Смекни!
smekni.com

Канфесійная лексіка ў беларускай мове (стр. 2 из 4)

Глава 1. Паняцце канфесійнай лексікі беларускай мовы

1.1 Тэматычны разрад рэлігійнай лексікі беларускай мовы

Па колькасці складаючых кампанентаў тэматычны разрад рэлігійнай лексікі - адзін з самых буйнейшых у старабеларускім слоўніку. Мова з’яўляецца люстэркам жыцця народа, а беларуская літаратурна-пісьмовая мова XIV - XVIII стст. была літаральна прасякнута рэлігійнай тэматыкай. Канфесіянальная лексіка ўключае кампаненты рознага этымалагічнага і храналагічнага размеркавання. Аб’яднаны яны наяўнасцю агульнага элемента ў семантычным аб’ёме - элемента сакральнасці. Такі элемент, адметную рысу могуць мець у сваёй семантыцы лексемы, якія абазначаюць асобу (бог, епіскап), прадмет, аб’ект культу (апокрыф, кадзіла, стула), дзейнасць, функцыю (крэсціць, пасвячаць), уласцівасць, прыкмету (святы).

Сакральны элемент можа запаўняць сем антычны аб’ём пэўнай лексемы калі дэсігнат цалкам і поўнасцю належыць канфесіянальнай сферы (апостал, літанія), і, наадварот, прыкмета сакральнасці можа складаць толькі частку семантыкі слова, часта зусім нязначную (неба, чаша). Поліканфесіянальны характар літоўска-беларускага грамадства абумовіў стракаты склад рэлігійнай лексісі старабеларускай мовы.

У межах тэматычнага разраду рэлігійнай лексікі старабеларускай мовы вылучаны лексемы, якія належаць да розных плыней веравызнання, што тлумачыцца поліканфесіянальным характарам тагачаснага грамадства. Тэрміны праваслаўя старабеларуская мова атрымала ў спадчыну ад старажытнарускай і царкоўнаславянскай моў, тэрміны каталіцтва і пратэстантызму прыйшлі з латыні праз польскае пасрэдніцтва, адпаведна мусульманства характарызуюць цюркізмы [7; 338].

Царкоўнаславянізмы і словы са старажытнарускага лексічнага фонду, а таксама лексемы грэчаскага і яўрэйскага паходжання складаюць больш старажытны пласт рэлігійнай лексікі старабеларускай мовы, а лацінізмы, германізмы, паланізмы фіксуюцца помнікамі беларускафй пісьменнасці ў канцы XV і на працягу XVI стагоддзя - з часоў пранікнення і распаўсюджвання каталіцызму на Беларусі.

Большая частка рэлігійных лексем монасемантычная, пазбаўлена дэрывацыйнай актыўнасці, ужыта ў помніках канфесіянальнага характару, што набліжае іх да разраду тэрмінаў.

Адсутнасць у сучаснай беларускай літаратурнай мове амаль паловы старабеларускіх рэлігійных лексем тлумачыцца хутчэй экстралінгвістычнымі фактарамі. І наадварот, актыўнае існаванне іх у вуснай народнай мове сведчыць аб надзвычайным уплыве рэлігіі розных канфесій на свядомасць носьбітаў мовы.

З пункту гледжання жанрава-тэматычнай класіфікацыі, пласт рэлігійнай лексікі магчыма размежаваць на некаторыя групы:

назвы чыноў нябеснай іерархіі (Бог, апостал, д’ябал);

назвы прадстаўнікоў царкоўнага (касцёльнага) кіраўніцтва, рознага роду святароў, прыслужнікаў (біскуп, епіскап);

назвы манахаў, членаў манаскіх ордэнаў (бенедыктын, інак);

назвы прарокаў, прапаведнікаў, шматпакутнікаў, знаўцаў Свяшчэннага пісання (праведнік, прапаведнік, мучанік);

назвы асоб у залежнасці ад прыналежнасці да розных плыней веравызнання (захаднік, праваслаўнік, уніят);

назвы ерэтыкоў, грэшнікаў, богаадступнікаў, сектантаў, варажбітаў, чарадзеяў (апостат, волхв, бязбожнік).

З усіх тыпаў лексічных класаў тэматычныя групы маюць найбольш цесную сувязь з адпаведнымі фрагментамі пазамоўнай рэчаіснасці. Словы, адлюстроўваючы пэўным чынам тыя або іншыя “адрэзкі рэчаіснасці", звязаны паміж сабой, як узаемазвязаны і з’явы самой рэчаіснасці. Дзякуючы гэтым “пазамоўным" сувязям, словы аб’ядноўваюцца ў групы, якія можна назваць “тэматычнымі".

Шэраг даследчыкаў у якасці крытэрыяў вылучэння тэматычных груп называюць наяўнасць у слоў дэнататыўнага тыпу значэння, прычым паводле свайго граматычнага статусу гэтыя словы належаць звычайна да лексіка-граматычнага разраду назоўнікаў.

Апошнім часам мовазнаўчая літаратура звяртае ўвагу яшчэ на некалькі асаблівасцей тэматычных лексічных груп: відавочная лёгкасць з якой яны вылучаюцца даследчыкамі лексічнай семантыкі і пэўны суб’ектывізм і нават апрыёрнасць у іх вылучэнні, што звязана з адсутнасцю апоры на сінтагматычныя структуры самой моўнай рэчаіснасці.

Некаторыя тэматычныя групы ўласцівыя толькі рэлігійнай лексіцы (напрыклад, назвы малітваў, назвы перыядаў посту), некаторыя з’яўляюцца часткай адпаведных тэматычных груп агульнаўжывальнай лексікі (напрыклад, тэматычная група “Назвы царкоўнага адзення і галаўных убораў” з’яўляецца састаўной часткай больш вялікай па аб’ёму тэматычнай групы “Назвы адзення і галаўных убораў”) [7; 339].

Усе элементы тэматычных груп з’яўляюцца гіпонімамі ў адносінах да загалоўка групы. Гэта слова, якое выражае агульнае для ўсіх членаў тэматычнай групы значэнне, звычайна знаходзіцца не ў плоскасці тэматычнай групы, а як бы над ёй.

Гіпера-гіпанімічныя адносіны назіраюцца паміж элементамі і на больш нізкіх ярусах тэматычных груп.

1.2 Разрад абстрактнай лексікі ў складзе рэлігійнай

Калі гаварыць пра разрад абстрактнай рэлігійнай лексікі, то трэба адзначыць, што выдзяленне ў складзе рэлігійнай лексікі разраду канфесіянальных абстрэм сведчыць аб надзвычайнай мнагапланавасці шматаспектнасці апошняй. Сфера рэлігі, сапраўды, ахапіла многія галіны чалавечай культуры і матэрыяльнай дзейнасці: ад назваў грэшнікаў, ерэтыкоў да ўсепаглынаючага паняцця вера; ад назваў прадметаў культу да рознага роду найменняў з вобласці варажбы і чараўніцтва.

Вылучэнне абстрактных лексем праводзіцца зыходзячы з двух крытэрыяў: семантычнага і граматычнага. Граматычны крытэрый прадвызначае адсутнасць у рэлігійных абстрэмформ Pluralia, а таксама немагчымасць спалучэння іх з займеннікамі кожны, усякі.

Семантычны крытэрый вельмі важны пры даследаванні нематываваных абстрэм: абстрактныя назоўнікі - словы, якія называюць адцягненыя паняцці, уласцівасці, якасці, дзеянні, стан [4; 7].

Большую чстку абстрактных назоўнікаў складаюць словы, матываваныя прыметнікамі і дзеясловамі. Сярод марфалагічных сродкаў, утвараючых рэлігійныя абстрэмы, адзначаны суфіксы - ние/нье; - енье/ение; - ость; - ство. Аднак абапірацца ў вылучэнні абстрактнай лексікі толькі на марфалагічны крытэрый не варта, паколькі трэба ўлічваць полісемію і сіметрыя марфемнага знака.

Спрэчным з’яўляецца пытанне аб уключэнні ў разрад рэлігійнай абстрактнай лексікі слоў, што абазначаюць назвы прасторавых паняццяў у сувязі з рэлігійнымі ўяўленнямі. З пункту гледжання чалавека веруючага, гэта значыць, абапіраючыся на семантычны крытэрый, такога роду лексемы можна аднесці да канкрэтных назоўнікаў: яны называюць пэўныя тэрыторыі і месцы навакольнага асяроддзя. Аднак граматычны крытэрый, наадварот, сведчыць аб адцягненым характары гэтых слоў: яны не маюць форму Pluralia.

Разрад рэлігійных абстрэм у якасці састаўной часткі ўваходзіць у больш агульнае поле абстрактных назоўнікаў. Такое падпарадкаванне можна лічыць ступенню моўнай іерархіі на лексічным узроўні. Па сваіх семантычных уласцівасцях рэлігійныя абстрэмы не звязаны з пазамоўнай прадметносцю, яны адлюстроўавюць пэўны бок чалавечага светапогляду і светаадчування.

1.3 Семантычная класіфікацыя канфесійнай лексікі

Разгледжаныя намі лексічныя кампаненты на беларускай глебе працягвалі сваё семантычнае развіццё: спрашчэнне або ўскладненне семантычнай структуры.

Асноўная кольксць рэлігійных лексем (75%) характарызуецца монасемантычнасцю, што набліжае іх да разраду тэрмінаў, калі прыняць погляд на тэрмін не на як асобую лексему, а як на від функцыянавання лексічнай адзінкі. З адназначнасці лексічнай адзінкі вынікае наяўнасць “сіметрыі" моўнага знака: поўная адпаведнасць знака і азначаемага (сігніфіката і дэнатата), што надае адназначным найменням прыкмету тэрміналагічнасці.

Словы са складанай семантычнай структурай можна падзяліць на тры катэгорыі. Да першай адносяцца мнагазначныя лексемы, усе структурныя семантычныя элементы якіх належаць да канфесіянальнай сферы (апостал, бог, царква). Полісемантычныя лексемы другой катэгорыі ўключаюць структурныя элементы, якія належаць да няроднасных тэматычных груп (агульнаўжывальнай лексікі, канцылярскай, юрыдычнай, музычнай і інш).

У сістэме значэнняў полісемантычных лексем назіраюцца наступныя пераўтварэнні:

А) пераход ад абстрактнага да канкрэтнага:

Устав - “правіла, нормы паводзін” - “царкоўная кніга”;

Святость - “уласцівасць святога" - “прадмет набажэнства”;

Собор - “собранне людзей" - "будынак, у які м прахлдзіць гэтае сабранне”.

Б) Пераход ад канкрэтнага да абстрактнага:

Костел - “храм" - “хрысціянства"

Крест - “прадмет, сімвал хрысціянскага культу” - “хрысціянства".

Не толькі вялікі аб’ём канфесійнай лексікі, але і шырыня самой канфесіянальнай сферы, якая закранае духоўны і матэрыяльныя бакі чалавечай дзейнасці абумовілі спецыфічныя, складаныя адносіны ўнутры разглядаемага тэматычнага разраду. Тут назіраюцца адносіны падпарадкавання (цэлае-частка), апазіцыі (аушаўлёны - неадушаўлёны, канкрэтнае - абстрактнае), антаніміі, рода-відавая дыферэнцыяцыя.

Істотную частку найменняў складаюць устойлівыя спалучэнні слоў і апісальныя звароты, што тлумачыцца імкненнем мовы да найбольшай дакладнасці ў адлюстраванні лексічнымі сродкамі аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Помнікам старабеларускай пісьменнасці шырока вядомы ўстойлівыя спалучэнні іменнага тыпу, галоўны кампанент якіх выражаецца субстантывам (евангелле непрестольное) [4; 18].

З’яўляючыся семантычным ядром устойлівых спалучэнняў слоў з рэлігійнай семантыкай, неакаторыя агульнаўжывальныя лексемы пераходзяць у разрад канфесіянальнай тэрміналогіі (слово судное, сосуд церковный).