцця. Асабліва моцна аўтар крытыкуе тэндэнцыю англійскага класіцызму да ўвядзення ў творы ўсемагчымых адступленняў, якія надзвычай істотна іх абцяжарваюць і ў выніку вельмі адмоўна ўплываюць на ўспрыманне.

Пачатак ХVІІІ ст. у Англіі – гэта эпоха сатырычных часопісаў, якія выдаваліся Джозэфам Адысанам і Рычардам Стылем і ў якіх значнае месца адводзілася літаратурнай крытыцы. Эстафету Адысана і Стыля прымае ў сярэдзіне стагоддзя віднейшы англійскі эсэіст Самюэль Джонсан (1709–1784). Нездарма час, у які працаваў Джонсан, імянуюць «векам Джонсана». Асаблівую цікавасць і каштоўнасць для гісторыі англійскага і ўсяго еўрапейскага літаратуразнаўства ўяўляюць каментарыі і прадмова Джонсана да выданага ім збору твораў Шэкспіра. Не менш каштоўная і серыя крытыка-біяграфічных артыкулаў Джонсана пад назвай «Біяграфіі паэтаў» (1779–1781) да збору твораў віднейшых англійскіх паэтаў ХVІІ–ХVІІІ стст.

Генры Філдынг (1707–1754), які заняў значнае месца ў развіцці англійскага асветніцкага рамана, быў яшчэ і яго ўдумлівым тэарэтыкам і інтэрпрэтатарам. Асноўныя палажэнні тэорыі «камічнай эпапеі ў прозе» (так Філдзінг называў серыю сваіх раманаў) былі выкладзены ім у прадмове да рамана «Джозэф Эндрус» (1742) і ў раздзелах, якія папярэднічаюць васемнаццаці часткам рамана «Гісторыя тома Джонса, знайдыша» (1749).

У сярэдзіне ХVІІІ ст. вядучае месца ў еўрапейскай літаратуры займае сентыменталізм. Як вядома, у станаўленні еўрапейскага сентыменталізму як літаратурнага накірунку важнейшая роля належала англійскай паэзіі. Адзін з яе выдатных прадстаўнікоў Эдвард Юнг (1683–1765) стаў адначасова і тэарэтыкам новага літаратурнага накірунку. У сваім крытычным нарысе «Думкі аб арыгінальнай творчасці» (1759) Юнг рашуча выступіў супраць рацыяналістычных правілаў Буало і Попа, супраць усялякіх абмежаванняў і падражанняў. Непасрэднае пачуццё зацвярджалася ім у якасці адзінай крыніцы паэтычнай творчасці. Дэкларавалася таксама незалежнасць мастака ад любых тэарэтычных прадпісанняў. Усё значнае і арыгінальнае, на думку Юнга, створана пісьменнікамі, свабоднымі ад правілаў. Паэтычная практыка і тэорыя Юнга аказалі вялікі ўплыў на развіццё сентыменталізму ў еўрапейскіх краінах. Ён паўплываў на ўвесь комплекс ідэй «Буры і націску» ў Германіі, на творчасць паэтаў «карамзінскага перыяду» ў рускай літаратуры.

Значная роля ў фарміраванні літаратурна-крытычных ацэнак англійскага перадрамантызму належыць братам Джозэфу і Томасу Уортанам. У кнізе Д. Уортана (1722–1800) «Вопыт аб геніі Попа і яго творах» вельмі моцна крытыкуецца эстэтычны рацыяналізм французскага ўзору. Т. Уортан (1728–1790) у шматтомнай «Гісторыі англійскай паэзіі, пачынаючы з ХІІ стагоддзя» (1774–1781) адным з першых звярнуўся да паглыбленага вывучэння сярэдневяковай літаратуры. Ён паспрабаваў вытлумачыць паходжанне сярэдневяковай рамантыкі ўплывам арабскай паэзіі, якая, на думку даследчыка, змешвалася ў еўрапейскіх краінах з паэзіяй скандынаваў і ў выніку набывала новую якасць. Такім чынам, Т. Уортана можна лічыць адным з тых, хто стаяў ля вытокаў параўнальна-гістарычнага метаду ў літаратуразнаўстве.

Тэарэтычная і літаратурна-крытычная думка французскага Асветніцтва цесна звязана са славутай школай вялікіх мысліцеляў эпохі – Вальтэра, Мантэск’ё, Дзідро, Гельвецыя, Русо, а таксама са станаўленнем і равіццём новай галіны навуковага пазнання – эстэтыкі. Неабходна адзначыць, што апошняе істотна садзейнічала больш інтэнсіўнаму фарміраванню літаратурнай навукі.

Адным з найбольш ранніх прадстаўнікоў эстэтыкі французскага Асветніцтва быў абат Жан-Баціст Дзюбо (1670–1742). Яго пяру належыць цікавы тэарэтычны трактат «Крытычныя разважанні аб паэзіі і жывапісе» (1791). Зыходным пунктам дадзенай працы з’яўляецца думка аб перавазе пачуццёвага пачатку ў чалавечай прыродзе над рацыянальным, разумовым. Сіла мастацтва, па Дзюбо, у яго здольнасці хваляваць чалавечыя сэрцы. Заўважым таксама, што трактат Дзюбо адносіцца некаторымі даследчыкамі да найбольш ранніх спроб сацыялагічнага даследавання мастацкай творчасці.

Складаная эвалюцыя эстэтычных і ўласна літаратуразнаўчых поглядаў характарызуе буйнейшага прадстаўніка французскага Асветніцтва Вальтэра (1694–1778). У артыкулах «Густ» (1764) і «Разважанні аб эпічнай паэзіі» (1728) Вальтэр абгрунтоўваў палажэнне аб гістарычнай зменлівасці мастацкай культуры народаў у залежнасці ад гістарычных падзей, а таксама крытыкаваў класіцыстаў за нязменнасць эстэтычнага ідэала, надуманасць і схематызм вобразаў, прычым, не адвяргаючы рацыяналістычныя правілы і каноны класіцызму. Вальтэр быў таксама некаторы час актыўным папулярызатарам твораў Шэкспіра ў Францыі. Адзін з раздзелаў жартаўлівай алегорыі Вальтэра «Храм густу» прысвечаны некаторым пытанням тэорыі літаратурнай крытыкі.

Якасна новы этап у развіцці літаратурнай тэорыі і крытыкі, звязаны з развіццём асветніцкага рэалізму, быў распачаты Дэні Дзідро (1713–1784). Тэорыя асветніцкага рэалізму атрымала абгрунтаванне ў яго трактаце «Філасофскае даследаванне аб паходжанні і прыродзе прыгожага» (1751). Асноўнай задачай мастацтва Дзідро лічыць узнаўленне жыццёвай праўды, рэчаіснасці, прыроды. Разам з тым мысліцель адным з першых звярнуў увагу на небяспечнасць натуралістычнага капіравання рэчаіснасці. Асаблівае месца ў мастацтве, на думку Дзідро, належыць праблеме ўвасаблення ў ім дабра і прыгажосці, а таксама сувязі этычнага і эстэтычнага. Французскі асветнік вызначыў адзіна правільныя для сваёй эпохі адносіны да класіцызму і паказаў сябе таленавітым крытыкам у гэтым накірунку. Дзідро крытыкуе класіцызм за статычнасць, рэзанёрства і адсутнасць праўдзівага драматычнага дзеяння, у якім усё зводзіцца да штучнага нагрувашчвання супярэчнасцей і непраўдападобнага іх вырашэння. Не драматычнае дзеянне трэба ўзгадняць з характарамі, а, наадварот, характары з дзеяннем. Вострая крытыка класіцызму спалучалася ў Дзідро з прызнаннем асобных яго станоўчых рыс. Так, у прыватнасці, вучоны вельмі высока ацэньвае мову і драматычную тэхніку класіцыстычнай французскай трагедыі. У галіне тэорыі тэатра і драмы Дзідро пакінуў пасля сябе тры славутыя працы: дыялогі да п’есы «Пабочны сын» (1757), трактаты «Аб драматычнай паэзіі» (1758) і «Парадокс аб акцёры» (1778). У іх закрануты пытанні стылю, жанру, кампазіцыі, тэматыкі, дэкарацый, мовы, касцюмаў, акцёраў, рэжысёра, публікі і г. д. Наогул гэтыя працы стаяць ля вытокаў новага тэатра.