Смекни!
smekni.com

Драматычныя і трагічныя калізіі ў беларускіх народных баладах (стр. 8 из 11)

У якасці эпітэта ў беларускіх народных баладах могуць выступаць прыметнікі як з прамым, так і з пераносным значэннем. Прыметнікі з прамым значэннем забяспечваюць дакладную характарыстыку вобразаў, называюць галоўную, вызначальную рысу з'яў, прадметаў у канкрэтнай сітуацыі:

Мая жонухна маладая.

Ды пайшла яна ў крынічку

Па халодненькую вадзічку [3, с. 93].

Другая група эпітэтаў, якія ўжываюцца ў баладных песнях у прамым значэнні, дазваляе ідэалізаваць рэальнасць або ўдакладніць пэўныя характарыстыкі: “Аднаму дала шаўковы платок, // Другому дала залаты пярсцёнак” [3, с. 47].

Часам у беларускіх баладах можна сустрэць эпітэты таўталагічнага характару, якія падкрэсліваюць трагізм вобраза:

А малодка маладая

Загінула, жывучы за худой худачынаю [3, с. 412].

Па сутнасці, мы бачым тоеснасць значэнняў, таму што і назоўнік, і прыметнік выклікаюць у нашым ўяўленні аднолькавыя асацыяцыі, бо заключаюць у сабе адзін і той жа сэнс. Аднак таўталагічныя эпітэты не проста паўтараюць пэўную прымету, а падкрэсліваюць, вылучаюць яе, што дазваляе зрабіць вобраз персанажа баладнай песні больш яркім і пераканальным, канкрэтазаваць яго, што, на думку А. М. Багамолавай, асабліва важна для ўспрыняцця сітуацыі або зместу ўсяго твора [2, с. 67].

Асобнае месца ў баладным жанры займаюць сталыя, або традыцыйныя эпітэты – адна з асноўных прыкмет мовы народных твораў. Такія эпітэты маюць трывалае вобразна-сэнсавае значэнне. Многія з іх зліліся з паяснёнымі назоўнікамі ў адно цэлае і асобна ад іх не ўспрымаюцца: красна дзеўка, добры людзі, зычны галасок, буйны вецер, жоўценькі пясочак, чыста поле [3, с. 300-385].

Найбольшую самабытнасць, змястоўнасць і паэтычнае хараство нясуць эпітэты-прыдаткі:

Была ў маткі адна дачка,

Адна дачка-работначка [3, с. 98].

Яны патрабуюць асаблівай увагі, бо прыдатак заключае ў сабе значэнне прыметы і яе своеасаблівую характарыстыку, утварае разам з паяснёным назоўнікам адзін цэласны вобраз. Эпітэты-прыдаткі амаль немагчыма замяніць звычайнымі азначэннямі-прыметнікамі, бо пры такой замене губляецца не толькі сэнс, эмацыянальная напоўненасць, лаканічнасць выражэння, але разбураецца сам эпітэт, на яго месцы ўзнікае проста лагічнае азначэнне.

Сустракаюцца ў баладах эпітэты-прыметнікі з пераносным значэннем. Узорам такіх вобразных сродкаў могуць служыць метафарычныя эпітэты. Яны абазначаюць прымету, перанесеную на аснове якой-небудзь блізкасці або падабенства з аднаго прадмета на другі, адначасова называюць і ацэньваюць з’явы рэчаіснасці, перадаюць адносіны да іх:

Як там цякуць рэчкі крывавыя,

І ручайкі цякуць слязавыя,

Як там масты мосцяць трупавыя [3, с. 311].

У прыведзеным прыкладзе мы сутыкаемся з гіпербалізацыяй якасцей, уласцівасцей прадметаў. Вядома, гіпербалу нельга разумець літаральна, але гэты троп дазваляе ўявіць праз нерэальнасць, немагчымасць з'яў глыбіню пачуццяў персанажаў. Нам лёгка адчуць, якая ж бяда там, дзе рэчкі і ручайкі з крыві і слёз, а масты – з трупаў.

Часам у баладных песнях можна сустрэць нават ампліфікацыі (накапленні) з эпітэтаў:

— Выйдзі, выйдзі, найстарэйша сястра,

Нясі хустку што найлепшую,

Найлепшую, найбялейшую,

Бялейшую, харашэйшую [3, с. 16].

Узгадаем словы В. П. Рагойшы, які дае ампліфікацыі наступнае тлумачэнне. На думку вучонага, ампліфікацыя — гэта “стылістычны прыём, сутнасць якога ― у нагнятанні аднатыпных слоў ці моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, злучнікаў, аднародных членаў сказа і г. д.)” [54, с. 130]. З дапамогай гэтага прыёму адлюстроўваецца ўсё багацце народнай мовы, вершаваным радкам надаецца непаўторны лірызм.

Для балад характэрна выкарыстанне метафар. Даследчык паэтыкі літаратуры А. Квяткоўскі разглядае метафару як “неназванае параўнанне”. Н. С. Гілевіч удакладняе, што гэта справядліва і ў дачыненні да метафары фальклорнай. “Калі ў параўнанні абодва прадметы называюццца сваімі імёнамі і эстэтычны эфект дасягаецца шляхам іх адкрытага супастаўлення, — працягвае даследчык, — то ў метафары адзін з гэтых прадметаў “прысутнічае” толькі нейкай сваёй адзнакай, нейкай рысай, і мы павінны самі выклікаць яго ў сваім уяўленні, бо інакш вобраз нам будзе незразумелы” [19, с. 116]. Метафары можна назваць аўтарскім бачаннем свету, і, каб яго адчуць, трэба пільна ўглядацца ў глыб балады. Напрыклад, у беларускіх баладах з сюжэтам “Муж карае жонку па намове маці” мы бачым наступную карціну: з-пад гаю выязджае казак (жаўнер, конік) і грае на скрыпцы. Цікавасць выклікаюць радкі: “струна струне голас дадае”. Са зместу песні мы даведваемся, што ігра гэтая тужлівая, скрыпка плача.Далей у той жа баладзе вычытваем: “А з паўночы святліца шумела, //А пад рана Марыська самлела” [3, с. 454]. Нам не было б зразумела, чаму святліца шумела, калі б не было кантэксту: шумела, бо муж караў жонку да смерці.

Найбольш прадуктыўным прыёмам стварэння мастацкага вобраза, на нашу думку, з’яўляюцца параўнанні. Народнапесеннае параўнанне вызначаецца трапнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй і ёмістасцю мастацкага абагульнення, а таму яно валодае вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння. Дадзены сродак дамагае зрабіць малюнак па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, глыбей характарызуе тыя пачуцці, што перажывае чалавек.

У беларускіх народных баладах можна сустрэць параўнанні розных відаў:

1) граматычная сувязь у якіх аформлена з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў:Каля яе кулі, як боб, брашчаць, // Каля яе шаблі, як агонь, гараць” [3, с. 136]. Такіх параўнанняў у мове балад большасць. Параўнанне можа быць і не разгорнутым, не апісальным, а вельмі сціслым, лаканічным, кароткім. У такім, неразгорнутым, параўнанні самастойнае існаванне супастаўленых вобразаў немагчыма: тут аб'ект параўнання і сродак параўнання счэплены непарыўна, адно без другога траціць сэнс і "жыццяздольнасць". Увогуле параўнанне вызначаецца трапнасцю, змястоўнасцю, глыбінёй і ёмістасцю мастацкага абагульнення, а таму яно валодае вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння. Сапраўды, удумаемся ў яшчэ адзін прыклад: разлучыцца з каханым дзяўчыне гэтак жа страшна, як рыбачцы разлучыцца з вадою, гэта значыць, разлука для яе раўнасільна смерці.

2) выражанае творным склонам назоўніка. Творны склон параўнання звычайна характарызуе якасць дзеяння ці асобы праз дзеянне іншай жывой істоты. Таму фальклорны вобраз робіцца рухомым, а нам трэба ўмець ўбачыць яго “рухі”: “стала над ім зязюлькай кукаваці” [2, с. 154].

Унутраны свет персанажаў у баладных песнях можа раскрывацца не толькі з дапамогай паэтычных ці моўна-выяўленчых сродкаў. Значная роля ў разгортванні вобразаў належыць стылістычным фігурам. Адным з характэрных для беларускай народнай балады стылістычных прыёмаў з’яўляецца паралелізм, які выконвае значную ролю ў раскрыцці драматычнага і трагічнага пафасу ў ліра-эпічным творы. Шырокае прымяненне паралелізму ў баладных песнях абумоўлена спецыфікай іх зместу, наяўнасцю ў іх, з аднаго боку, вобразаў сімвалічных, з прыроднагу свету, а з другога – вобразаў рэальных, чалавечых. У працы С. Г. Лазуціна мы чытаем, што ў песнях, пабудаваных па прынцыпе паралелізму, першая, сімвалічная, карціна заўсёды выконвае функцыю своеасаблівага эмацыянальнага ўступу. Яна, па словах даследчыка паэтыкі рускага фальклору, стварае пэўны настрой і ў агульных рысах паказвае на “чалавечы” змест песні-балады. У другой, “чалавечай”, карціне раскрываецца асноўны змест твора, выражаюцца канкрэтныя пачуцці і думкі таго ці іншага лірычнага героя [39, с. 54]. Беларускі даследчык В. П. Рагойша дае наступнае азначэнне мастацкаму тропу: “Паралелізм (ад грэч. parallelos – той, што ідзе побач; паралельны) – сінтаксічна-кампазіцыйны прыём паралельнага размяшчэння аднатыпных элементаў паэтычнага выказвання (з'яў, вобразаў, матываў і г. д.), што супастаўляюцца паміж сабой” [54, с. 131] . У адпаведнасці з тым, на якім узроўні – рытмічным, гукавым, сінтаксічным, страфічным, псіхалагічным – адбываецца гэта супастаўленне, вылучаюць розныя віды паралелізму. Заўважым, што ўсе яны шырока прадстаўлены ў беларускіх народных баладах.

Сінтаксічны паралелізм характарызуецца аднолькавай сінтаксічнай будовай суседніх вершаваных радкоў. Напрыклад:

— Бярыце ж вы Кастусечку,

А стаўце ж вы Ганусечку,

Або я вас агнём спалю,

Або я вас агнём знясу.

А паставілі Ганусечку,

А забралі Кастусечку [3, с. 68].

Такі прыём дапамагае перадаць унутраную напружанасць героя балады, яго сканцэнтраванасць на нейкай адной справе.

Для балады, як і для ўсёй народнай паэзіі ўвогуле, надзвычай характэрны псіхалагічны паралелізм. Пачуцці, душэўны стан чалавека, яго хваляванні, перажыванні параўноўваюцца, супастаўляюцца са станам ці з’явай прыроды: “Зашумела у бару сосенка, // Забалела ў Марысі галованька” [3, с. 142]. Просты чалавек не бачыць сябе без прыроды, нават свае дзеянні, пачуцці, перажыванні ён заўсёды атаясамлівае з дзеяннямі, пачуццямі, перажываннямі іншых жывых істот. Паралелізм тут дазваляе перадаць адчуванні героя, нават яго фізічны стан.

Што датычыцца наяўнасці ў баладах адмоўнага паралелізма, то ў беларускім фальклоры ён сустракаецца рэдка. Гэта такі творчы прыём, пры якім параўнанне нібыта адмаўляецца, а ўся ўвага сканцэнтроўваецца на другой частцы, чым дасягаецца большая паэтычная выразнасць, ствараецца драматычная напружанасць. Звернемся да балады, сюжэт якой апавядае пра тое, як свякроў заклінае нявестку ў рабіну (таполю). Сын на вайне, а калі вяртаецца, то бачыць незвычайнае дрэва. Маці раіць ссекчы рабіну. Дрэва прамовіла:

- Не рабіну сячэш – жану сваю.

Не трэскі ляцяць – твае дзеткі,

Не кроў бяжыць – твае слёзкі. [3,с. 46].

Вобразны паралелізм даў жыццё ўстойлівым сімвалам. У фалькларыстыцы сімвал разглядаецца як троп, вобразны сродак, “від іншасказання, заснаваны на поўнай замене адной паэтычнай карціны, сюжэтнай сітуацыі і вобраза (яго дзеяння ці стану) іншымі паэтычнымі карцінамі, сюжэтнымі сітуацыямі і вобразамі (яго дзеяннямі ці станамі), якія заўсёды ўстойлівыя і выклікаюць кола асацыяцый у дадзенай паэтычнай сістэме” [19, с. 156]. Прывычныя, добра вядомыя народу сімвалы аблягчалі ўспрыманне тэксту, узмацнялі яго эмацыянальны настрой. Напрыклад, вобраз ластаўкі сустракаем не ў адной баладзе. І лёгка зразумець, што на самой справе ён сімвалізуе дзяўчыну, яе лепшыя якасці: дабрыню, чысціню, пяшчоту. Каліна як вобраз-сімвал маладой дзяўчыны або замужняй жанчыны (нявесткі) ярка і пераканаўча выступае ў некаторых народных баладах. Так, праклятыя за грэх казак і дзяўчына прараслі пасля смерці: казак – яварам, а дзяўчына – калінаю. Часта сустракаюцца ў беларускіх народных баладах вобразы, якія сімвалізуюць дзеянні, адносіны, думкі і пачуцці персанажаў. Напрыклад, сонца, закрытае хмарамі, абазначае гора, смутак; вінаград – весялосць і г. д.