Смекни!
smekni.com

Экзістэнцыялізм (стр. 5 из 6)

Вельмі кепска адчувае сабе Васілевіч, малодшы лейтэнант, выжыўшы, але не забыўшы усё тое жудаснае, што запомніў пра вайну. Вытокі душэўнага болю, які не дае Васілевічу спакою, вельмі глыбокія і складаныя. Унутры яго душы, акрамя фізічнага болю, сканцэнтраваліся ўсе вострыя супярэчнасці сучаснага свету, менавіта яны і перараслі ў востры канфлікт: «Праўда, тут вайна. Вялізная, лютая, небывалая на зямлі вайна. У ёй сам д'ябал з Богам самым старанным чынам усё пераблыталі. Ніводная заканамернасць тут не з'яўляецца правілам. А самая недарэчная выпадковасць часам робіцца табе лёсам. Разбярыся, што тут надзейна і пастаянна? I нязменна? » [3, с.481]

А пастаяннае і нязменнае на вайне, ды і нават пасля яе, гэта боль. Гэты боль не дае магчымасці ацэньваць падзеі аб’ектыўна, ён усе пачуцці перакрывае сабой: «Пэўна, я мог бы штось зразумець, каб не такія пакуты. Боль мне не дае ні аб чым думаць. Ён адбірае сілы. Слабасцю захлынаецца маё сэрца».[3, с.481] У выніку нечага недагляду загінулі сябры Васілевіча, і тут жа побач ездавы Хусаінаў, для якога жыццё параненых нічога не значыла і важней за яго была “куча вашывых ануч”, страляе ў старшыну, які ўстаў на абарону людзей: «Сапраўды, гэта жахліва: свой - свайго! За што, падумаць толькі!». [3, с.381] У гэты жа час, палонны немец Энгель страляе па нямецкіх самалётах. Васілевіч, які заўсёды быў схільны і здольны да самакантролю, спыняе сябе на думцы, што ўнутры ён згадзіўся з гібеллю свайго сябра Юркі Стралкова, і гэта навіна прымушае яго міжволі ўздрыгнуць. Ён разумее, што ўсё ў гэтым свеце пераблыталася, супрацьлегласці памяняліся месцамі, але менавіта тады, калі здаецца, што горш ўжо не можа быць, бо ўсё ўжо дайшло да краю, менавіта тады адбываецца нешта, што не ўкладваецца ў свядомасць чалавека. На мінным полі падрываецца Каця Шчарбенка, на тым самым полі, куды па віне Сахно трапілі байцы, бо ён ад страху не разумеў што робіць: «I тут я разумею: яна памрэ! Але гэта дзіка, гэта жахліва! Гэта злачынна і ненатуральна: чаму гіне дзяўчына, калі мы, трое мужчын і салдат, застаёмся жывыя?». [3, с.463]

Відавочна, што ў гэтым выпадку герой Быкава сутыкаецца з бязглуздзіцай, якую не можа растлумачыць ні ён, ні ніхто іншы, а зрабіць гэта немагчыма, бо ўсе мы жывем ў свеце абсурду. Аднак ў той час, як Васілевіч робіць спробы пераадолець гэты абсурд і перамагчы стыхію хаосу, Сахно, які нават не разумее якую разбуральную ролю ў свеце ён грае, робіць усё, каб працэс распаду чалавечай асобы паскорыўся: «Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну». [3, с.455] Нават у такой жудаснай сітуацыі, калі небяспека падзелена на ўсіх пароўну, ён адпраўляе наперад то аднаго, то другога з тых, хто малодшы па званню. І як вынік – смерць жанчыны, якая невядома як і навошта трапіла на вайну. «Адзінае, чаго сапраўды дасягло ваеннае (у тым ліку і партыйнае) кіраўніцтва ў час вайны, — адзначаў Быкаў, - дык гэта поспехаў ў безагляднай патрабавальнасці, якая нярэдка даходзіла да сляпой жорсткасці. Менавіта яна, гэтая жорсткасць, была адной з галоўных прычын нашых нябачаных у гісторыі страт, калі жыццё салдата каштавала менш за цынкавую скрынку вінтовачных патронаў...». [2, с.660]

“Мёртвым не баліць” нагадвае нам аб тым, як цяжка накапіць чалавечнасць, і як лёгка і хутка можа быць зруйнавана ўсё тое, што было дасягнута такой крывавай цаной: «Воля і мір - занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям'і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы». [3, с.492] Калі прасачыць за пасляваенным роздумам Васілевіча, то можна заўважыць шмат пафасу і страсці ў сцвярджэнні гуманістычных каштоўнасцей.

Чытаючы аповесць, часам здаецца быццам аўтар, якога ахоплівае жаданне высказацца, як бы адстаўляе героя ўбок, і сам уступае ў адкрытую палеміку з магчымымі апанентамі: «Вайна перад усім светам пацвердзіла нашу магутнасць і многім раскрыла вочы на нашыя хібы. У сорак пятым мы не толькі здабылі пера-могу. За чатыры гады вайны мы, як ніколі, згуртаваліся ў адно цэлае і ўбачылі, на што з немагчымага мы здольныя. Дух свабодалюбства і непадлегласці злу здабыў сабе ў той барацьбе магутныя крылы. Я веру, яны не апусцяцца». [2, с.660-661]

І менавіта ветэран Васілевіч, якога такія людзі, як Сахно і Гарбацюк, лічылі толькі здольным падпарадкавацца і выконваць загады, менавіта ён і нясе праз усю аповесць гэты дух змагання, змагання за сваю чалавечую годнасць ва умовах неспрыяльных акалічнасцей. Гэта выключны выпадак, калі чалавек, які ў поўнай меры зведаў, што такое жах вайны, так востра ўспрымае падзеі і так балюча рэагуе на магчымыя наступствы людской забыўлівасці. Вось дзе тлумачэнне таго, чаму мы бачым героя ў фінале твора перад вітрынай кнігарні. Гэта адбываецца таму, што сярод мноства кніг, у якіх сабраны і сканцэнтраваны эмоцыі, роздум і надзеі ўсіх часоў і народаў, сярод іх павінна быць кніга, што перадае яго боль і яго памяць.

У аповесці “Мёртвым не баліць” асабліва выразна прасочваецца быкаўскі строгі рэалізм, які ён сам называў «бесстароннім», «непрадузятым», дзякуючы якому аўтар наблізіўся да разгадкі мінулых трагедый, бед і паражэнняў. І нават негатыўная крытыка твора не здолела спыніць Быкава, які працягваў рабіць сваю справу, бо: «Свет, што раздзіраецца паміж дабром і злом, чакае не элегічных песнапенняў, а лекара і выратоўцы». [2, с.661]

Як бачна з вышэйсказанага, аповесць “Мёртвым не баліць” вельмі набліжана да твораў экзістэнцыялістаў. Можна правесці шмат паралеляў, знайсці шмат падобных тэм і сітуацый з творамі аўтараў-экзістэнцыялістаў. Аднак, у той жа час, ёсць і істотныя разыходжанні паміж іх творчасцю і творчасцю Васіля Быкава.

Пачынаючы недзе з 1994 года, можна даволі яскрава ўбачыць гэтыя разыходжанні, гэты іншы “быкаўскі” падыход да экзістэнцыялізму. Напрыклад у кнізе “Сцяна” (1997) бачна, што Быкаў надае больш чым раней ўвагі экзістэнцыялісцкай філасофіі, ён робіць значны крок ад стыхійнага экзістэнцыялізму ў бок уласнай экзістэнцыялісцкай канцэпцыі чалавека і свету.

Відавочна, што у гэты час у творчасці Быкава назіраецца значна большая ступень інтэграцыі экзістэнцыялістскай філасофіі ў мастацкі тэкст. Шмат твораў з гэтай кнігі напісаны ў жанры прыпавесці і, трэба адзначыць, што гэты жанр быў вельмі характэрны для экзістэнцыялістаў. Назва і кнігі і апавядання “Сцяна” не могуць не выклікаць асацыяцый са знакамітым творам Сартра “Мур”, апавяданнем, якое прынесла славу французскаму экзістэнцыялісту і назва якога сталася поруч з назвай яго ж рамана “Млосць” (1938) – своеасаблівай візітоўкай экзістэнцыялізму, эмблемай экзістэнцыялісцкага ўяўлення пра чалавечую долю – “сцяны абсурду” (А.Камю). [7, с.27]

Сітуацыі, якія адбываюцца ў творах абодвух аўтараў не могуць не ўразіць сваім падабенствам. Дзеянне ў абудвух творах адбываецца ў турэмнай камеры. Намаганні герояў, што ў Сартра (спроба навеці ворагаў на падманны след і адцягнуць уласны канец), што ў Быкава (спробы вязня расхістаць мур і праз каменную сцяну пракласці шлях на волю) не прыносяць поспеху, і намаганні гэтыя з’яўляюцца абсалютна процілеглымі жаданаму, у абодвух творах абсурдна-трагічны вынік.

З гэтага вынікае, што ёсць свядомыя этыка-эстэтычныя арыентацыі Васіля Быкава на экзістэнцыялісцкую літаратуру, асабліва на творчась Жана Поля Сартра.

Імёны Быкава і Сартра не аднойчы стаялі побач, іх вылучалі не толькі літаратуразнаўцы, але і філосафы-экзістэнцыялісты. На працягу сваёй творчасці яны нібы рухаліся насустрач адзін аднаму. Сартр ішоў да большай мастацкасці і сацыяльна-гістарычнай канкрэтнасці, Васіль Быкаў у сваю чаргу імкнуўся да большай філасафічнасці, да ўніверсальных сітуацый, ад “Мёртвым не баліць” да “Сцяны” і мноства іншых твораў, якія маюць дачыненне да экзістэнцыялізму і асабліва творчасці Сартра.

Калі ўважліва прааналізаваць творчасць Васіля Быкава, то немагчыма не заўважыць, што ў яго творчасці шмат традыцый рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Быкаў быў “неабыякавы” да Дастаеўскага з самага пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці, аднак найбольш яскрава ўплыў вялікага рускага пісьменніка праявіў сабе ў “Сотнікаве”, які з’яўляецца адным з найглыбейшых у сусветнай літаратуры ХХ ст. мастацкіх даследванняў душэўна-духоўнага ў чалавеку. Не былі далёкімі ад Дастаеўскага і экзістэнцыялісты, у тым ліку Сартр.

У “Сотнікаве” Быкава цікавіць магчымасці духу чалавека, яго ўнутраны свет. Ён пытаецца знайсці адказы на такія пытанні як: “Што такое чалавек перад знішчальнаю сілаю бесчалавечых абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаныя ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?” Гэтыя пытанні нечым нагадваюць усім ваядомае пытанне Гамлета: быць альбо не быць? Трэцяга не дадзена.

Спачатку назва твора планавалася як “Ліквідацыя”, бо гэтае слова больш дакладна і глыбока дэманстравала задуму аўтара. Назва “Сотнікаў”, пад якой мы ведаем твор сёння, узнікла каб не было цэнзуры, бо тады патрабавалася пісаць пра пазітыўнае ў жыцці і ствараць станоўчыя вобразы. Тэрміна “ліквідацыя” быў шырока распаўсюджаны ў нацысцкай ідэалогіі. Пад ім маскіраваліся сапраўдныя планы фашыстаў: генацыд і этнацыд. Аднак твор Васіля Быкава зусім пра іншае.

Фізічная ліквідацыя Сотнікава наадварот падкрэслівае яго маральную перамогу, духоўную перавагу над ворагам. Герой пераадольвае свой страх перад смерцю, інстынкт самазахавання, ён робіць рашучы крок наперад, насустрач будучыні, дзе ён спадзяваецца, што жыццё чалавека “стане катэгорыяй – абсалютам, мераю і цаною ўсяго”.

Што тычыцца Рыбака, тут гаворка на самой справе ідзе пра ліквідацыю, бо герой ратуе сваё жыццё за кошт здрады, якая яму здаецца невялікай саступкай перад ворагам дзеля таго, каб потым, калі падвярнецца зручны выпадак, атрымаць рэванш. Рыбак заўсёды быў добрым партызанам, ён быў кемлівым, вынаходлівым, смелым, заўсёды спадзяваўся на свой вопыт, спрыт, удачу, “ды вось казалася, што як чалавек і грамадзянін, безумоўна, недабраў чагосьці”. Сам Быкаў растлумачыў прычыну маральнага падзення свайго героя, яна ў яго душэўнай усяяднасці, яго маральнай несфармаванасці, а таксіма ў тым што ён быў прымітыўным прагматыкам, які зусім не суадносіў мэты са сродкамі.