Смекни!
smekni.com

Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты (стр. 5 из 11)

2.3 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню

Даследчык Гальмакоў лічыыць, што аповесці «У палескай глушы» (1921–1922) і «У глыбі Палесся» (1926–1927) працягвалі распрацоўку праблематыкі твораў «малой прозы», паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка». Унутраная блізкасць, духоўная пераемнасць галоўнага героя палескіх аповесцяў з героямі апавяданняў і паэм відавочная. Разам з тым гэта быў новы крок у творчым развіцці пісьменніка, у ягоным пошуку новых форм адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці, паколькі Якуб Колас упершыню звярнуўся да жанру аповесці.

Як мяркуе Гальмакоў цікавасць Коласа да тэмы жыцця і працы вясковай інтэлігенцыі не была актыўна падтрымана літаратурнай крытыкай 20-х і асабліва 30-х гадоў, бо гэтая тэма, згодна з тагачаснымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, нібыта не адпавядала магістральнаму кірунку развіцця новага мастацтва з той прычыны, што пісьменнік ідэалізаваў інтэлігенцыю як рухальную сілу рэвалюцыйнай барацьбы, нібыта недаацэньваў ролю рабочага класа і прапагандаваў шкодную "нацдэмаўскую" ідэю самабытнасці Палесся. Не быў належным чынам ацэнены і аўтарскі падыход да раскрыцця абранай тэмы. А падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя сапраўды вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і на самай справе быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў "вялікай прозе" беларуская літаратура на пачатку

20-х гадоў яшчэ не выпрацавала, таму пісьменнік непазбежна вымушаны быў ісці непратаптанай сцежкай. Перад ім паўстала няпростая задача: намаляваць паўнакроўны вобраз перадавога беларускага інтэлігента, які настойліва шукае адказу на пытанне, як палепшыць жыццё народа. На пачатковым этапе сваёй дзейнасці Лабановіч асноўным сродкам паляпшэння лічыць асвету, абуджэнне грамадскай свядомасці працоўнага чалавека, выхаванне ў яго пачуццяў самапавагі і ўласнай годнасці. İ свой чалавечы абавязак настаўнік Цельшынскай школы бачыў у тым, каб рыхтаваць вучняў да самастойнай працы. "Вашы дзеці... граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе" [11, с. 87], – тлумачыць Лабановіч палешуку Сцяпану Рылку неабходнасць школьнай адукацыі. Псіхалагічна апраўдана тое, што ў першы дзень сустрэчы з цельшынскай дзятвой настаўнік разгарнуў намечаную праграму асветнай дзейнасці – абуджаць у вучняў крытычны розум, "каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннем – як выніклі? у чым іх прычына? İ, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома". Тут герой Якуба Коласа выступае як перакананы асветнік, для якога прымусовае падаўленне волі чалавека ў прынцыпе непрымальнае. Павага да чалавечай асобы і да жыцця – вызначальная рыса характару Лабановіча. "Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар", – разважае настаўнік на адзіноце. İ гэта яскравае пацвярджэнне яго высокага інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу.

З такім жа захапленнем ставіцца Лабановіч і да прыроды, характарызуючы яе як найцікавейшую кнігу, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Пазнанне таямніц, сакрэтаў прыроды, адгадка яе "мнагалучных напісаў" таксама сапраўднае шчасце. Адно толькі азмрочвае чалавечую радасць, – вымушаны прызнаць настаўнік, – усведамленне хуткаплыннасці жыцця, празмерна кароткі тэрмін, адмераны кожнай асобе, каб яна паспела ўдосталь "начытацца гэтай кнігай". Перад чытачом, як бачым, паўстаў не па гадах сур’ёзны чалавек, думкі якога скіраваны на складаныя маральна-этычныя, быційныя праблемы.

Аўтар аповесці пераканаўча паказаў, што прыродны розум, закладзенае хатнім выхаваннем, пачуццё справядлівасці, сумленнасць, павага да працоўнага чалавека, аналітычныя здольнасці дапамаглі настаўніку даволі хутка вызначыць лінію асабістых паводзінаў і разабрацца ў людзях рознага сацыяльнага стану – сялянства, чыноўнага люду, духавенства. Разгляд многіх канкрэтных спраў і ўчынкаў Лабановіча пацвердзіць шчырасць яго пачуццяў да жыхароў Цельшына. İ яны адказвалі яму ўзаемнасцю. "Цэлыя вечары праседжваў ён у сялянскіх хатах, прыглядаючыся да жыцця палешукоў. Яго тут прымалі і спатыкалі прыветна, з ахвотаю падтрымлівалі гутарку аб розных справах". Настаўніка прываблівалі мудрасць "балотных людзей", загартаваных суровай прыродай Палесся, іх працавітасць, цярплівасць, з якой яны пераносілі нялёгкія выпрабаванні лёсу. Для характарыстыкі Лабановіча як асобы важна тое, што ён, атрымаўшы адукацыю ў казённай установе, разумеў сацыяльныя прычыны цемнаты, забабоннасці, нізкага ўзроўню побытавай культуры палешукоў, грамадскай пасіўнасці, імкнуўся ўнесці промень святла ў душу вясковага жыхара. Менавіта з-за розных поглядаў на гэтыя пытанні і адбылося яго разыходжанне з калегамі і з чыноўнікамі розных рангаў – з настаўнікам Саханюком, з пісарам Дубейкам, з чыгуначным служачым Сухаваравым, якія пагардліва ставіліся да селяніна. Абмалёўцы гэтых персанажаў аддадзена значная пісьменніцкая ўвага, паколькі менавіта яны стваралі грамадскі, побытавы асяродак, неабходны жанру аповесці.

Мушынскі. М пераконвае, што пастаўленая пісьменнікам задача – сродкамі рэалістычнага пісьма даць вобраз галоўнага героя, характар якога фарміруецца ў практычнай дзейнасці і ва ўзаемаадносінах з сацыяльным асяроддзем, – не магла быць паспяхова вырашана, калі б аўтар аповесці абмежаваўся толькі сферай грамадскай, асветнай працы героя. İнакш кажучы, выхад Лабановіча на асабістыя, прыватныя стасункі быў зусім натуральны, прадыктаваны логікай яго духоўнага станаўлення. İ ў гэтых узаемаадносінах герой таксама раскрываўся як неардынарная асоба, сапраўдны інтэлігент, як жывое ўвасабленне рысаў нацыянальнага характару беларуса, носьбіт народных уяўленняў аб высакародстве, чалавечай годнасці і самапавазе. У сваю чаргу сюжэтная лінія прыватнага жыцця Лабановіча надала аповесці адпаведную цеплыню, узмацніла ў ёй лірычную плынь, аўтарскі аповед набыў яшчэ болей шчырае, даверлівае гучанне. Стыль твора ўзбагаціўся новымі выяўленчымі сродкамі, ён стаў болей шматфарбным. Так, пры першай сустрэчы на чыгунцы з незнаёмай дзяўчынай мы бачым далікатнага, сарамлівага юнака, які тонка адчувае дзявочую прыгажосць, прывабную сілу хараства. İ другі раз убачыўшы Марыну, Лабановіч не мог не аддаць належнае яе абаяльнасці. Ён знаходзіць дакладныя словы, каб намаляваць партрэт дзяўчыны. İ тут на першы план вылучае ўнутраныя якасці панны – дабрыню, строгасць і стрыманасць, г. зн. рысы характару, якія адпавядалі ягонаму эстэтычнаму густу. Але захапленне Марынай не перарасло ў вялікае пачуццё. Тое ж трэба сказаць і пра "завітанскую чараўніцу" Людмілу.

Такой дзяўчынай, якая змагла паланіць Лабановіча, завалодаць яго сэрцам, аказалася шаснаццацігадовая дачка пана падлоўчага Ядвіся. Надзелены ад прыроды тонкай назіральнасцю, Лабановіч паказаў сябе таленавітым псіхолагам-фізіянамістам: па выразе твару ён даволі дакладна вызначыў і ўласцівую дзяўчыне жыццярадаснасць, светлы погляд на рэчаіснасць, і цяжар, які прыціскаў яе долу. А народжаны быў цяжар заўчаснай смерцю маці, зведзенай у магілу дэспатызмам пана падлоўчага. Боязь падзяліць трагічны матчын лёс, страх перад жорсткім бацькам негатыўна адбіваюцца на душэўным стане Ядвісі – звязваюць яе душэўныя рухі, не даюць магчымасці быць свабоднай у выяўленні пачуццяў. Старонкі, на якіх адлюстраваны ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, іх кароткія сустрэчы, дасціпныя, поўныя гумару размовы, сапраўдныя ці знарочыстыя спрэчкі, – гэта высокая мастацкая аналітыка, сталая аналітычная проза. Менавіта тут Якуб Колас дэманстраваў наватарскую сутнасць свайго твора, накрэсліваў тагачаснай беларускай прозе плённы шлях развіцця – шлях глыбокага пранікнення ў непаўторны ўнутраны свет асобы, якая фарміруецца ў пэўных грамадскіх умовах, у канкрэтных рэгіянальных, побытавых абставінах. Гэтыя абставіны, безумоўна, накладваюць свой адбітак на характар чалавека, на яго светаўспрыманне. Узаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі яскрава пацвярджаюць справядлівасць сказанага. Узаемаадносіны гэтыя няпростыя, бо за імі стаяць розныя характары. Так, малады настаўнік усёй душой цягнецца да "лепшай, прыгажэйшай краскі Палесся", балюча перажывае праявы няўважлівага да сябе стаўлення з боку дзяўчыны, якая нясе ў сабе розныя пачаткі – здольнасць радавацца і смуткаваць, быць сур’ёзнай і бесклапотнай, засяроджанай і чулліва-гарэзлівай.

Прырода супярэчлівасці самога Лабановіча, якая выяўлена ў аповесці з выключнай мастацкай пераканальнасцю, з глыбокім пранікненнем у псіхалогію, іншая, чым у Ядвісі. Пасіўнасць настаўніка, унутраныя хістанні, нават яго знарочыстая крыўдлівасць, падсвядомае жаданне таго, каб узаемаадносіны з паненкай засталіся няпэўнымі, тлумачыліся бояззю страціць перспектыву. Лабановіч баяўся, што калі ён звяжа свой незайздросны лёс вясковага настаўніка з лёсам дзяўчыны, дык тым самым адсячэ "сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе". Гэтыя мэты фармулююцца даволі шырока: "Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі"[11].

Згаданыя разважанні героя наводзяць на думку, што яму ўласцівы рацыяналістычны склад мыслення і што эмацыйна-пачуццёвую стыхію ён умеў утаймоўваць. Ды, напэўна, Лабановіч псіхалагічна яшчэ не быў гатовы браць на сябе адказнасць за лёс іншага чалавека. Бясспрэчна адно: аўтар аповесці імкнуўся намаляваць вобраз жывога чалавека, стварыць паўнакроўны характар, пазбегнуць схематызму, зададзенасці, спрошчанага падыходу, аднапланавай, аднамернай трактоўкі паводзінаў і ўчынкаў. Гэта якраз і было дасягнута пісьменнікам, што і прадвызначыла мастацкі ўзровень твора і псіхалагічную пераканальнасць характару Лабановіча.