Смекни!
smekni.com

Белорусский фольклор (стр. 2 из 4)

Замовы.

Замовы (у народзе яшчэ называюць загаворамі, нагаворамі, шэптамі) – гэта славесныя формулы, якім надавалася магічнае значэнне. Замовы – від народнай творчасці, які ў сучасны момант у жывым бытаванні амаль не сустракаецца.

У мінулым замовы былі шырока распаўсюджаны ў быце і мелі чыста ўтылітарнае значынне: з дапамогай слова, магічнага дзеяння ператварыць жаданае ў рыальнасць, падобным выклікаць падобнае.

Нягледзячы на пашыранасць сярод сялянства, замовы больш за ўсё знаходзіліся на ўзбраенні вузкай групы людзей – “прафесіяналаў”, так званых шаптуноў, чараўнікоў, ведзьмароў, якія з мэтай замацавання ў насельніцтва веры ў магічную сілу слова нярэдка выкарыстоўвалі рацыянальныя сродкі народнай медыцыны, чым забяспечвалі больш устойлівае месца гэтаму віду творчасці ў народзе.

Прынята дзяліць замовы на некалькі тыматычных груп:

1. Замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор ягад, грыбоў, захаванне жывёлы, ураджаю);

2. Замовы супраць хвароб;

3. Замовы, звязаныя з сямейнымі адносінамі і прыватным бытам (сюды адносяцца таксама прысушкі і адсушкі – любоўныя замовы);

4. Замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі і г.д.

Замовы каштоўныя тым, што ў іх знайшлі адлюстраванне асаблівасці гаспадарчага, грамадскага і духоўнага жыцця чалавека. Яны з’яўляюцца помнікамі мастацкага слова народа.

Прыказкі і прымаўкі.

У афарыстычнай творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўвалі багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна этнічныя і эстэтычныя ідэалы.

Прыказкі і прымаўкі ўзніклі яшчэ ў дакласавым грамадстве. У некаторых з іх адбіліся язычніцкія ўяўленні пра сусвет, прыроду, чалавека, расліны, жывёл. Кожная эпоха пакідае пасля сябе велізарныя пласты прыказак і прымавак: у іх адлюстроўвалася жыццё ў часы прыгону, ва ўмовах жорсткай капіталістычнай эксплуатацыі, раскрываюцца карэнныя змены ў жыцці і побыце народа ў сучаснасці. Ў прыказках і прымаўках эпохі феадалізму выразна адбілася тэма прыгоннага жыцця, паказана стаўленне народа да паноў і іх падданых.

Прыказкі вучаць любіць свой край, Радзіму, яе герояў і ненавідзець ворагаў. Трапна выказвае народ свае думкі пра шчасце, лёс і долю, дабро і зло.

Увогуле, прыказкі і прымаўкі – гэта своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі.

Загадкі.

Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства.

Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рычаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах, напрыклад, з мэтай “праверкі” разумовай сталасці жаніха.

Доўгімі зімовымі вечарамі моладзь і старэйшыя людзі, сабраўшыся ў якой-небудзь хаце, арганізоўвалі займальныя спаборніцтвы загадачнікаў. Яна пашырала кругагляд чалавека, развівала яго фантазію, кемлівасць, назіральнасць, трэніравала памяць, прывучала да развагі, аналізу.

Цяпер гэты старажытны жанр страціў сваю сур’ёзную актыўна-грамадскую функцыю і стаў сродкам забавы і пацехі – творчасцю дзяцей і для дзяцей.

Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, быт, працу, фауну, флору, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.

Казкі.

Сярод апавядальных жанраў беларускай вуснапаэтычнай творчасці шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, глыбінёй абагульнення, яркасцю створаных вобразаў вылучаюцца казкі. Тэрмін “казка” аб’ядноўвае розныя па форме і зместу апавядальныя творы: пра жывёл і птушак, пра фантастычных пачвар і непераможных асілкаў, пра кемлівага сялянскага сына Несцерку і ненажэрных крывасмокаў-паноў, пра хітруна-злодзея і служкаў культу, пра мудрую дзяўчыну і языкатую жонку і інш. Сярод розных, але ў асноўным блізкіх паміж сабой азначэнняў казкі, якія прыводзяцца ў навуковай літаратуры, найбольш прыдатным можна лічыць наступнае: казка – гэта мастацкае вуснае апавяданне сацыяльна-бытавога, фантастычнага або авантурна-навелістычнага зместу, якое адлюстроўвае рэчаіснасць пры дапамозе мастацкай выдумкі і заключае ў сабе дыдактычна-павучальны сэнс.

Казкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі непарыўна звязаны з шматгранным жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды, а ў класавым грамадстве – за роўнасць, сацыяльную справядлівасць. Казкі як творы сапраўднага мастацтва задавальнялі эстэтычныя запа-трабаванні народа і ў той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.

Класіфікацыя казак даволі ўмоўная. Звычайна іх падзяляюць на казкі аб жывёлах, чарадзейныя, або міфічныя, і сацыяльна-бытавыя. Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Усім ім уласціва высокае паэтычнае майстэрства. Беларускія казкі маюць шмат агульнага з казкамі іншых народаў, асабліва славян, але ў той жа час узбагачаюць казачны эпас славянскіх народаў новымі сюжэтамі, ідэямі, вобразамі.

Ў наш час казачная традыцыя паступова затухае, але многія казкі трывала захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. У апошнія гады ў розных раёнах Беларусі было запісана шмат гэтых твораў, у асноўным казкі пра жывёл і чарадзейныя, якія карыстаюцца асаблівай увагай дзіцячай аўдыторыі. Былі выяўлены і таленавітыя казачнікі, рыпертуар якіх вылучаецца багаццем і разнастайнасцю, а майстэрства выканання прыцягвае шырокую аўдыторыю. Ад 20 да 30 твораў расказалі К. Мельнікава, Ф. Вяргун, С. Ляўчэня. Як і ў мінулым, сярод сучасных казачнікаў можна вылучыць два тыпы: імправізатараў, якія ў межах традыцыі свабодна абыходзяцца з матэрыялам, і традыцыяналістаў, што строга прытрымліваюцца вядомай сюжэтнай схемы і нават вядомага ім тэксту.

Легенды і паданні.

Да легенд звычайна адносяць трывала замацаваныя ў фальклорнай традыцыі вусныя апавядальныя творы, ў аснове якіх ляжыць фантастычны вобраз або ўяўленне, звязаныя з гісторыяй людзей або тлумачэннем розных прыродных і грамадскіх з’яў. У больш вузкім разуменні, якога прытрымліваюцца некаторыя даследчыкі, легендамі з’яўляюцца толькі творы на біблейскія сюжэты, г.зн. апакрыфічныя творы.

Легенды – мастацкія творы, але даменантнай ў іх з’яўляецца не эстэтычная, як ў казках, а пазнавальная функцыя.

Беларускія легенды разнастайныя па тэматыцы. У апублікаваных запісах прадстаўлены легенды касмаганічныя, этнагенічныя, гістарычныя, апакрыфічныя і інш. У іх адлюстраваны розныя ўяўленні народа, спробы растлумачыць паходжанне сусвету і зямлі, чалавека і жывёл, сутнасць розных з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Часам у легендах адчуваецца рэлігійны ўплыў, але ў той жа час многім легендам ўласцівы элементы стыхійнага матэрыялізму, у якіх асуджаецца эксплуатацыя чалавека чалавекам, сацыяльная няроўнасць, выказваюцца крытычныя адносіны да рэлігійнага вучэння.

У некаторых беларускіх легендах распрацоўваюцца розныя маральна-этычныя праблемы, сцвярджаецца неабходнасць добрасумленных адносін да працы, справядлівых і добразычлівых адносін паміж людзьмі, але часам гэтыя станоўчыя ідэі атрымліваюць рэлігійную афарбоўку.

Нягледзячы на агульную тэндэнцыю затухання гэтага жанра, у часы Вялікай Айчыннай вайны ўзніклі легенды пра мужных абаронцаў нашай Радзімы, пра партызанскіх камандзіраў.

Па сваёй асноўнай функцыі – перадача выпрацаваных папярэднімі пакаленнямі пэўных ведаў або ўяўленняў – да легенд набліжаюцца паданні. Але калі легенды заўсёды фантастычныя па зместу і ў сувязі з гэтым маюць адпаведную паэтыку, паданні даюць звесткі аб рэальных асобах і сапраўдных падзеях, хаця, натуральна, пры перадачы з вуснаў у вусны аддаляюцца ад першаасновы, жыццёвы матэрыял набывае ў іх паэтычную інтэрпрэтацыю.

Найбольш распаўсюджаныя ў беларускім фальклоры паданні гістарычныя і тапанімічныя, многія з якіх маюць гістарычную афарбоўку. З вуснаў у вусны перадаваліся паданні аб асілках, якія нібыта некалі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і пакінулі пасля сябе старажытныя гарадзішчы ды велізарныя камяні з адбіткамі сваіх пальцаў ці рук. Тэма многіх паданняў – барацьба беларускага народа с іншаземнымі захопнікамі. Яны маляўніча апавядаюць аб адзінаборстве рускага воіна з татарскім, пра перамогу над шведамі, пра Айчынную вайну 1812 г. Адначасова ў гэтых творах адлюстраваны цяжкія пакуты, якія прыносілі войны народу, з гневам і болем апавядаецца аб рабунках і здзеках, што чынілі захопнікі на беларускай зямлі. Вядомы таксама шматлікія паданні аб заснавані розных населеных пунктаў, паданні аб рэках, азёрах, урочышчах і нават асобных збудаваннях. Такія паданні таксама дапамагаюць глыбей пазнаць мінулае, перадаюць адносіны народа да розных падзей, яго ўяўленні аб гісторыі роднага краю і любоў да сваёй зямлі.

Анекдоты, жарты, гумарэскі.

Празаічныя жанры малой формы – анекдоты, жарты і гумарэскі – узніклі амаль адначасова з сацыяльна-бытавымі казкамі, развіваліся ў цеснай сувязі з імі, актыўна бытуюць і ў наш час.

Пад анекдотам да палавіны 19 ст. разумелі кароткае камічнае апавяданне пра смешны выпадак з жыцця вядомага гістарычнага дзеяча. Пазней анекдотамі сталі называць невялікае вуснае аднаэпізоднае апавяданне пра незвычайную, смешную падзею, сітуацыю, рысу характару чалавека ці ўчынак з неспадзявана камічнай развязкай. Блізкім да анекдота з’яўляецца жарт, у аснове якога таксама апавяданне пра смешнае здарэнне, дасціпная насмешка. У параўнанні з анекдотам, які выстаўляе на смех і сацыяльна-палітычныя з’явы, жарт звычайна незласліва высмейвае бытавыя здарэнні, паасобныя малаістотныя, але смешныя рысы і якасці людзей, іх дзіўныя ўчынкі. Як і для анекдота, для жарта характэрна аднаэпізоднасць, нечаканасць выніку. Найбольш папулярная форма жарта дыялагічная. Праз кароткі дасціпны дыялог выяўляецца асноўны ідэйны сэнс твора, накіраванасць насмешкі.