Смекни!
smekni.com

Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў (стр. 1 из 5)

Культура Беларусі ў ІХ – першай палове XVII стагоддзяў


ЗМЕСТ

1. Культура Беларусі X – XIII стст.

2. Культура Беларусі XIV – XVI стст. Царква і рэлігія

2.1 Культура Беларусі

2.2 Архітэктура і будаўніцтва

2.3 Царква і рэлігія

2.4 Берасцейская царкоўная ўнія

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Культура Беларусі X – XIII стст.

З прыняццем хрысціянства і развіццём феадальных адносін культура падзяляецца па саслоўным прынцыпе на два накірункі – традыцыйную (ці народную) культуру і культуру пануючага класа. Культура пануючага класа была амаль аднолькавай на ўсёй тэрыторыі Кіеўскай Русі, бо яе фундамент – візантыйскае праваслаўе, агульная пісьменнасць, заснаваная на старажытнарускай мове, агульныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы. Традыцыйная культура ў кожнай мясцовасці мела свае асаблівасці, значныя адрозненні, характэрныя для плямёнаў, ад якіх пайшло мясцовае насельніцтва.

Вусная народная творчасць – самая развітая галіна традыцыйнай культуры. Бытавалі каляндарна-абрадавыя песенныя цыклы (прысвечаныя язычніцкім святам і сельскагаспадарчым работам – Масленіцы, Русальнаму тыдню, Купаллю, Дажынкам), сямейна-абрадавыя песні (цыклы для вяселля, пахаванняў). Шырока распаўсюдзіліся казкі-быліны, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, замовы. Сярод былін выдзелім “Вальга Святаславіч і Мікула Селянінавіч”, “Дабрыня-сват” (пра сватаўство да Рагнеды Ўладзіміра). Але быліна распавядала пра станаўленне феадальных адносін, а таму характэрна была і для культуры пануючага класа.

Пачынаючы з IX ст., на ўсходнеславянскіх землях шырока распаўсюджваецца пісьменнасць на базе кірылічнага алфавіта (выцесніла рунічную пісьменнасць). Кірыліца была складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, але распаўсюдзілася амаль сярод усіх славянскіх народаў. Спрыяла гэтаму прыняцце славянамі хрысціянства і пераклад святых тэкстаў на славянскія мовы. На Беларусі засталося няшмат помнікаў пісьменнасці, большасць з іх – унікальныя рэчы.

Першы датаваны надпіс ва Ўсходняй Еўропе – пячатка князя Ізяслава (княжыў да 1001 г.) з імем князя на грэчаскі лад – “Ізяславос”. Выдатным помнікам пісьменнасці з’яўляюцца “Барысавы камяні”, якія размяшчаліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. Па загадзе сына Усяслава Чарадзея, князя Барыса (Рагвалода) на вялікіх камянях – язычніцкіх сімвалах былі нанесены надпісы “Господі помозі”, “Сулібор хрест” і выбіты шасціканцовыя крыжы (1120-я гг.). Берасцяныя граматы XI-XV стст. знойдзены на Беларусі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны выкананы на берасцяной кары – бяросце. У Бярэсці археолагі знайшлі драўляны грэбень з паслядоўна размешчанымі літарамі кірыліцы – “букваром”, адносіцца ён да XIII ст.

Найбольш каштоўныя помнікі пісьменнасці – гэта рукапісныя кнігі. З XI-XIII стст. захавалася няшмат кніг. Яны былі вельмі рэдкія і ў тыя старажытныя часы. Вырабляліся з пергаменту – спецыяльна апрацаванай скуры маладых жывёл. На адну кнігу трэба было выгадаваць невялікі статак цялят. Да таго ж кнігі перапісвалі ўручную, гэта быў вельмі марудны працэс.

Самая ранняя рукапісная кніга на Беларусі – гэта Тураўскае евангелле XI ст. Яшчэ вядомы Полацкія евангеллі XII-XIV стст., Аршанскае евангелле XIII ст. Акрамя царкоўнай літаратуры распаўсюдзілася свецкая літаратура. Перш за ўсе – гэта летапісы. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу (ім карыстаўся В.М.Тацішчаў), які не захаваўся. Агульным летапісам Кіеўскай Русі з’яўляецца “Аповесць мінулых гадоў”, што была напісана манахам Нестарам у Кіеве ў пачатку XII ст. “Слова аб палку Ігаравым” змяшчае цікавую інфармацыю пра полацкіх князёў (Усяслаў Чарадзей). Аўтар спрыяльна ставіўся да полацкіх князёў, а ў тэксце сустракаюцца словы, характэрныя да заходніх зямель Кіеўскай Русі. Гэта дало падставу некаторым даследчыкам сцвярджаць, што аўтарам з’яўляецца жыхар ці выхадзец са старажытнабеларускіх зямель. Час стварэння “Слова…” – 1185-1187 гг.

З распаўсюджаннем хрысціянства і з’яўленнем сваіх славянскіх святых з канца XII ст. пашыраецца мясцовая агіяграфічная літаратура – “жыціі” і “хаджэнні” святых. Вядомы “Жыціе і хаджэнне Еўфрасінні Полацкай” (да 1187 г.), “Жыціе Кірылы Тураўскага”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” (напісана яго вучнем Яфрэмам каля 1240 г.), “Хаджэнне Ігнація Смаляніна”.

Вялікую спадчыну пакінуў Кірыла Тураўскі (жыў каля 1130-1182 гг.). Вядомы яго 8 “слоў”-пропаведзяў, 2 каноны, некалькі аповесцяў, каля 30 малітваў-споведзяў. Асноўная тэма, якая турбавала “Златавуста” – духоўная дасканаласць чалавека.

Клімент Смаляціч (?-1164 гг.) – адзін з першых славян, які займаў пасаду кіеўскага мітрапаліта. Знакаміты як вялікі кніжнік, але захаваўся толькі адзін яго твор – “Пасланне Фаме прасвітэру”, у якім ён адстойвае самастойнасць мясцовай хрысціянскай царквы перад канстантынопальскім патрыярхам Фамой.

Вялікае месца ў гісторыі культуры Беларусі займае Еўфрасіння Полацкая (1110-1173 гг.), дачка малодшага сына Ўсяслава Чарадзея. Яна перапісвала і перакладала кнігі, засноўвала манастыры (Спаскі жаночы і прсв. Багародзіцы мужчынскі) і школы для дзяцей пры іх, была фундатарам цэркваў і выдатных помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па загадзе Еўфрасінні полацкі дойлід Іаан пабудаваў Спаскую царкву (каля 1132-1159 гг.), а распісаў царкву фрэскамі мастак Кузьма з памочнікамі (згодна з надпісам на сцяне храма). Па заказе Еўфрасінні полацкі майстар-залатар Лазар Богша ў 1161 г. выканаў шасціканцовы крыж – святыню Беларусі. На драўлянай аснове мацаваліся 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, каштоўнымі камянямі. Бакі крыжа абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі, на якіх нанесены надпіс – гісторыя стварэння крыжа, імя майстра, праклён магчымым злодзеям. Такім чынам, крыж – помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, помнік пісьменнасці, хрысціянскі помнік старажытнай Беларусі.

Аб высокім узроўні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў старажытных беларускіх княствах гавораць знаходкі прадметаў рамесніцкай вытворчасці – разных з косці і дрэва гронкаў нажоў, грабянёў, лыжак, шахматных фігурак (знойдзены ў Ваўкавыску, Лукомлі, Гародні). Майстры-залатары авалодалі складанай тэхнікай філіграні, гравіроўкі, залачэння, чэрні, зярнення.

Важнае месца ў шматграннай культуры старажытнай Беларусі займае архітэктура. Беларускі даследчык культуры М.М.Шчакаціхін яшчэ ў 20-я гг. XX ст. выдзяліў дзве архітэктурныя школы культавага будаўніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што адрозніваліся па віду кладкі плінфы, дэкору, памерам і планіроўке пабудоў.

Полацкая будаўнічая школа атрымала вялікі ўплыў візантыйска-малаазіацкага будаўніцтва. Выкарыстоўвалася муроўка з пахаваным радам цэглы (адзін рад цэглы ўтапліваўся глыбей і затынкоўваўся, вонкавая тынкоўка адсутнічала), інтэр’ер (унутраная прастора) аздаблялася фрэскамі – рознакаляровымі роспісамі па сырой тынкоўцы. Выдатнымі помнікамі полацкай будаўнічай школы з’яўляецца Сафійскі сабор (1050-я гг.), Спаская (Спаса-Еўфрасіньеўская) царква (1132-1159 гг.), храмы ў Бельчыцах (XII ст.), Дабравешчанская царква ў Віцебску – ці Царква Звеставання (1-ая палова – сярэдзіна XII ст.) а так сама храмы ў Мінску, Ноўгарадзе, Смаленску.

Гарадзенская архітэктурная школа прадстаўлена помнікамі – Барысаглебскай царквой на Каложы (Каложская царква) ў Гродне, пабудаванай ў апошнюю чвэрць XII ст.; незавершанай царквой у Ваўкавыску XII ст.; гродзенскай Прачысценскай царквой XII ст.; гродзенскай Ніжняй царквой пабудовы XII ст. (загінула пад час пажару 1183 г.), а таксама храмамі ў Тураве, Новаградку, Мінску і інш. Асаблівасці тэхнікі гродзенскай школы – выкарыстанне ў муроўцы плінфы (тонкай цэглы) разам з абцёсаным камнем і дэкаратыўнай маёлікавай пліткі, а таксама галаснікоў – керамічных гаршкоў, умараваных у сцены для паляпшэння акустыкі. Для аздаблення выкарыстоўваліся фрэскі і мазаіка. Гэта гаворыць аб уплыве візантыйскай, балканскай і каўказкай традыцый будаўніцтва.

Выдатным прыкладам ваеннага дойлідства на Беларусі з’яўляецца Камянецкая ці Белая вежа, пабудаваная ў Камянцы сучаснай Брэсцкай вобласці дойлідам Алексай у XIII ст. Рэшткі падобных вежаў знойдзены ў Полацку, Гародні.

Музычная культура мела некалькі накірункаў. Адным з замоўцаў выступаў княжаскі двор, дзе патрабаваліся выканаўцы цэрыманіяльнай і ваеннай музыкі. У межах хрысціянскай праваслаўнай царквы музычныя інструменты не выкарыстоўваліся, але склаўся знакаміты знаменны распеў. Наогул, царква выступала супраць народнай музычнай культуры, прадстаўленай скамарохамі, спевакамі з гуслямі, жалейкамі, бубнамі. Апошніх вельмі шанаваў просты люд і часта прымалі пры дварах феадалаў.


2. Культура Беларусі XIV – XVI стст. Царква і рэлігія

2.1 Культура Беларусі

Беларускія землі мелі параўнальна высокі ўзровень эканамічнага развіцця, таму больш важную ролю ў княстве адыгрывала беларуская мова і культура. Беларуская мова выкарыстоўвалася як дзяржаўная, а так сама ў дамашнім абіходзе вялікіх князёў і феадальнай знаці. У выніку развіцця феадальнага грамадства ў межах этнічнай тэрыторыі Беларусі ў XIII-XVI стст. утварылася беларуская народнасць.

XV – першая палова XVII стст. – перыяд развіця культуры , які атрымаў у Еўропе назву Адраджэнне. Ён характарызаваўся ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў, літаратур і нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам. Дзякуючы трывалым сувязям з Еўропай, беларуская культура так сама пазнала ўплыў ідэй Адраджэння, але тут меліся свае асаблівасці. Вялікае княства знаходзілася на перыферыі еўрапейскага культурнага жыцця, тут не паспелі сфарміравацца элементы раннебуржуазнага грамадства, толькі зараджалася свецкая літаратура, філасофская і грамадская думка працягвала арыентавацца на Біблію, не было выдатных дасягненняў у свецкіх відах мастацтва – жывапісу, скульптуры, музыкі. Тым не менш, рысы Рэнесанса назіраліся ў архітэктуры, графіке, асвеце і свецкіх відах мастацтва. Можна гаварыць аб шматграннасці і варыянтнасці рэнесанснай культуры на Беларусі.