Смекни!
smekni.com

Драматургія Івана Мележа (стр. 3 из 5)

«Імкнуцца пісаць лаканічна. Ёсць пагроза – расцягнуць кнігу. Раман не павінен быць доўгім.

Раман павінен быць дынамічным. Дзеянне, дзеянне, дзеянне, змены, змены. Усё ламаецца. Паварот за паваротам.

Менш расказваць (чым у «Подыху»). Больш – паказ, дыялогі Сюжэт, інтрыга! Не пагарджаць. Павінна добра чытацца!

Драматызаваць падзеі і як мага. Напружанне трэба!!!

Драматычны час. Поўнае драм жыццё!

Выполваць лішняе бязлітасна! Ніводнага лішняга сказа, слова. Гнаць паўторы!!» [14, с. 65] (Усюды падкрэслена I. Мележам).

Відавочна, што менавіта праз драму прыйшоў пісьменнік да гэтага плана-праграмы, што менавіта вопыт драматурга прыдаўся яму, калі ўзнікла перад ім патрэба ў большай «інтэнсіўнасці» празаічнага пісьма. Дарэчы, у іншым месцы I. Мележ непасрэдна ўказвае на гэта. У артыкуле «Знайсці сябе» ён прызнаецца: «Я свядома браў на ўзбраенне каштоўны вопыт, набыты ў апавяданні «У завіруху», у аповесці «Гарачы жнівень», у лепшых раздзелах рамана; у п'есах, вопыт работы над якімі вельмі дапамог прозе» [9, с. 404].

Аб характары стаўлення, аўтарскай ацэнцы ўласнай драматургічнай творчасці добра сведчаць два наступных выказванні I. Мележа:

«З усяго, што выдадзена за мінулыя гады, больш прыкметнымі здаюцца мне апавяданні «Ў завіруху», «Спатканне за горадам», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек», тры невялікія аповесці – «Гарачы жнівень», «Зямля, якую любіш», «Дом пад сонцам», раман «Мінскі напрамак», п'есы «Пакуль вы маладыя», «Дні нараджэння» [10, с. 160].

«Пасля «Мінскага напрамку» я напісаў некалькі невялікіх твораў, у тым ліку дзве п'есы і дзве аповесці. Усё гэта было як бы літаратурнай падрыхтоўкай да работы над раманамі з «Палескай хронікі» [11, с. 563].

Першае выказванне адносіцца да 1961 года, калі пачатковая кніга хронікі – раман «Людзі на балоце» – толькі-толькі набліжаўся да завяршэння, і пісьменнік яшчэ не быў перакананы, упэўнены ў поспеху. Таму на «ацэначнай шкале» вартасць драматычных твораў займае дастаткова высокую адмеціну. Другое ж – да 1973 года. Да гэтага часу шырока разнеслася слава I. Мележа, аўтара двух выдатных раманаў – «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», якая адчувальна прыцьміла вартасці ранейшых твораў пісьменніка. Цяпер ужо ён глядзеў на многае са зробленага раней, у тым ліку і на п'есы, як на «літаратурную падрыхтоўку».

І. Мележ адносіўся да тых мастакоў, для якіх у літаратуры дробязей не існавала, якія патрабавальна, з поўнай адказнасцю ставіліся літаральна да кожнага свайго слова. Здзіўляе і захапляе нейкая «бацькоўская» заклапочанасць I. Мележа лёсам уласных твораў: выпусціўшы ў свет, ён клапатліва і няспынна «даглядаў» кожнага з іх, па некалькі разоў перарабляючы, дапрацоўваючы, паляпшаючы…

Прыведзеныя ў канцы другога тома І. Мележа «Збор твораў у дзесяці тамах» «Варыянты і розначытанні» дазваляюць скласці ўяўленне аб характары перапрацовак, якія рабіў пісьменнік з мэтай удасканалення сваіх твораў. Найбольш агульнае ў гэтай рабоце – імкненне да сцісласці, лаканізму. I. Мележ неаднойчы падкрэсліваў, што пры стварэнні кожнай лі-таратурнай рэчы для яго найпершы клопат – уменне пісаць коратка, таму асабліва частай формай удасканалення пэўнага твора выступала скарачэнне. Іншы раз – дастаткова значнае. Разам з тым пісьменнік дужа клапаціўся пра дакладнасць усякага роду вызначэнняў, характарыстык, і лексічныя праўкі таксама займаюць прыкметнае месца.

Заўважаецца, што характар дапрацовак заўсёды вызначаўся пэўнай мэтавай накіраванасцю. Так, напрыклад, аднаактоўка «Хто прыйшоў уночы», мастацкая слабасць якой добра ўсведамлялася пісьменнікам, падпала ў асноўным пад агульналітаратурную апрацоўку.

Дзве ж наступныя п'есы «Пакуль маладыя» і «Дні нараджэння», якія ўбачылі святло рампы, перапрацоўваліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны.

Драма «Пакуль маладыя» ўпершыню была пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы ў 1957 годзе. Пастаноўку ажыццявіла рэжысёр Л. Мазалеўская, галоўныя ролі выконвалі: Грачоў – Б. Платонаў і С. Бірыла, Андрэй – Б. Уладамірскі, Ігар – Ю. Шумакоў, Галя – М. Захарэзіч, Ала – Т. Аляксеева і інш. Крытыка дастаткова цёпла сустрэла спектакль.

2.2 Драмы І. Мележа

Першы драматургічны твор І. Мележа – п’еса «Хто прыйшоў у ночы» – з’явіўся у пасляваенныя гады, калі пісьменнік – франтавік яшчэ жыў вайной.

Твор прысвечаны гераічнай партызанскай барацьбе з нямецка – фашысцкімі захопнікамі.

Барацьба з ворагам, пераважна партызанская, знайшла адлюстраванне і ў многіх іншых аднаактоўках таго часу, але ўсе яны вызначаюцца жыццёвай непераканальнасцю і мастацкім прымітывізмам. Фашысты ў большасці з іх нягеглыя і дурныя, з імі лёгка спраўляюцца не толькі дарослыя мужчыны, але і жанчыны, а таксама старыя з дзецьмі. Дарэчы, на дадзеныя хібы пасляваенных драм аб пасляваеннай барацьбе ў тыле ворага досыць слушна і справядліва ўказвала тагачасная крытыка. Па сэнсе верагоднасці ўзноўленага ў творы, яго жыццёвай пераканальнасці, а часткова і ў мастацкім плане, узвышаецца над усімі астатнімі п’еса І. Мележа «Хто прыйшоў у ночы». На ёй таксама ляжыць пэўны адбітак надуманасці і авантурнасці (двое партызан, адзін з якіх выдатна ведае нямецкую мову, бо працаваў да вайны настаўнікам, пераапранаюцца ў форму фашысцкіх вайсковых афіцэраў і наносяць «візіт» валасному начальніку паліцыі Стрыбульскаму, каб пакараць здрадніка-звера і вызваліць трапіўшую ў палон разведчыцу атрада), аднак паводзіны персанажаў, у тым ліку і Стрыбульскага – ката лютага, хітрага і асцярожнага, даволі рэалістычныя. У творы няма «шапказакідальніцтва», партызаны ведаюць сапраўдную сілу ворага, ім псіхалагічна складана ў такой няпростай сітуацыі, нават пры падтрымцы цэлага атрада, што знаходзіцца побач у засадзе. Менавіта на гэта ў першую чаргу звяртае ўвагу І. Мележ у сваёй п’есе. Аднак без уліку такіх твораў немагчыма аб’ектыўна ацаніць айчынную драматургію таго часу.

Сваё эстэтычнае крэда І. Мележ імкнуўся рэалізаваць на практыцы. Ні характарамі, ні сваёй праблематыкай драма «Пакуль маладыя» не магла пахваліцца значнай арыгінальнасцю. Драматычныя «апавяданні» пра пошукі месца ў жыцці, пра вызначэнне маладымі людзьмі ўласнага прызвання ў сярэдзіне 50-х гадоў былі вельмі пашыранымі. I хаця пісьменніку не ўдалося ўзняцца над агульным узроўнем, аднак п'еса сустрэла прыхільны прыём з бо-ку тэатральнай грамадскасці. Рэжысёраў прыцягвала непадробнае аўтарскае хваляванне, шчырая яго вера ў выхаваўчыя магчымасці мастацтва. Канфлікт паміж Ігарам Вазоўскім і Андрэем Дубковым узнікае не з-за таго, што першы з іх адмовіўся драцаваць па заканчэнню інстытута ў глыбінцы, прамяняўшы творчую работу на партфель чыноўніка. Шляхі былых сяброў разышліся па прычыне аб'ектыўнай несумяшчальнасці іх характараў. Вельмі здольны, багата адораны прыродай і розумам, і знешнасцю, Ігар Вазоўскі аказаўся чалавекам пустым, няплённым, бо імкнуўся жыць дзеля вузка асабістых інтарэсаў. Менавіта з-за гэтага ён без жалю топча ўзаемнае каханне да аднакурсніцы Галі Жураўкі, звязвае свой лёс з дачкой прафесара Грачова і г. д. Дзеля задавальнення сваіх эгацэнтрычных амбіцый герой адмаўляецца ад усяго, аб чым марыў разам з Андрэем.

У жыцці такія «дзелавыя» людзі, магчыма, і няблага ўладкоўваюцца. Выкрыць, развянчаць іх пазіцыі надта не проста. А ў творы Ігара напаткала поўнае фіяска. Аўтар карае яго нялюбай мяшчаністай жонкай, абрыдзеўшай працай, адрачэннем былых сяброў – са шкадаваннем, прыкрасцю, пагардай… Робіцца ўсё гэта неяк аблегчана, улабавую. Таму канфлікт траціць належную глыбіню. Дыдактызмам павявае ад трыумфу «сераднячка» Андрэя Дубкова, які ў далёкім Крутым Яры стварае выдатны станок, тэхнічныя параметры якога намнога пераўзышлі ранейшыя станкі, у тым ліку і апошняе «дзецішча» самога Грачова. Масціты вучоны, на здзіўленне ўсім, лёгка, з незразумелым энтузіязмам прызнае сваё паражэнне, бласлаўляе Андрэя і Галю, якая к гэтаму часу пакахала Дубкова, на будучыя адкрыцці: «Не спыняйцеся! Не растрачвайце сябе ўпустую!. Працуйце дзень за днём! Пакуль маладыя!» [8, с. 178].

Словы старога прафесара станавіліся лейтматывам кожнай пастаноўкі п'есы, вызначаючы не толькі яе сцэнічную таналькасць, але і выхаваўчую скіраванасць. Думаецца, вось гэтая выхаваўчая «фактура» ў асноўным растлумачвае прыхільнасць да п'есы тэатральнай грамадскасці напачатку і дастаткова хуткае забыццё – потым. Справа ў тым, што сваёй звышзадачы тэатры не дасягалі, здавальняючыся павярхоўным, дыдактычна-закліковым пафасам.

Па часе напісапня «Пакуль маладыя» і «Дні нараджэння» раздзяляе менш пяці год. А вось па майстэрству драматургічнага пісьма – дыстанцыя значная, лёгка адчувальная.

«Дні нараджэння» – паводле жанру – гісторыка-рэвалюцыйная драма, час дзеяння – кастрычнік і лістапад 1917 года ў Мінску. Драматург паказвае размежаванне класавых сіл напярэдадні рэвалюцыі, нарастанне рэвалюцыйнай актыўнасці працоўных мас Беларусі і салдат Заходняга фронта, ролю бальшавікоў у перамозе рэвалюцыі.

Ужо ў самых першых водгуках на спектаклі (гісторыка-рэвалюцыйная драма «Дні нараджэння» была пастаўлена спачатку Магілёўскім абласным драмтэатрам (1958), праз год – тэатрам імя Янкі Купалы; апрача таго, спектакль па гэтай п'есе паказваўся са сцэны Крамлёўскага тэатра і па Усесаюзным тэлебачанні) крытыкі адзначалі, што рэвалюцыйныя падзеі адлюстраваны пісьменнікам «добрасумленна і дабраякасна», з гістарычнай дакладнасцю. У спектаклі купалаўцаў гледачу імпанавала рамантычная ўзнёсласць паказу дзён нашага нараджэння. Адчувалася, што акцёрам ёсць што іграць, бо пісьменнік вялікую ўвагу ўдзяліў псіхалагічнай распрацоўцы характараў герояў. Паглыбленне ў псіхалогію персанажаў дазволіла драматургу з большай паўнатой данесці менавіта чалавечы, гуманістычны змест рэвалюцыйных здзяйсненняў, якія выяўляюць сваю драматычную сутнасць знутры, праз душы і сэрцы непа-срэдных удзельнікаў Кастрычніка.