Смекни!
smekni.com

Творчасць Васіля Быкава і паэзія 90-х гг. (стр. 1 из 3)

1. Характарыстыка паэзіі на сучасным этапе: другая палова 90-х гг. XX ст. - пачатак XXІ ст.

Сучасная беларуская паэзія – з’ява поліфанічная і шматгранная. У сваім развіцці яна дасягнула значных эстэтычных вышыняў. Творчасць сучасных паэтаў дае нам адказы на сутнасныя пытанні быцця, раскрывае хвлюючыя думкі, складаныя перажыванні чалавека ў сённяшнім свеце болю, трывог і надзей. Праблемна-тэматычны дыяпазон сучаснай паэзіі надзвычай шырокі, бо яна – крыніца няспыннага мастацкага самапазнання. “Я” паэта заключае ў сабе шматстайнасць зместу жыцця: духоўна-душэўнага, сацыяльнага, маральна-фласофскага.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў беларуская паэзія прайшла складаную духоўную і эстэтычную эвалюцыю. Сучасныя паэычныя далягляды насычаны вабнымі фарбамі і колерамі слова. Беларуская паэзія абжыла многія эстэтычныя межы на шляху лірычнага і эпічнага асэнсавання жыцця, у распрацоўцы жанраў і формаў верша, вобразна-выяўленчага ладу выказвання.

Жывы свет мараў-памкненняў, радасць быцця і пакуты, боль сумлення ўмяшчае ў сабе сучасная паэзія. Яна ўмее размаўляць з сонцам і небам, чалавекам і цэлым народам, мінулым і будучыняй.

Апошняе дзесяцігоддзе было як ніколі спрыяльным для творчай самарэалізацыі асобы. Асаблівае ўнутранае пакліканне, відаць, заўсёды адчувалі І. Чыгрын, Л. Сільнова, В. Рагаўцоў, Зянон, М. Папека, А. Майсеенка, Т. Мушынская і іншыя аўтары, творчасць якіх улілася ў рэчышча сучаснай паэзіі.

90-я гады актывізавалі прыток маладых талентаў у беларускую паэзію. Выключную ролю ў лёсе паэтаў-пачаткоўцаў адыгрываў часопіс “Першацвет”, які быў заснаваны ў 1992 г. На яго старонках з’явілася няміла імёнаў маладых паэтаў: А. Пашкевіч, В. Жыбуль, С. Патаранскі, А. Дуброўскі, В. Слінко, У. Гарачка, М. Віч, Т. Барысюк, А. Брусевіч, І. Хадарэнка, В. Корбут, В. Панякевіч, Я. Лайкоў, Я. Дашына, П. Гаспадыніч і інш.

Форматворчасць і жанраўтваральныя працэсы –найважнейшы фактар развіцця паэзіі апошняга дзесяцігоддзя. У беларускай паэзіі па-ранейшаму папулярнымі былі традыцыйныя жанры балады, элегіі, санета, паслання, прытчы і некаторыя іншыя. Многія жанры мадэрнізаваліся і набылі мастацка-сінтэтычны характар, г. зн. спалучаюць у сабе рысы розных мастацкіх сістэм і стыляў.

У 90-я гады відазмянілася ода, якая набыла эмацыянальную стрыманасць, псіхалагічную заглыбленасць, медытатыўную разважлівасць. А на схіле XX стагоддзя час гучных од, гімнаў, барабанных рытмаў наогул мінуў, у паэзіі запанаваў элегічны пафас, матывы адзіноты і скрухі, вечара і змроку:”О, як я хацеў бы // Скласці шчасця оду, // Каб не мой панылы, //Непазбыўны одум!” (Г. Бураўкін). Пра тое, што стагоддзе падсумоўвала тужлівыя вершы, інтымныя споведзі, у якіх вядучым стаў пачуццёвы драматызм, сведчаць элегіі М. Танка, С. Грахоўскага, Т. Бондар, Ю. Голуба, Н. Гальпяовіча, Л. Галубовіча, Л. Рублеўскай.

Сучасных паэтаў асабліва часта прыцягвала вершаваная форма санета. Санетнае мысленне асабліва яскрава праявілася ў паэзіі Р.Барадуліна, М. Арочкі, У. Паўлава, Н. Мацяш, Р. Тармоы-Мірскага. і інш. У беларускім санетапісанні з’явіўся нават цэлы вянок санетаў “Апакаліпсіс душы” З. Маразава. Санетны цыкл паэта з’яўляецца першай спробай такога віду як у беларускай, так і ва ўсходнеславянскіх літаратурах. Гэткія ж буйныя санетныя структуры стварылі пазней М. Віняцкі (“Загойвае боль, сінь яснавокай зоркі...”) і С. Шах (“Адухаўленне”). Рэалізацыя фармальнай задачы, аднак, прывяла і да пэўных творчых выдаткаў. Гэтым вялікім па аб’ёме паэтыным тэкстам не ўсюды стае змястоўнай угрунтаванасці мастацтва слова.

У гэты час узрастае цікавасць да формальна-стылёвых эксперыментаў. Наватарства ў галіне паэтычнай формы выявілася ў творчасці М. Танка, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, С. Панізніка, Л. Дранько-Майсюка, А. Глобуса, В. Шніпа, А. Давыдава. Выключную ролю ў далейшым эстэтычным сцвярджэнні форматворчага пачатку мае паэзія А. Разанава. Ён увёў у беларускую літаратуру новыя паэтычныя формы: вершасказы, квантэмы, пункціры, зномы, на працягу апошніх гадоў давёў іх мастацкую жыццяздольнасць. Кожная з жанравых форм нарадзілася ў выніку пошуку прыдатнай апраткі для думкі, з імкнення перадаць яе рухомасць, імпульсіўнасць, жывую складанасць. Вершасказ – твор, напісаны на памежжы паэзіі і прозы, гэта паэтычная медытацыя, у аснове якой – выяўленне сутнасці рэчы ці з’явы. Многі творы А. Разанава ўяўляюць сабой глыбокія аўтарскія філасафемы (такія вершы паэт называе зномамі). Квантэма – ад слова “квант”, твор, які нясе ў сабе пучок, згустак эмацыянальна-інтэлектуальнай энергіі. Лапідарнасць, графічнасць малюнка вызначае аблічча разанаўскіх пункціраў. Па-наватарску загучалі версэты А. Разанава. Верагодна, назва паходзіць ад слова “версія”: паэт як бы выказвае пэўную версію свайго разумення свету, пэўнай з’явы. Версэтная форма. як сродак асацыятыўнага мыслення паспяхова скарыстоўвалася У. Арловым, А. Мінкіным, І. Бабковым, В. Слінко.

За апошняе дзесяцігоддзе даволі рваспаўсюджаным зрабіўся зварот да лаканічных форм паэтычнага выказвання. Мастацка-выяўленчыя магчымасці мініяцюры пашыраюць Н. Гілевіч у сямірадкоўях, К. Камейша у сваіх “адзор’ях”, якія складаюцца з двух-шасці радкоў. Экспрэсія слова – таксама важны паказальнік твораў малой паэтычнай формы М. Рудкоўскага, А. Вярцінскага, Ю. Свіркі, Нмацяш, Я. Гучка.

Асабліва раскаванае і нязвыклае формавыяўленне дэманструюць паэты маладзейшага пакалення. Так, паэт В. Жыбуль віртуозна напісаў паліндрамічную паэму “Рогі гор”. У паэзііі 90-х назіраецца цэлы каскад відаў і форм верша: рандо, глоса, квінціла, актава, акраверш, тэрцына, айрэна, рубаі, імаё, танка і інш. “Экзатычны” японскі від верша хоку прывабіў паэтаў розных пакаленняў – ад М. Танка да А. Глобуса і В. Шніпа, пра што красамоўна сведчыць цэлы зборнік трохрадкоўяў “Круглы год” (1996). У зборніку Э. Акуліна “Крыло анёла” знайшлі ўвасаблене разнастайныя формы верша: як традыцыйныя, добравядомыя (элегія, балада, верлібр, трыялет), так і неардынарныя па сваёй структуры: туюг, газель, концона, віланэль, рытурнэль, паліндром.

Фома верша, як паказвае ў многіх праявах сучасная творчая практыка, гэта не проста прыгожы эфект, а мастацка-выяўленчая самакаштоўнасць паэзіі. Архітэктурныя і фігуральна-адмысловыя пабудовы сучаснага верша – гэта тое, што нараджаецца ў процівагу звыклай, аднастайнай строфіцы. Пошукі ў галіне формавыяўлення, падмацаваныя эстэтычным адзінствам формы і змест, прыкметна ўзбагачаюць архтэктоніку сучаснага верша і стылёвую тэхніку пісьма, прыдаюць беларускай паэзіі новае аблічча.

Сучасная беларуская паэзія вызначаецца меладычна-музычнай экспрэсіяй слова. Менавіта таму яна была запатрабавана многімі кампазітарамі, якія стварылі на аснове вершаваных тэкстаў шматлікія песні. Некаторыя з іх сталі сапраўднымі шлягерамі. У жанры літаратурнай песні працягвалі плённа працаваць А. Ставер, А. Дзеружынскі, У. Карызна, В. Лукша, У. Някляеў. Узнялося і новае пакаленне паэтаў-песеннікаў – Л. Дранько-Майсюк, Л. Пранчак, А. Бадак, У. Пецюкевіч.

У сучаснай паэзіі далейшае развіццё атрымалі сатырычныя і гумарыстычныя жанры. Быў апублікаваны шэраг ананімных паэм. Назіраецца заняпад некалі вельмі папулярнага жанра байкі, які сасупае месца іншым разнавіднасцям сатырычнай паэзіі. Найбольш плённа ў 90-я гады развівалася пародыя і эпіграма. Па-майстэрску напісаны паэтычныя пародыі Г. Юрчанкі, А. Зэкава, М. Скоблы, П. Саковіча, Я. Мальца, У. Марука, У. Ералаева. Гэтыя аўтары дасціпна высмейваюць мастацкія хібы і пралікі сучасных вершатворцаў.

У жанры сатырычнай мініацюры напісаны “дурноты” Р. Барадуліна. Смех паэта бойкі, з’едлівы, часам простанародна грубы. Сатырычную накіраванасць маюць многія вершы Н. Гілевіча, В. Зуёнка, М. Чарняўскага, В. Жуковіча.

Заўважаецца ў паэзіі адбітак імклівага рытму і тэмпу ўрбанізаванага жыцця. Беларуская паэзія выяўляе псіхалогію, культуру і філасофію мыслення нашага сучасніка, які адчувае прастору і дух горада, жыве з ім адным няпростым жыццём.

Сёння ў беларускай паэзіі творы ўрбаністычнага зместу – даволі прыкметны тэматычны пласт, яны паўнавартнасна ўводзяць нас у космас горада, пакрысе разбураюць стэрэатып пра абсалютную вясковасць нашай паэзіі XX ст. І погляд на беларусаў, як выключна сялянскую цывілізацыю.

Традыцыйнымі ў беларускай паэіі заставаліся вершы пра вёску, бацькоўскі кут, родную зямлю. Большасць сучасных паэтаў – гэа выхадцы з вёскі, і таму натуральна тое, што з іх вуснаў гучаць песні пра сваё вясковае маленства, родныя сцежкі, дрэвы, лугі і дарогі. У сучаснай паэзіі мы сустрэнем багата твораў, напоўненых сардэчнымі пачуццямі пакланення і любові да Радзімы. Вёска – мацярык, які неадольна прыцягвае да сябе, дае мацунак. У адлюстраванні вёскі паэты, як правіла прытрымліваюцца традыцыйных, мастацка-стылёвых форм і сродкаў выяўлення, у іх творах пераважае рэалістычна-прадметны характар светаўспрымання. Апошнім часам стылёвыя формы і прыёмы паэтычнага выказвання ўскладняюцца, робяцца больш сінтэтычнымі. Поруч з “вясковымі ідыліямі”, паэтызацыяй душэўнага хараства і мудрасці вяскоўцаў паболела змрочных малюнкаў, драматычных матываў і інтанацый, звязаных з выміраннем беларускай вёскі. Настальгічныя матывы вызнычылі гучанне вершаў В. Зуёнка, М. Арочкі, Ю. Свіркі.

Развіццё пейзажнай і інтымнай лірыкі заўсёды было характэрным паказальнікам беларускай паэзіі. Паэтычная “кніга прыроды” узбагацілася творамі М. Танка, А. Іверса, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Ю. Свіркі, К. Камейшы, В. Гардзея. Прыродаапісальная лірыка – гэта паэтызацыя красы родных краявідаў, глыбока эстэтычнае стаўленне да навакольнага свету.

Сучасная лірыка мае вырызную экалагічную накіраванасць. Беларускія паэты прапаведуюць глыбока духоўныя і этычныя адносіны да навакольнага свету. Многія паэты з трывогай рэагуюць на зруйнаванне спрадвечнага нацыянальнага асяроддзя, выступаюць супраць браканьерства, варварства, глумлення з хараства.

Сучасная лірыка кахання – хвалюючая песня паэзіі, яна надзвычай багатая на матывы, глыбокія эмоцыі. Паэты выяўляюць самыя патаемныя перажыванні, стан душы. Вершы пра каханне склалі кнігі Р. Баравіковай (“Каханне”), Г. Бураўкіна (“Чытаю тайнапіс вачэй” 2001).