Смекни!
smekni.com

Паэма А.А. Куляшова "Cцяг брыгады" (стр. 1 из 3)

Установа адукацыі

Магілеўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова

Кафедра беларуская літаратуры

Рэферат

Паэма А.А. Куляшова “Сцяг брыгады”

Магілеў 2007

Творамі незвычайнай лірычнай сілы і духоўнай ёмістасці сталі ваенныя вершы і балады Куляшова, яго паэма «Сцяг брыгады». Драматычныя, нават трагічныя — як і час, у які яны ствараліся, — яны валодалі велізарнай духапад'ёмнасцю, яны гаварылі кожнаму сэрцу, што такое Радзіма, свабода, родны краявід і матчына мова, з чым жыць і як змагацца.

У першыя дні вайны Куляшоў, знаходзячыся ў Мінску, на свае вочы бачыў бамбёжкі, разбурэнні. Бачыў, як гарэў той дом, у якім яны калісьці жылі разам з Таўбіным і Астапенкам і ў якім ён разам з Антонам Бялевічам начаваў перад гэтым, прыехаўшы з Хоцімска. Давялося пакінуць родную Беларусь, перажыць разам з многімі савецкімі людзьмі горыч адступлення. Пешкі дабіраўся паэт да Оршы, адтуль — поездам у Калінін, дзе ўступіў у рады Савецкай Арміі. Быў накіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам, а з яго — у армейскую газету «Знамя Советов».

У народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі захавалася некалькі пісем Куляшова ваеннага часу. У адным з іх — даволі падрабязны расказ паэта пра гэты свой шлях на ўсход. 3 дазволу Пімена Емяльянавіча цытуем гэта пісьмо.

«16.1.42 г. Дарагі Пімен! Нядаўна паслаў табе паштоўку, дазнаўшыся, што ты ў «За Савецкую Беларусь», і раптам такая нечаканасць — ліст ад самаго цябе. Ну, братка, лепш ты і прыдумаць не мог. Сёння твой ліст для мяне — падзея. Думаю, што ваяка Айзік (Алесь Кучар — В. Б.) таксама мне напісаў і я ў хуткім часе буду мець яшчэ адну радасць.

Як бачыш — працую я ў «Знаменн Советов», у газеце табе вядомай. Доўгі час я не ведаў, дзе ты, пісаў на імя Лешчынера, але адказу не атрымаў да гэтага часу.

Прыблізна 1 ліпеня ў Оршы я меў гонар чытаць твой верш на рускай мове ў «Красноармейской правде», мне нават запомніўся адзін радок: «до пули последней в стволе». Так, здаецца? Я тады вельмі зайздросціў табе, бо яшчэ не ведаў, што будзе ўперадзе, адзін, без сяброў, у цяжкі для краіны час. Мне тады вельмі хацелася быць з сябрамі, прынамсі з табою.

Але раз ужо ўдарыўся я ў лірыку ўспамінаў, то мушу апісваць усё па парадку. Ты, мусіць, ведаеш ці чуў, што перад падзеямі я бьў у Хоцімску, а жонка мая з дзецьмі ў доме_адпачынку ў Пухавічах. У першы ж дзень я пайшоў у райком партыі, адтуль ехала легкавая машына да станцыі — такім чынам я выехаў з Хоцімску і паехаў у Мінск. Жонку і дзяцей не застаў — яны выехалі ў Хоцімск. Прыехаўшы, адразу пазваніў Міх. Лынькову, ён паабяцаў мне ўзяць мяне да сябе ў «Красноармейскую пр[авду]». Абяцанкі цацанкі, а дурному радасць — у рэдакцыю ўзяты быў іншы чалавек, а мне вельмі далікатна сказана было, што штаты перапоўнены. (...)

Карацей кажучы, апынуўся я на шасэ Мінск — Орша, ішоў разам са Шведзікам і яго жонкай. Потым нас дагнаў Ц., а яшчэ далей— яны селі на грузавік, а я пайшоў пешкі, па дарозе заходзячы ў раённыя ваенкаматы. Там я сустрэўся і з работнікамі свайго Мінскага ваенкамата. Потым ехаў у эшалоне з Оршы. Потым

цудам трапіў у газету. Вось уся гісторыя. Працую ў «Знамени Советов», ужо шэсць месяцаў. За гэты час напісаў багата вершаў, заставак, шапак. Але вершы паруску пішу, бо пісаць беларускія няма часу. Пасылаю табе тры вершы з апошніх. Вядомая рэч, ты з прыемнасцю яшчэ большай чытаў бы мае беларускія вершы, калі б яны былі. Ну, нішто, пасылаю табе пакуль што палову радасці і прыемнасці. Вельмі цікава ведаць мне тваю, Максімаву (Максіма Танка.— В. Б.) і Алесеву (Кучара.— В. Б.) думку наконт іх. Вершы, мне здаецца, па зместу свайму беларускія. Ведаеш, Пімен, вельмі хацелася б мне, як вам, пісаць па-беларуску, у беларускай газеце друкаваць вершы, шапкі, вокны і г. д., але ж, на жаль, гэта не ад мяне залежыць. (...)

Я вельмі рад за Максіма Танка, яму, мусіць, таксама давялося перажыць не менш, чым мне і табе. Рад, што ён разам з намі ўсімі. Горача цісну яму руку і жадаю поспехаў.

Вельмі прасіў бы, Пімен, цябе і Максіма прыслаць мне свае вершы апошнія, лепшыя на вашу думку, для мяне гэта было б не меншай радасцю, чым Вашы пісьмы.

Яшчэ раз цісну руку Кучару, Максіму, не кажучы ўжо пра цябе.

Перадай прывітанне Петрусям (Броўку і Глебку.— В. Б.) і ўсім нашым. Напішы мне, хто яшчэ працуе ў вашай газеце.

Ну, усяго добрага. Пішы, не лянуйся.

Ар. Куляшоў.

Р. С. Я цяпер лічуся палітруком (...)»

Усё перажытае, выпакутаванае ў тую пару вылілася ў паэму «Сцяг брыгады».

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,

Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.

Міма дрэў, міма дрэў

Усю ноч я ішоў,— за спіною

Родны горад гарэў,

I не ведала сэрца спакою.

Асабістыя ўражанні, убачанае ў Мінску і па дарозе на Оршу, ўвайшло ў твор.

I роспачныя дні адступлення, і трывога за сям'ю...

З'яўленне паэмы стала падзеяй ва ўсёй савецкай паэзіі. Куляшоў здзейсніў подзвіг, стварыўшы паэму такой грамадзянскай і мастацкай вартагці ў неспрыяльных умовах. Вайна, яе цяжкія ўмовы, можна лічыць, асабліва перашкаджалі працы над вялікімі паэтычнымі творамі. Засяроджанасць, паглыбленасць і нават проста цвёрды парадак жыцця, якія неабходны для працы над шматпланавым творам, якраз часцей за ўсе і адсутнічалі на вайне.

Аб тым, як выспявала задума паэта, як выкрышталізоўваўся сюжэт паэмы «Сцяг брыгады», можна прачытаць у некалькіх інтэрв'ю, узятых у Куляшова ў розны час карэспандэнтамі рэспубліканскіх і ўсесаюзных выданняў. Найбольш поўна творчая гісторыя паэмы расказана У. Міцкевічам_у кнізе «Аркадзь Куляшоў у школе» на аснове запісу гутаркі аўтара з паэтам ад 12 кастрычніка 1974 года.

«Задума напісаць. твор аб вернасці Радзіме, воінскаму сцягу ўзнікла ў першыя ваенныя месяцы. Але рашэнне звязаных з гэтым праблем прыйшло не адразу. Асацыяцыі былі фрагментарныя, раскіданыя, неакрэсленыя. А трэба было даць цэласную мастацкую карціну гераічнай барацьбы савецкага народа з фашысцкім нашэсцем...

Рэалізацыя задумы прыйшла нечакана. Выло гэта ў 1942 г. У рэдакцыю франтавой газеты, дзе працаваў літработнікам, аднойчы накіравалі групу так званых акружэнцаў», таксама работнікаў франтавых газет з іншых вайсковых часцей. Ад гэтых людзей, якім пашанцавала вырвацца з пекла варожага акружэння, я пачуў шмат гераічных эпізодаў, звязаных з выратаваннем сцяга вайсковай часці, расправай са здраднікамі ў тыле ворага, шляхамі і метадамі выхаду з акружэння (ішлі толькі ноччу, трымаючыся ручаёў, рэк)...

Усё гэта, разам узятае, і многае іншае, убачанае і перажытае, канчаткова высветліла задуму паэмы, напоўніла яе канкрэтным ідэйна-мастацкім зместам, прадвызначыла форму». Правобразам Заруднага ў паэме паслужыў у пэўнай ступені член Ваеннага Савета 11-й арміі камісар I. В. Зуеў. Паэма была напісана за сорак дзён. У лісце ад 3 лістапада 1942 г. Куляшоў пісаў Пімену Панчанку: «На жаль, вершаў даслаць вам не магу, бо не пісаў, бо працаваў над паэмай, якую і закончыў 20 кастрычніка. Паэма аб айчыннай (вайне на Беларусі, называецца «Сцяг брыгады», памерам за 2000 радкоў. Пасля 25 гадавіны (Кастрычніка.— В. Б.) павязу яе ў Маскву, дзе і прачытаю яе хлопцам. Паслаць яе вам — то вы ж яе не надрукуеце — зашмат. Добра было б, каб ты пад'ехаў у Маскву таксама, у Маскве я буду да 20 лістапада». I вось у снежні 1942 года ў Маскве ў кватэры А. Твардоўскага Куляшоў прачытаў сваю паэму групе пісьменнікаў. «Першапачатковае знаёмства з гэтай рэччу — адзін з самых яркіх і дарагіх для мяне літаратурных успамінаў ваеннага часу»,— пісаў пазней А. Твардоўскі ў артыкуле «Паэма «Сцяг брыгады». Гэта — у артыкуле. Але захаваліся яшчэ і радкі, якія не ўвайшлі ў артыкул. Мы можам прачытаць іх у публікацыі М. I. Твардоўскай: «...маленькі капітан», як мы называлі Куляшова, якому пры яго наогул вельмі маладых гадах і невялікім росце светлы, высокі і па-дзіцячаму чысты лоб надаваў яшчэ хлапечы выгляд, дастаў і прыстроіў у сябе на каленях ладны рукапіс, перапісаны ім ка машынцы, дзе не хапала многіх знакаў, і таму ён стракацеў прастаўленымі ад рукі літаркамі. 3 прыемнай нетаропкасцю, хоць і не без хвалявання, ен згарнуў і закурыў незвычайна тоўстую і доўгую папяросу, якая надавала нешта троху камічнае, троху кранальнае ўсёй яго хлапечай паставе. I пачаў чытаць нягучным, марудлівым, як у яго звычайнай гаворцы, і толькі ледзь-ледзь больш напеўным голасам:

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,

Родпы Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны».

(Гл.: Неман, 1980, № 9, с. 120).

Яшчэ адзін доказ, наколькі моцна ўразіла паэма Твардоўскага, калі ён так дэталёва занатаваў яе падрабязнасці.

Паэма стала пранікнёным, горкім і пафасным словам аб цяжкім ліхалецці і вялікай народнай барацьбе, аб тым напружанні сіл народных і незвычайным уздыме народнага духу, дзякуючы якім савецкая краіна перамагла ў Вялікай Айчыннай.

Паэма «Сцяг брыгады», суровая і гераічная, мужная і стрыманая, раскрывае нам велізарны свет духоунага жыцця беларускага народа ў гады вайны. Мастацкія далягляды гэтай паэмы надзвычай шырокія. У эмацыянальным і мастацкім ладзе паэмы актыўна дзейнічаюць разнаетайныя стылёвыя элементы — ад народнай гутаркі і выслоўя да ўзнёслай публіцыстыкі, ад традыцыйных фальклорных тропаў да наватарскіх прыёмаў індывідуальнай паэтыкі, ад стылізацыі народнай песні і сказа да прамых апісанняў падзей.

Тут — усё, што прыйшло на Беларусь разам з вайною. Гора і трывога, пакутлівае адступленне, гартаванне веры і ўпэўненасці, цяжкі боль ростані з блізкімі, вымушанае развітанне з роднай зямлёй, асаблівая любасць да ўсяго, на што пасягае, што збіраецца забраць вораг,— да роднай мовы (усе народныя выслоўі, прьігаворкі, фальклорныя звароты да птушак, ручая, дрэў аблашчаны і сагрэты любоўю аўтара, яны нібы выконваюць у паэме не толькі эстэтычныя, але і патрыятычныя функцыі), да роднай прыроды, што хавае байцоў ад чужынцаў да беларускай песні, змест якой усёй сваёй духоўнай сілай супрацьстаіць варожай навале, да народных паданняў... Усё, чым жыў беларускі народ, яго працоўны матэрыяльны побыт і ўсе яго духоўныя багацці, звычаі, традыцыі, абрады — у непрымірымай варожасці з фашысцкім нашэсцем.