Смекни!
smekni.com

Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча (стр. 1 из 4)

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт

Інстытут журналістыкі

Кафедра стылістыкі і літаратурнага рэдагавання

Мова і стыль лірычнай прозы Ул. Караткевіча

Курсавая работа

студэнткі 3 курса 2 гр.

Настассі Занько

Навуковы кіраўнік −

кандыдат філалагічных навук

дацэнт П. П. Жаўняровіч

Мінск 2008


Змест

Уводзіны

1. Лірычная проза: праблемы вызначэння

1.1. Дэфініцыя і спецыфіка паняцця “лірычная проза”

1.2. Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры

2. Стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча

2.1. Эсэ

2.2. Нарысы

Заключэнне

Спіс выкарыстанай літаратуры


Уводзіны

Прыдзе дзень, і мяне не будзе.

А свет не застанецца без слоў.

...Прыдзе дзень, і мяне не будзе.

Але будзе вечнай зямная цеплыня.

...А на цёплай зямлі ў буркатлівых галубоў

лапкі ў векі вякоў будуць каралавымі.

Ул. Караткевіч “Подыхі продкаў”

Уладзімір Караткевіч – аўтар знакавы для ўсёй беларускай літаратуры. Сваімі “Каласамі…”, “Паляваннем…”, “Хрыстом…” ён даў магчымасць беларускаму народу адчуць гістарычную сувязь з продкамі, што так часта гублялася, абудзіў нацынальную годнасць, любоў да сваёй краіны, якую сам аддана любіў.

Талент Караткевіча шматгранны. Пачынаў як паэт, моцны, арыгінальны, разважлівы, глыбокі. Пасля яго выклікала на дуэль проза. Апавяданні, нарысы, эсэ, казкі, раманы – і ўсё непаўторнае, дынамічнае, філасофска-глыбокае. А яшчэ драматургія і публіцыстыка. Проза падпарадкоўвалася яму, нібы паслухмяны сабачка. А ён трэніраваў яго і трэніраваў, не даючы застойвацца на месцы.

З багатых літаратурных традыцый Караткевіча выйшлі такія сучасныя аўтары, як Л. Дайнека, В. Іпатава, Ул. Арлоў, А. Наварыч і інш. Для ўсіх іх, мяркуючы па творах, прыкладам і ідэалам быў ён.

Крытыкі ўжо даўно разабралі па цаглінках усю творчую спадчыну Уладзіміра Сямёнавіча. Ацэньваліся гістарызм яго раманаў, лірычнасць яго вершаў, стылістыка твораў і г.д.

Здавалася б, даследаваць творчасць Караткевіча ўжо няварта ды і непатрэбна: усё зроблена і так.

Аднак Уладзімір Сямёнавіч, паўтаруся, валодаў шматгранным талентам, таму не ўсе аспекты яго творчасці даследаваны грунтоўна і паслядоўна.

Напрыклад, многія даследчыкі выдзяляюць тэрмін “лірычная проза”. Такі жанр прысутнічае і ў творчасці Ул. Караткевіча, а вось якія творы адносяцца да лірычнай прозы – пытанне, што патрабуе дэталёвага вывучэння, разгляду таксама патрабуюць і яе моўна-стылёвыя асаблівасці.

Такім чынам, прадметам дадзенай курсавой працы з’яўляецца лірычная проза Ул. Караткевіча, аб’ектам – моўна-стылёвыя асаблівасці гэтай лірычнай прозы.

Мэта курсавой працы–вызначыць моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча.

Для дасягнення пастаўленай мэты вырашаліся наступныя задачы:

- прааналізаваць лірычныя творы Ул. Караткевіча з моўна-стылёвага пункту гледжання;

- супаставіць моўныя і стылёвыя сродкі розных жанраў лірычнай прозы аўтара.

- выявіць адметнасці аўтарскага стылю і мовы ў кожным з іх;

- акрэсліць адметныя асаблівасці стылю і мовы лірычнай прозы Ул. Караткевіча.

Навізна работы заключаецца ў распрацоўцы праблемы моўна-стылёвых асаблівасцяў лірычнай прозы Ул. Караткевіча. У ходзе распрацоўкі тэмы выкарыстоўваліся наступныя метады даследавання:

- апісальны і яго прыём − назіранне, − каб адзначыць прыкметныя асаблівасці мовы твораў;

- супастаўляльны − выявіць падабенствы і адрозненні моўна-стылёвай палітры розных жанраў лірычнай прозы ;

Паводле структуры даследаванне ўключае ўводзіны, два разделы, заключэнне, спіс выкарыстанай літаратуры. Агульны аб’ём работы − 24 старонкі.


1. Лірычная проза: праблемы вызначэння

1.1 Дэфініцыя і спецыфіка паняцця “лірычная проза”

Паэзія і проза – дзве формы мастацкага слова, якія знешне адрозніваюцца арганізацыяй, будовай мастацкай мовы: у паэзіі мова выразна дзеліцца на суразмерныя адрэзкі – вершы, у прозе – рухаецца суцэльнай плынню, што перарываецца паўзамі ў канцы сінтагмаў і сказаў. Часта кажуць, што паэзія – рытмічная мова, а проза – мова “звычайная”. Але мастацкая проза таксама валодае спецыфічным рытмам і нават бывае рытмічнай, гэта ўжо і не верш, але і не “звычайная” (немастацкая) мова.

Паэзіі звычайна адводзілася месца паказу чалавечых эмоцый, пачуццяў, унутранага свету асобы, у той час як проза лічылася больш “сур’ёзным” жанрам, здольным перадаць навуковыя, філасофскія і іншыя разважанні. Мастацкая проза лічылася “лёгкім чытвом” [2, с. 9]. Рускі даследчыкі Ю.М. Лотман, разглядаючы спецыфіку паэзіі і прозы як розных відаў мастацтва, адзначаў, што ў XVIII–XIX ст. тагачасная літаратурная тэорыя лічыла празаічныя жанры ніжэйшай разнавіднасцю мастацтва. Аднак проза з цягам часу даказала адваротнае: “Мастацкая проза выявіла здольнасць ствараць прыгажосць слова, не саступаючы прыгажосці слова ў паэзіі”, – адзначае А. Яскевіч [2, с. 8].

Падчас свайго развіцця проза творча пераасэнсоўвала рэчаіснасць, ствараючы свае жанравыя формы, правілы і законы. Паступова ўскладняючыся, яна ўзаемадзейнічала з паэзіяй, вынікам чаго сталі спецыфічныя жанравыя формы: верш у прозе, раман у вершах, імпрэсія, лірычнае апавяданне і г.д.

Празаічныя па форме, але лірычныя па змесце жанры ўтварылі новы від літаратуры – лірычную прозу. Спынімся больш падрабязна на гэтай з’яве мастацкай літаратуры.

Перш чым перайсці да разгляду непасрэдна лірычнай прозы, разбяромся з тэрмінам “лірызм”. Вельмі часта адбываецца блытаніна паняццяў “лірычная проза” і “лірызм у прозе”.

“Лiрызм” у шырокiм сэнсе – эмацыйная афарбоўка мастацкага тэксту, якая сустракацца ў творах розных жанраў i стылёвых накірункаў [2, c. 10].

Г.М. Паспелаў адзначае, што “ад лiрыка-эпiкi i лiра-драматургii трэба адрознiваць лiрызм уласна эпiчных i драматургiчных твораў. Лiрызм – гэта ўласцiвасць, што адносiцца не да “родавага” аспекту зместу лiтаратурных твораў, а да таго боку, якi можна назваць пафасам твора” [2, c. 10]. То бок да выяўлення актыўнай iдэйна-эмацыйнай ацэнкi пiсьменнiкам узноўленых iм сацыяльных характараў, народжаная iх аб’ектыўнымi ўласцiвасцямi.

Каб зразумець, у якiх суадносiнах знаходзяцца паняццi “лiрызм” i “лiрычная проза”, неабходна засяродзiць увагу на асаблівасцях функцыянавання лiрызму ў празаiчных жанрах.

Функцыянаванне лiрычнага ў празаiчных жанрах абумоўлена пранiкненнем чужароднага элемента ў мастацкі твор. Тэкст пачынае iснаваць ужо на зусiм iншым узроўнi. Ягоныя элементы зведваюць структурную пераарганізацыю ў кірунку, абумоўленым аўтарскім успрыманнем і адлюстраваннем свету.

З дапамогай лірыкі ствараюцца новыя ўмовы для існавання празаічнага твора. Паэзiя i проза тут уступаюць у пэўны дыялог, пры гэтым лiрычна-суб’ектыўнае i эпiчна-аб’ектыўнае сумяшчаюцца ў межах аднаго тэксту. Такім чынам узнікае “лiрычная проза”, якая з’яўляецца разнавiднасцю эпiчнага па форме і адгалiнаваннем лiрычнага па змесце. У такім выпадку рытмiчная арганiзацыя тэксту змяняецца, наблiжаючы яго да паэтычнага. Пранiкаючы ў мастацкі твор, лiрызм дадае туды свае законы.

“Гэта можна параўнаць са стыхiяй, калi лiрызм урываецца ў цяжкую прозу, ствараецца iншая вобразнасць, твор становiцца лёгкiм, як музыка. Ён успрымаецца больш арганiчна i мае большы эфект уздзеяння. Пранiкненне лiрычнага ў празаiчны твор нагадвае пэўны парадокс” [2, с. 12].

Твор становіцца ўжо не чыста лiрычным, але i не чыста празаiчным. Ён i ўспрымаецца больш цiкава, бо знаходзiцца на мяжы двух лiтаратурных родаў.

Звернемся да азначэння тэрміну “лірычная проза”. Даволі распаўсюджаным з’яўляецца выказванне, што лiрычная проза – амаль паэзiя. Але А. Яскевiч лiчыць, што лiрычная проза “гэта не сiнтэз прозы i лiрыкi, але штосьцi спецыфiчна новае, якое развiваецца цалкам па празаiчных законах”. Даследчык адзначае, што “лiрычную прозу зблiжаюць з паэзiяй толькi спосабы адлюстравання рэчаiснасцi” [2, c. 16]. У выпадку лiрычнай прозы празаiчны жанр iмкнецца аб’яднаць на глебе аб’ектыўнасцi яшчэ i магчымасць адлюстравання ўсёй непасрэднасцi пачуцця i перажывання, уласцiвага лiрыцы.

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі дае наступную дэфініцыю тэрміна: “лірычная проза – стылявая плынь мастацкай прозы, якая вылучаецца павышанай эмацыйнасцю і адкрытым, непасрэдным выяўленнем аўтарскіх адносін да паказу; празаічная разнавіднасць ліра-эпасу. Своеасабліва спалучае ў сабе асобныя рысы лірыкі і эпасу, якія ў кожным канкрэтным выпадку ствараюць непаўторнае мастацкае адзінства” [8, c. 263].

Прадметам паказу лірычнай прозы з’яўляецца духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і пачуццяў, у якіх у канчатковым выніку адлюстроўваюцца аб’ектыўныя заканамернасці рэчаіснасці.

Аўтар і яго лірычны герой – не нейтральныя назіральнікі і сведкі, яны як бы ўбіраюць у свой кругагляд знешнія падзеі, людскія ўчынкі, характары, індывідуальна пераламляючы іх у сваім уяўленні. Яны становяцца структурным цэнтрам усёй кампазіцыі, якая складаецца з ланцуга перажыванняў і думак героя ў дадзены момант жыцця. Гэта надае своеасаблівасць і сюжэту, што ахоплівае дынамічнае адзінства, плынь перажыванняў лірычнага героя, яго пачуццяў, думак, успамінаў, рашэнняў, яго узаемасувязі са знешнім светам. Вобраз аўтара і яго лірычнага героя разгортваецца перад чытачом не паступова і паслядоўна, як у звычайным эпічным творы, а імкліва і шматпланава, паказваючы складанасць і шматграннасць унутранага свету чалавека, яго магчымасці ахапіць з’явы сусвету і людскога існавання, пераадолець час і прастору.