Увогуле, матыў захавання памяці – пра мінулае роднага краю, пра тое, што незваротна адышло ў нябыт, у тым ліку і пра канкрэтных людзей, – гучыць у аповесці вельмі выразна як адзін з істотных складнікаў аўтарскай ідэйна-мастацкай канцэпцыі, паводле якой вопыт гістарычнага мінулага – неацэнная духоўная каштоўнасць, а ігнараванне памяці пра тых, хто каштоўнасці ствараў, згубна адаб’ецца на лёсе новых пакаленняў. І галоўны герой Якуба Коласа гэтую ісціну ўсвядоміў і кіруецца ёю ў сваёй дзейнасці.
Другая кніга палескіх аповесцяў заканчваецца не на аптымістычнай ноце – сцэнай арышту настаўніка за ўдзел у напісанні петыцыі "грамадзяніну Скірмунту... грамадзян с. с. Выганы і Высокае". Спадзяванні прыгнечаных на тое, што іх голас будзе пачуты, аказаліся марнымі. А напярэдадні арышту давялося Лабановічу пачуць ад Вольгі Андросавай змрочныя навіны: абвешчаная свядомымі рабочымі, рамесным людам забастоўка не атрымала шырокай падтрымкі, "паўстанне задушана, гарады заліты кроўю. Ідуць арышты". Тым не менш герой Якуба Коласа знайшоў у сабе ўнутраныя сілы, каб заявіць: "Ну, што ж. Трэба лічыцца з фактамі... Але следу гэтае рэвалюцыі ніхто не затрэ ў гісторыі"[11, с. 90]. Лабановіча, узбагачанага каштоўным маральным і грамадскім вопытам, чакалі новыя выпрабаванні.
Палескія аповесці засведчылі якасна новы этап мастацкага даследавання жыцця беларускага народа, нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі напярэдадні вялікіх сацыяльных зрухаў. Гэтымі творамі Якуб Колас паспяхова замацоўваў жанравую структуру сацыяльна-псіхалагічнай аповесці, ён даў высокі ўзор аналітычнага мастацтва, у якім глыбока раскрываецца ўнутраны свет героя, а яго дзейнасць пададзена на шырокім грамадскім фоне. "У палескай глушы" і "У глыбі Палесся" вызначаюцца адметнасцю сваёй пабудовы – зладжанай кампазіцыяй, ураўнаважанасцю, згарманізаванасцю апісальнага і выяўленчага пачаткаў, аналітыкі, унутраных маналогаў і грунтоўнай эпічнай абмалёўкі падзей, учынкаў, паводзін герояў і абставін, у якіх яны жывуць. Абодва творы багатыя на змястоўныя дыялогі, якія актывізуюць сюжэтны рух. Разгорнутыя пейзажныя малюнкі і аўтарскія лірычныя адступленні арганічна звязаны з сюжэтам і надаюць аповесцям мастацкую цэласнасць. Шчодрае выкарыстанне пісьменнікам біяграфічнага матэрыялу, блізкасць галоўнага героя да аўтара ўзмацняе ўражанне гістарычнай праўдзівасці падзей, адлюстраваных у творах.
Аповесці Коласа наглядна дэманстравалі новы ідэйна-эстэтычны ўзровень беларускай мастацкай прозы, яе буйных эпічных формаў.
Над заключнай часткай твора, што атрымаў агульную назву "На ростанях", Якуб Колас працаваў даволі доўга – з 1948-га па 1954 год. Пачынаючы працу, пісьменнік вызначыў жанр згаданай кнігі як аповесць і разглядаў яе як працяг сваіх ранейшых "аповесцей аб дарэвалюцыйным жыцці сялянства і вясковай інтэлігенцыі Палесся". Дваццацігадовы перапынак не мог не адбіцца на змесце твора, на характары асвятлення грамадскіх падзей і трактоўцы герояў, бо ўсё цяпер ацэньвалася з вышыні вялікага жыццёвага і творчага вопыту пісьменніка.
Многае з мастацкіх набыткаў папярэдніх аповесцяў было замацавана і прымножана ў трэцяй кнізе. З ранейшым майстэрствам сацыяльнага аналітыка і псіхолага Якуб Колас распавядае пра настаўніцкую дзейнасць Лабановіча ў новай школе; пра яго здольных вучняў, такіх як Грышка Мініч і Ліда Мураўская, якія здзіўлялі сваімі ведамі патрабавальных экзаменатараў; пра звычаі, норавы, побытавы ўклад тутэйшых людзей, непаўторныя беларускія краявіды. Шмат новых яскравых фарбаў і цёплых, праніклівых слоў знайшлося ў пісьменніка і пры стварэнні вобраза бабкі Параскі, што праніклася глыбокай павагай да Лабановіча. У непаўторным абліччы паўстаў чарнасоценскай арыентацыі пісар Васількевіч. Каларытна намаляваны вясёлы, жыццялюбны поп Уладзімір Малевіч, той, у якога сяляне, што не паспелі прынесці прысягу цару Мікалаю на Евангеллі, прыносілі на томе твораў Пушкіна. Моцна перапала ад аўтара і верханскай інтэлігенцыі, якая паводле культурнага, духоўнага ўзроўню значна саступала нават панямонскай.
Але трэцяя кніга істотна адрознівалася ад дзвюх папярэдніх – тым, што тут на першы план выходзілі палітычныя аспекты грамадскага жыцця: выбары ў Дзяржаўную думу, яе дзейнасць і адносіны да гэтай дзейнасці розных палітычных партый; нелегальны настаўніцкі з’езд, пераслед яго ўдзельнікаў, а затым і суд над асобнымі настаўнікамі. Натуральна, што ў цэнтры аўтарскай увагі па-ранейшаму заставаўся галоўны герой, які, аднак, не толькі пакутліва думае над тым, што адбываецца ў краіне, але нарэшце вызначае для сябе зусім пэўны шлях практычнай дзейнасці – "стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме". Гэта, безумоўна, быў адзін з пераломных момантаў у развіцці палітычнай свядомасці Лабановіча, у фарміраванні яго светапогляду. İ раскрыты ён у аповесці па-мастацку пераканальна, праз псіхалагічны аналіз. Не меней складанай аказалася для настаўніка і выпрацоўка агульнай лініі грамадскіх паводзін, ацэнка палітычных партый, якія ў думе вызначалі дзяржаўную палітыку. Спрэчка Лабановіча з яго даўнім сябрам Турсевічам прадэманстравала непрымірымасць іхніх поглядаў. Той рэальнай сілай, якая здольная павесці Расію па шляху прагрэсіўнага развіцця, Турсевіч лічыў кадэтаў. Пры ажыццяўленні іх праграмы сяляне павінны былі атрымаць зямлю, а самаўладдзе было б абмежавана ў правах на карысць народа, усіх саслоўяў. Лабановіч стаяў на прынцыпова іншай пазіцыі. Паводле яго пераканання, "…кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў". У гэтым выказванні нельга не звярнуць увагу на словазлучэнне "разумная барацьба". З яго відаць, што для Лабановіча непрымальная ідэя барацьбы дзеля барацьбы, непрымальны экстрэмізм.
У аснове сюжэта аповесці ляжалі рэальныя факты з жыцця Коласа, а сам ён быў прататыпам вобраза Лабановіча. Ды і развіццё характару героя заставалася нязменнай турботай пісьменніка. Адсюль зразумела, чаму ён даследуе гэту маральна-этычную праблему – праблему выбару Лабановічам пэўнай палітычнай арыентацыі – даволі грунтоўна, усебакова. Так, у спрэчцы з Турсевічам Лабановіч заяўляе, што ні да якай партыі ён не належыць і "на чыім баку праўда", пакуль што не ведае. Але спадзяецца, што само жыццё дапаможа вырашыць усе пытанні. "Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду", – заяўляе ён. Апанент пераконвае Лабановіча ў памылковасці абранага шляху – удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе. І нельга сказаць, што ў яго развагах няма логікі ці што яго аргументы непераканальныя, доказы хісткія, надуманыя. "Усякай праяве на свеце свой час, – кажа Турсевіч. – Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. İ што атрымалася?" [11, с. 120]
Ацэньваючы гэтыя сцвярджэнні, неабходна ўлічваць, што агучаны яны пісьменнікам, які на ўласныя вочы бачыў "крывавы вір" грамадзянскай вайны, прымусовую калектывізацыю, перажыў масавыя рэпрэсіі і таму меў маральнае права ва ўмовах сталінскай дыктатуры паразважаць – з дапамогай літаратурнага героя – над прыродай пралетарскай рэвалюцыі і яе трагічнымі наступствамі. Як таго і патрабавалі ідэалагічныя ўстаноўкі канца 40-х – пачатку 50-х гадоў, крамольныя для таго часу ідэі мусілі быць нейтралізаваны, абвергнуты станоўчым героем. Менавіта так і робіць Колас. Лабановіч крытыкуе свайго апанента спасылкамі на волю народа, які "ўсвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны", і "тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь". Прамоўца, як бачым, настроены рашуча, па-баявому. Але тут звернем увагу яшчэ на адно яго выказванне, якое нясе глыбокі сэнс: "Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца". Калі рэвалюцыянер раптам згадвае эвалюцыю, эвалюцыйны шлях развіцця, дык можна спадзявацца, што ў сваіх практычных дзеяннях ён будзе памятаць пра чалавека і яго жыццё як найвялікшую каштоўнасць свету.
Менавіта такім і аказаўся далейшы жыццёвы шлях галоўнага героя, пачынаючы ад яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе і канчаючы судовым працэсам і турэмным зняволеннем. Тут, у другой частцы трэцяй кнігі (частка мае ёмістую назву – "На крыжовых дарогах"), пісьменнік разгорнута, з захаваннем шматлікіх падрабязнасцей паказвае падзеі і здарэнні, якія мелі месца ў жыцці Лабановіча.
Трэба прызнаць, што пры ўсёй праўдзівасці адлюстравання драматычнага лёсу героя, які быў несправядліва пакараны і на тры доўгія гады апынуўся за астрожнымі кратамі, аўтарскі расповед у "Крыжовых дарогах" пакідае дваістае, супярэчлівае ўражанне. Рэалістычная абмалёўка сітуацый, у якія трапляе Лабановіч, часта суседнічае з тэндэнцыйнымі апісаннямі, неаб’ектыўнымі ацэнкамі, як гэта мела месца з ацэнкай рэдактараў "Нашай нівы" – яны паказаны фальшывымі людзьмі, хітрымі дзялкамі, якія нібыта недаацэньвалі ролю ўсходняй культуры, праводзілі ў жыццё ідэі каталіцызму. Нягледзячы на пэўныя мастацкія выдаткі, выкліканыя канкрэтнымі ўмовамі эпохі, у якую жыў і пісаў Якуб Колас, трылогія "На ростанях" з’яўляецца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры, этапнай з’явай у гісторыі айчыннай сацыяльна-аналітычнай прозы.