Смекни!
smekni.com

Беларуская журналістыка (стр. 3 из 6)

У верасні 1927 г. была арганізавана «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» (адным з заснавальнікаў быў Я. Скрыган). У наступным годзе камуна была распушчана і члены арганізацыі зноў-такі ўвайшлі ў склад «Маладняка».

Для паўнаты карціны літаратурных пошукаў на Беларусі патрэбна дадаць, што ў той час было створана яўрэйскае пісьменніцкае аб’яднанне «Дэр Юнгер арбэтэр» («Малады рабочы»), якое арганізавала свае групы ў Вілейцы, Полацку, Магілёве, Мазыры, Гомелі, Оршы. Яўрэйскія празаікі і паэты групаваліся вакол літаратурна-мастацкага, палітычна-навуковага часопіса «Штэрн» («Зорка») - органа Саюза пісьменнікаў БССР, які друкаваўся з 1921 па 1941 гг., а таксама змяшчалі свае творы ў мясцовых яўрэйскіх газетах.

Арганізавалася і дзейнічала таксама невялікая групоўка рускіх пісьменнікаў «Звенья», якая друкавалася ў асноўным у «Звяздзе» і мела свае аб’яднанні ў Віцебску і Бабруйску.

Такое становішча ў пісьменніцкіх шэрагах не задавальняла літаратараў. Пошукі мастацкага «крэда» драбнілі сілы, перашкаджалі вучобе маладых, аслаблялі эстэтычныя і ідэйныя пазіцыі літаратуры ўвогуле, асобных пісьменнікаў і паэтаў. Акрамя таго, авангардысцкія ўхілы членаў маладнякоўскай арганізацыі «засмечвалі» літаратурнае асяроддзе, імкнуліся ўзвысіцца над рэчаіснасцю, а частка зусім адрывалася ад яе, не прыслухоўваючыся да класічных матываў у паэзіі і прозе. ЦК КП(б)Б і ўрад рэспублікі таксама неаднаразова звярталі ўвагу на становішча ў пісьменніцкім асяроддзі і патрабавалі больш мэтанакіраванай працы па адлюстраванню сацыялістычнай рэчаіснасці.

Нарэшце, у снежні 1927 г. было аб’яўлена аб стварэнні літаратурнага аб’яднання «Полымя», у арганізацыйную групу якога ўваходзілі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Чарот, А. Александровіч і інш. Гэта было найбольш прадстаўнічае аб’яднанне літаратараў і па свайму складу, і па абвешчанай праграме. У статуце літаратурнага аб’яднання ставілася задача развіцця творчай працы ў непарыўнай сувязі з сацыялістычным будаўніцтвам; умацавання ў беларускай літаратуры пралетарскай ідэалогіі ў арганічным адзінстве з нацыянальнай формай; усталявання супрацоўніцтва з усімі суполкамі, калі гэта не пярэчыць прынцыпам аб’яднання, і абвяшчэння барацьбы са шкоднымі ўхіламі на шляху развіцця беларускай пралетарскай літаратуры. Асноўным друкаваным органам новага аб’яднання быў часопіс «Полымя», які ў 1932 г. стаў выходзіць пад назвай «Полымя рэвалюцыі».

У той жа час патрэбна падкрэсліць, што кожная літаратурная групоўка выпускала свае часопісы, зборнікі, ажыццяўляла асветную працу сярод моладзі ў школах, прцоўных калектывах. Гэта мела вялікую грамадскую каштоўнасць: з насельніцтвам рэспублікі творчая моладзь вяла высокаінтэлектуальны дыялог на роднай мове.

Прадоўжыла справу згуртавання творчых сіл газета «Літаратура і мастацтва» - орган федэрацыі аб’яднанняў савецкіх пісьменнікаў і Галоўмастацтва БССР, першы нумар якой выйшаў 26 лютага 1932 г. Гэта важная з’ява ў грамадскім жыцці рэспублікі. Факт выдання газеты сведчыў аб высокім узроўні развіцця беларускай культуры: літаратуры, тэатра, выяўленчага мастацтва і г.д. Паліграфічная культура друку адбілася і на выглядзе новай газеты. Яна выйшла фарматам А-2 на 4 палосах, звярстана па тагачасных правілах газетнага дызайну, змяшчала ў кожным нумары малюнкі і фотаздымкі.

Галоўнае, у газеты быў цікавы змест. Рэдакцыя, у якую ўваходзілі А. Александровіч, В. Вольскі, І. Гурскі, М. Лынькоў, К. Чорны і інш., у той час ўжо вядомыя пісьменнікі, вопытныя публіцысты і рэдактары, сфармулявала свае задачы ў перадавым артыкуле. У ім гаварылася, што па ўсёй краіне разгарнулася сацыялістычнае будаўніцтва, пачынаецца новы яго этап - другая пяцігодка. У гэтым працэсе вельмі значную ролю адыгрывае савецкае мастацтва, на якое грамадства ўскладвае асаблівую місію: вобразнымі сродкамі паказаць героіку стваральнай працы ўдзельнікаў працэсаў індустрыялізацыі і калектывізацыі.

Газета лічыла, што пісьменнікі павінны сваю творчасць будаваць на фактах і з’явах сацыялістычнай рэчаіснасці. На актыве Мінскай арганізацыі пісьменнікаў М. Лынькоў у сваім дакладзе абгрунтоўваў наступныя тэзісы: ваяўнічай партыйнасці пралетарскай літаратуры; як не трэба пісаць пра камсамол. У другім нумары змешчаны артыкул з характэрным загалоўкам: «Задачы фронту літаратуры і мастацтва ў веснавой пасяўной кампаніі»(1934, 1 сакавіка). Такім чынам, выданне набліжала творчы працэс, мастакоў да сацыялістычнай рэчаіснасці, да стварэння твораў «пралетарскай літаратуры».

У газеце шмат месца адводзілася аналізу літаратурнага жыцця, крытычным артыкулам аб творчасці асобных пісьменнікаў, разгляду новых твораў. Такім чынам развівалася крытыка і самакрытыка. Гэта ўжо быў пачатак 30-х гадоў і наступаў час рэпрэсій. Танальнасць крытыкі іншы раз была залішне эмацыянальная, ужо прадчуваліся ноткі абвінавачанняў у журналісцкім стылі.

Аднак «ЛІМ» друкаваў дыскусійныя матэрыялы, у якіх аналізаваліся розныя бакі мастацкай творчасці. Напрыклад, пад шапкай «На сходзе бальшавіцкай самакрытыкі разгорнем творчую дыскусію» былі змешчаны артыкулы П. Галавача «Слова ў творчай дыскусіі» і К. Чорнага «Рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства» (1934, 1 сакавіка). Падобныя матэрыялы газета друкавала пастаянна. Такім чынам, са з’яўленнем «ЛІМа» асвятленне працэсу развіцця культуры набыло сістэмнасць і паслядоўнасць.

У першы час выхаду газеты перад рэдакцыяй была пастаўлена яшчэ адна важная задача - падрыхтаваць і правесці І з’езд пісьменнікаў Беларусі, які і адбыўся ў чэрвені 1934 г.

Літаратурная беларускай перыёдыка 20 – 30-х гадоў – гэта культурная з’ява нацыянальнага значэння. Можа быць, самая галоўная каштоўнасць яе ў тым, што тады быў закладзены моцны падмурак самасвядомасці беларускага народа.

Важнейшыя праблемы нацыянальнага адраджэння: беларуская мова, адукацыя, усе праявы культуры даходзілі да насельніцтва праз мастацкае слова. Гэта літаратурнае слова вельмі хутка замацавалася ў высокамастацкіх вобразах лепшых твораў вядомых і прызнаных беларускіх пісьменнікаў.

Разам з імі вырасла новае пакаленне мастакоў, якое магло б і не нарадзіцца ў іншых умовах. Толькі спрыяльныя абставіны вольнай народнай творчасці вылучылі са сваёй глыбіні маладнякоўскія таленты, што з’яўляецца бясспрэчным фактам рэвалюцыйнага развіцця нашай нацыянальнай культуры.

Літаратурныя газеты і часопісы ў той час былі галоўнай масавай кнігай адлюстравання вобразаў савецкай рэчаіснасці.

Узнікненне і развіццё друку моладзі Беларусі. «Красная смена» («Чырвоная змена»), «Юный пахарь» («Малады араты»)

Сістэмнасць у арганізацыі маладзёжнага друку наступіла пасля таго, як актывізавалася праца па стварэнню камсамольскіх арганізацый. У Беларусі гэты пачатак ідзе ад першага абласнога з’езда РКСМ Заходняй камуны 25 снежня 1918 г. у Смаленску. Тады было вырашана стварыць часопіс «Факел коммунизма», які выйшаў у Вільні толькі 2 сакавіка 1919 г. як орган ЦК камсамола Літвы і Беларусі. Нумар быў прысвечаны памяці К. Лібкнехта і Р. Люксембург і змяшчаў матэрыялы аб удзеле моладзі ў грамадзянскай вайне. У звароце рэдакцыі да чытачоў гаварылася: «У эпоху міжнароднай рэвалюцыі, у эпоху страшэннай барацьбы рабочага класа са сваімі прыгнятальнікамі мы выпускаем свой часопіс. Няхай наш орган пакажа юным пралетарыям шлях прадаўжэння барацьбы за канчатковае вызваленне. Наперад, таварышы, да сацыялізму!».

«Факел коммунизма» - гэта асобная веха ў маладзёжным руху. Фактычна ўпершыню ў гісторыі быў створаны часопіс для шырокіх мас працоўнай моладзі Літвы і Беларусі. Часопіс узнік у час барацьбы з белапалякамі, і тэматыка яго была амаль поўнасцю ваеннай: ён заклікаў моладзь да абароны заваёў рэвалюцыі. Калі варожыя войскі падышлі да Вільні, 50% ад усёй колькасці камсамольцаў пайшлі на фронт.

Разам з прызывамі на фронт «Факел коммунизма» тлумачыў: «Каб прыйсці да сацыялізму, патрэбна многа ведаў, як у галіне культуры, так і ў справе духоўнасці. Для гэтага на старонках свайго часопіса мы будзем знаёміць чытачоў з гісторыяй рабочага руху, з жыццём пралетарыяту, з задачамі моладзі ў дадзены момант, з яе імкненнямі. Акрамя таго, мы будзем змяшчаць мастацкія творы, вершы, апавяданні, усё гэта павінна быць працай саміх юных пралетарыяў»(1919, № 1). Аднак гэта была аддаленая перспектыва дзейнасці рэдкалегіі камсамольскага часопіса.

Франты грамадзянскай вайны патрабавалі ўсё новых і новых салдат. Пагэтаму і прапаганда партыйна-савецкага і маладзёжнага друку была настойлівай, несупыннай і нават прымусовай. У газеце таго перыяду можна прачытаць: «Дзяўчына! Спытай у свайго юнага таварыша, чаму ён яшчэ не на фронце?» або зусім катэгарычнае: «Хто не дапамагае фронту, той вораг рэвалюцыі!». Такія заключэнні на старонках газет выклікалі неадназначную рэакцыю ў моладзі. Хто па перакананню ўступіў у камсамол, а значыць, і ўспрыняў ідэі кастрычніцкай рэвалюцыі, лічыў гэта нармальнай з’явай. Такімі былі і журналісты маладзёжных выданняў.

У той жа час частка моладзі неадэкватна адносілася да новай улады і не разумела камсамольскіх законаў жыцця, а таму стрымана і насцярожана ставілася да прызыўных выступленняў у перыядычным друку. Пераадолець такі псіхалагічны настрой - было адной з важнейшых задач журналістаў маладзёжнага друку.

Другі нумар часопіса выйшаў у Мінску 15 чэрвеня 1919 г., а пасля таго, як Мінск быў захоплены белапалякамі, камсамольцы надрукавалі «Подпольный факел коммунизма».

У тым жа 1919 г. 13 красавіка ў Вільні выйшла газета «Красная молодёжь» - орган Цэнтральнага і Віленскага камітэтаў КСМ Літвы і Беларусі. Гэта і быў пачатак маладзёжнага друку ў Беларусі, хаця абодва выданні друкаваліся для моладзі дзвюх братніх рэспублік, часова аб’яднаных у адзіным саюзе.

«Красная молодёжь» – фактычна мабілізацыйнае выданне. Свой кароткі ваенны час газета выходзіла па адным пад адным лозунгам: «Усе ў Чырвоную Армію! Усё для Чырвонай Арміі!». Мы адзначаем рэвалюцыйны пафас матэрыялаў, якія былі больш падобны на адзіны заклік. У першым нумары «Красная молодёжь» звярталася да сваіх чытачоў: «У дні кастрычніцкага штурму крэпасці контррэвалюцыі Зімняга палаца чырвоныя сцягі саюзаў моладзі развіваліся на штыках, нясучых пагібель прыгнятальнікам і свабоду прыгнечаным. Вораг быў пераможаны, але не знішчаны. Пачалася доўгая і ўпартая барацьба. Пытанне пастаўлена аб жыцці і смерці. І на ўсіх этапах гэтай барацьбы шэрагі юных ратнікаў пастаянна наперадзе. Сотні магіл невядомых юных герояў на каледзінскім, красноўскім, дутаўскім і іншых франтах яскрава гавораць аб выключнай адданасці працоўнай моладзі рэвалюцыі».