Вывучэнне і даследаванне балад адбываецца і ў наш час. Праблемамі жанру займаюцца такія даследчыкі, як А. М. Багамолава (“Структурна-граматычнае выражэнне народна-паэтычнага эпітэта і яго функцыя ў баладных песнях”), Л. М. Салавей (“Беларуская народная балада”), А. Яскевіч (“Ля вытокаў жанру балады ў беларускай літаратуры”), І. Ф. Штэйнер (“Шматмоўная літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя”), К. Лецка (“У святле фальклорных вытокаў: Народныя казкі, легенды, паданні, [балады]”) і іншыя.
З усяго вышэй адзначанага відаць, што жанр народнай балады быў цікавы не толькі даследчыкам XIX стагоддзя. Ён і сёння прыцягвае да сябе ўвагу многіх навукоўцаў, у тым ліку і студэнтаў.
Тэма нашай дыпломнай працы “Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах” цікавая і, на наш погляд, патрабуе далейшага вывучэння, таму што народныя балады дастаткова не даследаваны. Гэтыя творы нясуць шмат павучальнасці для кожнага чалавека, з іх зместу можна даведацца пра жыццё і побыт нашых продкаў. Як філолагаў нас вабіць мова, якой напісаны балады: багатая на разнастайныя мастацкія сродкі, эмацыянальная, яскравая. Наша задача - далучыць свой даследчы голас да гэтага жанру, які хавае ў сваёй аснове шмат цікавых і багатых момантаў з пункту гледжання эстэтычнага.
Мэтай нашай дыпломнай працы з’яўляецца даследаванне трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладных песнях.
Згодна з мэтай будуць вырашацца наступныя задачы:
звярнуць увагу на гісторыю ўзнікнення і эвалюцыі народнай балады, выявіць спецыфіку жанру;
акрэсліць сістэму вобразаў баладных песень;
вызначыць трагічную і драматычную дамінанту жанру народнай балады, вылучыць яе крытэрыі пафасу;
выявіць драматычныя калізіі ў баладах перыяду Вялікай Айчыннай вайны;
раскрыць паэтычныя прыёмы, моўна-выяўленчыя сродкі стварэння трагічнага і драматычнага пафасу ў беларускіх народных баладах.
РАЗДЗЕЛ І. ЖАНРАВАЯ ФОРМА І ВОБРАЗНЫ ЛАД НАРОДНЫХ БАЛАД
Сярод паэтычных жанраў вуснай народнай творчасці сваёй сувяззю з сапраўднымі або ўяўнымі падзеямі, гістарычнымі асобамі вылучаюцца балады. Яны ярка адлюстравалі стан душы народа, яго мудрасць, псіхалогію і светапогляд, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Балады, або іх яшчэ называюць доўгімі песнямі, — ліра-эпічныя творы з драматычна напружаным сюжэтам, пабудаваным галоўным чынам на трагічных канфліктах сямейнага характару, праз якія нярэдка адлюстроўваюцца значныя падзеі, што мелі шырокі рэзананс. Тэрмін балада паходзіць ад англійскага слова ballad і лацінскага кораня ballo, што абазначала танец. Фалькларыст Л. М. Салавей падкрэслівае, што балада —“ліра-эпічная песня, якая адлюстроўвае драматычныя і трагічныя калізіі ў сферы асабістага, сямейнага і грамадскага быта чалавека”[57, с. 15]. Балада, сапраўды, жанр унікальны і спецыфічны, у цэнтры якога — маральна-этычныя тэмы: супрацьборства дабра і зла, сутыкненне любові і нянавісці, вернасці і здрады, стойкасць чалавека ў трагічных сітуацыях і г. д. Для класічнай балады характэрны разнастайныя рэфрэны, якія павялічваюць расповяд і канцэнтруюць увагу слухачоў і выканаўцаў на ўсіх дэталях апавядання, якія падрыхтоўваюць іх да ўспрыняцця заключэння (часта вельмі выразнага) ці падводзяць слухачоў, суперажываючым героям балад, да недвухсэнсавай маральна-этычнай ацэнкі іх учынкаў. Славянскія балады выконваюцца сола ці хорам у рэчытатыўнай і распеўнай манеры, узгадняючыся з лакальнымі стылямі выканаўцаў.
Балады не мелі, як правіла, абрадавай прымеркаванасці, за выключэннем асобных сюжэтаў; магчыма ўзнікненне некаторых балад у выніку мастацкага асэнсавання абрадавых дзеянняў і звычаяў. Так, у беларускай і ўкраінскай баладнай творчасці маюцца адзінкі, якія звязаны з веснавой, купальскай і жніўнай абраднасцю. Сувязь балады з песнямі і абрадавасцю каляндарных цыклаў абумоўлена рознымі прычынамі. У адных выпадках гэта праяўленне генетычнай еднасці, агульнасці вытокаў, у іншых — дзеянне моцнай фальклорнай традыцыі, якая так парадкавала песенны рэпертуар, каб кожнаму твору было сваё месца, свой час выканання.
І. Ф. Штэйнер называе баладу “жанрам незвычайным, таямнічым, загадкавым” і пераконвае, што “яе свет — паэтычны, па-дзіцячы наіўны, а таму такі дарагі сэрцу кожнага — жыве поруч з намі як увасабленне чала-вечых мар, ідэалаў, памкненняў. I ўсё ў гэтым свеце ахутана таямніцай, бо там вандруюць прывіды і здані, з'яўляюцца жорсткія ўладары лесу і вады, бяскрыўдныя і дурнаватыя падчас чэрці і нячысцікі, шнуруюць бязлітасныя ваўкалакі” [65, с. 7].
Менавіта ў жахлівых сітуацыях раскрываецца велічная ўнутраная прыгажосць чалавека, які заўсёды выходзіць пераможцам. Нават тады, калі перамогу ён здабывае за кошт ўласнага жыцця. Таму, нягледзячына выразна трагічную афарбаванасць баладнага сусвету, тут ніколі не валадарыць смерць. Яе перамагае магутнае каханне, любоў маці да сваіх дзетак, жаночая вернасць, патрыятызм, адданасць доўгу і сваім ідэалам. Такой была балада пры сваім зараджэнні. Такой яна застаецца і цяпер. Але гэта датычыцца толькі яе ўнутранага духу. А знешне форма балады мянялася і мянялася не аднойчы.
Народныя балады — адзін з самых старажытных жанраў сусветнай паэзіі. Яны зарадзіліся недзе ў ХІ-ХІІ стст. у фальклоры германскіх народаў. Прыкладна ў гэты час балада ўзнікае і ў славянскім фальклоры. У сярэдневяковай еўрапейскай паэзіі тэрмін “балада” першапачаткова абазначаў народную плясавую песню любоўнага зместу з абавязковым рэфрэнам. Паступова песня аддзялілася ад танца, страціла рэфрэн. У сучасным выглядзе балада зарадзілася на хвалі ідэй еўрапейскага рамантызму і за кароткі час стала яго своеасаблівым маніфестам.
У цэнтры балады індывідуальны чалавечы лёс. Падзеі агульнанароднага значэння, этычныя, філасофскія, сацыяльныя пытанні ўзнаўляюцца ў гэтых творах праз прызму чалавечых ўзаемаадносін і лёсаў. Звычайна аўтар балады выбірае такое здарэнне, якое атрымлівае ўсеагульнае значэнне для саміх персанажаў і для цэлага сацыяльнага ці нават нацыянальнага калектыву. Напрыклад, трагедыя тысяч людзей, палоненых татарамі, адлюстравана ў баладзе пра жанчыну, якая ў палоне сустракае дачку. Асабліва важна тое, што ў баладных песнях няма падагульняючых вывадаў, якія перакідваюць масток ад асабістага лёсу да агульначалавечага.
У цэлым балада — эпічны жанр, што пацвярджае яе сюжэтнасць, падзейнасць і аб’ектыўнасць апавядання. Эпічнасць праяўляецца і ў тым, што аповед вядзецца ад аўтара, звычайна гэта паслядоўны расказ пра падзеі.
Мэтай балады з’яўляецца не ўсебаковае даследаванне разнастайных жыццёвых калізій, а паказ пэўнага чалавека на адным з самых складаных, вяршынных або пераломных момантаў яго жыцця, якое часта завяршаецца трагічна: маці канчае жыццё самагубствам пасля таго, як яе дзіця разарвалі ваўкі, сястра атручвае брата, які не дазваляе ёй быць з каханым. Кожны з такіх пераломных момантаў змяшчае адзіны канфлікт галоўнага героя з прыродай, сацыяльнай сістэмай, ворагамі, канфлікт гуманізму з бесчалавечнасцю і г. д. Дзеля яркага і ўсебаковага паказу гэтага канфлікту свядома абмяжоўваецца колькасць дзеючых асоб. Для народнай балады характэрна нязначная колькасць персанажаў, часцей за ўсё 2-3. У сілу прытчападобнасці балады, яе сцісласці героі паказаны не дэталёва, а эскізна: найбольш яскрава выдзелены толькі некаторыя рысы яго характару, якія неабходны для вырашэння асноўнай ідэі твора, для развіцця канфлікту.
Падзеі ў баладзе абмежаваны ў часе і прасторы. Уся ўвага аддадзена дзеянню. Варта падкрэсліць, што балада не толькі апавядае пра пэўную падзею, але і робіць чытача яе сведкам, стварае своеасаблівую ілюзію прысутнасці.
Беларускія балады адрозніваюцца ад баладаў іншых народаў сваёй паэтычнасцю. Тлумачыцца гэта тым, што ў беларускім фальклоры, як і ў заходніх славян, амаль не склаліся традыцыі гераічнага эпасу. Здарылася так, што ўсе незвычайныя, найбольш трагічныя падзеі, якія былі нярэдкімі ў штодзённым побыце беларусаў, гераічныя моманты ў жыцці пэўнага сацыяльнага калектыву ці нават усёй нацыі — смерць добрых малайцоў ад рук ворагаў (“Каля лесу, каля цёмнага”), развітанне з мужнымі абаронцамі роднага краю (“Праводзіны на вайну”, “Развітанне з мілым”), нашэсце захопнікаў (“Удава ратуецца ад татараў”) — знайшлі свае глыбокае адлюстраванне ў выключна дынамічнай, драматычна напружанай форме народнай балады.
Мастацкая спецыфіка беларускай народнай балады вызначаецца яе драматызмам і трагічнасцю. Пад драматызмам мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая адлюстроўвае і абагульняе супярэчнасці і канфлікты чалавечага жыцця, узаемаадносіны чалавека з навакольным светам. Для драматызму характэрныя няшчасце, неўладкаванасць, незадаволенасць асобы ў душэўнай сферы, у асабістых адносінах, у грамадскім становішчы, напружанае перажыванне нейкіх супярэчнасцяў, усхваляванасць і трывога, барацьба процілеглых сіл, напружаная інтрыга, сутыкненне процілеглых чалавечых учынкаў, ідэй, імкненняў [6, с. 15]. Г. Паспелаў называе драматызм “пафасам дзеянняў і адносінаў персанажаў, але часта ён робіцца разам з тым і драматызмам ідэйнай накіраванасці самога твора” [49, с. 90]. Канфлікты, якія параджае пафас драматызму, — гэта, на думку даследчыка, “сутыкненні персанажаў з такімі сіламі жыцця, з такімі яе прынцыпамі і традыцыямі, якія звонку супрацьстаяць характарам персанажаў і якія не маюць для іх зверхасабістага значэння” [49, с. 90]. Драматычныя канфлікты могуць прывесці да вельмі цяжкіх перажыванняў, да пакутаў, нават да пагібелі. Чым больш глыбокія канфлікты, тым больш цяжкія перажыванні, тым мацнейшы драматызм дзеянняў персанажаў і іх лёсаў.
Побач з драматызмам у баладах прысутнічае і трагічнае. Пад трагічным мы разумеем эстэтычную катэгорыю, якая характарызуе невырашальны мастацкі канфлікт (калізію), які разгортваецца ў працэсе свабоднага дзеяння героя і суправаджаецца пакутамі і гібеллю героя ці яго жыццёвых каштоўнасцей. Трагічнае ўзнікае на аснове сутыкнення чалавека з невырашальнымі супярэчнасцямі. Невырашальны канфлікт прыводзіць да цяжкіх пакут і смерці героя. Аднак гібель не кожнай асобы мы ўспрымаем трагічна, а толькі той, што мае важнае станоўчае значэнне для людзей. Варта разумець, што “пад трагічным разумеецца не проста жахлівае, а тое, што звязана з неажыццёўленымі высокімі парываннямі чалавека” [49, с. 158].