Смекни!
smekni.com

Сельская гаспадарка Беларусі (стр. 13 из 14)

З’яўленне ўстойлівых рас шкоднікаў і ўзбуджальнікаў захворванняў у выніку выкарыстання ў шырокіх масштабах пестыцыдаў. Гэта прывяло да ўзнікнення “заганнага круга”: выкарыстанне ядахімікатаў з’яўляецца прычынай узнікнення ўстойлівасці да іх, і парабуецца павялічваць дозы і/або распрацоўваць новыя сродкі абароны раслін, да якіх зноў прыстасоўваюцца шкоднікі і ўзбуджальнікі хвароб сельскагаспадарчых культур: іх колькасць зноў узрастае.

Павышэнне засмечанасці палёў пустазеллем з прычыны працяглага прымянення гербіцыдаў з вузкім спектрам дзеяння.

Зніжэнне ўраджайнасці і павышэнне сабекошту прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Экалагічная сельская гаспадарка дазваляе не толькі пазбегнуць такіх негатыўных наступстваў, але і аднавіць парушаныя экасістэмы. У экалагічнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць біялагічныя метады павышэння ўрадлівасці глебы і абароны раслін, а таксама метады павышэння біяразнастайнасці, што спрыяе працэсам самааднаўлення экасістэм.

Сацыяльныя праблемы вёскі ў нашай краіне не менш сур’ёзныя за экалагічныя. Вельмі неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя, таму што моладзь з’язджае ў горад, нараджальнасць вельмі нізкая. Нягледзячы на высокі ўзровень беспрацоўя, асабліва схаванага, у вёсцы мала кваліфікаванай працоўнай сілы. Зарплаты ў гэтай галіне эканомікі нізкія, для стварэння ўласнай фермерскай гаспадаркі патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі.

Зямельнай рэформы ў Беларусі не было. У 1999 г. быў прыняты новы Зямельны Кодэкс, у адпаведнасці з якім усе землі сельскагаспадарчага прызначэння з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю. Дазваляецца толькі прыватная ўласнасць на зямельны ўчастак, заняты жылым будынкам (не больш за 0,15 га) і на прысядзібны ўчастак для вядзення падсобнай гаспадаркі да 1 га. Грамадзяне маюць права арэндаваць да 2 га зямлі для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі і могуць мець прыватны ўласны ўчастак да 1 га. Фермеры могуць атрымаць у карыстанне, але не ва ўласнасць, да 100 га зямлі. На 1 студзеня 2004 г. плошча арэндаваных зямель у Беларусі склала 357,3 тыс. га, або 1,7% ад усёй плошчы зямель. На долю фермерскіх гаспадарак прыпадае 98,9 тыс. га – 27,7% ад плошчы арэндаваных зямель, на долю грамадзян – 16,9 тыс. га (4,7%). Большая частка зямель, якія арэндуюцца грамадзянамі, выкарыстоўваецца для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі (13,9 тыс. га) [5].

Дзяржава не стварае спрыяльных умоў для развіцця фермерскіх гаспадарак. Закон “Аб сялянскай фермерскай гаспадарцы” быў прыняты 18 лютага 1991 г., новая рэдакцыя – 19 ліпеня 2005 г. Закон недасканалы і выклікаў сур’ёзную крытыку з боку фермераў: не фіксуюцца роўныя правы фермераў з іншымі сельскагаспадарчымі вытворцамі, не прадугледжваецца права прыватнай уласнасці на зямлю, не вызначаны механізм выдзялення зямлі. Не абумоўліваецца магчымасць стварэння кааператываў, асацыяцый фермераў.

У адпаведнасці з Загадам Прэзідэнта № 193 ад 1 красавіка 1998 года фермеры абавязаны заключыць пагадненне з мясцовымі органамі ўлады, у якім яны павінны вызначыць умовы землекарыстання, структуру вытворчасці, віды і аб’ёмы тавараў і вытворчых рэсурсаў, якія будуць вырабленыя і набытыя. Праект гэтага пагаднення рыхтуецца органамі ўлады. Такая практыка стварае цяжкасці ў працы фермера. Не ўсе фермеры заключаюць такія дамовы, але ў такім выпадку яны не могуць разлічваць на фінансавую падтрымку.

Паводле ацэнак, фермеры атрымліваюць ад дзяржавы ў 7 – 10 разоў меншую падтрымку ў параўнанні з іншымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі [6], Дзяржаўная праграма падтрымкі фермерскіх гаспадарак практычна згортваецца. Большасць фермераў, якія спынілі сваю дзейнасць, зрабілі гэта з прычыны недастатковага фінансавання. Крэдыты для фермераў выдаюць пад 12% гадавых, але з улікам схаваных аплат (страхоўка крэдыту, % на падаражанне) атрымліваецца ў выніку 20 – 30%.

Паводле ацэнак экспертаў Сусветнага банка, сучасная макраэканамічная палітыка ў Беларусі не спрыяльная для развіцця эфектыўнай сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчыя рынкі знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, а таксама мясцовых органаў улады. Рэгуляванне цэн ажыццяўляецца з адміністратыўнымі абмежаваннямі (ліцэнзаванне і пад.).

Падаткаабкладанне ў цэлым не спрыяе развіццю агравытворчасці, хаця сельскагаспадарчыя вытворцы маюць падатковыя льготы. Адначасова сельская гаспадарка абкладаецца ўскоснымі падаткамі пры дапамозе механізму рэгулявання цэн. У выніку цяперашняй палітыкі цэн даходы вытворцаў абмежаваныя 2% у месяц, у той жа час іх выдаткі не абмежаваныя. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і аблвыканкамы ўсталёўваюць гранічныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Экспарт прадуктаў харчавання манапалізаваны дзяржаваю.

Інфармацыйна-статыстычная справаздачнасць не забяспечвае правядзенне глыбокага эканамічнага аналізу, імавернасць статыстычных звестак выклікае сумненні экспертаў, у прыватнасці, Сусветнага банка [7].

Нягледзячы на тое, што ў цэлым парадыгма прыродакарыстання ў нашай краіне застаецца ранейшай, назіраюцца змены, хоць і нязначныя, у бок большай “экалагізацыі” сельскагаспадарчай вытворчасці.

Развіццё арганічнага земляробства ў Беларусі стрымліваецца адсутнасцю нарматыўна-прававой базы, недастатковай падтрымкай з боку дзяржаўных органаў, што кіруюць аграрнай галіной, нізкай інфармаванасцю спажыўцоў і патэнцыйных вытворцаў і пад. Фактары, якія стрымліваюць развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі і не ў апошнюю чаргу звязаныя з памылковымі ўяўленнямі і “міфамі”, выкліканы недахопам інфармацыі або непраўдзівай інфармацыяй. Існуюць наступныя памылковыя ўяўленні як у спецыялістаў, так і сярод шырокай грамадскасці:

1. У Беларусі няма чыстых зямель, якія б падыходзілі для вядзення арганічнай сельскай гаспадаркі. – Факты паказваюць, што ўзровень выкарыстання мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў ніжэйшы, чым у краінах Заходняй Еўропы. У Галандыі, Даніі, Бельгіі, Германіі на гектар раллі ўносяць 400 – 600 кг дзейснага рэчыва мінеральных угнаенняў, у Беларусі гэты паказчык не перавышаў 280 кг [4]. У 2006 г. было ўнесена ў сярэднім 185 кг/га мінеральных угнаенняў. У 1990-х гадах на шмат якіх зямельных участках пестыцыды ўвогуле не выкарыстоўваліся. Гэта прывяло да змяншэння ўздзеяння на навакольнае асяроддзе з боку сельскай гаспадаркі. Апроч таго, глеба, як любая жывая сістэма, мае здольнасць да самааднаўлення, і існуюць методыкі, якія дазваляюць паскорыць гэты працэс і скараціць пераходны перыяд. Таму можна меркаваць, што на тэрыторыі нашай краіны ёсць сельскагаспадарчыя землі, прыдатныя для вядзення арганічнай сельскай гаспадаркі зараз або пасля пераходнага перыяду самааднаўлення глебы.

2. Арганічная сельская гаспадарка – гэта прывілея заможных: з аднаго боку, патрабуюцца вялікія інвестыцыі, з другога боку – цэны на арганічную прадукцыю такія высокія, што толькі вельмі забяспечаныя людзі могуць дазволіць сабе яе купляць. – Паводле статыстыкі, у краінах Еўропы экалагічная прадукцыя даражэйшая за звычайную на 20 – 100%. Аднак ёсць шмат прыкладаў, калі сабекошт арганічнай прадукцыі роўны або ніжэйшы за сабекошт звычайнай, і ў працэсе развіцця арганічнай гаспадаркі па меры аднаўлення экасістэмы затраты зніжаюцца. Шмат у чым высокая цана – наступства перавышэння попыту на экалагічна чыстую прадукцыю над прапановай. Паводле звестак Швейцарскага даследчага інстытута арганічнай сельскай гаспадаркі, арганічная сельская гаспадарка эканамічна больш эфектыўная за інтэнсіўную ў сярэднім на 50% – за кошт ліквідацыі страт сельскагаспадарчай прадукцыі пры замкнутым цыкле вытворчасці, вызвалення вялізных аб’ёмаў прыродных рэзерваў. Калі азірнуцца ў мінулае, мы ўбачым, што ад пачатку апрацоўкі зямлі старажытнымі людзьмі да канца XIX стагоддзя ўся агравытворчасць абыходзілася без мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, і ўсе маглі сабе гэта дазволіць.

3. Ураджайнасць у арганічнай сельскай гаспадарцы нізкая, немагчыма будзе пракарміць людзей. – У Омскай вобласці Расіі яшчэ ў 80-я гг. 16 гаспадарак адмовіліся ад выкарыстання пестыцыдаў, і ўраджайнасць збожжавых стала вышэйшай, чым у сярэднім па вобласці пры больш нізкім сабекошце. На арганічнай ферме (ЗША, 30 км ад г. Спокана, шта Вашынгтон) ураджайнасць азімай пшаніцы ў сярэднім за 5 гадоў (45 ц/га) практычна не адрознівалася ад ураджайнасці на суседніх фермах, дзе ўжывалі пестыцыды і мінеральныя ўгнаенні (49 і 39,9 ц/га адпаведна). Пры гэтым на арганічнай ферме ўтрыманне гумусу ў глебе была вышэйшая, і значна меншай была эрозія [8]. З іншага боку, сёння рэальная ўраджайнасць на большасці беларускіх палёў, што апрацоўваюцца па інтэнсіўнай тэхналогіі, мінімальная і працягвае зніжацца.

4. Арганічная сельская гаспадарка – рэалізацыя лозунга “Назад, у пячоры!”, яна адмаўляе навуковы і тэхнічны прагрэс. – Альтэрнатыўнае земляробства не азначае вяртанне да старой экстэнсіўнай тэхналогіі, хоць і не выключае выкарыстанне асобных яе элементаў. Арганічная сельская гаспадарка карыстаецца найноўшымі навуковымі і тэхнічнымі распрацоўкамі, спалучаючы іх з традыцыйнымі ведамі, якія назапашваліся і правяраліся на практыцы стагоддзямі і тысячагоддзямі.

VIIP.S.

Сельская гаспадарка Беларусі павінна быць практычна поўнасцю пераведзена на мясцовыя віды паліва - А.Лукашэнка

11 чэрвеня, Мінск /Марта Астрэйка - БЕЛТА/. Сельская гаспадарка Беларусі павінна быць практычна поўнасцю пераведзена на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, заявіў кіраўнік дзяржавы сёння ў час прадстаўлення на пасадзе старшыні Мінаблвыканкама Леаніда Крупца.

"Мы павінны вызваліць сельскую гаспадарку нашай краіны ад неабгрунтаванага выкарыстання нафтапрадуктаў і газу. Мы гэта можам і павінны зрабіць. Аднак усе сельгаспрадпрыемствы, якія маюць дастаткова сродкаў, могуць працаваць так, як хочуць", - падкрэсліў прэзідэнт.-0-

Сельская гаспадарка Беларусі гатова да работы ва ўмовах павышэння цэн на энерганосьбіты - І.Бамбіза