Смекни!
smekni.com

Асаблівасці твора У.Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (стр. 4 из 5)

Наогул, у кнізе супрацьпастаўлены дзве сілы, прадстаўленыя адпаведнымі вобразамі. Адна сіла - царкоўнікі і прадстаўнікі ўлады: кардынал Лотр, дамініканец Фларыян Басяцкі, біскуп Камар, войт Цыкмун Жаба, мітрапаліт Балвановіч, багатыя гародзенскія мяшчане; другая - беларускія сярэдневяковыя асветнікі і вучоныя Кашпар Бекеш, Альбін Крыштофіч, разьбяр Кляонік, каваль Кірык Вястун, селянін Зянон, прадстанікі простага люду. Уладзімір Караткевіч - рамантык. Мабыць, таму ён свядома карыстаецца апісаным вышэй прыёмам кантрасту.

У вандроўках па вёсках, мястэчках і гарадах Беларусі Братчыка-Хрыста і апосталаў суправаджае Марына Крывіц. Гэта таксама спецыфічнае пераасэнсаванне біблейнага вобраза Марыі, "што названая Магдалінаю, з каторай выйшла сем д'яблаў", якая разам з іншымі, вылечанымі ад ліхіх духаў і хваробаў жанчынамі, суправаджала Хрыста і Яго апосталаў у вандроўках па гарадах і сёлах.

Насуперак біблейнаму вобразу блудніцы, што адразу паверыла ў Хрыста і пакаялася, Марына Крывіц спачатку выступае ў ролі шпіёна з варожага лагера. Але потым, калі Яна разгледзела сутнасць Братчыка-Хрыста, палюбіла яго.

Характары герояў, іх паводзіны і ўчынкі ацэньваюцца аўтарам праз апісанне мовы вобразаў. Так, напрыклад, уражваюць словы і паводзіны дамініканца Фларыяна Басяцкага, мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас якога "нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй". Калі ён гаварыў, то з ягонага рота "нібы плыў смярдзючы гной, нібы травінка-джала высоўвалася з-пад языка".

Хрысціянскія вобразы і матывы з'яўляюцца ключавымі ў раскрыцці галоўнай ідэі рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні": паказаць духоўнае абуджэнне нацыі, усведамленне ёю сваёй годнасці ў сваім далёкім мінулым і праз гэта пазбаўленне нацыянальнага бяспамяцтва сучаснікаў. Вера ў выратавальнага Месію характэрная для большасці беларусаў (ды й не толькі беларусаў). Нават калі выкарчоўваліся рэлігійныя карані, яна працягвала сваё жыццё на ўзроўні падсвядомоасці. Просты народ інстынктыўна спадзяваўся, што прыйдзе нехта добры і справядлівы і зменіць іх жыццё. Надзея на лепшую долю выявілася ў фальклоры, асабліва ў чарадзейных і сацыяльна-побытавых казках. Менавіта таму і здолей У. Караткевіч з такой пераканальнасцю перадаць атмасферу трывогі і надзеі, што ахапіла жыхароў Гародні пасля прыходу Братчыка з апосталамі [10; 6].

2.2 Адметнасці мовы твора

Твор напісаны надзвычай вобразнай, маляўнічай, багатай, сакавітай і добрай сучаснай мовай. Архаізавана ў рамане толькі танальнасць. Для ілюстрацыі гэтага возьмем радкі: "Будучы на схіле дзён, рыхтуючыся да агульнай чашы чалавечай…" і заключныя: "Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая".

Пісьменнік часта звяртаецца да Бібліі, што таксама пэўным чынам адбілася на стылі. Ён умела выкарыстоўвае інверсію і стараславянізмы, якія надаюць твору велічнае і ўрачыстае гучанне: "гішторыяй круцельскай", "рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў", "ныня і мы разам з вамі", "і не было яснасці ў душы ягонай". Акрамя таго, аўтар шырока ўжывае гістарызмы: ратман, каноны, корд, баніцыя і іншыя.

Уладзімір Караткевіч шырока выкарыстоўвае народныя выслоўі. Побач СА словамі высокага кніжнага стылю ўжывае прастамоўныя словы і выразы, свае ўласныя параўнанні - простыя, натуральныя, часам арыгінальныя і незвычайныя: "аж ногі да зямлі прыкіпелі і неба здалося з літоўскі кажух", "зямля было чорная. Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах", "горад гудзеў як вулей, у які нейкі гарэза кінуў каменьчык"

У творы моцна адчуваецца іранічна-гумарыстычны гратэскавы пачатак, які ўзнік з усведамлення беларускім сярэдневяковым чалавекам паўнаты жыцця, з адчування ім смешнага ў рэчаіснасці. Аднак пры ўсім камізме сітуацый, у якія трапляюць героі, пісьменнік гістарычна дакладны.

Бачна, што ў творы персанажы (Братчык і Лотр, Басяк) супрацьпастаўленыя адзін адному. Сваё стаўленне да гэтых персанажаў аўтар выказаў, надзяліўшы іх зняважлівымі прозвішчамі: Лотр - па-народнаму значыць круцель, нягоднік, падлюка, а Басяцкі - басяк, няправедны. Яны, амаль не раздумваючы, аддалі Радзіму на рабаванне татарам. Пры гэтым бессаромна прыкрываліся хрысціянскімі догмамі, цытавалі радкі Святога Пісання.

Асэнсоўваючы постаць Хрыста, Уладзімір Караткевіч уводзіць у твор "словы" ад летапісца, ад другога летапісца і ад двух сведкаў. І такі супастаўляльна-параўнальны погляд на далёкія падзеі надае большую пераканаўчасць, глыбіню і шматграннасць аўтарскаму апавяданню. Уладзімір Караткевіч захапляецца старажытнай беларускай мовай, яе чароўным, лаканічным і трохі наіўным стылем, часта дае слова летапісцу, які хоць часам і "наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы".

Сапраўднай маленькай жамчужынай, згубленай у старой пыльнай кнізе, выглядае прыведзенае ў рамане апісанне гісторыі з сукняй. Караткевіч заўважыў, што апавяданне пра сукню напісана ў летапісца такой "цудоўнай, грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў". Гэта вызначэнне добра стасуецца і да адлюстраваных ім падзей і характараў у рамане. Пісьменнік не толькі паказаў матывацыю тых або іншых учынкаў сваіх герояў, раксрыў іх адметнасць, але і стварыў пераканаўчыя і яркія малюнкі людскога натоўпу, даў яскравыя апісанні тагачаснай зброі, адзення, вуліцаў і плошчаў Гародні.

Заключэнне

Уладзімір Караткевіч творча спадкаваў еўрапейскія традыцыі выкарыстання біблейных матываў і вобразаў. Як пісьменнік самабытны і арыгінальны, ён трактаваў біблейныя сюжэты, вобразы і матывы ў адпаведнасці са сваім светапоглядам, светаадчуваннем, з асаблівасцямі свайго таленту і тымі задачамі, якія ставіў пры напісанні твора.

Аўтару важна паказаць духоўную эвалюцыю героя (Юрася Братчыка), абуджэнне яго нацыянальнай годнасці, любові да людзей, адказнасці за лёс радзімы і народа. Хрыстос у рамане выступае абуджальнікам свядомасці, чалавечай годнасці, творчай ініцыятывы. У Караткевіча Хрыстос больш зямны ў параўнанні са сваімі біблейнымі прататыпамі, што адначасова набліжае і аддаляе ад нас героя рамана, бо звычайнаму чалавеку нашмат цяжэй здзейсніць тое, што наканавана святым.

Асаблівасцю мастацкай інтэрпрэтацыі хрысціянскіх матываў і вобразаў з’яўляецца іх выразная праекцыя на сучаснасць. У кантэксце рамана хрысціянская ідэя зліваецца з ідэяй патрыятычнай, набывае ярка акрэсленае гуманістычнае гучанне.

У адрозненні ад катаў, што апісаны ў рамане Ул. Караткевіча, сённяшнім катам не патрэбныя клеткі, бо яны мараць пра адначасовую смерць мільёнаў і мільярдаў. У гэта не хочацца верыць. Але пагроза чалавечай цывілізацыі вельмі адчувальная ў ХХ стагоддзі. І пісьменнік папярэджвае, асуджае, паўстае супраць яе. У гісторыі было дастаткова трагедый, каб людзі зразумелі іх агіднасць - такі асноўны вывад аўтара. Зямля павінна вечна квітнець у “нятленным ззянні вечнай красы" - такую жыццясцвярджальную ідэю даводзіць да чытача раман Ул. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

У разгледжаным творы пісьменнік развіў традыцыі “карнавальнай літаратуры”, плённа выкарыстаў гратэск. Раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" увабраў у сябе і традыцыі народнай смехавай культуры. Гэты твор пра лёс прадстаўікой самых розных класаў і праслоек.

У сваім творы Уладзімір Караткевіч паказаў заканамернасць перамогі новага, прагрэсіўнага і чалавечнага над аджываючым, кансерватыўным і антыгуманным.

Такім чынам, у выніку праведзенай работы, намі была дасягнута мэта даследвання (выявіць асноўныя жанрава-стылёвыя адметнасці рамана Ул. караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”).

Акрамя таго, можна гаварыць пра вырашэнне асноўных задач, якія ставіліся перад курсавой работай, а іменна:

Прааналізаваць крытычную і метадычную літаратуру па тэме даследавання;

Вызначыць асноўныя асноўныя жанрава-стылёвыя адметнасці рамана Ул. караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”;

Разгледзець твор беларускага майстра на прадмет наяўнасці ў ім тых ці іншых прыкмет стылю, асаблівасцей жанравай прыналежнасці.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Абола, М. Неугасимый свет доброй благородной души / М. Абола // Уладзімір Караткевіч і яго творчасць ў еўрапейскім культурным кантэксце: навуковы зборнік. - Мінск. - 2000. - С.105 - 108.

2. Бахарава, М. Пад вясёлай маскай прытворшчыка (традыцыі смехавай культуры Франсуа Рабле ў творчасці Уладзіміра Караткевіча) - на прыкладзе рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" / М. Бахарава // Першацвет. - 1998. - №1. - С.112 - 116.

3. Гісторыя беларускай літаратуры 20ст. У 4 т. Т.4. Кн.1. - Мінск - 1992. - 928 с.

4. Грамадчанка, Т. Перад праўдай высокай і вечнай: беларуская проза сёння. - Мінск. - 1991. - 186 с.

5. Жабінская, М. Спадчына Караткевіча - крыніца агульнага гуманізму / М. Жабінская // Наша слова. - 2005. - 14 снежня. - С.12.

6. Жаўняровіч, Пятро. Няўдалае пызямленне “Хрыста" ў Санкт-Пецярбурзе /П. Жаўняровіч // Дзеяслоў. - 2006. - №6 - С.278 - 287.

7. Івашын, В. Да вышынь рэалізму: Асноўныя тэндэнцыіразвіцця беларускай дакастрычніцкай і савецкай літаратуры. - Мінск. - 1983. - 265 с.

8. Караткевіч Ул. Задума: узнікненне і ўвасабленне /Ул. Караткевіч // ЛіМ. - 1971. - №5. - С.9-10.

9. Караткевіч У. Збор твораў: У 2 т. Т.2: Хрыстос прызямліўся ў Гародні (Евангелле ад Іуды). - Мінск. - Маст. літ. - 1980 - 437 с.

10. Конан, І. Нацыянальная гуманістычная ідэя ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" / І. Конан // Роднае слова. - 2007. - №3. - С.6 - 7.

11. Лявонава, Е.А. “Узысці на сваю галгофу…” інтэрпрэтацыя біблейскіх вобразаў і матываў ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" // Лявонава Е.А. Агульнае і адметнае. - Мінск: Маст. літ. - 2003. - С.90-126.

12. Лявонава, Е.А. Алюзія на вобраз Хрыста ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні" / Е.А. Лявонава // Беларуская мова і літаратура. - 2001. - №4. - С.121 - 127.