Смекни!
smekni.com

Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў (стр. 3 из 5)

У свецкім жывапісе вылучаецца некалькі накірункаў. Партрэты-іконы характэрны для XIV ст., як прыклад – партрэт-ікона Ефрасінні Полацкай. Выкананы такія партрэты з улікам канонаў іконапісання.

На партрэтах-парсунах ужо больш аб’ёмнае прадстаўленне чалавека, з’яўляюцца элементы перспектывы і рэалізму. Невядомымі мастакамі створаны цікавыя партрэты княгіні Кацярыны Слуцкай (1580 г.), князя Юрыя Алелькавіча, Юрыя Тышкевіча (усе – канец XVI ст.). Перыяду Адраджэння на Беларусі характэрны сармацкі партрэт, з уласцівай яму ўрачыстасцю і параднасцю, увагай да атрыбутаў і гербаў, фактуры прадметаў і дэталяў адзення.

З развіццём кнігадрукавання далейшае развіццё атрымала кніжная графіка. Рукапісныя кнігі аздабляліся мініяцюрамі, друкаваныя – гравюрамі. Заснавальнікам кніжнай гравюры на Беларусі стаў Францыск Скарына. Яго выданні (Біблія, Псалтыр, Малая падарожная кніжыца) былі багата ілюстраваны сюжэтнымі кампазіцыямі і ілюстрацыямі прыкладнога характару, арнаментам.

З пашырэннем на Беларусі каталіцтва звязана паяўленне скульптуры. Самы ранні помнік драўлянай скульптуры, што захаваўся да нашага часу – “Распяцце” з в.Галубічы Глыбоцкага раёна (XIV ст.). У XV-XVI стст. у касцелах з’яўляюцца гатычныя алтары-рэтаблі, з якіх захаваліся толькі асобныя скульптуры. Вялікі ўплыў Рэнесансу наглядаецца ў скульптуры полацкіх майстроў “Святы Гжэгаж” – яе выразнасць набліжаецца да партрэтнай. Наогул, да скульптуры XVI ст. характэрна дасканалая апрацоўка форм чалавечай фігуры, увага да побытавых дэталяў. З’явіўся новы тып скульптуры – надмагіллі (Віленскі кафедральны сабор, надмагіллі канцлера А.Гаштольда і біскупа П.Гальшанскага, абодва – сярэдзіна XVI ст.).

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядучымі галінамі заставалася мастацкая апрацоўка металаў і вытворчасць ювелірных вырабаў. У гатычнай традыцыі зроблены пацір з Ружан (канец XV ст.), абклад Лаўрышаўскага евангелля (пачатак XV ст.). Уплыў Рэнесансу бачны ў паціру з Наваградка (XVI ст.). Мясцовыя майстры арганічна спалучалі традыцыі ранейшых часоў і асаблівасці заходнееўрапейскага мастацтва.

2.3 Царква і рэлігія

Гістарычна склалася, што Беларусь знаходзіцца на памежжы дзвух хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцтва, гэта адбілася на рэлігійнай гісторыі краіны, культуры і менталітэце народа.

На працягу XIXIII стст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была выключна праваслаўнай, дзейнасць біскупа Рэйнберга ў Тураве ў 1015 г. і заснаванне манастыра ордэна дамініканцаў у Любчы (зараз Навагрудскі раён) – хутчэй выключэнне, як і прыняцце каталіцтва Міндоўгам у 1251 г. (у 1261 г. ён адрокся ад хрысціянства). Манаполію праваслаўя парушыў Ягайла, калі здзейсніў унію з Польскім каралеўствам. Пашырэнню каталіцтва спрыяла падзенне Канстантынопаля ў 1453 г. і рост канфрантацыі з Масквой. Вялікае княства ўсё болей арыентавалася на каталіцкі Захад. Тым не менш, на працягу XVI – сярэдзіны XVI стст. праваслаўе заставалася галоўнай рэлігіяй княства, яно задавала тон у жыцці, культуры, ідэалогіі. Адначасова каталіцтва абапіралася на падтрымку кіруючых колаў дзяржавы. Абедзве рэлігіі ўраўнаважвалі адна адну. У княстве працягвалася традыцыя рэлігійнага дуалізму (да хрышчэння ў каталіцтва літоўская і жмудская частка дзяржавы была язычніцкай).

Праваслаўная царква на беларускіх землях была прадстаўленна Полацкай і Тураўскай (з 1241 г. Пінскай) епархіямі, часткова Смаленскай і Ўладзіміра-Брэсцкай епархіямі. Яны ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі і падпарадкоўваліся Канстантынопальскаму патрыярху. Калі мітрапаліты з Кіева выехалі ў Маскву, вялікія князі пачалі дамагацца асобнага мітрапаліта для ВкЛ. У 1316 г. была створана Наваградска-Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку. Яна складалася з Полацкай і Турава-Пінскай епархій. Патрыярхі не жадалі падзелу “рускай” царквы, таму рэдка прызначалі асобных для ВкЛ мітрапалітаў. У 1415 г. Вітаўт без згоды патрыярха загадаў выбраць мітрапаліта – ім быў абраны Грыгоры Цамблак. Галоўныя духоўныя пасады ў праваслаўных часта займалі выхадцы з мяшчанства і дробнай ці сярэдняй шляхты, шмат было выхадцаў з Балгарыі і Візантыі. Гэтыя абставіны мелі вынікам: невялікі ўплыў духавенства на дзяржаўныя справы і значную папулярнасць уніяцкіх настрояў, асабліва сярод святароў-іншаземцаў. Але рашэнні Фларэнтыйскай уніі 1439 г. не падтрымалі праваслаўныя князі і феадалы ВкЛ, таму часова ідэя ўніі ў княстве была адкладзена.

У той час каталіцтва пасля Крэўскай уніі 1385 г. стала дзяржаўнай рэлігіяй ВкЛ, хаця свабода веравызнання была пакінута. У 1387 г. была створана Віленская епархія, што першапачаткова складалася з 7 парафій – ніжэйшых адзінак царквы, прыходаў. Спачатку віленскі біскуп падпарадкоўваўся непасрэдна Папе Рымскаму, але з 1415 г. яго перападпарадкавалі прымасу польскай каталіцкай царквы – архіепіскапу гнезненскаму. Як і з праваслаўем, гэта стварыла падставы для ўмяшання палякаў у дзяржаўныя справы княства. Да канца XV ст. было заснавана яшчэ тры біскупствы – Кіеўскае, Луцкае і Жмудскае. Першымі біскупамі былі палякі, але з XVI ст. гэтыя пасады займалі выключна прадстаўнікі знаці ВкЛ. Яшчэ ў 1387 г. каталіцкая царква атрымала поўны імунітэт у сваіх маёнтках, судовых пытаннях і фінансах. Па-сутнасці, царква была непадкантрольна дзяржаве.

Вялікую дзейнасць па распаўсюджванні каталіцтва праводзілі манастыры – францысканцаў, бернардзінцаў, аўгусцінцаў і інш. Яна прынеслі элементы западнай, пераважна польскай, культуры, спрыялі развіццю асветы.

У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст спецыяльнай пастановай аб’явіў аб роўнасці ў правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты, чым прызнаў роўны статус дзвух рэлігій. Наогул, XVI ст. вызначаецца значнай ступенню верацярпімасці ва ўнутранай палітыке. Гэта стала добрай глебай для распаўсюджання ідэй Рэфармацыі ў княстве.

Рэфармацыя – гэта шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух, узнік у пачатку XVI ст. у Заходняй Еўропе з мэтай паслабіць уладу каталіцкай царквы і асабіста Папы Рымскага. Ініцыятарам яе была буржуазія – новы клас, што ў працэсе нараджэння пачаў барацьбу з найбольш адыёзнымі праявамі феадалізму. Асноўныя патрабаванні – дэцэнтралізаваць, дэмакратызаваць, зрабіць таннай царкву; ліквідаваць манастыры, культ, абраднасць, духавенства як замкнёную касту, секулярызаваць (канфіскаваць на карысць дзяржавы) царкоўную маёмасць – былі распрацаваныя ў працах Марціна Лютэра, Жана Кальвіна, У.Цвінглі.

У ВкЛ ідэі рэфармацыі праніклі да 1540 гг., але рэфармацыйны рух меў тут значныя асаблівасці ў развіцці. Развівалася рэфармацыя на феадальнай аснове, галоўнай двіжучай сілай былі буйныя феадалы і шляхта, галоўны рэлігійны накірунак – кальвінізм. Вучэнне Кальвіна адмаўляла іерархічную пабудову царквы і вярхоўную ўладу папы рымскага, патрабавала спрасціць рэлігійны культ; адзінай крыніцай і аўтарытэтам новай царквы прызнавалася свяшчэннае пісанне; уводзілася богаслужэнне на нацыянальнай мове. Некаторыя рысы рэфармацыі наглядаліся і ў праваслаўнай царкве. Шырокае распаўсюджанне атрымаў ерэтычны рух антытрынітарыяў (арыян). Яны адмаўлялі боскую сутнасць Хрыста, суадносна, Троіца так сама імі адмаўлялася, адзіны Бог часта атаясамліваўся з сусветным розумам і прыродай. Праваслаўныя брацтвы актыўна выступалі за ўстанаўленне кантролю над святарамі. Рэфармацыя на Беларусі мела тры этапы.

Першы этап ахопліваў час з 1553 па 1570 гг., да з’яўлення ў ВкЛ езуітаў. Гэта быў перыяд хуткага росту колькасці пратэстантаў, фарміравалася іх царкоўная арганізацыя. Асноўная маса пратэстантаў – гэта каталіцкая і, галоўным чынам, праваслаўная шляхта. Яны былі не супраць таго, каб падарваць эканамічную моц як праваслаўнай, так і каталіцкай цэркваў. Буйнейшыя феадалы – магнаты – імкнуліся перадухіліць умяшанне Масквы і Кракава ва ўнутраные справы княства праз стварэнне нацыянальнай пратэстанцкай царквы.

Галоўным дзеячам Рэфармацыі ў ВкЛ быў Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер, самы ўплывовы чалавек у дзяржаве. Ён заснаваў самы першы збор у Бярэсці (у пачатку 1550-х гг.) і першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню (кірылічных кніг не друкавала). Пад яго патранатам у 1557 г. адбыўся першы з’езд пратэстантаў у Вільні. Была заснавана Літоўская правінцыя кальвінскай царквы, кіраваў яе справамі правінцыяльны сінод. У 1560-я гг., пад час найвышэйшага ўздыму Рэфармацыі, на Беларусі дзейнічала каля 90 збораў (культавых устаноў), а так сама школы, друкарні, шпіталі. У кальвінізм перайшла большасць магнатаў і шляхты. Так, з 600 шляхецкіх фамілій Наваградскага ваяводства ў праваслаўі засталося толькі 16.

Значна актывізавалася духоўнае жыццё, вырасла роля асветы, кнігадрукавання, шырока сталі вядомы рэнесансныя ідэі, наладжваліся міжнародныя кантакты.

У другі перыяд – з 1570 па 1596 гг. (да Берасцейскай царкоўнай уніі) пачалі ўзмацняцца пазіцыі каталіцкай царквы, узмацнілася кантррэфармацыя. Пачала звужацца сацыяльная база Рэфармацыі – шляхта і магнаты, што дасягнулі сваіх мэт, пакідалі рады кальвіністаў. Пасля Люблінскай уніі выгадней было перайсці ў каталіцтва, бо каралі Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза шмат клапаціліся пра каталіцтва, нават атрымалі за гэта прозвішчы “каталіцкіх каралёй”. У 1570 г. віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч запрасіў у Вільню езуітаў, якія пачалі праводзіць актыўную палітыку контррэфармацыі. Тым не менш, у 1573 г. на Варшаўскім сейме быў абвешчаны “рэлігійны мір”, палажэнні аб ім былі ўключаны ў Статут ВкЛ 1588 г.

На працягу трэцяга этапа Рэфармацыі – з 1596 г. па сярэдзіну XVII ст. яшчэ больш яскрава праявіліся тэндэнцыі, што пачаліся ў папярэднім перыяду. Магнаты і асноўная частка шляхты пакінулі кальвінскую царкву, але яе структура засталася, роля яе была мізернай. Шляхта і магнаты, што пакідалі Рэфармацыю, не варочаліся назад, у праваслаўе, а пераходзілі ў каталіцтва – гэта давала значныя палітычныя і эканамічныя перавагі. Пачалося праследванне радыкальных рэлігійных рухаў – арыянства ці антытрынітарыяў.