Ацэньваючы сваю спадчыну Іван Мележ адзначаў: «З усяго, што напісана, мне найбольш дарагія рэчы, з героямі якіх я жыў, у падзеях якіх я сам удзельнічаў».
Іван Мележ атрымаў шырокую вядомасць як адзін з самых выдатных пісьменнікаў, тонкі знаўца чалавечай душы, мастак-аналітык пераважна эпічнага складу, у творах якога жыве, пераліваецца ўсімі фарбамі народнага беларускага нацыянальнага жыцця на дзіва самабытны, непаўторны свет з багатай агульначалавечай непаўторнасцю. Звыш трыццаці гадоў працаваў Іван Мележ у літаратуры. Творчую спадчыну пісьменніка складаюць навелы, апавяданні, крытычныя артыкулы, дзённікі, п'есы, раманы. Вяршыняй яго творчасці з'яўляецца «Палеская хроніка», якая была і застаецца адным з вызначальных твораў беларускай літаратуры, разам з якім Іван Мележ «пераступіў у новае стагоддзе».
Першае апавяданне Іван Мележ напісаў левай рукой у шпіталі, у Тбілісі. Яно мае назву «Сустрэча» і публікавалася з паметай «Каўказ, шпіталь, 1942 год». Але гэта не быў пачатак літаратурнай працы. Яшчэ да вайны, у лютым 1939 года, газета «Чырвоная змена» надрукавала яго верш «Радзіме». У час працы ў Хойніках вершы Івана Мележа зрэдку змяшчаліся і ў некаторых мінскіх выданнях, таксама ў мазырскай абласной газеце «Бальшавік Палесся». Больш сур'ёзная проза прыйшла ў сорак першым, у выглядзе дзённікаў ваеннай пары, якія ахопліваюць перыяд з 22 чэрвеня па 1 студзеня 1943 года. Значная іх частка стваралася ў выключна складаных франтавых абставінах. Запісы рабіліся ў перапынках паміж баямі, на прывалах. Гэтыя дзеннікі на самой справе ўяўляюць сабой добрую, сумленную і мужную дакументальную прозу. Зразумела, для літаратурнай грамадскасці ваенных і першых пасляваенных гадоў, для шырокага кола чытачоў Мележ як празаік пачынаўся не з яго франтавых дзённікаў, пра існаванне якіх тады амаль ніхто не ведаў, а з апавяданняў.
Раннія мележаўскія апавяданні, датаваныя 1942–1945 гадамі, сталі прыкметным укладам у літаратуру ваеннай пары. Лепшыя з іх («У завіруху», «Канец размовы», «Ноччу», «Такі кароткі водпуск» і інш.) паказалі Івана Мележа як удумлівага пісьменніка-псіхолага, які яшчэ тады здолеў належна ацаніць сціплы, знешне някідкі, але надзвычай важны сваёй масавасцю штодзённы гераізм звычайных людзей.
Пачатак шматлікім выданням мележаўскіх твораў паклала невялікая кніга з простай і па-свойму шматзначнай назвай «У завіруху». Гэты зборнік выразна засведчыў таленавітасць аўтара і быў прыняты прыхільна. Праз два гады пасля першай пабачыла свет другая мележаўская кніга «Гарачы жнівень» (1948). Выдаўшы зборнік «Гарачы жнівень», Мележ на досыць працяглы час адышоў ад апавяданняў і аддаўся працы над раманам «Мінскі напрамак». Ён з'явіўся ў друку ў 1952 годзе, ухвальна сустрэты і крытыкамі і чытачамі. Асобнае месца ў творчай біяграфіі Івана Мележа займаў і нарыс. Ён вабіў пісьменніка аператыўнасцю. Тым, што дазваляў у неабходных выпадках хутка і непасрэдна адгукацца на тыя ці іншыя жыццёвыя падзеі.
Свае сілы Мележ спрабаваў таксама і ў драматургіі: яго пяру належыць аднаактовая драма «Хто прыйшоў у ночы» (1945), прысвечаная ваеннай тэматыцы, п’еса пра моладзь «Пакуль маладыя» (1956, першапачатковая аўтарская назва «Пакуль вы маладыя»), сямейна – бытавая драма «У новым доме» (1957–1960) і гісторыка-рэвалюцыйная драма «Дні нараджэння» (1958).
Даследаванні драматычнай творчасці І. Мележа нешматлікія. Імі займаліся наступныя літаратуразнаўцы: Дз. Бугаёў, У. Гніламёдаў, Ф. Куляшоў, С. Лаўшук, П. Васючэнка.
Цікавасць да драматургіі І. Мележа абумоўлена слабой распрацаванасцю тэмы.
Мэта курсавой работы – вызначыць асаблівасці драматургічных твораў І. Мележа, іх месца ў творчай спадчыне пісьменніка, а таксама ў гісторыі беларускай драматургіі і літаратуры наогул.
Для дасягнення пастаўленай мэты ставіліся і вырашаліся наступныя задачы:
- вызначыць спецыфіку развіцця беларускай драматургіі;
- прасачыць творчы шлях І. Мележа ў беларускай літаратуры;
- прааналізаваць п’есы І. Мележа.
драматургічный мележ пісьменнік літаратура
Калі была створана першая п’еса, калі быў пастаўлены першы спектакль, хто выканаўца першай ролі?.
Вытокі гісторыі тэатра і драматургіі хаваюцца ў прыцемках першабытнага часу, у даўніне.
Мастацтвазнаўцы і антраполагі звязваюць тэатр з магічным абрадам. Першабытны чалавек пачуваўся безабаронным перад загадкавымі сіламі прыроды, яе стыхіямі. Людзі спрабавалі ўздзейнічаць на прыроду шляхам пераймання тых працэсаў і рухаў, якія назіралі ў навакольным свеце. Шаманы і чарадзеі вынаходзілі сістэму жэстаў і маніпуляцый, з дапамогай якіх спадзяваліся ў сушу выклікаць дождж, узімку павярнуць сонца на лета, дамагчыся ўдачы на паляванні і паспрыяць урадлівасці палеткаў. «Гледачы» перашабытнага прадстаўлення былі адначасова яго ж удзельнікамі.
Спакваля магічны бок паказу губляў сваё значэнне, тэатральны ж – узмацняўся. У першабытным «спектаклі», як сведчаць этнографы, прысутнічалі элементы не толькі тэатра, але і іншых відаў мастацтва: дыялог, дзеянне, маскі, музыка, танец, пантаміма. Знітаванасць гэтых элементаў вызначае сінкрэтызм першабытнага мастацтва.
Тэатр захаваў некаторыя свае рысы ад нараджэння да нашага часу. Нямецкі этнограф, даследчык старажытнасці Юліус Ліпс сцвярджаў: «Нягледзячы на тысячагадовую гісторыю развіцця тэатра, нягледзячы на вытанчаныя сцэнічныя трукі нашых сучасных прадстаўленняў, нягледзячы на нашы пастаноўкі, што налічваюць дзясяткі нябачных памочнікаў з закуліснага свету, асновы тэатральных паказаў, сродкі выражэння і драматычнае дзеянне само па сабе амаль не памяняліся. Усе найважнейшыя элементы сучаснай сцэны ўжо можна сустрэць, няхай і ў іх пачатковым стане, у тэатры першабытных народаў» [7, с. 280].
Нараджэнне трагедыі, а разам з ёй – і драматургіі мастацтвазнаўцы звязваюць з антычнасцю, са старажытнагрэчаскай цывілізацыяй. Антычны тэатр пачынаўся з дыянісійскіх шэсцяў, удзельнікі якіх услаўлялі Дыяніса, бога вінаграду, віна, весялосці і ўрадлівасці. Пры гэтым разыгрывалася містэрыя смерці бога і яго цудоўнага ажывання.
З цягам часу жыццё Дыяніса пачалі атаясамліваць з чалавечымі пакутамі і шчасцем. Дзеянне дыянісійскай трагедыі ўзбагачалася новымі міфалагічнымі, гістарычнымі і жыццёвымі сюжэтамі.
Тэатр набываў прафесіянальныя рысы. З маналітнага хору вылучыліся акцёры – выканаўцы роляў. Раней аўтар п’есы быў і яе пастаноўшчыкам, і акцёрам. Але ў часы росквіту афінскай дэмакратыі (5 стагоддзе да н.э.) ужо тварылі прафесіянальныя драматургі, сярод якіх былі славутыя Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід, Арыстафан.
Выявіліся магчымасці драматургіі, у якой вырашаліся складаныя праблемы быцця. Ужо ў антычнасці глыбока даследавалася пытанне «чалавек і лёс». Напрыклад, трагедыя «Цар Эдып» Сафокла – твор надзвычайнай філасофскай глыбіні. Будучаму фіванскаму цару Эдыпу аракул прадказаў найцяжэйшы лёс: ён заб’е свайго бацьку і ажэніцца з маці. Уся маладосць Эдыпа праходзіць у марных намаганнях пераадолець лёс, падрыхтаваны яму багамі Алімпа. Веліч да гэтага трагічнага героя прыходзіць тады, калі ён спрабуе кінуць выклік лёсу, пайсці насустрач яму і паспрабаваць выкупіць сваімі пакутамі грахі продкаў. Адваротны бок праблемы – пытанні пра справядлівасць, пра шляхі і меру пакарання чалавека за яго грахі і памылкі.
З антычнасці да нашых дзён драматургамі ставіліся ўніверсальныя праблемы. Напрыклад, тэма чалавечага выбару ў безвыходных умовах была асноўнай для пісьменнікаў і філосафаў Альбэра Камю, Жана Поля Сартра. Немалы ўклад у распрацоўку гэтай тэмы ўнёс і беларускі празаік Васіль Быкаў.
Прыроджанае адчуванне камічнага, віртуознае валоданне тэхнікай буфанады і іншымі сродкамі (эфектамі) смехатворчасці, якімі валодаў Арыстафан, паспрыялі папуляпнасці яго твораў і ў 20 стагоддзі.
Антычны тэатр і драматургія далі вяршынныя, дасканалыя ўзоры гэтых узаемазвязаных паміж сабою відаў творчасці. Антычнасць стварыла ўсе перадумовы для росквіту тэатральнага мастацтва. «У гісторыі культуры Еўропы можна вылучыць цэлыя эпохі, нават стагоддзі, калі драматургія панавала над іншымі жанрамі мастацтва і літаратуры, а яе творы вызначалі духоўную атмасферучасу» [2, с. 5].
Думаю, што адметнасць драматургіі абумоўлена натуральнымі, набліжанымі да чалавечага жыцця законамі яе існавання. Ля вытокаў п’есы стаяў чалавек: аўтар, драматург.
Пераўтварэнне тэкста ў спектакль дасягаецца творчымі высілкамі рэжысёра, акцёраў ды іншых творцаў. Элементы тэатральнага дзеяння – дыялог, жэст, міміка, мізансцэна – таксама імітуюць рэальнае чалавечае жыццё.
Феномен драматургіі – стварэнне тэатральнай ілюзіі, падчас такой выразнай і пераканаўчай, што яна можа падацца больш рэальнай, чым само жыццё.
Стварэнне п’есы – гэта майстэрства, для авалодання якім патрэбны не толькі значны жыццёвы досвед, але і адчуванне сцэны, асаблівасцей тэатральнага дзеяння.
Драматургія як жанр літаратуры самакаштоўная. Яна здатная да паўнавартаснай эстэтычнай рэалізацыі ўжо на ўзроўні тэксту. Ёсць адмысловы жанр драматургіі – «п’есы для чытання», заснавальнікам якога быў нямецкі пісьменнік Готхальд Лесінг.
Ідэальны працяг жыцця п’есы – на сцэне, у яе тэатральнай версіі. Тэатр не толькі дапамагае удасканаленню драматургічнага твора, яго мастацкай рэалізацыі, але і выдатныя п’есы, дасканалы рэпертуар спрыяюць узвышэнню тэатра. Сусветную вядомасць набылі лонданскі тэатр «Глобус», дзякуючы пастаноўцы ў ім п’ес Шэкспіра, парыжскі тэатр «Камеды Франсэз», у якім паказвалася нацыянальная драматургічная класіка, рускі МХАТ з пастаноўкамі Антона Чэхава.
Драматургія і тэатр у сваю чаргу ўзбагачаюць нацыю, дапаўняюць яе гістарычнае жыццё эстэтычна значнымі з’явамі, надаюць яму адухоўленасць і маральнасць. Вялікую ролю адыгралі ў развіцці беларускай культуры нацыянальныя тэатр і драматургія.
Беларуская драматургія ў сваім развіцці таксама прайшла шлях ад сінкрытычнага абраду да народнага і прафесіянальнага тэатра. У нашым фальклоры багата абрадаў, якія ў старажытнасці мелі магічны змест: калядаванне, гуканне вясны, валачобніцтва, пахаванне стралы, купальскія гульні.