Смекни!
smekni.com

Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты (стр. 10 из 11)

2.4 Аповесць «Адшчапенец»: праблемы агульначалавечага быцця

Аповесць «Адшчапенец» была напісана Якубам Коласам ў 1930–1931 гг., у той час, калі ў краіне адбываўся бурны працэс перабудовы сельскай гаспадаркі. Яна стала важным этапам у эстэтычным асваенні сучаснасці.

Прасторы жыцця, новыя далі, дарога – гэта атрыбутыка ранейшага перыяду творчасці Коласа на свой лад паўтараецца ў аповесці «Адшчапенец». Ён ведаў, што змены балюча закранаюць інтарэсы сялянства, якое столькі часу чакала сваёй зямлі, роднага кутка, а таму не можа адразу ступіць на новы шлях, рашуча адмовіцца ад традыцый бацькоў-дзядоў.

Гэты твор складаецца з 36 частак. Ён прысвечаны калектывізацыі і адлюстроўвае драматызм яе правядзення для вёскі. У першым аўтарскім варыянце аповесць была востраактуальна для свайго часу і выходзіла на праблемы агульначалавечага быцця, апярэдзіўшы ў некаторых важных аспектах асэнсавання тагачасных падзей "Паднятую цаліну" М. Шолахава і "Краіну Муравію" А. Твардоўскага.

У асабiстым лёсе Я. Коласа новая аповесць таксама адыграла пэўную ролю; яна паказала поўную беспадстаўнасць i надуманасць папрокаў яе аўтару ў нежаданнi крочыць разам з сучаснасцю.

Першыя раздзелы аповесці вытрыманы ў стылявых традыцыях сацыяльна-аналітычнай прозы, найбольш дасканалыя ўзоры якой даў іменна Колас сваімі апавяданнямі, «палескімі аповесцямі». Глыбіня асэнсавання пісьменнікам рэальнага жыццёвага матэрыялу яскрава праяўляецца ў будове сюжэта. У пачатковых раздзелах мы бачым не голую падзейнасць, а глыбока прадуманае спалучэннне з’яў і расстаноўку герояў. Аўтар не абмяжоўваецца добрасумленным узнаўленнем цікавага здарэння, узятага з практыкі чалавечага жыцця. Ён спрабуе паставіць адзінкавы факт у сувязь з іншымі з’явамі бытавога, грамадскага характару, імкнецца адшукаць сацыяльную аснову падзей і чалавечых паводзін. Асэнсаванне складаных, супярэчлівых падзей, звязаных з працэсам рашучай перабудовы вёскі, арганічна зліваецца з роздумамі пісьменніка над лёсам працоўнага сялянства, яго сацыяльна-грамадскай актыўнасцю, роздумамі над самабытна-нацыянальнымі асновамі народнага жыцця і іх захаваннем у перыяд карэннага абнаўлення бытавога, эканамічнага ўкладу працоўнай вёскі.

Матыў глыбока філасофскіх роздумаў выразна гучыць у першых раздзелах твора – у пейзажнай замалёўцы. I зроблена гэта тонка, з пачуццём меры. Вобраз стыхіі, неўтаймаванага ветру, які руйнуе старыя межы, старое аблічча сялянскіх палеткаў, «сцірае ўсякія сляды і знакі аднаасобнай гаспадаркі» аказаўся надзвычай удалым лірычным зачынам. Гэты вобраз выклікае багатыя ідэйна-сэнсавыя асацыяцыі, а іменна: што ў перспектыве нясе рашучая перабудова вёскі, як яна будзе спалучацца з захаваннем непаўторнай адметнасці, глыбіннай асновы народнага жыцця? З добрай усмешкай, з лёгкім гумарам гаворыць аўтар пра забіяку-вецер, які асабліва не ўпадабаў двор селяніна Пракопа. Мо таму, што сядзіба гэта крыху вытыркала з рада другіх, як і сам яе гаспадар, чалавек своеасаблівы, няпросты, як можа здацца спачатку. Ён і сапраўды «вытыркае» з рада аднавяскоўцаў.

Адметнасць, складанасць характару героя адпаведна прадвызначае і складанасць будовы твора. Колас паказвае селяніна, які ў супрацьлегласць пэўнай, пераважна бяднейшай частцы вёскі, непрыхільна ставіцца да калектывізацыі. Сацыяльна-грамадскія, унутрана-псіхалагічныя вытокі паводзін Пракопа, яго адносіны да новых форм гаспадаркі выклікаюць самую пільную ўвагу з боку аўтара. У паводзінах селяніна-серадняка многае тлумачыцца нечаканасцю, раптоўнасцю пераходу да новага, нязвыклага. Аднак тут важна бачыць і тыя новыя аспекты ў Коласавай трактоўцы героя, аспекты, якія амаль што не закраналіся ў тагачаснай беларускай прозе.

Герой аповесці незадаволены абыякавасцю, з якой пэўная частка сялян успрымае пераход да калектыўнай гаспадаркі. Уражаны тым, як некаторыя сяляне рыхтуюцца ўступіць у новае жыццё, Пракоп з сапраўднай заклапочанасцю працоўнага чалавека, з болем у сэрцы гаворыць: «Усім стала весела. Работу пакідалі. А Марыніч, дык той зараз цэлага япрука прыкончыць. Такое зажарвае смажэнне, што ўсіх тхароў з ваколіцы пасцягвае сюды... П’юць, гуляюць, як перад пустым канцом, прагульваюць і зводзяць гаспадаркі»[11, с. 100]. Пракоп не лічыць сябе абаронцам старога, аджылага, прадстаўніком мінулага часу, учарашняга дня. Сваім неспакоем, сумненнем і трывогай Пракоп даказвае, што ён чалавек сённяшняга і яго клопаты і роздумы аб будучым. Тут важна падкрэсліць, што з самага пачатку аўтар глядзіць на героя як на патэнцыяльнага калгасніка, які не хоча жыць розумам іншых.

Пісьменнік паказвае, што ў рашэнні Пракопа «пайсці ў людзі» былі і пэўная разгубленасць, і неразуменне гістарычнай перспектывы. Погляд яго і настрой не супадалі з адносінамі да калгаса бяднейшай часткі сялянства, якое ў пераходзе да новых форм гаспадарання бачыла адзіны паратунак ад беднасці і цемры. Аднак аўтар звяртае ўвагу не толькі на гэты бок. Ён падкрэслівае, што ў пазіцыі Пракопа, у яго поглядах было тое, што адсутнічала і ў Марыніча і ў Нічыпарука, якія першымі запісаліся ў калгас. Марыніч, звёўшы ўласную гаспадарку, на сходзе «сядзіць сабе з выглядам нявіннага дзіцяці ды слухае». А Пракоп Дубяга не хоча быць падобным да Марыніча і Нічыпарука. Прымаўка «Што міру, тое і бабінаму сыну» для героя аповесці ў даным выпадку не падыходзіла.

Галоўны герой аповесцi, не прымаючы надыходзячых у вёсцы перамен, кiдае наседжанае месца i адпраўляецца ў дарогу. Пракоп Дубяга выбiраецца ў невядомую дарогу, каб не быць перашкодай на шляху жонкi i дзяцей. I мае рацыю М. Мушынскi, якi сцвярджае, што ў вобразе Пракопа Я. Колас паказвае чалавека-працаўнiка, гаспадара жыцця, iмкненнi якога скiраваны не ў мiнулае, а ў будучае, таму з такiм непакоем, трывогай i клопатам адносiцца ён да ўсяго таго, што адбываецца на яго вачах [3, с. 113]. Сапраўды, якi-небудзь Марынiч без усялякiх роздумаў першы запiшацца ў калгас, бо ён ужо «падрыхтаваўся», звёў на нiшто ўласную гаспадарку, а Пракоп гэтага не можа зрабiць, бо нажытая iм за доўгiя гады гаспадарка – часцiна Яго самога, адкiнуць цi тым больш знiшчыць яе ён не можа.

Вандроўнiцтва Пракопа аказалася нядоўгiм. Прывыкшы з маленства да штодзённай працы, герой не мог без яе ўявiць сваё iснаванне. Таксама недарэчнай здавалася яму i перамена прафесii, бо ён па сваёй натуры, па прызваннi хлебароб i ўласны жыццёвы абавязак бачыў у тым, каб вырошчваць хлеб, кармiць сябе i iншых. Пракопу неўзабаве стала страшна за бязмэтнае бадзянне. Каб не зганьбiць сябе перад iншымi, Дубяга прыдумвае сабе мiсiю дэлегата, якому нiбыта аднавяскоўцы даручылi пазнаёмiцца з жыццём i парадкамi ў калгасе.

Якуб Колас з самага пачатку глядзіць на Пракопа як на будучага калгасніка, якому, аднак, трэба да ўсяго дайсці самастойна, каб з лёгкім сэрцам узяць на сябе ўсю паўнату адказнасці за будучае працоўнай вёскі. Колас верыць у свайго героя, у яго здольнасць убачыць жыццё ў глыбінным разрэзе. Пакуль «упарты нехацімец» не выходзіў за межы матэрыяльна-бытавой, гаспадарчай сферы, яго ўяўленні аб узорным калгасе толькі ўмацоўваліся. Эканамічна-гаспадарчы аспект вытрымаў праверку на годнасць ідэальнага.

Калі ж герой у час знаходжання ў калгасе сутыкнуўся з больш складанымі з’явамі, з праблемамі маральна-этычнага характару, ён убачыў, што сістэма новай, калектыўна арганізацыі жыцця і працы яшчэ не дасканалая, яна мае пэўныя ўпушчэнні, хібы. Гэта думка раскрываецца праз сюжэтную лінію вясковага муляра Лапко, чалавека добрага па натуры, муляра-мастака. У раздзелах, якія апавядаюць пра Лапко, узмацняецца драматызм, сюжэтнае развіццё пераводзіцца ў іншую эмацыянальную танальнасць, у рамкі аповесці-роздуму, аповесці-спрэчкі пра чалавека і яго прызначэнне, пра сутнасць нашага жыцця на новых, калектывісцкіх асновах. Унутраны пафас апошніх частак аповесці – у абароне гуманізму, чалавечнасці, у абуджэнні палітычнай, грамадскай свядомасці, сацыяльнай актыўнасці працоўных мас, у закліку да сапраўднай гарманізацыі практычнага і духоўнага. Матыў роздумаў аб жыцці і чалавеку, аб суаднесенасці утылітарнага і духоўнага, згодна з унутранай логікай развіцця аўтарскай думкі, непазбежна павінен быў выйсці на першае месца, набыць шырокае мастацкае абгрунтаванне, замацаваць той пачатак, які рабіў аповесць «Адшчапенец» глыбокім сацыяльна-аналітычным творам.

Доўгi час пiсьменнiка папракалi, быццам бы такiх калгасаў, як паказаны iм «Хваля рэвалюцыi», у той час яшчэ не было. Папрокi як быццам i мелi пад сабой падставу, бо адкуль бы з’явiцца iдэальным калгасам, калi калектывiзацыя толькi пачыналася. Усё гэта так i адначасова не зусiм так. Аўтар аповесцi паказвае калгас, у якiм апынуўся яго герой, з пункту погляду тых iдэалаў, якiя iснавалi ва ўяўленнi перадавых колаў тагачаснага грамадства. Такiх калектыўных гаспадарак яшчэ не было, але арганiзатары iх, а адначасова i пiсьменнiк, спадзявалiся, верылi, што яны будуць. Вось гэту мару Я. Колас i ўвасобiў у аповесцi як iснуючую рэальнасць.

У творы прыкметнае спачуванне да «серадняка» Пракопа Дубягі, які сыходзіць з дому, каб толькі даведацца, што такое калектыўная гаспадаранне. Крытыка, расцэньваючы новы твор Коласа як мастацкую няўдачу, збольшага мела рацыю. Сапраўды атрымлівалася ўтрыраваная карціна рэчаіснасці: «Серадняк Пракоп сытна паабедаў у калгасе, пасля абеду смачна адпачыў, па словах аўтара, «пагладзіў тугі, як барабан, жывот», пазнаёміўся са шчаслівым і сытым жыццём калгасніка, папарыўся ў добрай лазні, пап’янстваваў у кулака разам з мяккацелым рабочым-падкулачнікам і ... звярнуўся ў вёску ўжо ў якасці агітатара на карысць калгаснага будаўніцтва: з Саўла зрабіўся Паўлам». Якуб Колас разумеў недахопы свайго твора. Прычын жа няўдачы было некалькі: вузкасць пастаўленай задачы, паспешлівасць у яе ажыццяўленні, голая кан’юнктурнасць задумы. Але самае, бадай, галоўнае: Колас, які цудоўна ведаў сялянскую натуру, чамусьці паверыў у тое, што жыццё і праца ў калектыве для яго на самай справе дабро.