ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ
І. ГЛАВА. АСАБЛІВАСЦІ ЖЫЦЦЁВАГА І ТВОРЧАГА ШЛЯХУ А.ПІСЬМЯНКОВА
ІІ. ГЛАВА. ХАРАКТАРЫСТЫКА ТВОРЧАЙ ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ ПІСЬМЕННІКА
2.1 Асноўныя тэмы і вобразы паэзіі А.Пісьмянкова
2.2 Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў Алеся Пісьмянкова
2.3 Тэма Радзімы ў лірыцы А.Пісьмянкова
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
Уводзіны
Маладая беларуская паэзія 80-90-х гадаў – з’ява шматаблічная, яна складаецца з цікавых творчых індывідуальнасцяў, увабрала ў сябе багаты мастацкі спектр вобразаў, тэм пачуццяў і думак.
Сучасная беларуская паэзія складаецца з вялікай колькасці творчых індывідуальнасцяў. Не выключэнне і імя Алеся Пісьмянкова ў паэзіі гэтага часу.
Калі чалавека не стае, найперш падчас ягонага імгненнага адыходу, інакш пачынаеш успрымаць шмат якія ягоныя ранейшыя выказванні, абавязкова шукаючы ў іх нейкі патаемны сэнс, што на адлегласці ўспрымаецца ўжо як змрочнае прадчуванне. У дачыненні да пісьменніка, прынамсі, зрабіць гэта прасцей, бо ўсё тое, што гняло яго, не давала спакою, выклікала трывожныя думкі, як правіла, занатавана на паперы. Алесь Пісьмянкоў у гэтым выпаду таксама не з’яўляецца выключэннем. Менавіта ў гэтым заключаецца значнасць і актуальность тэмы, якой прысвечана наша курсавая работа.
Агляд літаратуразнаўчых крыніц па тэме даследавання паказаў, што жыццёваму і творчаму шляху Алеся Пісьмянкова прысвяцілі свае працы многія крытыкі і літаратуразнаўцы, сярод які варта назваць наступных аўтараў. Так, творчасці А.Пісьмянкова ўвогуле прысвечаны працы: Галубовіч П. "Рыцар паэзіі"; Гальпяровіч Н. "Паэзія дабрыні: творчасць Алеся Пісьмянкова", "Творчы партрэт Алеся Пісьмянкова"; Коршуков Е. "Сердце поэта: прочитывая книгу поэзии Алеся Письменкова". Асобныя тэмы ў творчасці А.Пісьмянкова раскрываюцца ў працах: "Паэзія А.Пісьмянкова ў колерах і пахах" Бельскі А.І.; "Праз уласнае сэрца: Тэма Радзімы ў творчасці Алеся Пісьмянкова" Марціновіч А.
Калі звяртацца да выказванняў літаратараў і пісьменнікаў пра асобу і творчасць Алеся Пісьмянкова, то тут варта згадаць наступныя:
Вельмі праўдзіва і кранальна малюе партрэт свайго сябры Уладзімір Ягодвік, звяртаючыся да яго з такімі словамі: "Ты ўмеў жартаваць. Ты любіў жартаваць. Ты заўсёды імкнуўся і блізкага сябра, і калегу па рабоце акрыліць радасцю. Не імкнуўся, а проста ў цябе так атрымлівалася, бо інакш ты жыць не ўмеў. Вядома, ты меў права назваць сваё выбранае: "Я не памру, пакуль люблю" [9; С.200].
Слушна сказала пра творчасць Алеся Пісьмянкова Таццяна Мушынская: "Сам Пісьмянкоў лічыў, што шмат пісаць не трэба, бо кожнае слова павінна быць аплачана пачуццём. Як грошы ў дзяржаве – золатам. А іначай пачынаецца інфляцыя... Цяпер зразумела, чаму так моцна дзейнічалі на свядомасць яго вершы – слова сапраўды было аплочана чыстым золатам паэтавай душы. Зразумела, вершы Алеся застаюцца ў хрэстаматыях і школьных падручніках, некалі сябры выдадуць зборнік успамінаў. Магчыма, залічаць да сонму класікаў. Гэта суцяшэнне, але слабое. Жывы, хоць без рэгалій – усё роўна лепей..." [9; С. 200].
Мэтай нашай работы з’яўляецца комплексны аналіз творчасці Алеся Пісьмянкова.
Пастаўленая мэта патрабуе вырашэння наступных задач:
- прааналізаваць літаратуразнаўчыя крыніцы па дадзенай тэме;
- даць характарыстыку асноўным этапам жыццёвага і творчага шляху Алеся Пісьмянкова;
- разгледзець і вызначыць асаблівасці творчасці аўтара.
Аб’ектам даследавання дадзенай курсавой работы з’яўляецца творчая індывідуальнасць Алеся Пісьмянкова.
Прадметам жа ў сваю чаргу можна назваць творчую спадчыну пісьменніка.
Паэзія А.Пісьмянкова не можа не выклікаць захаплення. Яна вабіць да сябе нязмушанасцю радка і адначасова надзвычайнай ёмістасцю, што нярэдка пераходзіць у філасофскую напоўненасць. Яна вельмі прачулая, бо ідзе ад уражлівай душы. У ёй ёсць жыццёвая моц, але яна прываблівае і сваёй духоўнай трываласцю. І гэта пры здзіўляючай лаканічнасці, што месцамі нагадвае сабой нават пэўную эскізнасць, але эскізнасць гэтая – не штрыхавая, а контурна выразная, а таму і атрымліваецца паэтычны малюнак такім зрокава выразным і пераканальным.
Алесь Пісьмянкоў – паэт рамантычнага светаўспрымання. Яго паэзія прасвечана глыбокім пачуццём лірызму, пранікнёным пафасам патрыятызму і чалавечнасці. У сваіх кнігах "Белы Камень" і "Чытаю зоры" паэт сцвярджае неўтаймоўнасць чалавечага духу ў спазнанні зямнога быцця, гісторыі, сучаснасці. Герой А.Пісьмянкова – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, ён адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна ("Балада роду", "Трызненне паўстанца", "Дума Вітаўта"). Паэтаў герой ведае і шануе генеалогію свайго роду, ганарыцца крэўнай прыналежнасцю да зямлі Беларусі, якая нарадзіла Каліноўскага і Вашчылу, Скарыну і Багрыма, Багушэвіча і Багдановіча.
І ГЛАВА. АСАБЛІВАСЦІ ЖЫЦЦЁВАГА І ТВОРЧАГА ШЛЯХУ А.ПІСЬМЯНКОВА
Алесь Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 г. у вёсцы Іванаўка Касцюковіцкага раёну Магілёўскае вобласці. Бацька паэта, Уладзімір, па прафесіі шафёр, маці, Марыя, працавала медсястрой.
У 1964 Алесь Пісьмянкоў паступіў у Бялынкавіцкую сярэднюю школу. Асаблівы ўплыў на яго зрабіў настаўнік мовы і літаратуры А. Нікіценка, які ў свой час, калі вучыўся ў Смаленску, неаднойчы сустракаўся з А. Твардоўскім і М. Ісакоўскім. У школе А. Пісьмянкоў рана пачаў пісаць вершы, але сур'ёзнай увагі ім не надаваў.
У 1974 – 1975 працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты "Сцяг камунізму". Тады ж асабіста пазнаёміўся з А. Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з членамі раённага літаб'яднання. А.Пысін так пісаў пра сваё знаёмства з Алесем Пісмянковым: "На касцюковіцкім семіныры асабліва прыемным было знаёмства з семнаццацігадовым Алесем Пісьмянковым. Нядаўні дзесяцікласнік, ён працаваў карэктрарам у раённай газеце, а жыў у сваёй вёсцы Бялынкавічы, якая паблізу. Танклявы, светлавалосы, знешне ён нагадваў гарадскога падлетка, але быў занадта ціхі і сарамлівы. Можа, разумеючы гэта, у сваіх вершах хацеў быць трохі "байчэйшым", надаваў свайму лірычнаму герою больш сталасці і мужнасці. А лепшыя яго вершы па-юнацку шчырыя і непасрэдныя, у іх шмат пачуцця і такой добрай наіўнасці, якая асабліва кранае" [9; С. 199].
Як Генадзь Бураўкін верыў у шчаслівую творчую дарогу Яўгеніі Янішчыц, прадстаўляючы яе "лімаўскаму" чытачу, гэтаксама Аляксей Пысін быў упэўнены, што ў далейшым хораша складзецца паэтычны лёс ягонага земляка. А ўпэўненасць з’явілася пасля таго, як Аляксей Васільевіч, вельмі ўважлівы да кожнага таленту, паспеў прачытаць яго творы.
Шчырасць, непасрэднасць, а часам і тая ж "добрая наіўнасць" характарызавалі і вершы, прапанаваныя А.Пысіным для падборкі ў "Дзень паэзіі". Іх усяго чатыры, але гэта і нямала, калі прыняць пад увагу, што шмат каму і з ужо добра вядомых паэтаў было адведзена месца ненамнога больш. Ды справа не ў колькасці: вершы А.Пісьмянкова не толькі не губляліся сярод іншых публікацый, а наадварот, сваёй прасветленасцю, сонечнасцю, нейкай унутранай празрыстасцю, што выклікае ў душы не проста пачуццё замілавання, а і здзіўлення перад нерушавасцю таленту і ўсяляе ўпэўненасць, што ён у далейшым на многае здатны, выклікалі ў сэрцах сапраўдных знаўцаў і прыхільнікаў паэзіі радасць ад усведамлення, што не пабяднела беларуская зямля на яркія дараванні.
Гэта ўжо пазней з гадамі, калі голас паэта ўзмужнеў і акрэп, Алесь Пісьмянкоў стаў пісаць пра тое, што блізкае і дарагое для яго сэрца ад нараджэння. Пісаў пра тое, чым была напоўненая душа – успрымальная і ўражлівая. Па словах А.Марціновіча: "Праўда гэта нам, чытачам, здавалася, што ён проста пісаў. А ён і тады, і пасля пісаў не ў традыцыйным разуменні гэтага слова. І нават не жыў вершамі, а думаў імі" [9; С. 200]. У гэтай жа сувязі, каб пацвердзіць вышэйакрэсленую думку, варта прывесці словы самога Алеся Пісьмянкова, які даволі слушна гаворыць пра гэтую ж рэч: "Паэты з уласнай практыкі ведаюць, што вершы не пішуць, вершы думаюць, вершы выношваюць і толькі потым запісваюць" [9; С. 200].
У 1975 паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980.
Пасля заканчэння універсітэта Пісьмянкову пашанцавала застацца ў Мінску. У далейшым прафесійны, творчы яго лёс у дачыненні да яго аказаўся спагадным.
Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, у 1980 – 1982 працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі газеты "Літаратура і мастацтва".
З 1982 – рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя". 3 1990 намеснік старшыні СП Беларусі. Пасля вярнуўся ў "Полымя" намеснікам галоўнага рэдактара, каб пазней зноў перайсці ў "ЛіМ", цяпер ужо галоўным рэдактарам. Апошім часам узначальваў рэдакцыю гумарыстычна-сатырычнага часопіса "Вожык".
Алесь Пісьмянкоў быў лаурэатам прэміі Ленінскага камсамола (1988), Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1998).
Член СП Беларусі з 1984.
Многія з творчых людзей па-добраму могуць пазайздросціць такой службовай кар’еры. Чаго не скажаш пра лёс жыццёвы. Ён, у адрозненні ад творчага, выпрабоўваў А.Пісьмянкова жорстка, нават з нейкай садысцкай паслядоўнасцю. Блізкія Алесю людзі адыходзілі адзін за адным, пакідаючы ў ягонай душы глыбокі след, а ў сэрцы - незагойныя раны. А сэрца ён меў слабае, хвоорае, аднак да ўрачоў не тое што не спяшаўся, а ніколі іх не наведваў.
Першы верш надрукаваў у 1972 у касцюковіцкай раённай газеце "Сцяг камунізму". Дзесяцікласнікам паслаў падборку вершаў у "Магілёўскую праўду". У абласным і рэспубліканскім друку А. Пісьмянкоў выступае з 1974. Яго вершам характэрна рамантычная ўзнёсласьць, імкненне лірычнага героя да дабрыні, добразычлівае стаўленне да чалавека. Адначасова паэт поўны непрымірымасці да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты. У яго вершах пачатковага этапа грамадзянскі пафас быў прыглушаны; потым паэт стаў глыбей асэнсоўваць гістарычны шлях Бацькаўшчыны, творы набылі філасофскую заглыбленасць, эпічную непаспешлівасць і грунтоўнасць (зборнікі "Белы камень" і "Чытаю зоры").