Смекни!
smekni.com

Проза Якуба Коласа 20–30 гадоў: набыткі і страты (стр. 1 из 11)

Установа адукацыi «Брэсцкi дзяржаўны унiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна»

Кафедра беларускага лiтаратуразнаўства

КУРСАВАЯ ПРАЦА

ПРОЗА ЯКУБА КОЛАСА 20–30 ГАДОЎ: НАБЫТКІ І СТРАТЫ

Выканаў:

Навуковы кiраўнiк

Брэст 2010

ЗМЕСТ

Уводзiны

Раздзел. 1 Творчыя дасягненні Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя

Раздзел. 2 Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў

2.1 Апавяданне «Крывавы вір»: паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі

2.2 Трылогія «На ростанях»: пошукі шляхоў у будучыню

2.3 Аповесць «На прасторах жыцця»: сучаснае бачанне праблематыкі, сэнс эпіграфа і змест назвы

2.4 Аповесць «Адшчапенец»: праблемы агульначалавечага быцця

Заключэнне

Спiс літаратурных крыніц


УВОДЗIНЫ

Творчасць Якуба Коласа увесь час знаходзiцца ў полi зроку лiтаратуразнаўцаў. Увага вучоных скiравана на даследаванне шматграннай праблематыкi творчасцi, своеасаблiвасцi iндывiдуальнага стылю таленавiтага аўтара.

Якуб Колас – вялікі мастак слова, які глыбока выявіў грамадска-гістарычныя імкненні і духоўныя патрэбы беларускага народа, узбагаціў нацыянальную літаратуру выдатнымі творчымі набыткамі. Ён стаў мастацкім летапісцам жыцця народа на працягу складанай гістарычнай эпохі. Светаадчуванне Коласа-мастака вельмі цэласнае, гарманічнае і разам з тым шматграннае, эстэтычна багатае. У творчасці Я. Коласа моцны інтэлектуальны пачатак, які мае здаровы народны грунт – пісьменнік шукае глыбінны, духоўны змест у жыцці чалавека працы, за канкрэтнымі назіраннямі ў яго крыецца шматзначны псіхалагічны і філасофскі падтэкст.

Пісьменніцкая індывідуальнасць Коласа нясе на сабе вельмі характэрны адбітак жыцця народа, яго тонаў. фарбаў, грамадскіх імпульсаў. Грамадзянская мэтаімкнённасць, чуйнасць да запатрабаванняў часу, мастацкая шматграннасць пісьменніка асабліва шчодра раскрываюцца ў яго апавяданнях і аповесцях 20–30 гадоў XX стагоддзя. Пісьменнік імкнуўся стварыць сапраўдныя духоўна-маральныя ідэалы, напоўніць жыццё высакароднымі мэтамі. У пошуках феномена нацыянальнага характару пісьменнік выкарыстоўваў гістарычную эпоху для праекцыі сучаснасці і мінулага. Ён добра ўсведамляў, што менавіта ад глыбіні ўзнятых гістарычных пластоў, шырыні іх распрацоўкі, таксама, як і ад асваення праблем сучаснасці, залежыць узровень сталасці айчыннай прозы.

20-ыя гады – вельмi бурны перыяд. Працэс карэннай ломкi сацыяльных, эканамiчных, палiтычных асноў старога ладу, як адзначаюць Д.I. Гальмакоў i Л.С. Голубева [1, с. 48], з’яўляўся адначасова i працэсам ломкi псiхалогii чалавека – прадстаўнiка гэтага ладу, найвялiкшым пераваротам у яго свядомасцi. 20-ыя гады – гэта час пошуку шляхоў развiцця новага мастацтва, з’яўленне iншых iдэйна-тэматычных даляглядаў, новага героя, «час выпрабавання жыццёвасцi i плённасцi многiх жанрава-стылёвых форм у новых умовах» [2, с. 4]. У творчасцi Я. Коласа гэтага часу «рэалiзм часта арганiчна сплаўляўся з актыўным рамантычным пачаткам, якi жывiўся … iмкненнем пасцiгнуць характар новых людзей» [2, с. 4–5].

Пiсьменнiк «iмкнуўся асэнсаваць новую рэчаiснасць, формы якой яшчэ толькi cкладвалiся, раскрыць з’яўленне новых рыс характару, псiхалогii чалавека, яго сацыяльныя памкненнi i iдэалы» [2, с. 6].

30-ыя гады ўвайшлi ў гiсторыю як складаны перыяд, напоўнены падзеямi вялiкага гiстарычнага значэння. Якуб Колас намагаўся ў сваiх творах гэтага перыяду «па-мастацку пераканаўча i глыбока адлюстраваць рэчаiснасць ва ўсёй яе складанасцi i супярэчлiвасцi, у няспынным руху i барацьбе супрацьлеглых сацыяльна-грамадскiх сiл» [3, с. 200].

Творчасць Якуба Коласа 20–30-х гадоў пакiнула прыкметны след у станаўленнi сучаснай беларускай лiтаратуры. Як адзначае П.К. Дзюбайла, «лiтаратура таго часу iдзе да мастацкага сiнтэзу гiсторыi i сучаснасцi, да ўвасаблення праз лёс чалавека лёсу народа» [2, с. 23].

Пра Я. Коласа напiсана нямала змястоўных кнiг, цiкавых навуковых даследаванняў. Але яны, зразумела, не ахоплiваюць i не могуць ахапiць i ўсебакова раскрыць багаты жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка.

Глыбокую ацэнку творчасцi Якуба Коласа далi такiя даследчыкi, як I. Навуменка [4] , Ю.С. Пшыркоў [5], А. Александровіч [6]. Манаграфii Ю. Пшыркова i I. Навуменкi – гэта важныя цаглiны ў прыгожы гмах, iмя якому – сучаснае коласазнаўства.

Мэта i задачы курсавой працы. Мэта курсавой працы – даследаваць iдэйна-тэматычныя, жанрава-стылёвыя асаблiвасцi творчасцi Якуба Коласа 20–30 гадоў.

У адпаведнасцi з вышэйакрэсленай мэтай ставяцца наступныя задачы:

– паказаць творчыя дасягненнi Я. Коласа ў 20–30-ыя гады;

– раскрыць жанравую, iдэйна-тэматычную непаўторнасць коласаўскiх твораў 20–30 гадоў;

– высветліць, як вырашаецца Коласам у яго творах праблема суадносінаў гістарычнага факта і мастацкага вымыслу;

– прааналізаваць сучаснае бачанне літаратуразнаўцамі праблематыкі аповесці «На прасторах жыцця», сэнс эпіграфа і змест назвы;

– паказаць пошукі шляхоў у будучыню героямі трылогіі «На ростанях»;

– вылучыць асноўныя матывы аповесці «Адшчапенец» і апавядання «Крывавы вір».

Аб’ект i прадмет даследавання. Аб’ектам даследавання з’яўляецца творчасць Якуба Коласа 20–30 гадоў XX стагоддзя. Прадмет даследавання – такiя коласаўскiя творы, як «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр».

Метады даследавання. Асноўнымi метадамi даследавання з’яўляюцца тэкстуальна-аналiтычны, гiсторыка-функцыянальны, якiя даюць магчымасць вызначыць своесаблiвасцi напiсаных Коласам у 20–30 гады твораў «На прасторах жыцця», «На ростанях», «Адшчапенец», «Крывавы вiр» з улiкам гiстарычнага i сучаснага кантэкстаў.

Структура i аб’ём працы. Курсавая праца складаецца з уводзiнаў, двух раздзелаў, заключэння, спiса літаратурных крынiц. Агульны аб’ём працы – 50 старонак.


Раздзел 1. Творчыя дасягненнi Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя

Якуб Колас – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Ён выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.

Шлях, які прайшоў Якуб Колас, адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці – сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ўласных поглядаў, любоў да Бацькаўшчыны і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з’яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладванне асноваў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы.

Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Іменем Коласа (а таксама іменем Я. Купалы) названы Інстытут мовы і літаратуры НАН Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мiнску.

Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п’есы паводле яго апавяданняў, аповесцяў, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме «Новая зямля», Ю. Багатыровым па аповесці «Дрыгва» – опера «У пушчах Палесся». На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазiтары М. Чуркін (песні «Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А. Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць»), Я. Цікоцкі (рамансы «Каманіну, Малакову, Сляпнёву», «Пераможны май») і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм «Песня вясны» (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця». У 1960–1961 гг. экранізавана трылогія «На ростанях» (фільм «Першыя выпрабаванні», рэжысёр Ул. Корш-Саблін). За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя – англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах – рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.

Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў «Каласавіны».

100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе. У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. У 2007 г. у Беларусі адзначалася 125-годдзе з дня нараджэння нацыянальнага паэта Якуба Коласа.

Якія ж творчыя набыткі Якуба Коласа? У 1921 г. у Коўне выходзіць зборнік апавяданняў «Казкі жыцця» (большасць «Казак жыцця» створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.