Што ж вы гэта,
Дзядзькі і цёткі,
Што ж вы гэта,
Дзяды і бабкі,
Што ж вы,
Прадзеды і прабабкі,
Што ж вы, мертвыя, —
Сорам у прыпар
На тым свеце ляжаць і лайдачыць
Уставайце хутчэй!...
А потым —
Мы яшчэ раз па вас пагалосім.
Хто вінаваты у тым, што наступныя пакаленні аказваюцца не вартымі сваіх папярэднікаў — працаўнікоў і рупліўцау на ніве жыцця? Такое пытанне напрамую не ставіцца, але недзе ў глыбокім падтэксце яно ўгадваецца... Пры гэтым аўтар умее ўзбагаціць шматфарбны спектр эмоцый нават ноткамі гумару, якія, звернутыя да сумлення сучасніка, адцяняюць драматызм і незваротнасць падзей...
Неадступна страшаць яго працэсы эрозіі роднай глебы, занядбання нацыянальнай мовы і культуры. Цяжка бачыць, што з поля знікла песня. Праблема будучыні беларускай мовы, літаратуры ў вершы " Настаўнікаў і прарокаў ..." Гаворка ідзе пра тых бессаромных настаўнікау і прарокаў, якія — за дзесяцігоддзі таталітарызму - усё зрабілі, каб беларус пазбыўся і мовы сваёй, і нацыянальнага аблічча.
Наеліся ісцін удосыць,
Наслухаліся мудрацоў
Патрэбен слову філосаф
Сарамлівы. Як Міша Стральцоў.
Гэтай страфой заканчваецца верш — і зроблена яна выдатна. Выказванне стала высокім узорам паэзіі, дасягнуўшы значнасці мастацкага абагульнення. У тканіну верша ўведзена канкрэтнае імя -пісьменніка Міхася Стральцова, якога цанілі за тонкі эстэтычны густ і пачуццё слова, уменне заглянуць у яго патаемны свет, адчуць адценні. М. Стральцоў з высокім усведамленнем значэння культуры для жыццядзейнасці народа супрацьпастаўляецца тым «сваім брахунам і чужым», хто ў часы камуністычнага праўлення і русіфікацыі ўсё зрабіў, каб культуру гэту занядбаць і забыць.
На гэту тэму таксама напісаны вершы “З газетных аб’аў”, “Я пакідаю галасы...”, “На скрыжаваннях сусвету...”, “Люлялі воды Адрыятыкі...” і інш.
Другая кніга — «Лета трывожных дажджоў» — стваралася ўжо ў чарнобыльскую эпоху, пасля злашчаснай вясны 1986 г. 3 таго часу, калі здарылася чарнобыльская трагедыя, мы жывем у новым свеце, у іншым псіхалагічным вымярэнні.
«Лета трывожных дажджоў» пацвердзіла здольнасць і мужнасць глядзець праўдзе ў вочы, успрымаць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць. Бо чарнобыльскі выбух можна параўнаць з выбухам нейтроннай бомбы, які атруціў усе жывое. 3 глыбокім болем гучаць вершы “Урок паўтарэння” і "Родны мой краю .."
Паэт звяртаецца да сродкаў публіцыстыкі, называе рэчы сваімі імёнамі, і гэта дапамагае яму ўзняцца да істотных сацыяльна-маральных абагульненняў, прасякнутых глыбокім, вострым пачуццём, унутраным драматызмам. Яго вобразнасць - вобразнасць прамога і праўдзівага сведчання.
Зборнікі «Вызначэнне» і «Лета трывожных дажджоў» запрашалі да шчырай і сур'ёзнай размовы. Паэт разглядае чалавека на шырокіх абсягах часу, у кантэксце нацыяналыіай культуры і лёсу.
2.5 Постсавецкі перыяд творчасці
Новы, постсавецкі перыяд у творчасці В. Зуёнка пачаўся кнігай «Чорная лесвіца» (1992), у якой былі змешчаны вершы і паэма «Падарожжа вакол двара». Паэтычны сэнс метафары "чорная лесвіца" раскрываецца праз шэраг асацыяцый у анатацыі да зборніка: «Чорная рэчка Пушкіна — чорная лесвіца Янкі Купалы -чорныя прыступкі лёсу. Яны вядуць у глыбіні нашай трагічнай гісторыі». Не першы раз, мяркуючы па папярэдніх кнігах, імкнецца заглянуць у іх паэт. Цяпер гэты погляд абвостраны падзеямі апошняга часу.
Прайшла беларусізацыя –
Другая на нашым вяку.
І круціцца на языку:
Што гэта: рэанімацыя,
Ці абуджэнне нацыі,
Ці толькі ўсяго эксгумацыя
На нейкім касмічным вітку?...1
Аднак драмы, трывогі, нават трагедыі, ад якіх ніколі не ўхілялася паэзія В. Зуёнка, ніколі не закрэслівалі у ёй парасткаў надзеі.
1. Зуёнак В. Чорная лесвіца. Мн. 1992. С. 97.
"Чорная лесвіца" развівае паэтычны характар, закладзены ў папярэдніх зборніках. — узбагачэнне духоўнага свету лірычнага героя адбываецца праз асэнсаванне агульначалавечых асноў жыцця. Гэта мае месца нават тады, калі ў цэнтр увагі паэта трапляюць практычна важныя і актуальныя сёння пытанні нацыянальнай дзяржаунасці, незалежнасці, суверэнітэту, якія, вядома, у чымсьці па-новаму фарміруюць яго грамадзянскае і нават эстэтычнае аблічча, калі "Мінулае яшчэ не прарасло, а будучае ўсё — даўно забыта..." У яго хваляваннях і перажываннях знаходзіць адбітак сённяшні дзень, пастаўлены ў сувязь з днём учарашнім і будучым. Такую сувязь знаходзім у паэме «Падарожжа вакол двара», напісанай на ўзмежжы 80—90-х гадоў. Аўтар і на гэты раз выступае як своеасаблівы летапісец часу — летапісец аб'ектыўны, але далёка не бясстрасны: у паэме надзвычай моцны лірыка-публіцыстычны струмень, які надае твору вельмі асабовае гучанне.
Калі прататыпам галоўнага героя «Маўчання травы» быў бацька паэта Васіль Захаравіч, дык «Падарожжа вакол двара» ў многім навеяна вобразам маці Куліны Канстанцінаўны, з якой паэт развітаўся 1 лютага 1989 г. Маці — цэнтральная постаць. Яна гаспадыня на тым двары, на якім прайшло яе працоўнае жыццё і пра які ідзе гаворка ў паэме. Твор насычаны жывымі падрабязнасцямі яе штодзённых клопатаў, якія хаця і не прасціраліся далёка за межы роднага двара, але наскрозь былі прасякнуты мудрай чалавечнасцю. Гэта тыповы для беларускай вёскі двор, з якіх, уласна кажучы, яна спрадвеку і складалася, аднак ён не адасоблены ад таго вялікага жыцця, якое адбываецца за яго межамі. Тут існуе відавочная сувязь, хаця, на жаль, часам і залішне супярэчлівая.
Паэма «Падарожжа вакол двара» сведчыць, што сучасны паэт немагчымы без страснага, энергічнага маральнага пошуку, спавядальнасці, без уласнага адкрыцця агульнай ідэі часу. Праз індывідуальнае быццё яго і яго герояў праяўляецца быццё грамадскае — у паэме знайшлі выяўленне патрыятызм паэта, яго душэўная шчодрасць, дабрата, сыноўняя адданасць бацькоўскай зямлі. Паэма сцвярджае сувязь з родным домам і роднасць з усім светам, яна вяртае нас да вытокаў, да зямлі. Тут яскрава адбіўся свет беларускай прыроды, да якой мы прывыклі з дзяцінства.
Нягледзячы ні на што, у паэме няма нараканняў на жыццё. Як ні цяжка ўсім, паэма пакідае надзею.
Двор без мамы —
народ без мовы...
Ды агонь святы не пагас.
Ёсць душа — будуць вешчыя словы.
Двор збірацьме, знявераных, нас...
Такім чынам, у паэзіі В. Зуёнка знайшлі глыбокае асэнсаванне наш складаны век, перажыванні сучасніка, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, мараль і этыка, праблемы адраджэння нацыянальнай свядомасці, дзяржаў-насці, духоўных традыцый. Ужо ў першых сваіх кнігах ён праявіў цікавасць да вечных тэм чалавечага быцця і да канкрэтных набалелых пытанняў, спалучаючы маштабную, асацыятыўна-ўзбуйненую вобразнасць з паэтыкай непасрэднага, канкрэтна-пачуццёвага адлюстравання жыцця. Яго вершы і паэмы - - эмацыянальныя і вострасучасныя -- прывабліваюць сваім жыццялюбствам, натуральнасцю паэтычнай інтанацыі, народным характарам. Паэту ўласцівы шырокі духоўны дыяпазон, выразны грамадзянскі тэм-перамент, пяшчотны лірызм, чалавечнасць. Яго мастацкі свет уключае прыроднае ўлонне і космас як складнікі таго велічнага жыццёвага асяроддзя, сярод якога нараджаецца чалавек і якому ён абавязаны розумам і пранікнёнасцю думкі. Усё навакольнае паўстае ў яго творах як частка ўласнай душы, розуму і лёсу паэта.
Творчасць В. Зуёнка глыбока прасякнута пафасам гістарызму. Яна паяднала грамадзянскасць з інтымнымі матывамі, сацыяльна-публіцыстычны пласт лірыкі з магутнай канцэнтрацыяй метафарычнай вобразнасці ў натурфіласофскіх вершах. Мастацтва В. Зуёнка — вынік яго светапогляднай пазіцыі, ён заўсёды імкнецца да гранічнай выразнасці радка, валодае гнуткім, гаваркім вершам. які дапамагае шырокаму духоўнаму самавыяўленню паэта, яго зацікаўленай размове з сучаснікам.
Паэзія В. Зуёнка сцвярлжае высокую і разумную місію чалавека на зямлі.
Заключэнне
Сёння, па ўсім, відаць, беларуская літаратура, як і ўсё шматнацыянальнае савецкае мастацтва, знаходзіцца на пачатку новакга і, хочацца спадзявацца, боьш высокага этапу ў сваім развіцці, абумоўленага тым рашучым паваротам у бок перабудовы ўсіх галін грамадскага жыцця, якім адзначаны наш час. Мяркуючы па ўсім перабудова азначае пачатак новай эпохі ў гісторыі нашай дзяржавы на шляхах далейшага развіцця. Неабходнасць і заканамернасць перабудовы, шырокай дэмакратызацыі грамадства, усталяванне прынцыпаў галоснасці і праўдзівасці ўсё глыбей і арганічней усведамляецца ўсімі людзьмі. Немалая заслуга ў гэтым належыць літаратуры, у прыватнасці паэзіі, якая ў лепшай сваёй частцы дапамагла і дапамагае выспяванню новых, перадавых грамадскіх настрояў і перакананняў.
У ліку такіх паэтаў выступае – В. Зуёнак. Калі б мяне папыталі, якая галоўная рыса яго паэзіі, я б адказаў: напаказная народнасць, якая стала сацыяльна-эстэтычным крытэрыем аўтара. Слова гэта – народнасць – важкае, не легкадумнае, ім не кідаюцца, і далёка не кожнаму мастаку яно падыдзе. Зуёнку – падыходзіць. У цэнтры яго творчасці – сапраўды народны характар з уласцівымі для яго высокай маральнасцю і дабрынёй, разважлівасцю і бясконцай вынослівасцю, з пачуццём міласерднасці і любові, якая здольна ўсё адолець на шляху да лепшага.
Продкі яго - людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім – аб хлебе надзённым. Паэт схіляе галаву перад народнай праўдай, якая ў яго ў вельмі канкрэтным абліччы.
Паэзія В. Зуёнка – цікавая, смелая, глыбокая – круты палявы замес, настоены на багатым душэуным вопыце паэта. Тут знайшоў глыбокае адлюстраванне наш складаны век, перашыванні сучасніка, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, выявілася схільнасць паэта да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйнёнага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. У метафары “праўда зерня”, да якой звяртаецца паэт, закладзена сутнасць яго мастакоўскай канцэпцыі, успрыманне свету, цікавасць да вытокаў, імкненне глядзець у корань.