Смекни!
smekni.com

Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах (стр. 5 из 11)

Як вядома, сфера баладных песень – напружаныя драматычныя, нават трагічныя бакі народнага жыцця. Герой такіх твораў амаль абавязкова гіне, смерць яго не выпадковая, яна як быццам прадказана. Значная частка сюжэтаў будуецца на адлюстраванні таго, што здараецца ў час бою, гераічныя эпізоды застаюцца па-за сюжэтам, яны нібы падразумяваюцца. Уся ўвага ў баладзе скіравана на асабісты лёс героя, а лёс гэты горкі. Усе дэталі такіх балад падпарадкаваны адной мэце – стварэнню драматызму. Прыкладам можа служыць урывак з балады “Калі груша ўзышла, калі вырасла”, у якой герой твора з шкадаваннем сцвярджае:

— Не кажы ж, ты мой конь,

Што я ўбіты ляжу,

А скажы ты, мой конь,

Што жанаты я хажу:

Ажаніла мяне пуля быстрая,

А звянчала мяне шабля вострая [48, с. 162].

Тут гібель воіна атаясамліваецца з вяселлем, дзе ў ролі абрадавых звычаяўвыступаюць сродкі забойства.

Многія народныя балады, створаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, прымяркоўваліся да пэўных ваенных падзей і асацыятыўна адлюстроўвалі настроі і перажыванні людзей, іх смутак у сувязі з гібеллю партызана, салдата, камандзіра. Прыкладам можа служыць балада “У нядзелю рана”. Замест вобраза салдата або казака, які загінуў у баі, у творы ўведзены вобраз чырвонага камандзіра. У баладзе распавядаецца, як да нябожчыка прыляцелі тры птушкі:

Адна птушачка – гэта маці яго,

Села ў галовачках,

Другая птушачка – гэта сястра яго,

Села ў ножачках,

Трэцяя птушачка – жонка яго, —

Супроць сэрдачка [48, с. 9].

Балада паказвае гора родных: “Маці плача, як рака льецца, сястра плача, як ручаёк бяжыць, жонка плача – расы няма” [48, с. 9]. Змест балады не толькі традыцыйны, але і наватарскі ў развіцці сюжэтнай лініі. Мы бачым, як з’яўляюцца тры сокалы, якія “ўзялі цела пад белыя плечкі, прынеслі яго, вадой жывучай спрыснулі з быстрае рэчкі” і ажывілі камандзіра, каб ён пазнімаў “чорным воранам галовы з плеч”[48, с. 9].

Вылучаецца цікавым зместам балада пра смерць салдата “Ой, на гарэ агонь гарыць, а ў даліне забіты ляжыць”. Гаспадар дае свайму каню наказ бегчы дарогаю шырокаю, сталбавою, “штоб немцы не спаймалі, сядзелечка не адабралі”. Конь прыбягае да маці салдата і гаворыць, “каб яна ўзяла пяску жменю і пасеяла па каменю, як той пясок жытам узыдзе, тады і сынок з вайны прыйдзе” [48, с. 16]. Фінал балады трагічны: жыта не ўзышло, сын не вярнуўся, бо ён быў забіты.

Папулярным у часы Вялікай Айчыннай вайны быў наступны драматычны сюжэт балад: муж ці сын вяртаюцца з вайны, але гаспадыня хаты іх не пазнае, нават пачынае пярэчыць, бо “ў печы не паліла і хлеба не пякла”. Сродкам стварэння драматызму ў баладзе “І сонца закацілась” выступае дыялог паміж “хазяйкай” і адным з трох партызанаў – сынам гэтай старой жанчыны. Яшчэ адзін паўнавартасны герой балады – прырода. Яна паказваецца ў напружанні, нібы прыслухоўваецца да нечага страшнага.

Яшчэ больш драматычны характар мае балада “Шчэ сонца не заходзіць”. У размове паміж гасцямі і гаспадыняй высвятляецца, што ў сорак першым годзе забілі яе сына і мужа, яна засталася ўдавой. Сюжэт у баладзе даводзіцца да пэўнай кульмінацыі і толькі тады тлумачыцца, што госці ўдавы – гэта яе муж і сын; у гэтым яны прызнаюцца гаспадыні самі: вайна вельмі мяняла вонкавае аблічча людзей.

Беларускі народ у ваенных баладах апявае не толькі мужчынскія подзвігі. Не апошняе месца адведзена гераічным жаночым вобразам. Сумам, глыбокім драматызмам, а часам і трагізмам напоўнены балады пра паланянак. Для дадзенай групы характэрны трагічны лёс героя, пераўвасабленне чалавека ў птушку. Усё гэта паказана ў баладзе “А ў нядзелю рана”. Птушка расказвае маці пра нялёгкую долю яе дачкі на чужыне – у нямецкім палоне. Ад весткі, якую паведаміла птушка, матуля расчулілася, праліла “дробныя слёзы” і папрасіла “пташку” вярнуцца яшчэ, калі жывая дачка. Але няма весткі ад любімай дачкі. “Мабыць, мая дачка ў зямлі спачыве” [48, с. 156], — робіць вывад няшчасная маці.

Нягледзячы на драматычны характар народных балад перыяду Вялікай Айчыннай вайны, большасць з гэтых песень нясуць аптымістычны настрой. Пра гэта сведчыць балада “Партызанская”. Загінуў герой-партызан, але засталіся жыць яго гонар і сумленне ў беларускім народзе.

Такім чынам, драматычны свет народных балад перыяду Вялікай Ай-чыннай вайны раскрываецца праз адносна абмежаваную колькасць сюжэтаў, невялікую колькасць вобразаў і з дапамогай традыцыйных сродкаў стварэння драматызму. Ваенныя народныя балады часцей за ўсё ўяўляюць сабой традыцыйныя фальклорныя балады, нязначна змененыя або проста трансфармаваныя.

РАЗДЗЕЛ ІІІ. КАТЭГОРЫЯ ТРАГІЧНАГА Ў БАЛАДНЫХ ПЕСНЯХ

Беларускія народныя балады – творы багатага жыццёвага зместу, высокай паэтычнай дасканаласці, выдатнага мастацтва слова. Гэта праяўляецца перш за ўсё ў майстэрстве сюжэта: з аднаго боку, у адборы сітуацый вялікай эмацыянальнай сілы, а з другога — у дакладнай характарыстыцы персанажаў праз іх учынкі. У баладах у сціслым пераказе эпізода, абмежаванага па часе і месцы дзеяння, па-майстэрску раскрываюцца трагізм і драматызм становішча чалавека, які дарэмна гіне. Даследчык еўрапейскай народнай балады Т. Чубеліч адзначае, што ў цэнтры гэтых твораў яркія асобы і падзеі. Навуковец перакананы, што баладныя героі абцяжараны думкамі і памкненнямі, што іх адрознівае сталасць жыццёвых пазіцый і своеасаблівая непадатлівасць [53, с. 25]. На наша меркаванне, пазіцыя Т. Чубеліча слушная. Аднак заўважым, што стыхія балады — гэта калізіі народнага жыцця, якія паўтараюцца, сталі побытам, часта яны пазбаўлены часавых прыкмет. Рускі фалькларыст Б. Пуцілаў сцвярджае, што “баладныя сюжэты характарызуюцца сваёй побытавай няпэўнасцю, відавочнай неадпаведнасцю паўсядзённай эмпірычнай плыні жыцця. А між тым у іх аснове заўсёды ляжаць сапраўдныя, а не прыдуманыя, жыццёвыя калізіі” [53, с. 29]. Балада як жанр цалкам паглыблена ў свет сацыяльных, побытавых, сямейных, псіхалагічных канфліктаў, якія выкліканы супярэчнасцямі рэальнага жыцця, — канфліктаў, якія з’яўляюцца крыніцай бедаў і няшчасцяў, пагібелі, гора, страчаных надзей, няспраўджаных памкненняў. Менавіта таму, што ўвага балады скіравана на выключных асоб, якія дзейнічаюць у выключных абставінах, гэты фальклорны жанр наскрозь прасякнуты трагічным і драматычным пафасам.

Трагічнае ў народнай баладзе — як правіла, жахлівае. Гэта нярэдка злачынства, здзейсненае ў адносінах да блізкага ці роднага чалавека. Менавіта так ствараецца асаблівая напружанасць, драматызм жанру. Пра гэта красамоўна сведчыць балада “Забалела ў Марысі галоўка”, у якой паказваецца трагедыя простага чалавека ў пэўнай сувязі з сацыяльна-класавымі адносінамі і ў пэўнай залежнасці ад тагачасных грамадскіх умоў. Сюжэт балады апавядае, як замужняя Марыся прыкінулася хворай і выправіла Яся па “баравое зелле”, а сама тым часам “выйшла за другога, за сына папова”. Пра гэта Ясь даведаўся ў бары ад птушак:

Кінуў Яся зелейка капаці,

Паехаў Яся к паповічу на двор.

— Пусці, паповіч, на двор узысці!..

Дастаў Яся, дастаў вострую меч,

Зняў ён Марысі галаву з плеч:

— Вось табе, Марыся, баравое зелле,

А табе, паповіч, частае вяселле [18, с. 120].

Сцэна расправы над нявернай жонкай, якая завяршае баладу, нічога ўжо не можа змяніць па сутнасці. Трагедыя — не ў крыві, якая пралілася. Яна — у жыцці і душы Яся. “Яна ў тым, што ўсведамленне немагчымасці барацьбы з існуючым ладам маральна абяззброіла героя ў барацьбе з яго асабістым злом”,— падкрэслівае Г. М. Паспелаў [49, с. 81]. Як бачна, асноўны матыў балады — асуджэнне нявернасці і здрады. Народная мараль тут выступае ў абарону чысціні і шчырасці ў сямейных адносінах, у абарону чалавечай годнасці аднаго з членаў сям’і.

Яскравае і класава-завостранае выражэнне атрымала тэма кахання жанчыны з вышэйшага саслоўя да селяніна ў баладзе “Пятрусь”. Калізія гэтага сюжэта выключае ўсялякую магчымасць шчаслівага зыходу канфлікту або прымірэння бакоў. За недазволеную любоў на суд вядуць не абоіх, але аднаго:

Пакажы, Пятрусю, пакажы пярсцені,

Што падаравала вяльможная ў пасцелі [3, с. 574].

Балада заканчваацца тым, што «ўзялі Петруся за белыя бокі, укінулі Петруся ў Дунай глыбокі” [3, с. 574]. У адным з варыянтаў гаворыцца, што і пані не перажыла гора — «стала абамлеваці» і памерла, аднак усе спачуванні народа на баку прыгоннага хлопца, які і ў гэтай сітуацыі становіцца ахвярай прыхамаці і жорсткасці эксплуататараў. Тэма сардэчных адносінаў тут ададзвінута на другі план, яна ўступае месца тэме непрымірымага класавага антаганізму, які намаляваны ў тыпічна баладнай манеры.

Увогуле, трэба сказаць, што трагічны (асабліва для гераіні) зыход кахання з'яўляецца амаль што законам класічнай балады сямейна-бытавой тэматыкі. Дзяўчыну могуць падманам звезці з хаты (выкрасці) і затым кінуць. Трагічна гучаць самі назвы такіх балад: “Ясь-зводнік топіць дзяўчыну”, “Казакі намаўляюць дзяўчыну на вандроўку, апавядаючы ёй небыліцы”, “Зведзеная дзяўчына траціць вянок”. Часам адна трагедыя прыводзіць да другой, прыкладам таму служыць балада “Дзяўчына загубіла зводніка-казака”. У названым творы гераіня — не толькі ахвяра жорсткага, бязлітаснага лёсу, але і барацьбіт за права на лепшую долю. Калізія, калі дзяўчына застаецца з няшлюбным дзіцем на руках, дала пачатак цэлай чарадзе баладных сюжэтаў пра маці, што кінула або загубіла сваіх дзяцей (балада “Дзяўчына топіць няшлюбнае дзіця”). Цікава, што летапісныя сведчанні яшчэ ў X-XI стагоддзях паказваюць вельмі паблажлівае стаўленне да "байструкоў". Толькі развіццё і ўмацаванне царкоўнай маралі надало гэтай жыццёвай праблеме трагічны характар. Часам суд над жанчынай маглі ўчыніць члены яе сям’і. Менавіта такую сітуацыю апісвае балада “Брат карае сястру за няшлюбнае дзіця”. Брат прыехаў дадому з падарункамі для сястры, а калі ўбачыў на яе руках дзіця, то