Сцэны, калі Міхал прыносіць золата Славе, таксама вытрыманы ў традыцыях ілюстрацыйнай літаратуры. Тут пануюць блакітная атмасфера, шчасце і ціхамірнасць, усеагулытая згода: людзі, якія жывуць побач з Зосяй,— поўнае ўвасабленне дабрачыннасцей. «Няма хцівасці, няма скупасці, няма ў аднаго да другога нянавісці. Не рвуць адзін аднаго за горла, рады адзін аднаму, не ходзяць на пакутных дарогах босыя і галодныя, дзеці сіроцтва не ведаюць». Перад намі — яскравы прыклад літаратуры, якая сваю задачу бачыла не ў адлюстраванні праўды жыцця, рэальных канфліктаў і супярэчнасцей, а ў яе падфарбоўцы, палепшанні.
Адна з гераінь рамана — Ірына Назарэўская — выпрацавала звычку расказваць дзецям на працягу дваццаці хвілін чарговую «казку выхадного дня»: «Ну, а цяпер, калі няма ні багатых, ні бедных, а жывуць людзі роўныя, усе к багаццю ідуць, к сытасці, пасля к раскошы пойдуць, калі чалавечае жыццё ў нас стала такое, што калі чалавек родзіцца на свет, то ён ужо, значыцца, будзе жыць як чалавек, а раней бацькі яшчэ думалі: як жа прыстроіць яго к жыццю?» Дык вось заключная частка «Трэцяга пакалення» — таксама прыгодніцкая казка, толькі ўжо для дарослых. Менавіта так і ўспрымалі твор, прынамсі, некаторыя дарослыя. Вось вытрымка з ліста, які даслаў у газету «Літаратура і мастацтва» чытач М. Гаўзін у 1936 г. Ліст пераканаўча раскрывае тагачаснае чытацкае ўспрыманне твора: «Я прачытаў раман Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне», і ён мне вельмі спадабаўся. Спадабаўся таму, што, чытаючы яго, яшчэ больш яскравей пазнаеш і бачыш шкодніцкія метады класавага ворага і становішся да яго яшчэ больш класава пільным». Вось, аказваецца, якія «высакародныя» пачуцці абуджаў раман!
Міжвольна ўзнікае пытанне: няўжо такі самапатрабавальны мастак, як Чорны, не бачыў унутраных супярэчнасцей, уласцівых яго раману? Думаецца, бачыў. Але на пэўны перагляд свайго твора адважыўся толькі ў пачатку 40-х гг., калі грамадска-палітычная атмасфера ў краіне крыху змянілася ў лепшы бок. Рыхтуючы чацвёртае выданне, якое выйшла ў 1941 г., пісьменнік унёс, у ранейшы тэкст пэўныя карэктывы, хоць яны — і пра гэта трэба сказаць адразу — не паўплывалі карэнным чынам на ідэйную канцэпцыю твора. Папраўкі мелі на мэце крыху прыглушыць, паелабіць антыгуманную скіраванасць рамана, выправіць прадузятасць характарыстыкі вобраза галоўнага героя.
Калі мець на ўвазе канкрэтны змест паправак, дык аўтар, у прыватнасці, скараціў тэрмін знаходжання Тварыцкага ў лагеры. У выданнях 1935, 1936, 1937 гг. Міхала накіроўвалі на будаўніцтва электрастанцыі «адбываць да канца тэрмін», у тэксце 1941 г. Міхал, дзякуючы добрай працы, ужо зусім адбыў свой тэрміп. Гэтай папраўкай Чорны ўскосна зменшваў віну Тварыцкага. Адпаведна і аўтарскія адносіны да героя станавіліся болей гуманнымі. Удакладняецца і працягласць тэрміну, на які быў асуджаны Міхал. У выданні 1941 г. дапісаны выдзеленыя ніжэй сказы: «Ен даўно не бачыў ні Славы, ні Зосі, ужо гадоў два ён іх не бачыў» і «...самае важнае — хутчэй вярнуцца да Зосі і Славы і жыць разам». Папраўкі пэўным чынам закрэсліналі ранейшыя абвінавачванні Міхала як ворага народа.
Драматызм канфлікту Міхала з грамадствам паслабляецца і тым, што ў творы — ад рэдакцыі да рэдакцыі фігуруе розная сума ўкрадзеных з банка грошай. «— Ведаеш, колькі там было грошай? —Ну, колькі?». У выданнях 1935, 1936 гг.— «каля паўмільёна», у 1937-м «мяшок грошай, найболып буйнымі паперкамі», у 1941-м «паўмеха грошай, найбольш буйнымі паперкамі». Агульнае, неканкрэтнае, можна сказаць, бытавое «мяшок грошай», «паўмеха грошай» — сінонім слова «мпога», «шмат». А вось «каля паўмільёна» — гэта ўжо юрыдычная тэрміналогія, дакладная лічба, патрэбная следчым, каб устанавіць віну прыцягнутага да адказнасці.
У выданні 1941 г. зроблена яшчэ адна значная папраўка — пісьменнік апусціў сцэну выступлення Зосі на судзе, дзе яна сведчыла супраць мужа. Пісьменнік імкнуўся прыглушыць матыў супрацоўніцтва Зосі са следчымі. Ён ужо не хацеў паказваць яе як афіцыйнага антыпода ўласнага мужа. Хопіць, маўляў, таго, што жанчына расказала ўладам пра свае падазрэнні наконт Міхала.
3 тэксту рамана выкінуты і наступны вялікі фрагмент, зноў жа такі звязаны са сцэнай суда над Міхалам і адносінамі да яго з боку Зосі: «3 свайго месца Зося заўважыла, што ён ніяк не змяніўся, такая самая асталася і барада. Толькі позірк яго быў нейкі разгублены. Зося думала: «...прывыклы да свае нары, ён выведзены тут напаказ перад усім народам». Ніхто не ведаў, што гэтая жанчына, у вялікай шэрай хустцы, ціхая, на сваім месцы пры сцяне недалёк ад сцэны, ёсць жонка Міхала Тварыцкага. Яе заўважылі і пра яе загаварылі толькі назаўтра, калі яна пачала даваць паказанні. Яна гаварыла вельмі мала, скупа. Гаварыла тое самае, што калісьці, заўсёды дома, казала яму, Міхалу Тварыцкаму, што казала Назарэўскаму» (тэкст 1935, 1936, 1937 гг.).
Чаму гэты ўрывак аказаўся паза тэкстам выдання 1941 г., асаблівых тлумачэнняў, думаецца, не патрабуе. Пісьменнік адчуў супярэчлівасць, нават непрымальнасць уласнай канцэпцыі ў маральным. плане і таму паспрабаваў даць іншую трактоўку вобразу гераіні, у характары якой і ўвасабляліся ягоныя погляды. Былі апушчаны і Зосіны заўвагі адносна знешняга выгляду Міхала, якія сведчылі аб душэўнай чэрствасці і сардэчнай глухаце жанчыны. Яны гучалі кашчунна: хіба камера папярэдняга заключэння была домам адпачынку?
Звяртае на сябе ўвагу і яшчэ адна купюра, зробленая пісьменнікам у тэксце: «Гэтыя людзі выбралі сваіх засядальнікаў у суд і з нецярплівасцю чакалі выхаднога дня, калі пачнецца разгляд справы» (тэкст 1935, 1936, 1937 гг.). Вядома, у гэтым невялікім фрагменце дакладна фіксіраваліся рысы сацыяльнай псіхалогіі людзей 30-х гг., іх схільнасць верыць любым афіцыйным паведамленням, гатоўнасць расквітацца са «злачынцам», «шкоднікам», хоць віна апошніх і не была даказана. Тым не менш К. Чорны ахвяраваў змястоўным урыўкам, каб прыглушыць думку аб тым, што менавіта народ судзіць Тварыцкага.
Рыхтуючы выданне 1941 г., Чорны ўнёс пэўныя папраўкі і ў сюжэтную лінію Назарэўскі — Зося, напоўніўшы больш багатым зместам іх узаемадачыненні. У першых трох выданнях Назарэўскі, напрыклад, прыязджаў на будаўніцтва, галоўным чынам, каб дапамагчы разблытаць справу з аграбленнем банка, і наведваецца ён да Зосі, як да старой знаёмай, каб даць ёй заданне — знайсці схаваныя грошы. Зараз (у рэдакцыі 1941 г.) мэта прыезду Назарэўскага крыху іншая: дапамагчы не толькі следству, але і Зосі. Назарэўскі аказваецца менавіта тым чалавекам, перад кім Тварыцкая можа раскрыць сваю душу, паспавядацца. Чалавечыя якасці Назарэўскага — вось на якіх момантах ставіцца зараз акцэнт. Нават яго знешняе аблічча пададзена ў інакшым асвятленні. Ен болей нагадвае таго параненага чырвонаармейца, якому ў свой час дапамагла Зося, парабчанка на хутары ў Скуратовіча, і які лічыць сваім чалавечым абавязкам аддзячыць ёй за яе высакародны ўчынак.
Дзеля нагляднасці супаставім тэкст выданняў 30-х гг. і 1941 г.
«— Я пасля разграміў банду, я камандаваў атрадам. Але пра гэта мы будзем мець час пагаварыць пасля. Слухайце, Зося, дзе ён схаваў грошы?
- Паверце мне, што я не знаю.
- Памажэце знайсці.
- Добра, я не буду мець спакойнай хвіліны, пакуль не перапару ўсю сваю сялібу. Я ўвесь час буду шукаць.
- Я тут буду дзён тры, мяне можна знайсці ў сельсавеце. Я думаю, што вы грошы знойдзеце.
- Буду старацца знайсці, але ж не магу напэўна гаварыць.
- Добра. Цераз дзень я сам зайду. Значыцца, мы дагаварыліся. Што вы самі пра гэтую ўсю справу думаеце?
- Што я думаю! Што ён сам гаворыць?
Ён вытрымаў паўзу і сеў. Яна зразумела: нічога ён ёй пра гэта не скажа. Твар яго стаў чужы і халодны. Яна загаварыла:
—Я не ведаю, што думаць. Што я ведала і што думала — адразу тады ппйшла і расказала следчаму»(тэкст выданняу' 1986, 1986, 1937 гг.).
«— Пасля разграмілі банду. Слухайце, Зося, памажыце Знайсці грошы. Зрабіце ўсё, што можаце, каб знайсці.
- Добра, я не буду мець спакойнай часіны, пакуль не знойдуцца грошы. Я ўвесь час буду шукаць.
- Я да нас яшчэ зайду, цераз дзень які... Што вы самі пра ўсю гэту справу думаеце?
— Што я магу думаць? Што я ведала і што думала — адразу тады расказала» (тэкст 1941 г.).
Як бачым, адрозненні цікавыя. Паводле зместу першых трох выданняў Назарэўскі быў упэўнены, што Зося ведае, дзе схаваны грошы, а яна вымушана была апраўдвацца. У разважаннях Назарэўскага была свая логіка: калі жонка данесла на мужа, яна і абавязана выкрыць яго да канца. «Я думаю, што вы грошы знойдзеце» — гэта значыць Назарэўскі ўсе надзеі ўскладаў на жанчыну: яе муж заварыў кашу, яна пра яго паведаміла, дык няхай і далей стараецца. Калі ж Зося паспрабавала перавесці гаворку ў рэчышча шчырай даверлівасці, то Назарэўскі на гэта не пайшоў.
У рэдакцыі 1941 г. сэнсавыя акцэнты расстаўлены ўжо інакш: Назарэўскі больш просіць, чым загадвае. Зося не адмаўляецца дапамагчы, яна будзе шукаць, але яна зараз гаворыць не пра тое, што «знойдзе», а што «грошы знойдуцца». Зося не апраўдваецца, а Назарэўскі не наступае, не цісне на яе. Жанчына імкнецца — і тут, і ў далейшым як мага менш упамінаць слова «следчы».
Перачытваючы сёння «Трэцяе пакаленне», мы не маем на мэце закрэсліць пэўны перыяд творчасці пісьменніка ці паставіць пад сумненне яго самабытны талент. Гаворка ідзе пра іншае — пра неабходнасць аб'ектыўнай ацэнкі твора. «Трэцяе пакаленне» — гэта адна з трагічных старонак гісторыі беларускага народа, яго культуры, літаратуры. Калі твор па-ранейшаму ўключаць у школьную праграму, то ацэнка яго павінна быць адпаведнай — не суцэльнай апалагетыкі аўтарскай канцэпцыі, як было дагэтуль, а сапраўды навуковай, аб`ектыўнай, сур`езнай.
Спіс літаратуры
1. Мушыцкі М. Ці быў Міхал Тварыцкі ворагам народа? Абнавіцца духам: старонкі сучаснай літаратурнай крытыкі/Склад. Н. Е Пашэковіч. – Мінск, 1992
2. Гніламедаў У. В., Казлова В. В., Лазарук М. А. і інш. Гісторыя беларускай літаратуры: 20 стагоддзе (20-50-я гады). Мн., “Вышэйшая школа” - 2000