Творчы метад Камю лагічна выцякае з яго філасофскіх позіркаў: калі свет не мае аб’ектыўных законаў, якія могуць быць зразумелыя чалавекам, то правільна паказаць шырокую панараму жыцця немагчыма, бо няма крытэрыю правільнасці, - навошта ж тады спрабаваць...
Камю дэманструе толькі стан чалавека, які асуджаны жыць у сваёй эпохе, нібы ў вялікай няўтульнай кватэры. Самаадчуванне такога чалавека не з’яўляецца адным з самых прыемных – Камю і яго герояў непакоіць прага яснасці і адначасова асазнанне абсурднасці такой прагі. Гэтак адбываецца таму што асэнсавання рэчаіснасці дасягнуць немагчыма.
Паняцце абсурду, абсурду быцця, якое ўводзіць у літаратуру Камю, атрымала шырокае распаўсюджванне: у 50-я гг. яно прысутнічае не толькі ў прозе, але і ў драматургіі, дзе з’яўляецца “тэатр абсурду”.
Раздзел ІІ
Шмат разоў уздымалася пытанне ў айчынным і замежным літаратуразнаўствах наконт прыналежнасці Васіля Быкава да экзістэнцыялізму. Нашыя літаратуразнаўцы прытрымліваліся некалькіх пунктаў гледжання. Першым з іх было меркаванне, што Быкаў з экзістэнцыялізмам палемізуе, у той час, як яго ўласная творчасць не мае нічога агульнага з філасофскай дактрынай экзістэнцыялізму. З другога пункту гледжання, літаратуразнаўцы прыходзілі да высновы, што Васіль Быкаў на самой справе судакранаецца з экзістэнцыялізмам, аднак вытокам гэтага з’яўляецца не філасофская сістэма, а беларуская рэчаіснаць, аднак і экзістэнцыялісцкую літаратуру ён не губляе з поля зроку.
2.1. Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава.
Васіль Быкаў. Чалавек, імя якога знаёма кожнаму. Чалавек, які на працягу дзесяцігоддзяў апавядаў людзям праўду пра вайну, пра такую вайну, якой яна была на самой справе, без усялякіх прыкрас, пра вайну ў яе сучасным абліччы. Ён выкрываў таталітарызм і будзіў у грамадстве думку пра неабходнасць радыкальных зменаў.
Васіль Быкаў – сапраўдны мастак слова, яму, як нікому іншаму, уласцівая высокая ступень мастацкай праўдзівасці, менавіта ён быў надзелены талентам глыбіннага пранікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі, у яго была асаблівая рэдкасная рэчыўнасць вобразнага бачання свету, ён валодаў фенаменальнай здольнасцю своечасова адгукацца на адбываючыяся падзеі, яму былі ўласцівыя прыпавесцевая шматзначнасць і дакладнасць прароцтваў.
Нарадзіўся гэты дзіўны майстар слова 19 чэрвеня 1924 года на Віцебшчыне. Васіль Быкаў быў выхадцам з беднай сялянскай сям’і. Дзяцінства і юнацтва былі цяжкімі, а потым пачалася вайна. Падзея, якая аставіла вялікі след у душы пісьменніка, след, які ён пранёс праз усю сваю творчасць, гэта была падзея, пра якую ён пісаў усю праўду, і нічога акрамя праўды. Ён прыадкрыў сваім нашчадкам той таямнічы занавес, які аддзяляе нас ад тых страшэнных падзей 1941-45 гадоў.
На пачатку вайны Быкаў быў мабілізаваны на абарончыя работы, потым быў арыштаваны і без суда асуджаны на расстрэл. Аднак, чырвонаармеец, які быў павінен яго расстраляць, адпусціў яго. Гэта было цудам для Быкава, і тады ўпершыню у яго прамялькнула думка: “Бог ёсць!” Пазней ён скончыў Саратаўскае ваеннае вучылішча і пачаў камандваць артылерыйскім разлікам. І зноў смерць прайшлася побач, бо па дакументах ён лічыўся забітым і пахаваным у брацкай магіле на Украіне, нават на абеліску было напісана яго імя, а маці атрымала пахаронку.
За час вайны, прайшоў разам з войскам Украіну, Румынію, Балгарыю, Венгрыю. За гэты час ён быў двойчы паранены. Пад канец вайны Быкаў апынуўся ў Аўстрыі, пасля служыў у Балгарыі, на Украіне.
Пасля звальнення са службы Быкаў ажаніўся, працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, а ў 1972 годзе быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1978г. пераехаў у Мінск, і з той пары займаўся выключна творчай працай.
Даволі доўгі час пісьменнік быў вымушаны жыць у эміграцыі. Пад канец жыцця пісьменнік захварэў. Памёр 22 чэрвеня 2003 года.
Падчас вайны Быкаву было не да літаратуры, тым больш, што ў той час дазвалялася пісаць толькі пра герояў, паказваць іх подзвігі, а пра тое, што адбывалася на самой справе, пісаць было забаронена. Калі Быкаў знаходзіўся на службе на Курыльскіх выспах, ён напісаў некалькі апавяданняў на беларускай мове, і адправіў іх Міхасю Лынькову. Аднак, атрымаўшы крытыку на свае творы, ён зразумеў, што апавяданні слабыя, і болей не пісаў. Вярнуўся да пісьменніцкай дзейнасці толькі ў Гародне.
2.2. Асаблівасці “быкаўскага” экзістэнцыялізму.
Сам пісьменннік пачаткам сваёй літаратурнай творчасці лічыў 1951 год, калі ён напісаў апавяданні “Серць чалавека” і “Абознік”. Ужо ў гэтых апавяданнях можна было выразна прасачыць уласна быкаўскі погляд на вайну, на чалавека на вайне, яго экзестэнцыяльны досвед існавання ў “памежнай сітуацыі”. Паміж творчасцю Быкава і такіх прадстаўнікоў экзістэнцыялізму як Камю, Сартр, можна заўважыць шмат канцэптуальных і фармальных перазоваў, нават, вербальных супадзенняў. Такія паняцці як “памежная сітуацыя”, “выбар” з’яўляюцца аднымі з вядучых паняццяў у экзістэнцыялізме, аднак яны не менш важныя і ў структуры твораў Быкава. Таксама вядома, што Быкаву была знаёма творчасць Камю і Сартра, і ён выказваў вельмі добрыя водгукі наконт іх прац. Ён гаварыў, што “высока цэніць жыццёвую і творчую пазіцыі французскіх экзістэнцыялістаў Ж.-П. Сартра і А. Камю” [7, с.26] Аднак, негледзячы на гэта, паміж экзістэнцыялізмам і творчасцю Быкава бачныя даволі істотныя разыходжанні.
У адрозненне ад Жана Поля Сартра, Быкава экзістэнцыялістам зрабіла само жыццё, якое было нялёгкім, насычаным драматызмам змагання за выжыванне, а таксама напруджаны роздум над глыбіннымі прычынамі гістарычных падзеяў.
У яго ранніх апавяданнях ужо дзейнічалі «сляпая ўлада выпадку», «страх невядомасці», «адчай асуджанага чалавека», «крыўда на несправядлівасць лёсу», «гераічнае рашэнне». У больш позніх творах - «Дваццаты», «Фрузына», «Страта», «Паядынак», «Чацвёртая няўдача» праявіўся “маральны максімалізм” Васіля Быкава, вельмі выразна бачна высокая этычная патрабавальнасць аўтара да сабе і да сваіх герояў, якіх ён выпрабоўвае ў сітуацыях выбару. Тут бачны яго індывідуальны пісьменніцкі стыль, яго сухавата-стрыманая, лаканічная, можна нават сказаць, аскетычная манера пісьма. Праз усе творы прасочваецца тонкае пачуццё меры.
Але гэта быў толькі пачатак. Канчатковы выбар шляху ў літаратуры быў зроблены пісьменнікам у 1959 годзе, калі была напісана аповесць “Жураўліны крык”. З гэтага часу Быкаў пачне як бы “мысліць аповесцямі”. Ён пачынае ўсё больш выразна выступаць за праўдзівасць у літаратуры, на першы план выходзіць імкненне пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, бесканфліктнасцю. “Мадэль” быкаўскай вайны можна апісаць як імкненне выявіць вобраз “радавога вялікай вайны”, а таксама як сканцэнтраванасць на паказе аднаго эпізода. Быкаў не імкнецца ў творы апісаць усю вайну ад пачатку да канца, ён можа яскрава зрабіць апісанне ўсяго гэтага часу на прыкладзе аднаго – двух дзён з жыцця простага салдата. І гэтага будзе дастаткова, каб адчуць увесь той боль і жах, які адбываўся падчас вайны.
Не ўсе персанажы Быкава выдуманыя, калі уважліва прааналізаваць, то можна пабачыць, што ў іх шмат аўтабіяграфічнага. Для аўтара вытокамі мужнасці і чалавеснасці герояў з’яўляецца іх мінулае (“Здрада” (1960), “Трэцяя ракета” (1963), “Пастка” (1962), “Альпійская балада” (1963), “Мёртвым не баліць” (1965)).
Аднак не толькі мінулае з’яўляецца асновай аповесцей Васіля Быкава. Гісторыя і сучаснасць, успаміны і актуальнасць усё пераплятаецца паміж сабой, усё побач. Акрамя дакладнага паказу «франтавога побыту», знаёмага чытачу па творах пісьменнікаў «згубленага пакалення», і «акопнай праўды», супрацьстаўленай непрыхаванай хлусні «генеральскіх мемуараў», тут, заўседы прысутнічае глыбокі філасофскі роздум над балючымі праблемамі, народжанымі небывала багатым на трагедыі XX ст. [1, с.419]
2.3. “Мёртвым не баліць” як прыклад уплыву экзістэнцыялізму на творчасць Васіля Быкава.
Катэгорыя будучыні займае ў гэтай аповесці зусім не апошняе месца, у творы закрануты такі комплекс грамадскіх адносін, якія аказваюць моцны ўплыў на жыццё наступных пакаленняў. Аўтар паказвае праўду такога ўзроўню, да якога тагачаснае грамадства было проста не падрыхтавана. Аднак, гаварыць аб вайне няпраўду не было ўласціва Васілю Быкаву, які лічыў, што няпраўда пра вайну – гэта амаральна і злачынна.
Трэба заўважыць, што твор быў успрыняты “у штыкі”. Аўтара крытыкавалі за знарочыстае згушчэнне фарбаў, за тое, што ён нагнятаў драматызм, у тым, што ён прыземіста паказваў падзеі, у дэгераізацыі і г.д.
Аўтар не звяртаў на гэта ўвагі, бо на яго думку самым праўдзівым з’яўляецца пункт погляду асобнага чалавека на трагедыю акружэння, яго ўласнае чалавечае вымярэнне падзеі. “Мёртвым не баліць” не мае аніякай выдумкі. Твор ствараўся як успамін, таму, амаль усё, што тычыцца сюжэта і абставін з’яўляецца дакументальнымі фактамі.
“Тады ўжо я ведаў, залішняй драматызацыі ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць і ніякага сюжэту, аб чым калісь пісаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне – натуральная рэч. Крыху іншая справа – за кошт чаго? Якімі сродкамі? Мяне здаўна цікавілі канфлікты іншага кшталту – унутраныя, якіх хапала і на вайне таксама” – пісаў Васіль Быкаў. [4, с.235-236]
Быкаў, як ніхто іншы, ведаў, што фізічны боль, пакуты сумлення не маюць меры. Менавіта адсюль і выцякае назва аповесці, у якой нібыта ёсць працяг у кантэксце “Мёртвым не баліць - (баліць жывым)”. Падцверджанне гэтых слоў можна яскрава ўбачыць і ў самім тэксце твора: “Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж”. [3, с.481]