Сказанным абумоўлена стылёвая адметнасць аповесцi. Мастацкi паказ жыцця калгаса спалучаецца з публiцыстычнай апiсальнасцю, а вобразы людзей паўстаюць як увасабленнi агульных разуменняў добрага i благога. Калгаснiкi намаляваны выключна светлымi, яркiмi фарбамi. Затое для пасялкоўцаў пiсьменнiк не пашкадаваў цёмных i хмурых. Калiсьцi яны жылi ў адной вёсцы, нават сябравалi, а пазней злачынствам сталi лiчыць таварыскiя сустрэчы. Было i такое ў тыя бурныя гады, i пiсьменнiк аказаўся простым рэгiстратарам фактаў.
У артыкуле “Як я пiсаў аповесць «Адшчапенец» Я. Колас аспрэсчвае «блытаныя, супярэчлiвыя, а часамi проста прадузятыя» заўвагi крытыка М. Пiятуховiча аб аповесцi, адхiляе яго папрокi за “ўхiл у бок шкоднага гуманiзму» i скажэнне калгаснай рэчаiснасцi. Недахопы твора Я. Колас тлумачыць «у значнай меры ўрывачнасцю i спешнасцю работы над аповесцю. Аўтар павiнен прыняць за правiла – я маю на ўвазе не толькi самога сябе – не тарапiцца здаваць у друк свае творы. Лепш, калi яны паляжаць у яго некаторы час, а пасля гэтага iх трэба вельмi ўважна прачытаць i строга аднесцiся да кожнага радка свае работы» [7, c. 207].
У гэтым жа артыкуле Я. Колас раскрыў і гiсторыю напiсання твора. Апавяданне пра селянiна, што сышоў з дому, каб не ўступаць у калгас, аўтар пачуў ад «аднаго вядомага беларускага пiсьменнiка». Гэты апiзод прыцягнуў да сябе ўвагу Коласа, якi намерваўся скарыстаць яго як сюжэт апавядання. «Першыя шэсць раздзелаў аповесцi i замыкаюць яго… Але ў такiм афармленнi ён болей шкодзiў, чым спрыяў самой iдэi калектывiзацыi. Цiкавiла мяне таксама i пытанне аб лёсе гэтага селянiна. Куды ён пайшоў? Што магло здарыцца з iм? Як мог пераламацца ў яго псiхiцы далейшы ход падзей?» Аўтар меркаваў павесцi свайго героя «па цэламу раду калгасаў i саўгасаў, накiраваць яго ў гарады, паказаць яму сацыялiстычнае будаўнiцтва ў розных «формах», але з-за недахопу часу, а таксама ўступаючы патрабаванням вульгарна-дагматычнай крытыкi, якая вымагала водгуку на падзеi, не цiкавячыся глыбенёй асэнсавання тэмы, – Я. Колас звузiў рамкi першапачатковага плана. А гэта адмоўна адбiлася на творы: мастацкi паказ часта падмяняецца простым пераказам ад аўтара, характары герояў глыбока не раскрыты [7, c. 200].
Такім чынам, прааналізаваўшы творы Якуба Коласа 20–30 гадоў, мы прыйшлі да заключэння, што пісьменнік глыбока ўсведамляў сваё прызначэнне як мастака. Галоўнымі аб’ектамі адлюстравання ў яго творах становяцца новыя сферы жыцця, новыя бакі грамадскай практыкі чалавека.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Якуб Колас належыць да лiку тых выдатных мастакоў слова, з iменем якiх звязваецца iмклiвы рост нацыянальнай лiтаратуры.
Творчасць Якуба Коласа стала вытокам найвялікшых ідэйна-мастацкіх адкрыццяў і дасягненняў беларускай прозы, якую ён пачынаў выводзіць з зародкавага стану на еўрапейскі ўзровень. У творчасці Коласа ажыццявіўся сінтэз шматвяковых нацыянальных мастацкіх традыцый з культурнымі набыткамі чалавецтва. Беларуская літаратура ў яго паэзіі і прозе дасягнула сваёй творчай сталасці, пераадолела рэшткі правінцыйнасці і выйшла на сусветную арэну. Разам з Максімам Гарэцкім і Кузьмой Чорным Колас выводзіў нацыянальную прозу на шляхі рэалізму, узбагачаў яе мастацкую практыку і эстэтычную тэорыю творчымі набыткамі еўрапейскай літаратуры. Паэтычныя ідэалы агульнанацыянальнага маштабу ён змог натуральна злучыць з рэалістычным пафасам, выяўленым у імкненні пераадольваць негатыўныя вынікі паднявольнага становішча беларусаў як нацыі і ствараць паэтычную міфалогію беларускай рэчаіснасці.
Якуб Колас – геніяльны мастак слова, мастак непаўторнага бачання свету. Аналiз твораў Якуба Коласа 20–30-ых гадоў дае магчымасць нам вылучыць яскравую прымету яго творчага аблічча – аналітызм, рэалістычнае светабачанне. У даследаванні чалавечых характараў пiсьменнiк ішоў ад канкрэтнага факта да шырокіх абагульненняў, што патрабавала ўвагі да кожнай драбніцы. Праз малюнкі побыту, характары дзейных асоб, вострыя сацыяльныя канфлікты аўтар імкнуўся выявіць грамадскія тэндэнцыі часу, адлюстраваць гістарычна значныя зрухі ў жыцці.
Самабытны талент Я. Коласа найбольш поўна, на нашу думку, раскрыўся ў трылогіі «На ростанях», у якой, як і ў ранейшых апавяданнях, пісьменнік востра паставіў надзённыя маральна-этычныя пытанні, псіхалагічна тонка даследаваў жыццё чалавека.
Проза Якуба Коласа ў найлепшых сваіх узорах спалучае ў сабе розныя жанрава-стылёвыя адзнакі літаратуры – паказ і раскрыццё, мастацтва і публіцыстыку, выяўленне і адлюстраванне. А найбольш яскравым доказам гэтага служыць трылогія «На ростанях», дзе відаць і вонкавы, «падзейны», і чалавечы, «асабовы», планы жыцця, узятага ў вельмі напружаных сацыяльна-псіхалагічных вымярэннях. Тут чалавек, асабліва Лабановіч, вылучаецца ў вельмі складаных, крытычных сітуацыях, якія дазваляюць бачыць яго наскрозь.
Якуб Колас значна пашырыў выяўленчыя магчымасцi беларускай лiтаратуры, стварыў вобразы шырокiх абагульненняў. Андрэй Лабановiч, Сцяпан Барута i iншыя ўвайшлi ў нашу свядомасць як жывыя сучаснiкi i паплечнiкi, значна пашырыўшы кола нашых жыццёвых уяўленняў. У сваiх творах пiсьменнiк увасобiў найважнейшыя рысы грамадства на пэўным яго этапе. У стварэннi характараў-тыпаў заключаецца адна з найважнейшых заслуг пiсьменнiка.
Такім чынам, Якуб Колас у сваіх творах («На ростанях», «На прасторах жыцця», «Крывавы вір», «Адшчапенец») выявіўся не проста апавядальнікам-інфарматарам, а і мастаком, здольным стварыць псіхалагічны партрэт героя свайго часу. I трэба адзначыць, што канкрэтызаваны праз яскравыя дэталі, псіхалагічна заглыблены вобраз беларуса раскрываецца ва ўсіх творах пісьменніка. Нярэдка кантраставыя супастаўленні традыцыйнага, беларускага, з нязвыкласцю абставінаў і ствараюць тую ўнутраную спружыну, што забяспечвае рухомасць, здавалася б, ардынарнага сюжэта.
У пошуках феномена нацыянальнага характару пiсьменнiк выкарыстоўваў гiстарычную эпоху для праекцыi сучаснасцi i мiнулага. Ён добра ўсведамляў, што ад глыбiнi ўзнятых гiстарычных пластоў, шырынi iх распрацоўкi , таксама як i ад асваення праблем сучаснасцi залежыць узровень сталасцi айчыннай прозы. Творчасць Якуба Коласа 20–30-ых гадоў значна пашырыла жанравыя магчымасцi прозы, падрыхтаваўшы тым самым глебу для нараджэння новых празаiчных твораў.
Як бы высока мы ні ацэньвалі творчасць Якуба Коласа сёння, наступныя пакаленні скажуць сваё важкае і грунтоўнае слова, таму што з гадамі ўсё больш відавочна і больш глыбока будзе выяўляцца яе роля і значэнне ў грамадскім i эстэтычным развіцці нашага народа.
Складаная атмасфера 20 – 30- х гадоў не лепшым чынам адбілася на ідэйна – мастацкі змест прозы Я. Коласа. Самым “слабым” творам таго часу стала аповесць “Адшчапенец” . Аповесць “ На прасторах жыцця” на першы погляд здаецца чыста “маладнякоўскім” творам, але глыбокі падтэкст гэтага твора. Аўтар закранае ў ёй праблему расчалавечвання чалавека, паказваючы як з вясковага дзіцяці савецкая ідэалогія робіць актыўнага грамацкага дзеяча, які павінен быў вырачыся ўсяго святога.
А трэцяя частка трылогіі “На ростанях” паказала, што не мог пісьменнік пісаць тое, што хацеў і ў канцы 40 - х пачатку 50 – х гадоў. Але глыбокая думка мастака – аналітыка заключала сэнс у назве аповесці як і ў назве усёй трылогіі. Шмат чаго дабіўся ў жыцці Лабановіч, вырас палітычна, стаў актыўным грамадскім дзеячам, але ён усё яшчэ на ростанях, на раздарожжы, бо няма ў яго асабістага жыцця, няма сям’і, таму няма адчування поўнага жыцця.
СПIC ЛIТАРАТУРНЫХ КРЫНIЦ
1 Гальмакоў, Д.I. Раман i аповесць 20-х гадоў / Д.I. Гальмакоў, Л.С. Голубева // Беларуская савецкая проза. Раман i аповесць. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1971. – С. 20–83.
2 Беларускiя пiсьменнiкi i лiтаратурны працэс 20–30-х гадоў. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1985. – 328 с.
3 Мушынскі, М. Раман і аповесць 30-х гадоў / М. Мушынскi // Беларуская савецкая проза. Раман i аповесць. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1971. – С. 84–200.
4 Навуменка, I. Якуб Колас. Духоўны воблік героя / I. Навуменка. – Мінск : Народная асвета, 1982. – 208 с.
5 Пшыркоў, Ю.С. Летапiсец свайго народа: Жыццёвы i творчы шлях Якуба Коласа / Ю.С. Пшыркоў. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1982. – 367 с.
6 Александровіч, С. Калыска дум і натхнення / С. Александровіч // Тут зямля такая. – Мінск : Народная асвета, 1985. – С. 101–131.
7 Мушынскi, М.I. Якуб Колас. Летапiс жыцця i творчасцi / М.I. Мушынскi. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1982. – 543 с.
8 Бугаёў, Дз. Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа «На прасторах жыцця» / Дз. Бугаёў // Народныя песняры. – Мінск : БДУ, 1972. – С. 230–242.
9 Навумовіч, Уладзімір. Загадка Якуба Коласа: Пра эпіграф да аповесці «На прасторах жыцця» / Уладзімір Навумовіч // Роднае слова. – 2003. – № 10. – С. 101–103.
10 Навумовіч, Уладзімір. Праблематыка аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця»: новыя падыходы / Уладзімір Навумовіч // Роднае слова. – 2004. – № 11. – С. 31– 33.
11 Колас, Я. Збор твораў : у 14 т. / Я. Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975.
12 Карнялюк, К. Коласаўская канцэпцыя чалавека і сусвету ў трылогіі «На ростанях» / К. Карнялюк // Роднае слова. – 2002. – № 10. – С. 41–43.