Смекни!
smekni.com

Экзістэнцыялізм (стр. 2 из 6)

Філасофія экзістэнцыяналізму вельмі зблізілася з мастацкай літаратурай, якую невыпадкова называюць “чалавеказнаўствам”, бо менавіта дзякуючы мастацкай мове філасофскія паняцці зрабіліся зразумелымі, а экзістэнцыяналізм такім папулярным. Выразней за ўсё гэта можна назіраць у Францыі, дзе з даўніх часоў існавала традыцыя перакладаць складаную мову філасофіі на даступную мову мастацкіх вобразаў. Літаратурныя творы Сартра і Камю найперш выяўлялі пэўны настрой душы, стан чалавека, які адчуў сваю адзіноту ў вялікім і халодным свеце, дзе “усё дазволена”, таму што “Бога няма”, “усе багі памерлі”. Чалавек, знаходзячыся не па сваёй волі ў “памежнай сітуацыі”, мусіць зрабіць свой свядомы “выбар”, узяць на сябе ўсю “адказнасць” і, негледзячы на “абсурд”, які пануе ў свеце, знаходзіць сэнс у сваім векавечным і амаль безнадзейным змаганні.

Тэрміну “абсурд” у экзістэнцыяналізме адводзіцца надзвычайнае месца. Ён азначае бязглузднасць, бессэнсоўнасць існавання ў абязбожаным свеце, чужым і варожым чалавеку. Адсутнасць веры ў “неўміручую душу” пазбаўляе чалавека перспектывы: паняцці “будучыня”, “вечнасць”, “бясконцасць” не маюць для яго ніякага сэнсу, бо сам ён “канечны”. Здольнасць з дапамогаю розуму спасцігаць свет, крок за крокам набліжацца да “абсалютнай ісціны”, стварае ў чалавека іллюзію, што ён усемагутны і здольны ўрэшце рэшт адкрыць таямніцу жыцця, перамагчы тым самым, вядома, у далёкай будучыні, нават самую смерць. Аднак штодзённае “існаванне” ўвесь час нагадвае чалавеку, што менавіта яно з’яўляецца адзінай відавочнай рэальнасцю, няхай сабе зменлівай, хуткаплыннай, крохкай.

Дзякуючы гэтай “яснасці бачання” французскія экзістэнцыяналісты Сартр і Камю здолелі зразумець з аднаго боку, абсурднасць існавання, а з другога – зрабіць свой маральны выбар і быць падрыхтаванымі каб дапамагчы іншым людзям у іх цяжкім змаганні за годнае існаванне. Яны абодва актыўна удзельнічалі ў Французскім супраціўленні, спавядаючы ў сваім жыцці і творчасці трагічны стаіцызм (Камю) і мяцежны выклік (Сартр).

Таксама філасофію экзістэнцыяналізму, гэтак жа, як і філасофскія катэгорыі “існаванне”, “выбар”, “абсурд” можна прасачыць у творчасці Антуана дэ Сент-Экзюперы, Сальвадора Далі, Самюэла Бэкета, Эжэна Ёнэска, Андрэя Таркоўскага, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Кузьмы Чорнага, Віктара Казько, Алеся Разанава і інш.

1.2. Жан-Поль Сартр: жыццё і творчасць.

Жан-Поль Сартр нарадзіўся 21 чэрвеня 1905 г. у Парыжы ў сям’і марскога афіцэра. Калі яму споўнілася 9 месяцаў, памёр яго бацька. Даволі рана Поль пачаў пісаць пераймальныя “вершы ў прозе”, “бульварныя раманы”: “раманы замянілі мне ўсё”, “я пісаў дзеля ўласнага задавальнення”, “свет, які існаваў на паперы, трывожыў мяне”. Потым ён стаў выкладчыкам філасофіі. Захапіўся ідэямі Эдмунда Гусэрля і Марціна Хайдэгера, стаў заснавальнікам атэістычнага экзістэнцыялізму. У пачатку Другой сусветнай вайны быў мабілізаваны ў войска, служыў у метэачасцях. Трапіў у палон, адкуль вызваліўся, сімуляваўшы невылечнае захворванне. Працягваў выкладаць філасофію. Удзельнічаў у руху Супраціўлення.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі Сартр публічна вітаў левыя палітычныя рухі, прапагандаваў сацыяльна-палітычную ангажаванасць і спрабаваў узбагаціць экзістэнцыялізм эўрыстычнымі магчымасцямі марксізму. У 1964 г. Сартру была прысуджана Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры “за творы, насычаныя ідэямі і прасякнутыя духам свабоды, якія мелі велізарны ўплыў на нашае стагоддзе”. Сартр зрабіў сімвалічны прымірэнчы жэст у бок правых, асудзіўшы ініцыяваную камуністамі вайну ў В’етнаме. У 1968 г. падтрымаў моладзевы пратэставы рух (“студэнцкую рэвалюцыю”). Яго погляды і ўчынкі наогул цяжка паддаваліся рацыянальнай логіцы. У апошнія гады жыцця Жан-Поль Сартр амаль аслеп у выніку хваробы вачэй. Памёр 15 красавіка 1980 г.

З’яўляючыся заснавальнікам французскага экзістэнцыяналізму, Сартр у 1943 годзе друкуе тэарэтычны трактат “Быццё і нішто” (L’etre et le Neant), які становіцца афіцыяльным маніфествм экзістэнцыяналісцкай школы. Светапогляд Сартра склаўся яшчэ ў канун першай вайны, паўплывалі на гэта замежныя кніжныя крыніцы, аднак пажыўным асяродзем для яго стала французская рэчаіснасць перыяду французскай акупацыі. Тое, што пісьменнік бачыў навокал, здавалася яму наглядным сцверджаннем таго, што ў свеце пануюць абсурд і дзікае самавольства.

Ітак, як ужо гаварылася раней, сваё арыгінальнае разуменне экзістэнцыяналізму Сартр раскрыў у трактаце “Быццё і нішто”, а асноўныя палажэнні растлумачыў у публічнай лекцыі “Экзістэнцыяналізм - гэта гуманізм” (1946). У ёй Сартр выказываў думкі пра існаванне, якое папярэднічае сутнасці, пра тое, што чалавек “адзінок” у чужым свеце, пра тое, што чалавек свабодны ў сваім выбары, што яго выбар заўсёды матываваны і нясе ў сабе маральны сэнс. Філасофскія ідэі Сартра вобразна выяўляліся ў яго мастацкіх творах: у раманах “Млосць” (1938), “Дарогі волі” (1945-1949), у зборніку навел “Мур” (1939), у пэесах “Мухі” (1943), “Пры зачыненых дзвярах” (1945) і іншыя.

Мастацкія творы Сартра не з’яўляліся простай ілюстрацыяй яго філасофскіх ідэй: вобразнае мысленне дазваляла паглыбіць і ўзбагаціць іх гучанне і змест. Звычайны герой ператвараецца ў экзістэнцыянальнага героя, востра перажываючага сваю адзіноту, млосць, героя, які адчувае невынослы ціск акалічнасцяў і міжволі пачынае спасцігаць катэгорыі “быццё” і “нішто”, героя, якого бянтэжаць і трывожаць адсутнасць сэнсу ўласнага існавання, яго абсурднасць.

У навеле “Мур” гэты стан непрыкаянай душы выяўлены асабліва наглядна. Твор даволі эмацыянальны па сваёй структуры. Ён вельмі псіхалагічна нацягнуты і трымае чытача ў пастаянным напружанні. Трое хлопцаў апынуліся ў такой сітуацыі, калі да смерці астаецца некалькі гадзін, думаць акрамя яе няма пра што, аднак яны па рознаму рэагуюць на гэтыя абставіны. Самы малы, Хуан Мірабл, усё ніяк не можа ўсвядоміць, за што яго павінны расстраляць. Ён усяго только брат таго, каго шукаюць. Том і Пабла больш свядома адносяцца да таго, што адбываецца. Аднак Том, негледзячы на тое, што пазбегнуць смерці немагчыма, працягвае разважаць на розныя тэмы, каб толькі не думаць пра тое, што яго чакае. Пабла таксама не да канца разумее, што жыццю падыйшоў канец. Ён уяўляе як будзе адбывацца расстрэл, як пулі будуць дакранацца да яго цела. Чалавек свабодны, але яго магчымасці выбіраць гранічна абмежаваныя. Арыштаваныя франкістамі рэспубліканцы ведаюць, што іх чакае на світанку і што здарыцца ў гэты час у двары, каля цаглянага мура. Пры ўсім жаданні захаваць у сабе нешта чалавечае ім гэта даецца цяжка: жывая плоць прагне паратунку, а дух паралізаваны і прыніжаны. Пабла Іб’ета, герой-наратар, трымаецца мужна і годна, бо спадзяваецца на тое, што зможа падмануць катаў і не выдаць месца, дзе хаваецца камандзір інтэрнацыянальнай брыгады Рамон Грыс. Ён называе пад час допыту іншае месца сховішча і цешыцца думкаю аб сваёй апошняй перамозе над франкістамі. Аднак у абсурдным свеце пануе ірацыяналізм, адсутнасць нармальнай логікі: Рамон Грыс хаваецца менавіта там, дзе яго, паводле разлікаў Пабла Іб’еты, не павінна быць. Свядомасць – “нішто” ў параўнанні з “быццём” як аб’ектыўнай рэальнасцю.

Як ужо адзначалася, сутнасць філасофіі экзістэнцыялізма заключаецца ў тым, што яна лічыць свет бяссэнсавым, хаатычным і нерэгулюемым ніякімі законамі, а чалавека – бясконца адзінокім, так як ён не можа зразумець не толькі рэчаіснасць, але і іншых людзей, унутраны свет якіх агароджаны ад яго неадольнай сцяной. Экзістэнцыялізм прэтэндаваў на тое, што ён адкрыў асноўнае ў існаванні чалавека – адсюль і названне гэтай плыні.

Тым не менш французскія экзістэнцыялісты (Камю, Сартр) тэарэтычна адмаўляючы ўсялякае супрацоўніцтва, на практыцы усё-такі прызнаюць узаемадапамогу людзей. Прайшоўшы праз вопыт Супраціўлення, гэтыя пісьменнікі падымаюцца да разумення неабходнасці змагання са злом, якім бы ўсемагутным яно не здавалася, у іх творах гучыць мужны стаіцызм (антыфашысцкая п’еса “Мухі” Сартра, раман Камю “Чума”).

Сартр у сваёй філасофіі лічыць адзіным дакладным фактам толькі існаванне зямлі і чалавека на ёй, адмаўляя як Бога, так і любую аб’ектыўную заканамернасць развіцця грамадства (нават паняцце грамадства для Сартра ўмоўна, так як грамадства для яго – зборышча розных індывідуумаў). Тым не менш, Сартр не ўпадае ў амаралізм, лічачы, што сапраўдны чалавек, разумеючы сваю адзіноту, павінен не пападаць пад уладу адчаю, а пераадольваць яго, і свабодна выбіраць лёс, выбіраць найбольш дастойны шлях, увесь час удасканальвацца.

У 1940 годзе, знаходзячыся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных, Сартр напісаў п’есу “Мухі”. Праз тры гады яна была пастаўлена ў Парыжы і ўспрынята як антыфашысцкая п’еса. Праблемы асабістай адказнасці, выбара і свабоды вырашаліся ў ёй на міфалагічнай аснове. У гэтым творы змяшчалася спроба супрацьпаставіць разум і маральны імператыў іррацыяналізму і містыцы, да якіх звярталася фашысцкая ідэалогія.

У літаратурнай творчасці Сартра вельмі добра можна прасачыць шматлікія вядучыя тэмы яго філасофскай рэфлексіі: абсурдная адчужанасць рэчаў, “быцця-ў-сабе” (“Млосць”), погляд Іншага і каханне як барацьба за заняволенне (“Пры зачыненых дзвярах”), свабода як прыняцце адказнасці за лёс свайго свету (“Мухі”) і г.д. Лёсы герояў Сартра паказваюць, часта ў формах прытч, працэс асмыслення чалавекам сваёй “сітуацыі”, і яго спробах выкарыстаць навязаны яму выбар. Разам з тым неабходнасць эстэтычнага завяршэння мастацкага тэксту прымушае Сартра-пісьменніка выводзіць асаблівыя сімвалічныя тэмы і канструкцыі, якія ставяць абмежаванні свабодзе герояў, агароджваюць іх лёс знешнімі рамкамі. Увогуле, мастацкая творчасць Сартра ўяўляе сабой арыгінальнае злучэнне філасофскай і нярэдка палітычнай тэндэнцый, рэалістычнай апавядальнай тэхнікі, цягі да міфу, магіі і прытчы, а ў некаторых выпадках таксама і “паэтычных” прарываў пабытовай і моўнай умоўнасці авангардысцкага духу 20 ст.