Пад час масавага голаду у Паволжжы і іншых паўднёвых раёнах краіны 23 лютага 1922 г. ЦВК РСФСР у мэтах набыцця за мяжой хлеба галадаючым і насення для засеву палёў ЦВК прыняў пастанову аб канфіскацыі часткі царкоўных рэчаў. У выніку было канфіскавана 33 пуды 32 фунты золата, 23 997 пудоў 23 фунты срэбра, 35 670 штук брыльянтаў і іншых каштоўнасцяў. У БССР гэту працу ўзначаліла камісія на чале з А. Чарвяковым, якая перадала ў фонд дапамогі галадаючым больш за 30 пудоў срэбра, каля 100 грамаў золата, 45 брыль-янтаў (32 карат), 52 каштоўных камянёў і інш.
У 1920-х для патрэб памяшканняў пад школы для ліквідацыі непісьменнасці адбывалася рэквізіцыя памяшканняў сінагог. Акрамя та-го, сінагогі пераабсталўваліся пад жыллё, фабрычныя памяшканні, сталовыя, музеі. Будынак мінскай харальнай сінагогі быў аддадзены пад тэатр. Яшчэ больш массавай з’явай стала перадача ў 1930-я гг. хрысціянскіх храмаў пад зернесховішчы, майстэрні, архівы і інш.
Пачатак агітацыйна-прапагандысцкай кампаніі супраць царквы і рэлігіі быў пакладзены пастановай ад 11 снежня 1917 г. аб перадачы справы выхавання і адукацыі з духоўнага ведамства ў народны каміса-рыят асветы. Гэта датычыла і яўрэйскіх навучальных устаноў – хедэраў і іешываў. Тым самым ствараліся перадумовы для прыпынення рэлігійнага ўздзеяння на маладое пакаленне і адначасова – для атэістычнай прапаганды, аб чым, у прыватнасці, сведчыў дэкрэт СНК ад 23 студзеня 1918 г. «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у адпаведнасці з якім Расія пераўтваралася ў свецкую краіну.
Паводле пастановы Наркамата юстыцыі РСФСР ад 20 ліпеня 1920 г. «Аб ліквідацыі мошчаў ва ўсерасійскім маштабе», многія ракі з парэшткамі былі публічна ўскрыты, каб прадэманстраваць хлусню святароў аб «нятленнасці святых».
На Беларусі пачатак антырэлігійнай агітацыі і прапаганды знайшоў увасабленне ў дэманстрацыях, скіраваных супраць іўдаізма і сінагогі. Так, у кастрычніку 1920 г. у Віцебску, калі веруючыя адзначалі самае вялікае свята Йом-Кіпур («Судны дзень»), мясцовыя бальшавікі і камсамольцы разам з членамі прабальшавіцкіх арганізацый (Яўрэйская секцыя РКП(б), Камбунд, Югендбунд) дэманстратыўна заняліся нарыхтоўкай дроў для чыгункі. У 1923 г. такі ж «йомкіпурнік» ад-быўся ў Мінску, дзе камсамольцы наладзілі маніфестацыю пад лозун-гам «Далоў равінаў і папоў».
На пачатку 1920-х гг. намаганнямі моладзі стала ўкараняцца так званая «чырвоная абраднасць». Вечарам 6 студзеня 1923 г. у Мінску адбыліся «камсамольскія каляды» – тэатралізаванае шэсце, якое мусіла сімвалізаваць аджытасць рэлігіі і яе непатрэбнасць моладзі. Замест вянчанняў, маладажонам рэкамендавалі ладзіць «чырвоныя вяселлі», а замест хрэсьбін – «акцябрыны». Так, у 1925 г. у БССР адбывалася каля 300 «акцябрын» і 80 «чырвоных вяселляў штомесяц». У яўрэйскі побыт стала ўкраняцца «чырвонае абразанне».
Прызнаным цэнтрам і асноўным рупарам антырэлігійных ідэй стала газета «Безбожник», якую рэдагаваў старшыня Антырэлігійнай камісіі Е. Яраслаўскі. У 1925 г. ён узначаліў усесаюзнае таварыства – «Саюз бязбожнікаў». Першапачаткова вынікі дзейнасці гэтай грамадскай арганізацыі былі слабымі. Сітуацыя памянялася, калі задачы сацыялістычнага будаўніцтва запатрабавалі актывізацыі атэістычнай прапаганды. З гэтай нагоды ІІ з’езд Саюза бязбожнікаў, які сабраўся 11–15 чэрвеня 1929 года ў Маскве перайменаваў сваю арганізацыю ў «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў» і вызначыў яго лозунг: "Барацьба з рэлігіяй – гэта барацьба за сацыялізм".
Праз год, у 1930 г. колькасць членаў саюза вырасла з 465 тыс. да 3, 5 млн. За гэты ж час колькасць членаў саюза ў БССР узрасла больш чым у пяць разоў і дасягнула 42 тыс. чал. У 1931 колькасць членаў дзіцячай арганізацыі «Юных ваяўнічых бязбожнікаў СССР» дасягнула 2 млн. У 1931 г. у СССР працавала звыш 3 000 бязбожных ударных брыгад, звыш 100 бязбожных ударных цэхаў і заводаў, каля 300 бязбожных калгасаў.
Партыйная канферэнцыя, што адбывалася ў Маскве з 30 студзеня па 4 лютага 1932 г., паставіла на мэце: да 1934-1935 гг. – усё насель-ніцтва, і ў першую чаргу – моладзь ахапіць антырэлігійнай прапаган-дай; да 1935-1936 гг. – ліквідаваць апошнія малітоўныя дамы, да 1936-1937 г. канчаткова выдаліць рэлігію з ужытку людзей.
Аператыўна-адміністрацыйны напрамак антырэлігійнай палітыкі бальшавікоў аформіўся яшчэ пасля грамадзянскай вайны. Як паказаў вопыт, агітацыя і прапаганда мела поспех, калі яна абапіралася на сілу зброі, таму восенню 1922 г. у сістэме ЦК РКП(б) была створана Антырэлігійная камісія. Асноўным яе прызначэннем з’яўлялася арганізацыя сіл і сродкаў на барацьбу супраць царкоўных арганізацый і іх уплыву на грамадства. Практычнае ажыццяўленне гэтай барацьбы (аператыўная работа, вышук, вярбоўка, арышты і г.д.) ускладалася на – начальніка аддзела ДПУ СССР Я. Тучкова, а агульнае кіраўніцтва – на Е. Яраслаўскага. У працы брала ўдзел уся партыйна-савецкая эліта.
Знешне гэта дзейнасць павінна была выглядаць як натуральная праява клопату Савецкай улады аб маральным здароўі людзей, вызваленне іх ад царкоўных забабонаў. На справе ўжо першыя вынікі працы Антырэлігійнай камісіі адбіліся на дэстабілізацыі ўнутрацаркоўнага жыцця РПЦ. Так, работнікі ДПУ падтрымалі групу ініцыятараў так званага «абнаўлення Царквы», якія не прызнавалі ўлады Патрыярха і дамагліся яго ізаляцыі ў Данскім манастыры, што прывяло да расколу ў РПЦ. Да канца 1922 г. абнаўленцам належала ўжо 20 тыс. з 30 тыс. храмаў. 29 красавіка 1923 г. царкоўная ўлада перайшла да створанага абнаўленцамі Свяшчэннага Сінода.
Карыстаючыся расколам, мітрапаліт Мінскі і Тураўскі Мельхісэ-дэк у ліпені 1922 г. дамогся ўтварэння аўтаномнай Беларускай права-слаўнай царквы (БПЦ). На 1 чэрвеня 1927 г., у БССР налічвалася 1 110 праваслаўных прыходаў, з якіх 300 лічыліся абнаўленчымі, а ўсе астатнія – «ціханаўскімі». З ведама ДПУ ў жніўні 1927 г. у Мінску адбыўся з’езд дэлегатаў БПЦ з мэтай утварэння царкоўнай аўтакефаліі. У выніку, да канца 1927 г. у беларускіх епархіях (без уліку старааб-радцаў) дзейнічалі тры плыні праваслаўных вернікаў: 411 прыходаў ціханаўцаў, 344 – аўтакефалістаў і 305 – абнаўленцаў. З умацаваннем у 1927 г. улады намесніка памерлага патрыярха – мітрапаліта Маскоўскага Сергія і падпарадкаванага яму Патрыяршага Сіноду стратэгічны план УКП(б) дасягнуў сваёй мэты: адзінай РПЦ ужо не існавала. Для Савецкай улады, якая ініцыіравала «абнаўленчы раскол» і кіравала ім праз органы ДПУ-АДПУ, першаступенную значнасць мела лаяльнасць духавенства, гатоўнасць прызнаць савецкую ўладу народнай і прапагандаваць гэты пункт гледжання. У нейкіх рэформах у галіне царкоўнага ладу, акрамя тых, што дапамагалі развіццю і ўмацаванню расколу, бальшавікі не былі зацікаўлены.
Рэпрэсіі бальшавіцкай партыі супраць свяшчэннаслужыцеляў былі абумоўлены перакананнем яе лідэраў у безумоўнай варожасці Савецкай уладзе. Так, у 1920-я гады ў БССР было асуджана 75 служыцеляў іўдзейскага культу. У снежні 1930 г. толькі ў Віцебску былі асуджаны і сасланы ў Салавецкі лагер 15 равінаў. З пачаткам калектывізацыі пачаліся рэпрэсіі супраць хрысціянскага духавенства як носьбітаў кулацкай ідэалогіі. У выніку, да лета 1930 г. у СССР было расстраляна 560 і пазбаўлена волі 22 289 чал. У БССР – адпаведна – 25 і 68. У лютым – сакавіку 1933 г. у рэчышчы масіраванай барацьбы органаў АДПУ-НКУС супраць «ворагаў народа» у БССР была «выкрыта» контррэвалюцыйная царкоўна-паўстанцкая арганізацыя "Іезуіт" з удзелам 5 епіскапаў, 48 святароў і інш., усяго 79 чал.
Вынікам наступнай аперацыі стала «раскрыццё» у ліпені-верасні 1937 г. разгалінаванай сеткі (200 чал.) прадстаўнікоў "Беларускай аўтакефальнай царквы». Па прыгавору «тройкі» 1 лістапада былі расстраляны епіскапы Філарэт, Апанас і яшчэ 9 «кіраўнікоў» арганізацыі, а астатнія – асуджаны да пазбаўлення волі. Нарэшце, у лютым-сакавіку 1938 г. былі арыштаваны члены «шпіёнска-паўстанцкай арганізацыі», якія дзейнічалі ў шасці раёнах БССР. Яе кіраўніком з’яўляўся – «польскі шпіён» мітрапаліт Мінскі Пётр.
Відавочна, што «польскі след» у барацьбе ЎКП(б)-КП(б)Б суп-раць каталіцтва і касцёла быў найбольш выразным. Большасці абвіна-вачаных інкрымініравалася прыналежнасць да Польскай арганізацыі вайсковай. Тым не менш, па словах чэкістаў, якія ў жніўні 1933 г. выкрылі адну з такіх арганізацый у БССР, яна складалася з 7 філій і ўзначальвалася ксяндзамі. Праз палову года 55 яе ўдзельнікаў, як святароў так і простых вернікаў, былі асуджаны да расстрэлу або турэмнага зняволення.
Характэрна, што ў сярэдзіне 1930–х гг. прапагандысцкія метады барацьбы супраць рэлігіі і іх носьбітаў цалкам саступілі месца гвалтоўным. Так, у 1936 г. «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў» выявіў сваю фактычную незапатрабаванасць, бо толькі пятая частка яго членаў працягвала выплату ўзносаў. А да 1930-х гг. 2 155 праваслаўных, 271 іўдзейскіх і 113 каталіцкіх святароў і іншых служыцеляў культаў былі вынішчаны.
Аб’ектам барацьбы бальшавікоў супраць рэлігіі зрабіліся не толькі святары, але і храмы, дзе яны прамаўлялі «слова боскае». Так, 5 снежня 1931 г. па асабістаму загаду І. Сталіна ў Маскве быў разбураны храм Хрыста-Выратавальніка. Паўсюдна пачалося масавае закрыццё цэркваў. Пасля рэалізацыі пастановы бюро ЦК КП(б)Б ад 18 жніўня 1937 г. «Аб захадах па закрыцці польскіх касцёлаў" у БССР да канца года заставаліся дзеючымі 11 каталіцкіх храмаў са 113. Потым зачынілі ўсе культавыя ўстановы. У 1938 г. засталіся толькі два праваслаўныя храмы – у Мазыры і Оршы. Усяго было закрыта 1 445 цэркваў, 704 сінагогі, 113 касцёлаў.