Смекни!
smekni.com

Агульная характарыстыка прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гадоў (стр. 2 из 2)

Патрыятычна-вызваленчы рух даследуе ў сваіх раманах “Сасна пры дарозе” і “Вецер у соснах” І.Навуменка. Ён паказвае, што несла з сабой фашысцкая акупацыя, як драматычна склаўся лёс маладога пакалення, якое ўступала ў вайну. Падпольная і партызанская барацьба раскрыта І.Навуменкам з добрым веданнем яе сапраўдных рэалій, складанасцяў.

Розныя пакаленні празаікаў асэнсоўваюць падзеі ваеннага мінулага, і, найперш, тыя, хто сам вочы ў вочы сустрэўся са смерцю на фронце, зведаў жахі акупацыі, партызаніў, вёў падпольную дзейнасць.

Народ і вайна, вёска ў гады акупацыі, памяць пра вайну – тэматычны стрыжань раманаў І.Чыгрынава, В.Адамчыка, І.Пташнікава, Б.Сачанкі. Проза выйшла на новы круг асэнсавання ваеннага мінулага: адкрываюцца малавядомыя, забытыя і заблытаныя старонкі ваеннага мінулага.

Многія творы пра Вялікую Айчынную вайну грунтуюцца на дакументальнай аснове. Кніга А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка “Я з вогненнай вёскі” (1975) – страсны публіцыстычны дакумент, абвінавачанне фашызму. З ваенных эпізодаў, фактаў, лічбаў людзей, якія цудам уратаваліся з агню, складваецца цэласны вобраз нязломнага беларускага народа. Са старонак кнігі паўстаюць маці, бацькі, дзеці, якія выжылі, каб расказаць усяму свету пра здзекі катаў-нелюдзяў, пра адну з самых трагічных старонак у гісторыі беларусаў.

У дакументальнай апровесці С.Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” (1985) сабраны амаль дзвесце споведзяў жанчын-франтавічак, падпольшчыц і партызанак.

Тэма вёскі на многія гады стала вядучай у беларускай літаратуры. Творы разглядаемага перыяду ўпісалі сапраўды змястоўныя, значныя старонкі ў мастацкую “вясковую кнігу”. Вёска ў творах І.Мележа, Я.Брыля, А.Кулакоўскага, І.Пташнікава, А.Асіпенкі і іншых пісьменнікаў паўстае як свет, напоўнены праблемамі часу, канфліктамі людзей, складаным жыццём у даваенныя і пасляваенныя часы. Многія празаікі паэтызуюць вёску з яе прыродай, душэўнае хараство вяскоўцаў, сялянскую працу (творы Я.Брыля, М.Стральцова, Б.Сачанкі). “Вясковая” проза – з’ява эстэтычна адметная, унікальная і рухомая. У сваёй паэтызацыі роднай зямлі, бацькаўшчыны, сялянскай працы, любові да чалавека, заглыбленасці ў душу народа, яго духоўна-культурныя вытокі, жыццё, побыт беларуская проза сцвярджае сваю самабытнасць, маральна-гуманістычную сутнасць.

Шчымлівае развітанне са старой матчынай хатай і вёскай паказана ў рамане Л. Гаўрылкіна “Матчына хата”. Працэсы міграцыі вясковых жыхароў у горад і вяртанне іх у якасці блудных дзяцей знайшлі адлюстраванне ў аповесцях М. Гіля “Тэлеграма з Кавалевіч” і “Дзень пачаўся”.

Адметнаю з’явай беларускай прозы 60-х стала гістарычная тэма. Несумненна, выключная роля тут належыць У.Караткевічу, позірк якога скіраваўся ў далёкія ад нас часы. У.Караткевіч у асэнсаванні гісторыі прадэманстраваў арыгінальнае даследчыцка-мастацкае мысленне, канцэптуальнасць, хвалюючую змястоўнасць думкі (дылогія “Каласы пад сярпом тваім”, аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).

Такім чынам, характэрнай асаблівасцю прозы адзначанага перыяду з’яўляецца вяртанне яе да мінулага. Увагу пісьменнікаў прыцягваюць усе эпохі і перыяды жыцця народа. Адбываецца пераасэнсаванне колішніх падзей з пазіцый сучаснасці.

Цяжка пераацаніць ролю мастацкай спадчыны пісьменніка ў абуджэнні і адраджэнні гістарычнай памяці, нацыянальнай свядомасці маладога пакалення беларусаў. Творы У.Караткевіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю, яны захапляюць сваім духоўным зместам, сюжэтна-падзейным рухам думкі, у іх жыве непадробны дух беларускай даўніны, героіка і драматызм мужных, ахвярных учынкаў.

У гэты час у беларускай літаратуры пачынаюць гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб будучым нашай прыроды, аб тым, што паветра, вада і зямля – аснова ўсяго жывога на планеце – забруджваюцца.

Аб неабходнасці беражлівых адносін да прыроды сцвярджаецца ў творах В.Казько (“Неруш”), В.Карамазава (“Пушча”).


3. Заключэнне

Беларуская літаратура наогул, і літаратура 60-80-х гадоў у прыватнасці – адна з высокаразвітых літаратур. Таленавітыя творы В.Быкава, М.Танка, Я.Брыля, У.Караткевіча і іншых майстроў слова ўзнялі нацыянальнае мастацкае слова да вышыняў еўрапейскага і сусветнага мастацтва. Больш чым на 50 моў свету перакладзены аповесці В.Быкава, больш чым на 30 – аповесці і раманы І.Шамякіна, на дзесятках нацыянальных моў гучаць творы іншых пісьменнікаў, якія прынеслі ім шырокую вядомасць і прызнанне. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры выраслі на нацыянальным грунце, у іх надзвычай цэласна і непаўторна ўвасобіліся глыбінныя імкненні і парывы чалавечага духу, характар і прыгажосць народнай душы, дыялектыка часу і пакуты людзей на зломе гістарычных падзей. Наша літаратура вызначаецца ідэйна-эстэтычнай шматграннасцю: яна глыбока асэнсоўвае маральна-этычныя праблемы сучаснасці, даследуе філасофію быцця, сцвярджае вечныя каштоўнасці. Беларускія пісьменнікі найперш паказалі свету непераходнасць традыцыйна-нацыянальных вытокаў, высока апаэтызавалі родную зямлю, радзіму, прыроду, народны лад жыцця з яго агульначалавечымі духоўнымі і этычнымі ідэаламі.

Беларуская проза 60-80-х гадоў пазначана актыўным развіццём, а таксама станаўленнем вялікай колькасці творчых індывідуальнасцяў. Назаўсёды ў гісторыі літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя застануцца імёны нашых знакамітых пісьменнікаў, якія, на вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця: Яна Скрыгана, Аляксея Кулакоўскага, Васіля Хомчанкі, Аляксея Карпюка, Алеся Асіпенкі, Міхася Стральцова, Барыса Сачанкі і іншых.

Актыўнае развіццё літаратурнага працэсу не было б магчыма без твораў і творчасці такіх празаікаў, як Іван Навуменка, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Уладзімір Дамашэвіч, Аркадзь Марціновіч, Лідзія Арабей, Алесь Рыбак, Павел Місько, Вольга Іпатава, Алесь Масарэнка, Васіль Гігевіч, Леанід Левановіч, Мікола Кусянкоў, Віктар Супрунчук, Валянцін Блакіт, Віктар Казько.

Спіс літаратуры

1. Беларуская літаратура: Дзень сённяшні/Андраюк С.А., Бечык В.Л., Арочка і інш., - Мн., - 1980, - 234 с.

2. Бельскі А.І. Сучасная літаратура Беларусі: Дап-к для настаўнікаў, 2000, - 186 с.

3. Гісторыя беларускай літаратуры 20ст. У 4 т. Т.4. Кн.1.– Мн., 1992.- 928с.

4. Грамадчанка Т. Перад праўдай высокай і вечнай: беларуская проза сёння.- Мінск, 1991, - 186 с.

5. Козіч В. Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе. – Мн., - 1998, - 168 с.

7. Шынкарэнка В. Нястомных пошукаў дарога. Праблемы паэтыкі сучаснай беларускай гістарычнай прозы.-Мінск, 2002, - 216 с.