Смекни!
smekni.com

Рэдагаванне службовых дакументаў Беларус (стр. 4 из 5)

У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчынскага ёсць верш, герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова “свежоп”, перагортвае ўсе, якія ёсць слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з’язджае з розуму.

Ужо шэпчуць вакол:

Што гэта зрабілася

з хлопца!

Дзякую, пане Адам!!!

Я ахвяра свежопа.

(Пераклад. – У.К.)

А на самай справе Міцкевіч проста “палянізаваў” звычайную беларускую “свірэпку” або “свірэп”.

Не толькі беларусізмы былі ў яго творчасці. Чытаючы ў Парыжы лекцыі аб славянах, ён сказаў пра беларускую мову, што гэта найбагацейшая і найчысцейшая з усходнеславяскіх моў, адзначаная ўзнёслай прастатой.

Мова неўміручая. Воляю абставін ірландцы, напрыклад, амаль страцілі яе. Свіф, і Уайльд, і Шоў, і дзесяткі іншых людзей, што з’яўляюцца гонарам англійскай літаратуры, былі ірландцы, любілі свой народ, але пісалі воляю няшчасных абставін па-англійску. І вось цяпер ірландская, як і валлійская, баскская, іўрыт, як мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова – душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Наш лёс быў такі. З часоў росквіту старажытнай беларускай мовы прайшлі стагоддзі вынарадавання, забыцця свядомага забойства. Акрамя гушчы народнай толькі ў нешматлікіх прыватных школах з закуранымі бэлькамі, у школах, дзе настаўнічалі адстаўныя салдаты ці старыя дзячкі і дзе вучылі акрамя псалціры хіба начаткам пісьма і лічэння, гучала яшчэ беларуская мова. Але было гэта ад беднасці, а не ад багацця.

Кніганошы насілі кнігі з-за мяжы, і за гэтыя беларускія кнігі ім часта плацілі кулямі салдаты з кардонаў. Але ніхто ўсё адно не мог адштурхнуць народ ад сваёй кнігі.

Кнігі палілі, супраць іх выдавалі ўказы, забаранялі самыя словы “беларуская мова”. Але ўсё гэта, як і насмяханне над “паўночна-заходні нарэччам” – нічога не дало і не магло даць, пакуль беларуская баба стаяла з рагачом ля печкі, пакуль гэтая баба спявала калыханку над ліповай калыскай.

Мала таго, усе разумелі ўсё з большай яснасцю, што без яе, без гэтай мовы, немагчыма. Яна ўладна грукала ў светлыя дзверы.

Нават панам і гандлярам яна неабходная.

“Моцныя свету гэтага, – без яе вы падсячэце ногі эканоміцы і разваліце гаспадару, бо не на французскай жа вам размаўляць з тымі, хто працуе, і без каго вы здохлі б з голаду!”

Але, не кажучы ўжо аб гэтай публіцы, яна неабходная і сапраўдным.

“Фалькларысты – вы збядніце чалавецтва на адзін з самых багатых фальклораў на зямлі”. І вось забароненая мова, амаль разбураная ў сваёй літаратурнай, друкаванай галіне, рассыпаецца самацветамі ў запісах Шэйна, Раманава, Федароўскага і многіх дзесяткаў іншых.

Лінгвісты таксама пачынаюць разумець, што беларуская мова гэта скарб таго, што вымерла ў другіх мовах, што, акрамя самастойнай вялікай каштоўнасці, яна – запаведнік, у якім “сохранилось очень много древнего и важного для истории” (И.И.Срезневский), і без ведання якога немагчыма славянскае мовазнаўства наогул, немагчыма вывучэнне і зразуменне іншых славянскіх моў і іхняй гісторыі.

Рэлікт? Так, калі хочаце, рэлікт, які перажыў стагоддзі. Але рэлікт, што расце, развіваецца, дыхае, ідзе наперад волатавымі крокамі, які жыве і будзе жыць вечна.

Усе пачынаюць больш і больш разумець гэта. Сама гісторыя ўладна і неабходна штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю беларускай мовы. І нават тыя, што адышлі ад яе – я разумею найлепшых з іх ,– рана ці позна вяртаюцца да звонкага дзе і густога чаго. Бо толькі так ім можна сказаць усё.

Чачот запісвае народныя песні і сам складае вершы па ўзору гэтых песень. Марцінкевіч ад польскага верша прыходзіць спачатку да беларускіх, не вельмі яшчэ спрытных вершаў, а пасля стварае шэдэўр менавіта на беларускай мове і антуражу драматургіі – “Пінскую шляхту”.

Усё, здавалася б, занядбана, але невядомы піша “Тараса на Парнасе” і яго ведае напамяць бадай што кожны беларус. І вось Багушэвіч, якому й бог загадаў, здавалася б, па выхаванні і становішчу, забыць усё – выбухае палымянымі радкамі ў абарону ўсяго гэтага, забытага, стаптанага царамі і саноўнай сволаччу, і грыміць супраць ворагаў мовы і народа , голас Каліноўскага. І ўжо у слоўнік Насовіча ўваходзіць больш за трыццаць тысяч адметных, паўнакроўных, жывых, іскрамётных слоў. І ўжо геній Купалы і Багдановіча ўстае над зямлёй і займаецца над ёю далёкі яшчэ пакуль водсвет заранкі.

Першыя настаўнікі выходзяць на новую ніву. І гэта іхняй неўміручай працы, іхняму дбанню, іхнім бяссонным начам у многім і многім павінны мы быць удзячнымі за тое, што мова наша стала яваю для мільёнаў, што яна мае права патрабаваць токой жа самай павагі, як і ўсе мовы зямлі.

Мы (я кажу “мы”, бо я таксама былы настаўнік) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца і хто стаяў ля яе вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары і чытанкі Цётка, Купала і Колас. І, мяркуючы па ўсім, някепска ведалі сваю справу і зусім нядрэнна правялі яе ў жыццё. Яшчэ на зары нашага стагоддзя.

Дбаннем іх і соцень іншых мова набірае сілу, цвёрдая, як сталь, грубая, як сялянскія далоні і пяшчотная, як спеў беларускага гівала. Яшчэ часам запінаючыся на абстрактных тэрмінах, яшчэ нясмела вымаўляючы навуковыя і філасоўскія тэрміны – яна ўладна бярэ разбег. Яе ўжо не стрымаць. Першая сучасная трагедыя (я не маю на ўвазе сярэдневяковых містэрый і аповесцяў), першы раман, першая паэма – і паўсюль глыбокая зямляная праўда і дыяменты дажджу на пахучых майскіх галінах, і што ні слова, то жэмчуг падае на срэбны шчыт. І як бы часам ні было цяжка – з ёй ужо нічога не могуць зрабіць, як бы ні душілі – яна ўстае , і з яе мёртвай царкоўнаславяншчынай выходзіць Якуб Колас, а са сцен школы, дзе вучаць “хто ты естэсь?” – адзін з найлепшых сучасных празаікаў Янка Брыль. Беззямельныя перасяленцы цягнуцца на Далёкі Усход – і праз семдзесят год я чую ў беларускіх вёсках на Ўсуры і Суйфуне яе, маю мову, нечапаную, родную адвечна сваю. Прыходзяць і адыходзяць акупанты, усе гэтыя пілсудчыкі і эсэсманы, і след іхні знікае на твары зямным – а яна стаіць, бо карані яе ў глыбінях, дзе спяць тыя, хто стагоддзямі песціў, шліфаваў, бярог яе, лаканічную, гнуткую і цвёрдую адначасова, спявучую, тую, што з найлепшай яснасцю і дакладнасцю перадае думку чалавека, які жыве між Гродняй і Оршай, між Асвеяй і Лельчыцамі. Думку тых, якія казалі: “Хай не будзе ў таго святла, хто на досвітку табе здрадзе.”

Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах – мякка, а за тры вярсты чуваць. “Эль” – як салодкае віно, “дзе” – як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с”, як, соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач “р”, як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе. даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

І ў тым, што жывая ты, што неўміручая ты, павінны ўсе мы. Сялянка, што спявае, варушачы сена, - і чалавек, які складае слоўнік, дзеці, што гуляюць у “піва”, - і дзяды, што баюць аб даўнім, паэты і вучоныя. Але яшчэ – і гэта ледзь не самае важнае – у тым, што ты неўміручая – шмат паслугі першай настаўніцы школьнай і выкладача літаратуры ў выпускным класе.

Іхняму таленту, няўрымслівасці, працавітасці і любові мы павінны дзякаваць за тое, што ты моцна, уладна і назаўсёды пасяляешся ў душах дзяцей і ўнукаў. А ў гэтых дзяцей і ўнукаў таксама будуць настаўнікі – праваднікі вялікіх ідэй чалавецтва ў дзіцячыя душы.

Праваднікі вялікіх ідэй на вялікай роднай мове і таму самі вялікія людзі.

Самая цікавая навука – жыцце

У якім узросте Вы адчулі патрэбу пісаць? Што з’явілася стымулам для гэтага?

У.К. Вельмі рана.* Чытаць пачаў у тры з паловай гады (можа, нават крыху раней, так што не помню, як вучыўся гэтаму), чытаць лацінкаю і пісаць – крыху пазней (кепска – чытаў лацінкаю таксама ў тры з паловаю). Вершы спачатку голасам гаварыў і напяваў, а пасля на паперы пісаў, - год з шасці. Пасля апавяданні пачаў пісаць і нават “міні-п’есы”. Сам іх ілюстраваў. Стымул пісання? Сам не ведаю. Можа, процьма добрых кніг вакол і жаданне паспрабаваць і самому, няхай сабе і слабей. Можа, тое, што у сям’і (і сваякі таксама) не брахалі, але фантазіраваць любілі і ўмелі, падтрымлівалі пахвалой добрую, вясёлую і вынаходлівую выдумку і ніколі з яе не смяяліся, хоць бы і зусім малы прыдумаў.

Якім Вы памятаеце сябе ў дзяцінстве? Што з уражанняў дзяцінства, на Вашу думку, найбольш спрыяла развіццю таленту? Якія творы народнай творчасці найбольш падабаліся Вам? Кім Вы хацелі быць у дзяцінств, у падлеткавым узросце? Любімыя гульні, заняткі? Любімыя ў дзяцінстве кнігі? Калі Вы пачалі цікавіцца гісторыяй Беларусі, у прыватнасці? Што ў з’явах прыроды найбольш цікавіла Вас?