Смекни!
smekni.com

Віктар Казько: біяграфія і творчасць (стр. 6 из 6)

У гэтым творы аўтару ўбачылася небяспека чалавецтву звонку, з Космасу ў выглядзе каметы, якая пагражае сутыкнуцца з Зямлёй. Гэтая сюжэтная пасылка дае падставу герою-апавядальніку задумацца над лёсам і прызначэннем чалавечай цывілізацыі: ці не на згубу Сусвету створана яна? Ці не пагражае сама Зямля астатняму Сусвету, калі зямляне прарвуцца ў неабсяжны Космас? Постчарнобыльскія рэаліі, праявы духоўнага і сацыяльнага распаду, якія штодня назірае герой, нібыта пацвярджаюць сумную здагадку. Але фінал твора, як адзначае крытык Д. Бугаёў у артыкуле «Пахавальная песня з пробліскамі надзеі» («Крыніца», 1997, № 12), двухсэнсоўны. Ён можа азначаць не толькі гібель, але і адраджэнне, абнаўленне жыцця людзей на Зямлі.

Пераадоленне змрочных, апакаліптычных прагнозаў, якое робіцца часткай аўтарскай пазіцыі, адбываецца праз своеасаблівую ўнутраную барацьбу, спрэчку з самім сабой. У выніку пісьменнік мусіць задумацца над самой прыродай мастацкай творчасці, яе патаемнымі, дагэтуль не прасветленымі матывацыямі. Плёнам такога роздуму сталася аповесць «Да сустрэчы...» (1997), у якой распавядаецца пра смерць Майстра. Апроч відавочнай рэміні-сцэнцыі з раманам М. Булгакава «Майстар і Маргарыта», твор мае выразную жыццёвую паралель: ён прысвячаецца памяці знакамітага кінарэжысёра В. Турава. У творы, аднак, мы назіраем героя сумарнага — мастака, які гэтаксама, як і герой «Прахожага», раздумвае пра недасканаласць і, магчыма, заганнасць шляху развіцця, абранага зямной цывілізацыяй. У аповесці шмат рэалій, якія ўварваліся ў яе проста «з вуліцы»: хлопчыка-нямка абвінавачваюць у пастарунку ў выкрыкванні антыўрадавых лозунгаў; дзяўчынка марыць стаць прастытуткай... Прысуд Майстра сучаснікам і свайму часу жорсткі: чалавецтва таксама канае, знаходзіцца ў апошняй стадыі распаду. Ідэал мастацтва — адзінае, што процістаіць у гэтым смутным творы татальнаму бязладдзю.

Затое ў рамане «Бунт незапатрабаванага праху» апакаліптычнае кола прозы В. Казько зноў размыкаецца. У гэтым творь ажыццявіўся адзін са сталых творчых прынцыпаў пісьменніка разгортванне і паказ чалавечай душы як Сусвету, з яго неабсяж насцю і бясконцасцю ў часе. Герман (ён жа Юры, Георгі) Говар як і герой «Прахожага», вядзе падвойнае жыццё: рэальнага чала века і фантастычнай, таямнічай істоты, здольнай да пераўвасабленняў, трансцэндэнтальных вандровак. Тэма непахаванага праху (відавочная рэмінісцэнцыя з праблемай маўзалея і знаходжанне цела правадыра ў ім) раскрываецца як роздум пра жыццё пасля смерці — смерці цывілізацыі, калі яна прайшла праз усе згубныя «постіснасці», крочыла ў новае тысячагодцзе. Магчымасць такога жыцця даводзіцца ў «Эпілогу» рамана, у якім распавядаецца пра жыццё людзей, што наноў засялілі атручаныя Чарнобылем раёны. Пісьменнік вяртаецца да свайго ўлюбёнага матыву Саду, які трэба даглядаць нягледзячы ні на што. Відавочна, аднак, што і ў гэтым творы апошняя кропка ў роздуме над лёсам і перспектывай цывілізацыі пісьменнікам не пастаўлена.

Творы В. Казько апошніх год дадаюцца да творчага досведу празаіка відавочным плёнам і абумоўліваюць новы канцэптуальны пласт яго прозы — вострасацыяльны, звязаны з актуаліямі канца XX ст. Агульны вектар творчасці В. Казько праглядаецца ў кантэксце беларускай прозы як рух або тэндэнцыя да стварэння рамана новага кшталту, у якім наспявае пераход сінкрэтызму ў сінтэтызм, аналітыкі і дыдактыкі ў канцэптуальнасць і філасафічнасць.