Смекни!
smekni.com

Гісторыя этнаграфіі Беларусі (стр. 1 из 4)

Гістарорыя этнаграфіі Беларусі

шляхта сялянство тэрыторыя каланізацыя

Першыя пісьмовыя звесткі пра нашу краіну і яе насельніцтва вядомы даўно – больш за 2 тыс. гадоў таму. Дакладна пра старажытнае насельніцтва Беларусі – крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, літву, яцвягаў і іншых паведамляюць летапісы, у прыватнасці «Аповесць мінулых часоў» («Повесть временных лет», пач. XII ст.). У аснову «Аповесці» былі пакладзены больш раннія звесткі пра славян; яе аўтар (ім быў, верагодна, манах Кіева-Пячэрскай лаўры Нестар) пачынае свой летапіс з біблейскіх часоў, расказвае пра паходжанне славян, іх рассяленне на Ўсходне-Еўрапейскай раўніне, складаныя ўзаемаадносіны з суседзямі (венграмі, хазарамі, германцамі, балтамі і інш.), звяртае ўвагу і на грамадскі лад жыцця, звычаі, вераванні. Нягледзячы на агульнае паходжанне і рэлігію славянскіх плямён, у іх назіраліся прыкметныя культурна-бытавыя асаблівасці; летапісец даволі падрабязна расказвае пра сямейна-шлюбныя адносіны ў палян, іх «кротость и стыдение ко снохам и матерям», нетрываласць шлюбу ў драўлян, пра ігрышчы, што наладжваюцца паміж сёламі ў радзімічаў, дзе адбываюцца «плясания и бесовска песни» і «умыкаху жены собе», пра перажыткі матрыярхату ў мазаўшан, пра ўстойлівы звычай славян і крывічоў парыцца з венікам у лазнях («і тако самі ся мачат, едва вылезут живи»), што было не ўласціва дрыгавічам, палянам і валынянам. У ХІV – ХVІІ стст. з’яўляюцца летапісы-хронікі – «Хроніка Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні (1578, 1581), «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага (1582), «Хроніка Быхаўца» (1-ая пал. ХVІ ст.), «Баркулабаўскі летапіс» (пач. ХVІІ ст.), «Хроніка горада Магілёва». У іх побач з запісамі гістарычных падзей даецца цікавая інфармацыя аб этнічнай геаграфіі сярэднявечча, аб ладзе жыцця, звычаях і вераваннях мясцовага насельніцтва. Выдатным літаратурна-энтаграфічным помнікам эпохі Адраджэння з’яўляецца «Паэма пра зубра» Міколы Гусоўскага (выдадзена першапачаткова на лацінскай мове. Кракаў, 1523). Паэт-гуманіст з вялікай любоўю апісаў свой край – Беларусь, прыгажосць яе прыроды, быт і заняткі жыхароў – ратных рыцараў, паляўнічых, аратых. Са знакамітых дзеячаў сярэднявечча, якія ўнеслі каштоўны ўклад у вывучэнне праблем этнічнай культуры, мясцовага быту і звычаевага права, варта назваць Саламона Рысінскага (1560 (?) – 1625) і Льва Сапегу (1557–1633).У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. выйшаў шэраг прац па краязнаўству і этнаграфіі Беларусі. Сярод іх адзначым, у прыватнасці, такія як: А. Меер. Апісанне Крычаўскага графства, або былога староства 1786 года; І. Ляпехін. Дзеннікавыя запіскі падарожжа… (1780, 1805), В. Севяргін. Запіскі падарожжа па заходніх правінцыях Расійскай дзяржавы (1803); Л. Галамбеўскі. Дом і двары (Domy i dwory, 1830), Люд польскі, яго звычаі і забабоны (1830); З. Даленга-Хадакоўскі. Пра славяншчыну ды хрысціянства (1818); Ю. Крашэўскі. Успаміны з Валыні, Палесся і Літвы (1840); Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны (1839); Я. Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844–1846) і інш.

Быт шляхты і беларускага сялянства знайшоў свае адлюстраванне і ў мастацкіх творах Адама Міцкевіча і Ўладзіслава Сыракомлі (Кандратовіча). Нагадаем паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і «Дзяды». У Сыракомлі, апрача шматлікіх паэтычных твораў, ёсць спецыяльныя краязнаўча-этнаграфічныя працы – «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), «Экскурсія па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. 1 – 2, 1857–1860) і інш. Важную ролю ў пашырэнні этнаграфічных ведаў адыгрывала і музейна-збіральніцкая дзейнасць. Захавальнікамі рэліквій і каштоўных рэчаў – помнікаў элітарнай і бытавой культуры выступалі магнацкія маенткі, шляхецкія сядзібы, храмы. Прыкметную ролю ў этнаграфічным вывучэнні Беларусі адыграла дзейнасць Рускага імператарскага геаграфічнага таварыства (РГТ), заснаванага ў 1847 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Заснавальнікі і кіраўнікі РГТ – К. Бэр, Н. Надзеждзін, К. Кавелін вызначылі месца этнаграфіі ў сістэме навук, сфармулявалі яе задачы, распрацавалі метады этнаграфічных даследванняў. Адначасова была распрацавана праграма сістэматычнага вывучэння народнай культуры і быту. У 1867 г. у Вільні быў заснаваны Паўночна-Заходні аддзел РГТ, які стаў новым цэнтрам па этнаграфічнаму вывучэнню Беларусі і суседняй Літвы. Вакол яго гуртаваліся мясцовыя сілы даследчыкаў і аматараў-краязнаўцаў; пазней стаў выдавацца часопіс «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910–1914; рэдактар Дзмітрый Даўгяла).

У канцы 50 – пачатку 60-ых гадоў разгарнулася мэтанакіраваная работа па сістэматызацыі і абагульненні разнастайных звестак па гісторыі, геаграфіі, народнай гаспадарцы, трыдыцыйнай культуры ў заходніх губернях Расіі. Найбольш поўная і каштоўная інфармацыя была змешчана ў кнігах, прысвечаных Гродзенскай і Мінскай губерням. Іх аўтары-складальнікі П. Баброўскі і І. Зяленскі дэталёва ахарактарызавалі геаграфічныя ўмовы, мясцовыя ландшафты, флору і фауну, шляхі зносін, гістарычнае мінулае краю, нацыянальны і сацыяльны склад насельніцтва, яго традыцыйныя заняткі, ежу, жыллё, адзенне, побыт, народны каляндар, звычаі, абрады, фальклор. Выхад «Матэрыялаў…» быў прыкметнай з’явай у жыцці навуковай і культурнай грамадскасці не толькі Беларусі, але і Расіі.

Амаль адначасова з выхадам у свет шматтомных «Матэрыялаў для геаграфіі і статыстыкі Расіі» ў Парыжы, а затым у Пецярбургу быў выдадзены Р.Ф. Эркертам першы этнаграфічны атлас Беларусі (1863–1864). Ён складаўся з 6 карт, якія паказвалі размяшчэнне розных народаў – беларусаў, рускіх, украінцаў (усе яны паказаны пад агульнай назвай «рускія»), палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў, яўрэяў. Тэкставыя матэрыялы былі выдадзены асобнай кнігай «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі» (1864). Аўтар дае высокую ацэнку сярэднявечнай культуры Беларусі і выказвае сумненне ў заваяванні яе літоўцамі, як гэта сцвярджалася ў афіцыйным расійскім друку. У 1864 г. выйшла яшчэ адна аналагічная праца – «Атлас народанасялення Заходне-Рускага краю па веравызнаннях» А.Ф. Рыціха. Атлас складаўся з 10 карт, якія паказвалі геаграфію рассялення беларусаў і іншых народаў.

Шмат этнаграфічных матэрыялаў публікавалася ў перыядычных выданнях – навуковых зборніках, часопісах, газетах. У ліку гэтых выданняў ужо згаданыя «Этнографический сборник», «Записки Русского географического общества», «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», а таксама «Современник» (1836–1866), «Этнографическое обозрение» (1889–1916), «Живая старина» (1890–1916), «Вестник Западной России» (1864–1871). Тут друкавалі свае працы вядомыя збіральнікі і даследчыкі беларускай этнаграфіі – П.М. Шпілеўскі, А.К.Кіркор, М.Я.Нікіфараўскі, Е.Р. Раманаў, М.М. Косіч, А.М. Пыпін, І. Эрэміч, М.Я. Янчук, Я.Ф. Карскі, М.В. Доўнар-Запольскі, А.М. Харузін, А.К. Сержпутоўскі, І.А. Сербаў і інш.

У другой палове ХІХ ст. разам з небывалым пашырэннем краязнаўчых і этнаграфічных ведаў аб Беларусі, выхадам у свет грунтоўных абагульняючых прац былі закладзены трывалыя асновы этнаграфіі (этналогіі) як навукі аб народах-этнасах, іх гісторыка-культурных стасунках і заканамернасцях развіцця ў прасторы і часе. Гэты перыяд характарызаваўся з’яўленнем цэлай плеяды таленавітых этнографаў. Для П. Шпілеўскага, Ю. Крашэўскага, У. Сыракомлі шматдзенныя вандроўкі ў паштовых экіпажах, іх сустрэчы і гутаркі з мясцовымі жыхарамі былі не толькі пашырэннем этнаграфічных ведаў, але і апрабаваннем жыццевых установак, маральных высноў, фарміраваннем актыўных грамадзянскіх пазіцый. П.М. Шпілеўскі ў сваіх літаратурна-краязнаўчых нарысах «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853–1854), «Мазыршчына» (1859), «Вясельныя абрады ў засценкаўцаў Віцебскай губерні» (1854).

У вывучэнні традыцыйна-бытавой культуры Паўночнай Беларусі прыкметнае месца ў шэрагу нястомных збіральнікаў этнаграфічнай спадчыны належыць М.Я.Нікіфароўскаму. У сваіх «Нарысах простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі» (1895) ён узнаўляе шырокую і рэалістычную карціну народнага жыцця, скурпулезна, з метадычнай паслядоўнасцю апісвае сялянскую сядзібу – жылле, гаспадарчыя і прамысловыя пабудовы, разнастайныя прадметы ўжытку, земляробчыя прылады, адзенне, ежу. Кніга М.Нікіфароўскага – гэта першае ў Беларусі, як і наогул у тагачаснай Расіі, грунтоўнае і сістэматычнае даследаванне матэрыяльнай культуры. Вывучэнню этнаграфічнай спадчыны беларусаў аддаў шмат сіл і энергіі вядомы беларускі этнограф Е.Р. Раманаў асноўная яго праца «Беларускі зборнік» у 9 тамах (1886–1912) – свайго роду энцыклапедыя народнага жыцця. Тут знайшлі адлюстраванне амаль усе бакі народнай культуры і быту – песні, танцы, гульні, абрады, звычаі, народныя веды, аграрны каляндар, прыкметы, павер’і і г.д. Багатыя матэрыялы па духоўнай культуры беларусаў і рускіх Смаленскай губерні былі сабраны і сістэматызаваны У.М. Дабравольскім. Асноўная яго праца – «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1 – 4, 1891–1903). Выніковай была і збіральніцкая дзейнасць П.В. Шэйна, які арганізаваў шырокую сетку карэспандэнтаў (у ліку іх былі М.Нікіфароўскі, Ю. Крачкоўскі, Я. Карскі, А. Багдановіч, З. Радчанка); паступіўшыя да яго запісы былі сістэматызаваны і выдадзены ў трох тамах пад назвай «Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (1887–1902).Важнай вехай у этнаграфічным вывучэнні Беларусі быў Першы ўсерасійскі перапіс насельніцтва (1897), які даў даволі рэальную карціну этнічнай сітуацыі ў Беларусі. У выніку перапісу быў атрыманы шырокі спектр статыстычных даных аб этнічным, сацыяльным і канфесійным складзе насельніцтва ў селах і гарадах, у валасцях, паветах і губернях, паказана яго полаўзроставая структура, пісьменнасць, дэмаграфічны рост, заняткі. У аснову вызначэння этнічнага складу была пакладзена родная мова. Беларускую мову як родную назвалі 82,5% жыхароў Магілеўскай і 76% – Мінскай губерняў. Тут адзначалася стракатасць нацыянальнага складу ў гарадах Беларусі і асобных яе рэгіенах. Так, на тэрыторыі Гродзенскай губерні налічвалася да 40 «наречий», на якіх размаўляла мясцовае насельніцтва. Даныя перапісу былі дэталева прааналізаваны, зведзены ў табліцы і выдадзены асобнымі выпускамі (сшыткамі) па кожнай губерні. Яны з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па вывучэнні этнічнай гісторыі Беларусі. Пачатак ХХ стагоддзя адзначаны выхадам у свет буйнейшай абагульняючай працы Я.Ф. Карскага «Беларусы» (1–3 т., 7 выпускаў; 1903–1922). У 1-ым томе «Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці» ён на аснове ўсебаковага параўнаўчага вывучэння разнастайных крыніц разглядае праблемы паходжання беларусаў, вызначае самабытныя, глыбока нацыянальныя рысы іх культуры. Беларусаў ён лічыў карэнным насяленнем, а іх мову адносіў да самастойнай этналінгвістычнай сістэмы, што захавала ў лепшым стане, у параўнанні з іншымі, сваю першародную славянскую аснову. У выніку арэальнага этналінгвістычнага даследавання ім была складзена этнаграфічная карта «беларускага племені», дзе ён вызначае асноўны масіў беларускіх гаворак і іх дыялектныя асаблівасці. Працу Я.Ф. Карскага і яго ўплыў на далейшае развіцце этнаграфічнай і беларусазнаўчай навукі цяжка пераацаніць. Яна падводзіла вынікі дасягненням у галіне беларускага мовазнаўства, славістыкі і этнаграфіі ў пачатку ХХ ст. Глыбокай распрацоўкай гістарычнай тэматыкі і праблем развіцця беларускай традыцыйнай культуры вызначаюцца і працы вядомага беларускага даследчыка канца ХІХ – першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. М.В. Доўнар-Запольскага. Ім сабраны і абагульнены арыгінальныя матэрыялы па песенным фальклоры, сямейных звычаях і абрадах, народнаму звычаеваму праву, беларускаму вяселлю, што выкладзены ў яго працах «Беларускае вяселле і вясельныя песні» (1888), «Песні пінчукоў» (1895), «Звычаевае сямейнае права сялян Мінскай губерні» (1897) і інш.У плеядзе выдатных даследчыкаў народнай культуры Палесся адно з самых ганаровых месцаў належыць А.К. Сержпутоўскаму. Сабраныя ім у выніку шматгадовай экспедыцыйна-пошукавай работы і апублікаваныя затым матэрыялы вызначаюцца арыгінальнасцю, інфарматыйнай насычанасцю, свежасцю і сведчаць аб глыбокім веданні народнага жыцця. Асаблівую ўвагу ён удзяляў матэрыяльнай культуры – жыллю, сельскагаспадарчым прыладам, бортніцтву, рыбалоўству, грамадскім звычаям і абрадам, чаму былі прысвечаны спецыяльныя работы «Земляробчыя прылады працы беларускага Палесся» (1910), «Бортніцтва ў Беларусі» (1914), «Нарысы Беларусі» (1907), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) і інш. Значную цікавасць уяўляюць для нас і этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя і апрацаваныя І.А. Сербавым. Даследчык спалучаў у сваёй асобе веды прафесійнага этнографа з працавітасцю нястомнага вандроўніка і дапытлівага назіральніка. Пачатак ХХ стагоддзя быў адзначаны ўздымам грамадска-палітычнага руху, ростам нацыянальнай самасвядомасці, шырокай хваляй нацыянальна-культурнага адраджэння. Прыкметную ролю ў мабілізацыі мясцовых краязнаўчых сіл, у выхаванні новай генерацыі даследчыкаў народнай культуры і быту адыграла газета «Наша ніва» (1906–1915). Яна была заснавана ў Вільні братамі І. Луцкевічам і А. Луцкевічам, В.Іваноўскім і іншымі дзеячамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Браты Луцкевічы былі і заснавальнікамі Беларускага музея ў Вільні (Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей), які дзейнічаў у 1921–1945 гг. Яго асновай паслужыла прыватная калекцыя старасвецкіх рэчаў, сабраная І. Луцкевічам. Справу беларускага культурнага адраджэння ў 20-ыя гады прадоўжыў гісторыка-краязнаўчы часопіс «Наш край» (1925–1930), дзе друкавалася шмат матэрыялаў і карэспандэнцый з месцаў, аб стане мясцовай эканомікі, развіцці рамёстваў і промыслаў, быце розных слаёў насельніцтва. Асобныя бакі матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці былі разгледжаны ў працах І.М. Браіма (рыбалоўства), М.Я. Грынблата (адзенне, промыслы), В.С. Гуркова (жылле, пчалярства), Г.М. Курыловіч (ткацтва), А.І. Лакоткі (жылле), Л.А. Малчанавай (матэрыяльная культура), С.А.Мілючэнкава (ганчарства), І.Д. Назінай (музычныя інструменты), М.Ф. Раманюка (адзенне), Я.М. Сахуты (мастацкія промыслы), В.Я. Фадзеевай (вышыўка), В.С.Цітова (матэрыяльная культура, промыслы), С.Ф. Цярохіна (пчалярства, паляванне). Прыкметнай з’явай у гісторыі беларускай этнаграфіі з’явілася выданне энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989), у стварэнні якой прымала ўдзел шырокая навуковая грамадскасць. Разам з тым распачалася работа над шматтомным выданнем «Беларусы» у шасці тамах, кожны з каторых прысвечаны асобнаму раздзелу этнаграфічных ведаў аб Беларусі, этнагенезу і этнічнай гісторыі яе народаў, традыцыйнай гаспадарчай, матэрыяльнай і духоўнай культуры. З’яўленне падобных выданняў сведчыць аб тым, што этнаграфічная навука ў Беларусі мае бясспрэчныя фундаментальныя дасягненні абагульняючага характара.