Роздум пра сілу ці немач атэістычнага духу прыйдзе да героя пазней, калі ён убачыць адноўлены зруб і крыж на месцы "святога калодзежа". "Разбурыць трэба самую ідэю, а зруб і крыж – гэта што?" – падумаў Сцёпка і пайшоў далей"[11, с. 85]. Не жадаючы перабольшваць сказанае вялікім песняром, удакладнім, што пісьменнік пры ўсёй сваёй народнай мудрасці і глыбіні філасофіі застаўся летапісцам часу, паказваючы шлях моладзі ад стыхійнага бунтарства да свядомага ўдзелу ў перабудове роднага краю. Сцёпка Барута, пры ўсёй неадназначнасці натуры, усё ж з’яўляецца сынам свайго часу, народа, краіны. Ён не абмінуў ніводнага кроку на тых шляхах, якім прайшоў увесь беларускі народ.
Асабістая гісторыя Сцёпкі Баруты, мяркуе У. Навумовіч, гэта лёс дзесяткаў, соцень, тысячаў маладых людзей у пострэвалюцыйную эпоху. Але не гэта галоўнае.Заслуга пісьменніка-рэаліста Я. Коласа заключаецца, на нашу думку, у тым, што ён паказаў духоўнае сталенне моладзі, адыход ад нормы паводзінаў у грамадстве, скіраваў маладых на агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці.
Галоўны фронт змагання дабра з ліхам праходзіў праз лёсы, нямоцныя яшчэ характары маладых душ. Творца не даў гатовых рэцэптаў, хоць на першы погляд здаецца, што ён паказаў носьбітаў абсалютнай дабрачыннасці і ўласна нягоднікаў, такіх, адпаведна, як Сцёпка Барута і Марцін Шулевіч.
Каханне Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі – яркія і кранальныя старонкі аповесці. Я. Колас выдатна апісаў у аповесці персанажаў, якія сумяшчаюць у сабе праявы тых ці іншых якасцяў адначасова – добрага і злога чалавека. Эстэтычныя аспекты дабра і ліха ў аповесці выяўляюцца выразна, пазіцыя аўтара даволі акрэсленая.
Галоўная выснова, якую можна зрабіць, перачытваючы "На прасторах жыцця", – роўную, добрую, змястоўную аповесць "юнацкай" пары беларускай прозы для юнацтва і пра юнацтва, што ў ёй Я. Колас адлюстраваў асноўныя этапы фарміравання Асобы ў грамадстве. Змаганне з балотамі ўжо стала лёсавызначальным сімвалам для Беларусі і беларусаў. Але што гэта? "Знак бяды" ці сімвал усеагульнага дабрабыту?
Якуб Колас не толькі падступіўся да праблемы, але і даволі пераканальна абмаляваў станаўленне чалавечай асобы ў аповесці "На прас-торах жыцця." Пісьменнік раскрыў тое, чаго трэба сцерагчыся ў асабістым жыцці, паказаў, як важна не папусціцца, не паддацца плыні, а захаваць душу і сэрца чыстымі, чулымі.
Народны пісьменнік з вялікай сілай мастацкага асэнсавання зменлівай жывой рэчаіснасці намаляваў змястоўную і характэрную для свайго часу карціну быцця. Сатанінская прырода Шулевічаў не можа супрацьстаяць дзейсным натурам Сцёпкі Баруты і Аленкі Гарнашкі. Каханне дазваляе спадзявацца на ўрачыстаць дабра, на паўнату жыцця.
Кожным новым пакаленнем вечная тэма кахання вырашаецца нанова. Каханне ў аповесці перамагае. У гэтым сіла твора.
Спынімся яшчэ і на эпіграфе да аповесці:
– Вы павінны прабіць сабе дарогу і выйсці на шырокія прасторы жыцця.
– А дзе такія шырокія прасторы?
– У шырокіх размахах грамадскай работы.
Як жа нам успрымаць словы аб "прасторах жыцця", вынесеныя ў эпіграф да ўсяго твора. Філасофская сентэнцыя пра "шырокія прасторы жыцця" ў аповесці належыць адмоўнаму персанажу Марціну Шулевічу, чые звычкі, норавы, манеру гаварыць, ды і самі тэзісы зусім не хацелася б пераймаць, бо яго паводзіны, мякка кажучы, не толькі не прыцягваюць, а выклікаюць вострае непрыманне, нават агіду. Мярзотнасць учынкаў гэтага чалавека навідавоку. I вось менавіта такі актывіст "новага ладу" заклікае "прабіць сабе дарогу і вырвацца " на вышэйзгаданыя абсягі.
Даследчыкі роднай літаратуры, у прыватнасці У. Навумовіч [10], імкнуцца разгадаць сэнс эпіграфа і змест назвы коласаўскай аповесці пра юнацтва і для юнацтва.
Даследчык паспрабаваў адказаць на пытанне: у чым загадка Якуба Коласа? Яна хаваецца, на яго думку, у самой назве твора і ў тым, каму належаць словы пра "размахі". Я. Колас вучыў прыслухоўвацца, хто і што гаворыць у новым жыцці. Сваю "агітацыю" за новы лад і склад жыцця Марцін пачаў, падсеўшы да Аленкі, ледзь не на вушка нашэптваючы. "А вам проста грэх марнець у глушы ", – блюзнерыць пярэварацень. А сам запыт Аленкі? Ён можа азначаць: здзіўленне, цікаўнасць, абурэнне, гуллівасць, юрлівасць. Апошняя фраза эпіграфа – водпаведзь – прыведзена Я. Коласам не цалкам, а з абрывам – толькі першая частка развагі хуткаспечанага прадстаўніка новай улады. Аўтар адкінуў прэч як непатрэбнае альбо знарок не закрануў у эпіграфе ўсялякія там "замацаванне пазіцый'', "заваёвы Кастрычніка ", пра якія далей ідзе гутарка ў сказе. Усё тое пісьменніку не трэба: пазіцыі абазначаны, канфлікт завязаны, яго змест і сутнасць відавочныя.
Да гэтага часу да разгадкі эпіграфа Якуба Коласа ніхто з літаратуразнаўцаў не наблізіўся. Ды і не маглі наблізіцца, пакуль заставаўся ў ценю персанаж, у вусны якога і ўкладзены дадзеныя словы. А як жа яшчэ? Мярзотнік, амаральны тып, а тут гаворыць такое, што трэба браць на ўзбраенне ўсёй моладзі абноўленага краю. 3 каго браць прыклад? Крытык Дз. Бугаёў яшчэ ў 1970-я гг. у артыкуле «Некалькі заўваг пра аповесць Я. Коласа "На прасторах жыцця"» з уласцівай даследчыку хлёсткасцю назваў Марціна Шулевіча "фразёрам", які хаваецца за псеўдарэвалюцыйнай фразай. Прывядзем некалькі даволі смелых на той час характарыстык з працы Дз. Бугаёва: "самахвальства", "тонка жангліруе рэвалюцыйнай фразай", "нядобрасумленныя, адкрыта карыслівыя тыпы ўносілі элементы палітычнай спекуляцыі ў самыя тонкія, інтымныя сферы чалавечых стасункаў", "фразёрства пустазвона Марціна Шулевіча паказваецца па-сапраўднаму з’едліва і злосна", "Шулевіч высокімі святымі словамі прыкрывае вельмі карыслівыя, эгаістычныя мэты", "прымазваецца да такіх грамадскіх паняццяў...", "Шулевічы схільныя сваім разлічаным краснабайствам апашляць самае святое і высокае, роднае, скажаць гэты вялікі змест" [8, с. 230–242). Праўда і тое, што далей за падобныя адмоўныя ярлыкі, словы-сімвалы літаратуразнаўца не пайшоў. Ды, мажліва, не мог пайсці. I самае істотнае, што ў артыкуле ні слова пра загадкавасць эпіграфа Я. Коласа да аповесці.
Сёння ўжо можна назваць усё сваімі імёнамі. Марцін гуляе з Аленкай Гарнушкай як кот з мышкай. Знешне паглядзець, дык і паверыць лёгка. Зусім правільныя словы кажа наваспечаны герой. За ім – горад, пасады.
– Я вітаю ўсіх, хто ідзе ў навуку.
А далей зусім не выпадковыя заўвагі старэйшага пісьменніка, які ўдакладніў: "казаў ён (Марцін Шулевіч), падсеўшы да Аленкі". А цяпер прыслухаемся, што нашэптвае Марцін? Тыя словы пра многае павінны гаварыць нашаму ўяўленню.
– А вам проста грэх марнець у глушы.
А чаму толькі ёй, Аленцы Гарнашцы, адной? Ці яна адна такая разумная? Чаму не сказаць падобную тыраду для ўсіх у вясковым клубе, для ўсёй моладзі, якая ірвецца з вёскі ў горад на вучобу і на працу? Але хто тады тут застанецца? Выбарнасць у чыноўніцкім падыходзе да вызначэння лёсаў вясковай моладзі ўжо тады выяўлялася даволі выразна.
Заўважым, што словы, вынесеныя ў эпіграф аповесці, нашэптваюцца на вуха паслухмянай і даволі ўражлівай вясковай дзяўчыне маладым савецкім функцыянерам, будучым чыноўнікам, з якіх і вырасталі кіраўнікі вытворчасці, пастары духу. Нават прозвішча Шулевіч можна параўнаць з шулякрм – беларускае найменне драпежнай птушкі.
Дык няўжо можна ўсур'ёз падумаць, што словы аб прасторах жыцця пісьменнік лічыў настолькі важнымі, што вырашыў вынесці іх у эпіграф "першагамастацкага твора аб савецкай рэчаіснасці" (В. Каваленка), не задумваючыся над тым, каму гэтыя словы належаць? Ці пабаяўся, што не пачулі шулевічаўскага «нашэптвання»? Хата Аленкі – «хата-рабфак». "Так празвалі яе хлопцы, прадстаўнікі старога сяла, – зазначаў Я. Колас і працягваў. – Праходзячы вечарам каля хаты Андрэевых, яны дзіка свісталі, гагокалі, адпускалі непрыстойныя жарты. А потым хтось з іх злажыў пра Аленку:
Вось і стала я вучоная,
Непрыступная, чырвоная,
Не хачу за гаспадарыка,
А падай мне камісарыка.[11, с. 79]
У. Навумовіч лічыць што сама гісторыя, час, рэвалюцыя падалі нашай Беларусі-Аленцы "камісарыка". Аднак пра што гамоніць «камісарык» і ці варта яму давяраць? Куды ён кліча? Што крыецца за ягонымі словамі?
Ён робіць выснову што тая дарога некуды вядзе, але нікуды не выводзіць. Прынамсі, так перасцерагае нас пісьменнік.
Разгадка інтрыгі, закладзенай у эпіграфе да аповесці "На прасторах жыцця", і простая, і складаная, як усё ў народнага пісьменніка. Простая, бо аўтар папярэджваў моладзь, заклікаў прыгледзецца і прыслухацца да таго, хто горача кліча наперад, дапамагаў разабрацца ў людзях. Вынесеныя ім у эпіграф фразы пра "шырокія прасторы жыцця" перасцерагалі моладзь: неабходна задумацца, каму належаць тыя заклікі: сумленнай асобе, шчыраму хлопцу ці фарысею, шулеру, які звыкся "тасаваць" людскія душы і ў патрэбны момант можа дастаць з калоды неабходную карту, які прыхоўвае козыр, маніпулюе джокерам?
Такiм чынам, аповесць «На прасторах жыцця» прысвечана моладзі 20-ых гадоў мiнулага стагоддзя, праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця. Твор палемічны па сваёй ідэйнай накіраванасц сваім разуменнем працы, грамадскай дзейнасці як асноўнай вартасці жыцця.
Аповесць “ На прасторах жыцця ” – гэта той твор, якім Якуб Колас канчаткова ўвайшоў у літаратуру новых адносін паміж людзьмі. Галоўную вартасць жыцця пісьменнік бачыць у стваральнай дзейнасці, у працы, у авалоданні навукай, якая дапамагае чалавеку пазнаць таямніцы прыроды.