Установа адукацыі
«Мінскідзяржаўнылінгвістычныуніверсітэт»
Галянчук Святлана Паўлаўна
сацыякультурны сэнс НЯМЕЦКІХ І БЕЛАРУСКІХ ПАРЭМІй: рэпрэзентацыя канцэпту«ЖАНЧЫНА»
Курсавая работа
група 408
факультэта нямецкай мовы
Навуковы кіраўнік:
Салаўёва Раіса Уладзіміраўна
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт
Мінск 2008
ЗМЕСТ
Уводзіны……………………………………………………………………............3
РАЗДЗЕЛ І. Аб статусе парэмій: сістэмна-структурная парадыгма вывучэння…………………………………………………………………….….…5
РАЗДЗЕЛ ІІ. Лінгвакультуралагічны аспект у парэміялогіі………...…..............7
ІІ. 1. Асноўныя паняцці лінгвакультуралогіі…………………………….............7
РАЗДЗЕЛ ІІІ. Моўная карціна свету і эмпірычная штодзённая свядомасць......9
РАЗДЗЕЛ ІV. Рэпрэзентацыя сацыякультурных сэнсаў у парэміях……..........11
ІV. 1. Рэпрэзентацыя субканцэпту “ДЗЯЎЧЫНА”/ “ДАЧКА”..........................12
ІV. 1. 1. Адлюстраванне сацыякультурнага сэнсу “Дзяўчына і замужжа”.......12
ІV. 1. 2. Адлюстраванне сацыякультурнага сэнсу “Квалітатыўныя характарыстыкі дзяўчат”........................................................................................16
ІV. 2. Рэпрэзентацыя субканцэпту “ЖОНКА”.....................................................18
ІV. 2. 1. Адлюстраванне сацыякультурнага сэнсу “Заключэнне шлюбу”....................................................................................................................19
ІV. 2. 2. Адлюстраванне сацыякультурнага сэнсу “Гаспадыня і яе роля ў сям’і..........................................................................................................................22
ІV. 2. 3. Адлюстраванне сацыякультурнага сэнсу “Жаночыя якасці характару”...............................................................................................................23
Вывады....................................................................................................................33
Бібліяграфічны спіс................................................................................................36
УВОДЗІНЫ
Зварот да праблемы рэпрэзентацыі сацыякультурных сэнсаў праз фразеалагічныя адзінкі тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, нягледзячы на тое, што ў лінгвістыцы існуюць даўнія традыцыі вывучэння дадзеных адзінак у структурным, семантычным, камунікатыўным і іншых планах, застаюцца неасветленымі многія пытанні. Па-другое, на сучасным этапе развіцця лінгвістычнай навукі назіраецца ўзнікненне новай парадыгмы лінгвістычных даследаванняў, дзе акрамя моўных дадзенасцей да даследавання прыцягваецца “творца” моўных адзінак, яго кагнітыўная дзейнасць у працэсе пазнання, асэнсавання і абазначэння аб’ектаў і з’яў навакольнага свету, абгрунтоўваецца антрапалагічнасць мовы.
Сучасную сусветную лінгвістычную навуку нельга сабе ўявіць без уліку вынікаў, дасягнутых у межах іншых дысцыплін, перш за ўсё, псіхалогіі, логікі, сацыялогіі.
Правядзенне даследавання на стыку навук асабліва актуальна ў парэміялогіі, дзе адзін знак не азначае нічога, сукупнасць знакаў раскрывае толькі часткова семантыку ўсёй парэміі, а ў глыбіні – уся сацыякультурная сітуацыя эпохі ўзнікнення парэміі.
Згодна з гэтым, зыходным тэарэтычным пастулатам праведзенага даследавання мы абралі тэзісы аб:
- антрапацэнтрычнасці мовы;
- гістарычнай і сацыякультурнай абумоўленасці парэмій;
- рэпрэзентацыі парэмічнымі адзінкамі сацыякультурных сэнсаў двух узроўняў: паверхнаснага і глыбіннага.
Зацікаўленасць у супастаўляльным вывучэнні парэмій тлумачыцца тым, што парэміі – з’ява нацыянальная, і пагэтаму павінны адлюстроўваць нацыянальна-культурную спецыфіку кожнага этнасу. Разам з тым, можна выказаць здагадку, што паміж парэмічнымі адзінкамі розных этнасаў знойдзецца шмат агульных рыс, таму што яны адлюстроўваюць таксама і агульначалавечыя асновы жыццядзейнасці.
Параўнанне парэмій беларускай і нямецкай моў не з’яўляецца данінай модзе альбо вымушаным падыходам з улікам валодання гэтымі мовамі. Станаўленне дзяржаўнасці на тэрыторыі існавання беларускага і нямецкага этнасаў практычна супадае ў часавым плане. Мяркуецца, што асноўны склад парэмічныз адзінак узнік у эпоху Сярэднявечча. Вядома, што ў той перыяд існавалі дастаткова цесныя сувязі паміж Нямеччынай і Вялікім княствам Літоўскім, можна было заўважыць паралелі ў дзяржаўным ладзе і патрыярхальным ладзе жыцця. Гэта не магло не дэтэрмінаваць пэўныя паралелі ў сацыяльным становішчы чалавека і, канкрэтна жанчыны.
Разгляд моўнай праблематыкі парэмій праз паверхнасную структуру семантыкі з прыцягненнем традыцыйнага метаду кампанентнага і дэфініцыйнага аналізу і праз глыбінную структуру з прыцягненнем метаду, прапанаванага лінгвістамі-кагнітолагамі, г.зн. метаду “інферыравання ведаў”, у дадзеным выпадку інферыравання сацыякультурных сэнсаў (набора сацыякультурэм) з’яўляецца актуальным і апраўданым з прычыны спецыфікі вывучаемых адзінак.
Такі падыход з’яўляецца новым і валодае тэарэтычнай і практычнай каштоўнасцю.
У межах курсавой работы распрацаваны зыходныя тэарэтычныя асновы даследавання, выдзелены субканцэпты агульнага канцэпта “жанчына” і праведзены аналіз субканцэптаў “дзяўчына” – “Mädchen” і “жонка” – “Ehefrau”. Завяршэнне даследавання мяркуецца на этапе напісання дыпломнай работы, у якой будзе разгледжаны канцэпт “жанчына” у беларускай і нямецкай мовах у поўным аб’ёме, будзе ўдакладнена мэтавая ўсталёўка і акрэслена кола задач даследвання.
РАЗДЗЕЛ І. АБ СТАТУСЕ ПАРЭМІЙ: СІСТЭМНА-СТРУКТУРНАЯ ПАРАДЫГМА ВЫВУЧЭННЯ
Статус парэмій вызначаецца ў лінгвістычнай літаратуры неадназначна. Спрэчкі вядуцца вакол уключэння іх у склад фразеалогіі. Супраць гэтага выступаюць прыхільнікі вузкага падыходу [1, 5, 16,], якія прызнаюць статус фразеалагічных адзінак толькі за ідыёмамі і фразеалагічнымі злучэннямі. Выключаючы парэміі са складу фразеалогіі, прыхільнікі дадзенага падыходу прыводзяць розныя аргументы. Згодна з меркаваннем адных навукоўцаў, парэміі маюць характар прытчы і могуць быць прыроўнены да вершаў, анекдотаў і малітваў. У некаторых выпадках парэміі выключаюцца са складу фразеалогіі па той прычыне, што яны выражаюць меркаванні, маюць форму сказа, не ўзнаўляюцца, а цытуюцца як мікратэксты, паміж імі і адзінкамі лексіка-семантычнай сістэмы не існуе ні сінтагматычных, ні парадыгматычных сувязей [16, с. 80; 6, с. 134].
Кола прыхільнікаў шырокага разумення больш рэпрэзентабельнае: Архангельскі, Вінаградаў, Гак, Кунін, Райхштэйн, Чарнышова, Рызель і інш. Унясенне парэмій, афарызмаў, гутарковых форм і клішэ ў раздзел фразеалогіі аргументуецца тым, што яны сталі набыткам мовы і дэманструюць агульныя для ўсіх фразеалагічных адзінак прыметы, перш за ўсё прымету ўстойлівасці.
Няма адзінага пункту погляду на праблему размежавання ўнутры парэмій на прыказкі і прымаўкі. Некаторыя аўтары лічаць такое размежаванне немэтазгодным, бо паміж імі ёсць шмат агульнага [7, с. 383; 10, с. 292].
Аднак класічным падыходам можна лічыць вылучэнне ў складзе парэміялогіі прыказак і прымавак, паколькі пры ўсёй блізкасці відавочныя іх структурна-семантычная і прагматычная аўтаномнасць.
Абагульніўшы наяўныя дэфініцыі, у якасці фармулёвак можна прыняць наступныя:
Прыказка – гэта ўстойлівы, лагічна і граматычна закончаны сказ павучальнага зместу, які мае пераноснае і/ці прамое значэнне, абагульняе практычны досвед людзей і ацэньвае пэўныя з’явы рэчаіснасці з жыццёвага пункту погляду. Напрыклад, у нямецкай мове: “EineguteHausfrauhat 5 Kzubesorgen: Kinder, Kammer, Küche, KellerundKleider”; у беларускай мове: “Баба тады пышна, як замуж выйшла”.
Прымаўка – агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з’яўляецца закончаным суджэннем і не мае павучальнага зместу. Напрыклад, “den Hafen der Ehe ansteuern“, “auf Abbruch heiraten“, “мацерынай спадніцы дзержыцца“.
У дадзенай працы парэміі разглядацца ў якасці элементаў фразеалагічнай сістэмы мовы, таму што іх асноўныя характарыстыкі супадаюць.
Сярод дыферэнцыйных прымет фразеалогічных адзінак у першую чаргу выдзяляюцца наступныя:
- іх узнаўляльнасць;
- устойлівасць;
- ідыяматычнасць;
- семантычнае пераўтварэнне кампанентаў складу;
- семантычная непадзельнасць пры граматычнай члянімасці.
Апошняя прымета сведчыць пра асобнае праяўленне асіметрыі моўнай сістэмы. Неадпаведнасць семантычнага і фармальнага члянення фразеалагічных адзінак дэтэрмінаваны ў моўным знаку асіметрычнасцю плана выражэння і плана зместу. Вельмі важна зазначыць, што асіметрычнасць, якая ляжыць у аснове фразеалагічных адзінак, з’яўляеца праяўленнем іх глыбіннай семантыкі і павярхоўнай структуры. Глыбінны сэнс фразеалагічнай адзінкі – фундаментальнае, мысленчае ўтварэнне – з’яўляецца вынікам абстрагавальнай дзейнасці мыслення па пераапрацоўцы вобразаў, асацыяцый і сітуацый, якія пакладзены ў аснову фразеалагізма. Глыбінны сэнс з’яўляецца трапеічнай унутранай формай фразеалагічнай адзінкі (параўн. “глубинное основание” у В.Н. Тэлія, [12, с. 29]).
Павярхоўная структура фразеалагізма ўяўляе сабой фармальныя, непасрэдна выяўленыя адносіны – лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя – унутры адной фразеалагічнай адзінкі, якія ўзнікаюць у працэсе моўнай камунікацыі і грунтуцца на вобразе сітуацыі, якая раней абазначалася свабодным словазлучэннем ці сказам са словамі ў іх прамым значэнні.