Смекни!
smekni.com

Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў (стр. 2 из 5)

Адукацыя, як і ў папярэдні перыяд, захоўвала рэлігійны характар. Пры праваслаўных цэрквах і манастырах існавалі школы, у іх праграму навучання ўваходзілі: царкоўна-славянская граматыка, матэматыка, філасофія, тэалогія. Разам з тым, пры праваслаўных брацтвах (гэта грамадскія аб’яднанні прыхажан) у Вільні, Магілёве, Слуцке, Бярэсце, Полацку і інш. дзейнічалі брацкія школы з больш шырокай праграмай, што ўключала вывучэнне замежных і класічных (лацінскай і грэчаскай) моў, гісторыю, рыторыку. Навучанне ў іх было галоўным чынам бясплатным.

Шырокая праграма адукацыі існавала ў пратэстанцкіх школах. Найбольш вядомыя – у Іўі, Вільне, Бярэсце, Слуцку. Пратэстанты выступілі з прапановай заснаваць у ВкЛ універсітэт, але ва ўмовах контррэфармацыі ідэю перахапілі езуіты, а пратэстанцкія школы наогул былі зачынены.

Асабліва хутка развівалася каталіцкая сістэма адукацыі ў XVI ст. згодна з пастановамі сінодаў, кожны прыход павіннен мець пачатковую школу. Акрамя таго, шматлікія каталіцкія манаскія ордэны адчынялі свае сярэднія навучальныя ўстановы – калегіўмы. Асабліва вядомымі былі езуіцкія і піярскія калегіўмы. Першы езуіцкі калегіўм быў заснаваны ў Вільне (1570 г.), на тэрыторыі Беларусі – у Полацку (1581 г.). Калегіўмы давалі класічную гуманітарную адукацыю. Навучанне было бясплатным, прымаліся юнакі любых саслоўяў і веравызнанняў, навучанне працягвалася 6-7 гадоў. Увесь навучальна-выхаваўчы працэс быў прасякнуты рэлігійнай накіраванасцю. У той жа час калегіўмы садзейнічалі ўсталяванню на Беларусі заходне-еўрапейскай сістэмы адукацыі. На базе Віленскага езуіцкага калегіўма ў 1579 г. была створана езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова ў ВкЛ. Першым яе рэктарам быў выдатны палеміст, дзеяч ордэна езуітаў – Петр Скарга.

Пашырэнне агульнага ўзроўня адукаванасці абумовіла ўзнікненне попыту на кнігі. У XIII-XVI стст. цэнтрамі перапіскі кніг з’яўляліся праваслаўныя манастыры (скрыпторыі ў Наваградку, Полацку, Смаленску, Вільне, Віцебску, Лаўрышаве, Супрасле), дзяржаўная канцылярыя ў Вільне, канцылярыі буйных феадалаў. Ствараліся значныя кнігазборы – бібліятэкі. Найбольш вядомымі былі: бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора; бібліятэкі манастыроў у Спраслі, Вільне, Слуцку, Пінску; а так сама кнігазборы навучальных устаноў (езуіцкіх калегіўмаў і акадэміі) і прыватныя зборы магнатаў (Раздзівілаў, Сапегаў).

Скрыпторыі не маглі задаволіць ўзрастаўшага попыту на кніжнае слова, таму не выпадкова, што ў ВкЛ узнікла кнігадрукаванне раней за ўсе ўсходнеславянскія землі. Заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання – выдатны гуманіст і асветнік Францыск Скарына. У 1517-1519 гг. ён у Празе пераклаў і выдаў (з каментарыямі) Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 г. ён пераехаў у Вільню, дзе заснаваў першую на тэрыторыі ўсходніх славя друкарню, з якой вышлі “Малая падарожная кніжыца” (1522 г.) і “Апостал” (1525 г.).

У 1550-я гг. у Бярэсці пачала працаваць пратэстанцкая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага – першая на Беларусі. Наогул, пратэстанцкія друкарні ў 1560-1570-я гг. дзейнічалі ў Нясвіжы, Вільне, Слуцку, Уздзе, Лоску, Іўе, Ашмянах. Сярод найбольш вядомых выданняў пратэстантаў – “Брэсцкая біблія” (1563 г.), “Нясвіжская біблія” (1572 г.), “Новы запавет” (1574 г.), “Размова паляка з літвінам” (1564 г.).

Першую кірылічную кнігу (на старажытнабеларускай мове) – Катэхізіс выдалі Сымон Будны і Лаўрэнці Крышкоўскі ў Нясвіжскай друкарні ў 1562 г., у той жа год С.Будны надрукаваў “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам”, пазней – “Біблію” (1572 г.), “Новы Завет” (1574 г.), “Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры” (1576 г.).

У 1570-я гг. у маёнтку Цяпіна на Полаччыне заснаваў друкарню Васіль Цяпінскі. Ён выдаў “Евангелле” на царкоўна-славянскай мове з паралельным перакладам на беларускую мову. С.Будны і В.Цяпінскі выступалі ў абарону беларускай мовы, за развіццё на ёй пісьменнасці і кнігадрукавання.

Рускія першадрукары – Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец пасля выгнання з Масквы працавалі на Беларусі ў маёнтку Р.Хадкевіча Заблудава. Яны выдалі “Евангелле вучыцельнае” (1569 г.) і “Псалтыр з Часасловам” (1570 г.). У 1580-я гг. І.Фёдараў пераехаў у Астрогу, дзе выдаў “Астрожскую біблію” (1580-1581 гг.), а П.Мсціславец працаваў у друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.

Напрыканцы XVI ст. у княстве дзейнічалі шматлікія друкарні – прыватныя, пры буйных праваслаўных брацтвах, пратэстанцкія, вельмі актыўную дзейнасць распачалі езуіцкія друкарні. Выдавалася самая розная літаратура на беларускай, польскай, лацінскай мовах – як багаслоўская, так і свецкая, у тым ліку, прававая. Так, ў 1588 г. у друкарне Мамонічаў у Вільне ўпершыню быў выдадзены свод законаў – Статут ВкЛ. Выдавецкая дзейнасць была цесна звязана з развіццём літаратуры.

Як і раней, працягвалі складацца рукапісныя Палеі, Пацерыкі, Пралогі, Мінеі – яны складаліся з твораў антычных і грэка-візантыйскіх аўтараў. У эпоху Адраджэння да іх дабавіліся пераклады заходнееўрапейскіх свецкіх раманаў – такіх як “Аповесць пра Баву”, “Гісторыя пра Атылу”, “Аповесць пра Трышчана”, “Александрыя”, “Троя”, дыдактычныя навелы, зборнікі фацэцый (анекдатычных гісторый).

З XIV ст. з’явілася летапісанне ВкЛ. У летапісах абгрунтоўвалася неабходнасць стварэння ВкЛ, абаранялася цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Помнікі – “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” (прыкладна 1396 г.), “Пахвала Вітаўту”(канец 1420-х гг.), “Беларуска-літоўскі летапіс” (1446 г.).

На змену летапісанню разам з Адраджэннем ў XVI ст. прыйшла гістарычная проза і мемуарыстыка: “Баркулабаўскі летапіс”, “Дзённік” Федара Еўлашоўскага, “Пхвала гетману Канстанціну Астрожскаму” (пасля 1514 г.), на беларускую мову перакладалі “Хроніку” М.Стрыйкоўскага, “Хроніку” М.Бельскага.

У 1516 г. была выдадзена паэма “Пруская вайна” Яна Вісліцкага (родам з Беларусі, “русін”) на лацінскай мове, у якой аўтар апісвае перамогу славянскіх народаў над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве. У 1523 г. у Рыме была выдадзена яшчэ адна паэма аўтара-беларуса Міколы Гусоўскага – “Песня пра зубра”, так сама на лацінскай мове. Гэта было пачаткам рэнесанснай лацінскамоўнай традыцыі ў беларускай паэзіі.

Заснавальнікам панегірычнай літаратуры (панегірык – хвалебная прамова) на Беларусі лічыцца Андрэй Рымша. Яго “Панегірык гербу Льва Сапегі” (1588 г.), а так сама панегірыкі гербам А.Валовіча, Ф.Скумны былі прыкладам для іншых аўтараў. У беларускай паэзіі з’явіліся жанры: дэкламацыя, вершаваныя прысвячэнні, сатырычная паэзія, паэтычныя “плачы”, “ляманты”, эпіграммы.

У сувязі с прыняццем Берасцейскай уніі 1596 г. шарокае распаўсюджанне атрымала палемічная літаратура. На старонках выданняў шлі інтэлектуальныя бітвы паміж прыхільнікамі ўніі (П.Скарга, І.Пацей) і прыхільнікамі праваслаўя і пратэстантызму (К.Філалет, М.Сматрыцкі, С.Будны, Клірык Астрожскі). К.Філалет у сваім творы “Апокрысіс” (1597 г.) абвінавачваў іерархаў-уніятаў у матэрыяльных выгадах уніі. Найбольшага росквіту палемічная літаратура атрымала ў першай палове XVII ст.

Развіцце музычнага мастацтва шло ў межах царкоўных устаноў. З канца XV ст. развіваецца кантавая культура спеваў, а ў другой палове XVI ст. – партэсныя спевы, спевакоў рыхтавалі ў брацкіх і манастырскіх школах.

У самым канцы XVI ст. пры каталіцкіх установах-кляштарах сталі ўтварацца капэлы – калектывы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. З будаўніцтвам новых каталіцкіх храмаў пачала пашыралася арганная музычная культура.

E XIV-XVI стст. шырокую папулярнасць у народзе атрымаў лялечны тэатр – батлейка. Прадстаўленні даваліся пад час ярмарак, на рынках, запрашалі лялечнікаў і да двароў феадалаў.

2.2 Архітэктура і будаўніцтва

Галоўныя матэрыялы, што выкарыстоўваліся ў будаўніцтве ў тыя часы – дрэва. Гэты матэрыял не спрыяў захаванню пабудоў. Таму мы больш ведаем пра мураваныя збудаванні, якіх будавалі нешмат, але якія лепей захаваліся. У XIV – пачатку XVI стст. асноўны тып манументальных мураваных пабудоў – гэта замак. Менавіта ў XIV ст. з’явіліся цалкам мураваныя замкі-кастэлі, квадратныя ў плане з башняй-данжонам (Крэва, Ліда, Трокі, Меднікі).

У першай палове XVI ст. сфарміраваўся самабытны 4-х вежавы тып праваслаўнага храма з абарончай функцыяй (Мураванкаўская, Сынкавіцкая, Супрасльская цэрквы-крэпасці, Мікалаеўскі сабор у Брэсце). Іх стыль вызначаецца як “беларуская готыка”. Актыўна будаваліся каталіцкія гатычныя храмы – з аднанефавымі, аднаапсіднымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі (касцёлы ў Ішкальдзі, Іўі). З рэфармацыяй з’явіліся новыя культавыя пабудовы – зборы, якія спалучалі гатычныя рысы ў форме пабудовы і рэнесансавы ордэрны дэкор (зборы ў Койданаве, Заслаўі, Замосці, Новым Свержані).

Езуіты прынеслі на Беларусь новы архітэктурны стыль – барока. Першы ўзор архітэктуры барокка на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – гэта Нясвіжскі езуіцкі касцёл, які ў 1587-1593 гг. будаваў выдатны архітэктар Джаванні Бернардоні. Для барока характэрны пабудовы ў форме базілікі з плоскім фасадам. Пабудовы вызначаліся плаўнасцю ліній і багатым знешнім і ўнутраным дэкорам.

Са змяненнем стыляў у будаўніцтве і ўвядзеннем новых прынцыпаў фартыфікацыі прыватныя замкі пачалі трансфармавацца ў палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гродна, Гальшаны). Акрамя іх будаваліся палацы з кампактнай цэнтральна-восевай планіроўкай без унутранага двара (дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак).

З пашырэннем магдэбурскага права ў гарадах узнікла грамадзянская архітэктура – ратушы, дзе месціліся органы самакіравання (Нясвіж, другая палова XVI ст.).

У межах ВкЛ развіваліся ўсе віды выяўленчага мастацтва. На жаль, прыкладаў манументальнага мастацтва (роспісы храмаў) не захавалася, аб высокай ступені яе развіцця гавараць пісьмовыя крыніцы.

Раннія творы іканапісу ў XIV-XV стст. мелі вялікі ўплыў візантыйскіх узораў. Асноўныя прыкметы – дыспрапорцыя, пласкастное выяўленне, адсутнасць перспектывы. У другой палове XVI ст. у іконапісу адчуваюцца рысы Адраджэння – з’яўляюцца элементы бытавога характару, архітэктурныя кулісы, прасторавасць пабудовы. У пачатку XVI ст. складваецца беларуская іканапісная школа. Найболь папулярны сюжэт у іконапісе – выявы Маці Боскай Адзігітрыі (Багародзіцы).