Смекни!
smekni.com

Жанр пародыі і эпіграмы ў беларускай літаратуры (стр. 2 из 5)

Роданачальнікам пародыі лічыцца грэчаскі пісьменнік Гіпанакт (памёр у 530-м годзе да н. э). А ўзнікла пародыя яшчэ раней. Да жанру пародыі звярталіся Шэкспір, Сервантэс, Шылер, Гётэ, Пушкін, Дастаеўскі [7; С.5].

Адна з першых беларускіх пародый - славутая ананімная паэма “Прамова Мялешкі", напісаная ў пачатку ХІХ стагоддзя. У парадыйных паэмах ХІХ стагоддзя “Энеіда навыварат" і “Тарас на Парнасе" востра высмейваюцца прынцыпы класіцыстаў. З гісторыі літаратуры вядома: рамантыкі пісалі пародыі на прадстаўнікоў класіцызму, рэалісты - на рамантыкаў. Пісалі пародыі Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Аркадзь Куляшоў, Мікола Хведаровіч.

Пародыя - самастойная галіна, трывалы камель, крона на магутным ствале літаратуры. Гэта адметны від літаратурнай крытыкі. Яна нараджаецца ад клопатаў за стан літаратуры. Своеасаблівыя яе будовы, склад, гучанне паэтычнага слова. Яна выкарыстоўвала прыёмы, прынцыпы, метады, стыль, жанравыя асаблівасці, мову, граматычны лад таго ці іншага творцы. Пародыя развіваецца тады, калі літаратура дасягае сапраўднай сталасці, калі паспяхова развіваюцца ўсе яе віды і жанры, пра што Г. Юрчанка сказаў у невялікай прадмове-анатацыі да зборніка “Немеладычныя мелодыі”. Па яго меркаванні, галоўнае не ў тым, хто напісаў пародыю, а “галоўнае ж у тым, што гэта сама беларуская літаратура дасягнула такога ўзроўню сталасці і ўзмужнення, што спарадзіла сваю пастаянную і неад’емную спадарожніцу” [10; С.7].

Пародыя адкрывае пісьменніка ў некалькі незвычайным плане. У парадыста даследчыцкі падыход да ідэйна-мастацкіх і стылёвых асаблівасцяў твораў ці ўсёй творчасці пісьменніка. Ён праз павелічальнае школ гумара ці сатыры раскрывае адметнасць індывідуальна-творчага вобліку, аўтарскага почырку. Важныя сродкі пародыі - гіпербала, гратэск. Парадыст імітуе літаратурны твор камічнымі ці сатырычнымі прыёмамі, прымушае пісьменніка выказацца ў адпаведнасці з яго схільнасцямі, густамі, звычкамі, выказацца наперкор яго жаданню гаварыць самакрытычна, схіляе падаваць у перабольшанай форме сваі пралікі, недахопы.

Да паслуг парадыста багаты інструментарый. Гэта і спагадлівая ўсмешка, добразычлівы жарт, і лагодны гумар, мяккая смяшынка, і жартаўлівы намёк, сатырычная шпілька, з’едлівая іронія. Пад удар крытыкі падпадаюць асобныя радкі, няўдалыя творы і нават асобныя кнігі.

Парадысту, безумоўна, патрэбны і веды, і густ, і такт, каб беспамылкова выбраць від зброі і належным чынам яе прымяніць.

Поспехі беларускай літаратуры бясспрэчныя. Але крытыкаваць у ёй ёсць што. У празаікаў часам заўважаецца слізганне па паверхні апісываемых з’яў і працэсаў, празмернае захапленне словатворчасцю, дэалектызмамі, сустракаецца драбнатэм’е, шматслоўе.

У паэтаў можна сустрэць надзвычайную аблегчанасць або, наадварот, залішнюю ўскладненасць, калі за словам губляецца думка. Не вельмі шанцуе ў наш час і байцы. Мала сапраўдных набыткаў у песеннікаў. Нярэдка і ў крытыкаў можна прыкмеціць уяўную глыбакадумнасць. Так што, на думку многіх аўтараў, у сучасных парадыстаў шырокі абсяг дзейнасці.

Па-рознаму ставяцца розныя аўтары да пародыі. Напрылад, быў вельмі задаволены пародыяй на сябе аўтар песні “Бывайце здаровы" Адам Русак. Тарас Хадкевіч прызнаваў, што па стылі пародыя “Апошні хутаранін" лепш за яго прозу. Таксама вядомы такі факт, што старэйшы сучасны беларускі парадыст Георгій Юрчанка ў свой час так удала спарадыраваў Аляксея Русецкага, што той адразу даў яму рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў.

Беларускія парадысты па-сяброўску ўсміхаюцца з нейкіх прынцыпаў жыцця. Іх крытыка ў асноўным не бывае злой, абразлівай. Генадзь Бураўкін, прачытаўшы пародыю на сябе, зазначыў, што можна было ўесці і мацней. Добра ставліся да пародый Станіслаў Шушкевіч у “ЛіМе", Сяргей Дзяргай у “Вожыку”, Эрнест Ялугін у газеце “Наша слова.

Алесь Адамовіч у свой час зазначыў, што не вельмі прыемна чытаць пародыі на сябе, затое сапраўднае задавальненне - на іншых. Як, напрклад, гэту. Пад назвай “Упоравень з Трусам” на наступныя радкі Міхася Губернатарава:

У яе далонях томік Труса

І газета з вершыкам маім.

Анатоль Зэкаў удала парадыруе:

Гарнуся да дзяўчыны русай -

Няўжо каханнем абміне?

Яна ж гартае томік Труса - І нуль увагі на мяне.

Не знаю, што сказаць пра гэта,

Хіба шапнуць на вушка ёй:

“Ты лепей зазірні ў газету -

Вунь, у куточку, вершык мой.

Хай томіка яшчэ не маю,

Ды рукапіс я здаў у друк.

Калі ж мяне ты пакахаеш,

Пачну пісаць, як Трус Паўлюк.

Беларуская пародыя, такім чынам, сведчыць пра тое, што наша літаратура жыве і развіваецца, а творы пісьменнікаў і паэтаў чытаюцца. Таму пародыі з’яўляюцца рэгулярна. І гэта добра.

Асаблвасці развіцця эпіграмы як літаратурнага жанру

Век у эпіграмы не такі малы. Перш чым стаць літаратурным жанрам, яна мусіла прайсці вялікі гістарычны шлях, каб сцвердзіцца ў той якасці, якую мы мае сёння. Узнікла эпіграма ў Старажытнай Грэцыі прыблізна дзве тысячы васемсот гадоў таму назад. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “эпіграма" азначае “надпіс”. Яна ўзнікла як надпіс (дарункавы ці хвалебны) на трынозе, шчыце, глінянай вазе. Яе паслядоўніцай пасля сталася эпітафія: надпіс на магільным камені. Праца разьбяра на цвёрдым матэрыяле патрабавала і кароткага, лаканічнага тэксту ўвасаблення. І той, хто браўся прыдумваць надпіс, вядома ж, гэта ўлічваў. Паколькі надпіс часцей за ўсё сведчыў толькі сам факт жыццёвага існавання і адыходу з жыцця, то ён быў сціслым і інфармацыйным. Але паступова сцісласць пачала пераходзіць у радкі, якія маглі быць сагрэты і пачуццём любові, добрым чалавечым шкадаваннем, нават досціпам. Гэта дазволіла эпіграме пазней з мемарыяльнага функцыянавання перайсці ў самастойны жанр літаратуры.

Эпіграма паступова багацее новым зместам. Факт саступае месца філасофскаму роздуму над існасцю чалавечага жыцця. Паэт ужо меў магчымасць выказаць сваю адзіную думку як мага арыгінальней, ён імкнуўся надаць асаблівае значэнне канцоўцы. У эпіграме павінна была абавязкова быць нечаканая развязка, соль самой эпіграмы ці па латыні - клаўзула. З цягам часу сам жанр набывае сатырычны адценак, элементы жартоўнага. Добры ўзлёт эпіграма атрымала дзякуючы геніяльнаму Марцыалу.

Трэба, аднак, адзначыць, што шлях эпіграмы не быў гладкім і роўным. Былі ў яе і ўзлёты, і падзенні. Так, з развіццём хрысціянства, з узнікненнем цэркваў і манастыроў “слова божае" пацясніла сатырычную эпіграму і зусім пазбавіла яе існавання.

Другое жыццё эпіграма атрымала дзякуючы пісьменнікам еўрапейскага Адраджэння. Што да беларускай эпіграмы, то яна, як і руская, узнікла значна пазней. Але глеба для яе ўзнікнення была самая выдатная - яе падрыхтаваў сам фальклор.

У народнай прыпеўцы, жарце было заўсёды тое, што і сёння ўласціва эпіграме як літаратурнаму жанру. Гэта - і лаканічнасць, і вастрыня, і дасціпная ўсмешка, а то і падтэкст, які потым атрымаў шырокае распаўсюджванне і ў лірычным жанры.

Наш народ заўсёды славіўся нечаканым вострым словам на самы розны выпадак. Тут варта прывесці толькі некалькі прыкладаў: “Уцёк я тады, каб не ўцёк, то даў бы ім дыху"; “На адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты”; “Гаворыць як у торбу кладзе".

Першы літаратурны вопыт рускай эпіграмы знаходзім у нашага земляка Сімяона Полацкага, запрошанага царом Аляксеем Міхайлавічам на жыхаства ў Маскву. А ўласна беларускія вострыя сатырычныя матывы з элементамі эпіграмічнага прасочваем у ананімнай паэме “Тарас на Парнасе". Але паўнакроўнае літаратурнае жыццё беларускай эпіграмы пачынаецца ад Купалы, Коласа, Багдановіча.

Варта зазначыць, што ў развіцці беларускай эпіграмы заўсёды існавала пэўная стыхійнасць. А адценні яна заўсёды мела і палітычныя, і бытавыя, як таго вымагалі і момант, і жыццё. Сённяшняя эпіграма часта нараджаецца як ржакцыя на нейкі твор, з’яву або недахоп у літаратурным працэсе, як шарж, часта сяброўскі, на самога творцу. А часцей яна ўзнікае як экспромт у нейкім застоллі, у добрай сябрыне ці ў дарозе.

Як не дзіўна, да эпіграм часта звярталіся не толькі слынныя паэты. Вершаванымі жартамі-экспромтамі сыпалі і многія іншыя нашыя славутасці. Вядома, што багата эпіграм трымаюць у сваёй памяці сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, вучоны Ромаш Лядаховіч-Тамілін. Пісалі эпіграмы і празаікі. Многія з нашых паэтаў маглі б пацягнуць на цэлыя зборнікі гэтага жанру. Тут маюцца на ўвазе Рыгор Барадулін, Максім Лужанін, Ніл Гілевіч.

Добрая кніга эпіграм ёсць у літаратурнай спадчыне таленавітага Анатоля Вялюгіна. І яна чакае свайго часу. Таму невыпадкова ўжо даўно выспявала думка аб выданні анталагічнага зборніка беларускай эпіграмы. У іншых краінах такія выданні ўжо даўно прыйшлі да свайго чытача.

У зборнік беларускіх літаратурных эпіграм, які быў выдадзены яшчэ ў 30-я гг. ХХ стагоддзя была ўключана, напрыклад, такая эпіграма Цішкі Гартнага на Міхася Чарота:

Скажы, Марына, сваё слова,

Паведай нам, бо знаць ахвота, -

Ці жджэш яшчэ ты песні новай

І стрэчы новай ад Чарота?

У сучасным зборніку беларускіх эпіграм аўтарамі ўключаныя вядомыя ў шырокіх літаратурных колах эпіграмы, а таксама тыя, што з’явіліся толькі нядаўна на старонках нашага друку. У асобныя раздзелы ў згаданым зборніку вылучана і ўсё тое лепшае з народнага досціпу, што мае эпіграмічны характар.

Такім чынам, у нашым сённяшнім, часта неўладкаваным жыцці, матэрыялу для эпіграмы больш чым дастаткова. Таму, можна пажадаць паспяховага развіцця гэтаму літаратурнаму жанру.

Глава ІІ. Пародыя і эпіграма ў беларускай літаратуры

2.1 Працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя

На пачатку ХХ стагоддзя парадыяванне як спосаб сатырычнай тыпізацыі вявілася не толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Прыкладам вострай празаічнай пародыі, дзе перададзены водгукі тагачаснай дыскусіі па нацыянальна-палітычных і літаратурных пытаннях паміж прадстаўнікамі прагрэсіўнага і рэакцыйнага чарнасоценнага друку, з’яўляецца апавяданне Ядвігіна Ш. “Пратэст". Напісана яно ў форме адкрытага ліста ў рэдакцыю “Нашай нівы” ад імя вясковых сабак Лыскі, Разбою і Жука. Сабакі выказваюць пратэст супраць таго, што нібыта ў названай газеце часта ўпамінаецца слова “брахня" ў дачыненні да рэакцыйных пісьменнікаў, якія распаўсюджваюць выдумкі і “лгарства" за грошы. Яны не могуць пагадзіцца з гэтым, на іх думку, брэшуць толькі сабакі. Далей аўтары ліста агаворваюцца, што і сярод сабак бываюць правакатары і ляпайлы, але з імі брахуны нічога агульнага не маюць і, у адрозненні ад людзей, з такімі не вітаюцца і грошы такім не плацяць.