Шчасце – не заўсёды дым (Дар.; 15).
У межах гэтай групы мэтазгодна вылучыць словазлучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць прадстаўнікоў расліннага свету:
Радасць – як даспелы яблык (Ян.; 89);
На гольцы шчасця (Ян.; 64);
Радасць у дароных рамонках (Дудз.; 92);
Быліна шчасця (Ян.; 276);
На шчасце колас дай (Ян.; 74);
Згаданыя вышэй прыклады дазваляюць гаварыць пра пэўную сімволіку шчасця, такія яго ўяўныя адметнасці, якія замацаваліся за гэтым паняццем і існуюць у свядомасці многіх людзей.
Такім чынам, назоўнікі, якія спалучаюцца з лексемай шчасце, паўтараюць і пацвярджаюць факты, што мелі месца пры даследаванні словазлучэнняў з прыметнікамі. Так, выяўляецца тэндэнцыя да ўжывання слоў (як прыметнікаў, так і назоўнікаў), якія паказваюць на гранічна высокую ступень праяўлення шчасця. Лексема шчасце спалучаецца не толькі з прыметнікамі, якія маюць прасторавае і часавае значэнне, псіхаэмацыянальнага стану, але і з аналагічнымі назоўнікамі.
Асаблівасцямі гэтай групы можна назваць словазлучэнні канцэпту шчасце з адзінкамі, якія называюць часткі цела чалавека і стан прыроды.
2.4 Словазлучэнні, утвораныя па мадэлі шчасце (доля, лёс, радасць) + займеннік
Лексічнае акружэнне канцэпту шчасця прадстаўлена вялікай колькасцю займеннікаў. Трэба адзначыць, што з разгледжанымі лексемамі суадносяцца займеннікі ўсіх разрадаў:
1. Самую прадуктыўную ў колькасных адносінах групу (54% ад агульнай колькасці словазлучэнняў з займеннікамі) складаюць словазлучэнні з прыналежнымі займеннікамі: шчасны мой лёс (Б.-Загн.; 202), нашыя лёсы (Карж.; 39), набытак шчасця мой (Ян.; 207), маё няшчасце, у сваім шчасці (Рубл.; 99), ваш балесны лёс (Ян.; 111), наша шчасце (Дудз.; 16), шчасця твайго не парушу (Ян.; 198), нашага шчасця не зычыць (Дудз.; 16), шчасце маё ашуканае (Бар.; 69), маё павуціннае шчасце (Рубл.; 99), незавершанасць нашага шчасця (Карж.; 123), дзе наша доля (Б.-Загн.; 203), наша агульная доля (Карж.; 87), доля мая (Лось; 66), лёс яго (Лось; 26), не помню дзён сваіх шчаслівых (Ьар.; 166), душа мая няшчасная (Гудк.; 7), мая шчаслівая доля (Дудз.; 101), мой дзень шчаслівы (Ян.; 265), свой лёс (Ян.; 70), твой і мой лёс (Ян.; 126), мая радасць (Ян.; 205).
2. Лексемы шчасце, доля, радасць, лёс частотна ўтвараюць словазлучэнні з асабовымі займеннікамі: вам радасна (Лось; 115), дай шчасця мне (Ян.; 189), нам бы шчасця крыху (Ян.; 97), шчасце ў мяне (Ян.; 74), ім лёс прыбярог (Ян.; 16), ты многа шчасця мела (Бар.; 85), не мець нам з табою шчасця (Кан.; 52), мы ў шчасця ў гасцях (Мац.; 239), лёс мне падарыў (Ян.; 32), я маю трохі шчасця (Ян.; 89), я не кінуся шчасця шукаць (Ян.; 186), зрабіць цябе шчаслівай (Багд.; 5), мне праніклівасць доля дала (Карж.; 36), я шчаслівыя маю правы (Ян.; 174).
3. Словазлучэнні з указальнымі займеннікамі адлюстраваны ў наступных прыкладах: той шчаслівец (Тваран.; 136), гэта шчасце (Гудк.; 78), той шчаслівы астравок (Кан.; 119), гэткай малілася долі (Ян.; 189), гэта доля мая (Ян.; 187), вось гэтую зіму (Лось; 139), вось думнік-лёс (Ян.; 228).
4. Разгледжаныя лексемы спалучаюцца з азначальнымі займеннікамі: кожны ціха радуецца (Карж.; 140), усе, што долі просяць (Бар.; 106), шчасная за ўсіх (Лось; 74), кожны сам сабе няшчасце напрарочыць (Дар.; 10).
5. Зафіксаваныя адзінкавыя выпадкі словазлучэнняў, што ўваходзяць у канцэптуальнае поле шчасце, са зваротным займеннікам: сябе дзеля шчасця не зберагу (Гудк.; 110), я на сябе, шчаслівую, гляджу (Бар.; 590), уяўляла шчаслівай сябе (Гудк.; 35), сябе я адчула шчаслівай (Гудк.; 116).
6. Выяўлены частотныя выпадкі словазлучэнняў з адноснымі займеннікамі: хто мне шчасця хацеў (Ян.; 75), чый лёс захапляючы і горкі (Карж.; 149), якое тут шчасце (Карж.; 16).
7. Словазлучэнні з пытальнымі займеннікамі ілюструюцца адзінкавымі прыкладамі: каму пакоры доля не дала?(Карж.; 23), дзе наша доля? (Б.-Загн.; 203), якому шчасліваму лету…? (Ян.; 200).
8. Зафіксаваны толькі адзіны выпадак словазлучэння з няпэўным займеннікам: нехта шчасце адабраў (Багд.; 16).
9. Словазлучэнні з адмоўнымі займеннікамі: нашага шчасця не зычыць нікому (Карж.; 140), ніхто не навяшчуе шчасных дзён (Ян.; 217).
У выніку аналізу прыведзеных прыкладаў можна адзначыць, што словазлучэнні канцэпту шчасце з асабовымі і прыналежнымі займеннікамі складаюць абсалютную большасць (72 %). Гэты факт можа пацвярджаць думку пра тое, што шчасце з’яўляецца асабістым, чалавек перажывае (альбо не перажывае) яго сам, успамінае пра свае ўласныя адчуванні, што выяўляецца праз пераважнае ўжыванне асабовых і прыналежных займеннікаў.
ВЫВАДЫ
Падагульняючы вынікі раздзела, трэба звярнуць увагу на тое, што лексемы лёс, доля, шчасце, радасць частотна спалучаюцца з дзеясловамі цяперашняга, будучага і прошлага часу. Часцей за ўсё прадстаўлены словазлучэнні з дзеясловамі прошлага і будучага часу, што сведчыць пра магчымасць усведамлення чалавекам свайго мінулага эмацыянальнага стану або пра жаданне перажываць гэты стан у будучым. Толькі ¼ словазлучэнняў з дзеясловамі часу прадстаўлена формамі цяперашняга часу, што гаворыць пра немагчымасць чалавека спасцігаць, асэнсоўваць сваё шчасце непасрэдна ў момант яго наяўнасці.
Лексемы лёс, доля, шчасце могуць выступаць як аб’ект (81% ад агульнай колькасці) або як суб’ект дзеяння (19%). Такі факт пацвярджае думку пра тое, што лёс можа ўплываць на чалавека, але і чалавек сам можа мадэляваць сваё жыццё.
Вялікая колькасць дзеясловаў волевыяўлення ў семантычным акружэнні канцэпту шчасце можа сведчыць пра значнасць для чалавека гэтага паняцця, пастаяннае імкненне да шчасця.
Лексема шчасце спалучаецца з прыметнікамі ўсіх разрадаў (якаснымі, адноснымі і прыналежнымі). У колькасных адносінах на якасныя прыметнікі, што спалучаюцца з лексемай “шчасце”, прыпадае 87% адзінак нашай картатэкі. Гэты факт сведчыць пра жаданне аўтараў апісаць, ахапіць шчасце цалкам, назваць яго якасці і асаблівасці. У адносінах да лексемы шчасце пераважна выкарыстоўваецца характарыстыка гранічна высокай ступені яго праяўлення. Мажліва, гэта выяўляе жаданне аўтараў узмацніць значэнне ключавога слова.
Лексічнае акружэнне канцэпту шчасця прадстаўлена вялікай колькасцю займеннікаў. Трэба адзначыць, што з разгледжанымі лексемамі суадносяцца займеннікі ўсіх разрадаў. Аднак словазлучэнні лексемы шчасце з асабовымі і прыналежнымі займеннікамі складаюць абсалютную большасць (72 %).
III. Вобразна-выяўленчы патэнцыял канцэпту шчасце ў мове паэзіі
3.1 Вербальныя рэалізацыі канцэпту шчасце
Пад вербальнай рэалізацыяй канцэпту шчасця разумеем сукупнасць лексем, што ўваходзяць у канцэптуальное поле шчасце.
Вербальныя рэалізацыі канцэпту шчасце, выяўленыя намі ў працэсе аналізу твораў сучаснай жаночай паэзіі, у колькасных адносінах размяжоўваюцца наступным чынам:
1. Самую вялікую групу прадстаўляе лексема “шчасце” (усяго 403 адзінкі), якая прэзентавана назоўнікам (быліна шчасця (Ян.; 276), поўнае шчасце (Бар.; 90), прыметнікам (дуб няшчасны (Карж.; 44), твар шчаслівы (Бар.; 137), прыслоўем (шчасліва разглядаю (Ян.; 157), шчасна азірнецца (Дудз.; 87), дзеясловам (раптам пашчасціць (Дудз.; 74).
2. Другой па частотнасці ўжывання з’яўляецца лексема “лёс” (усяго 54 адзінкі). Прычым яна прадстаўлена выключна назоўнікам.
3. У даследаваным матэрыяле выяўлена 36 выпадкаў перадачы канцэпту шчасце праз лексему “доля”.
4. Лексема “радасць” ахоплівае 25 адзінак, якія з пункту гледжання часцін мовы прадстаўлены назоўнікамі (радасць і гаркота (Ян.; 56), радасць хвілін (Ян.; 203), прыметнікамі (радасныя радзіны (Рубл.; 205), радасны палон (Ян.; 205), дзеясловамі (ціха радуецца (Карж.; 140).
5. “Удача” як кампанент канцэпталагічнага ядра “шчасце” перадаецца 6 лексемамі: а хто займеў такую вось удачу (Карж.; 13); лягуць шчыльна журба і ўдача (Ян.; 137); плачу за горкую ўдачу расянай кропелькай віна (Бар.; 137); выпырхне вясёлкаю ўдача; такая вось няўдача – згубіла чаіца дзяцей (Карж.; 34); на шлях няроўны азірнуся і на ўдачу мімаходзь (Бар.; 137).
6. Выяўлены адзіны выпадак ужывання лексемы “пашэнціць” (пашэнціла – пазбег скаварады (Карж; 103).
Больш падрабязна вербальныя рэалізацыі канцэпту шчасце прадстаўлены ў выглядзе табліцы (гл. ДАДАТАК).
Лексема “шчасце” ўжываецца ў функцыі прэдыката, які кіруе аб’ектнай залежнай часткай: “шчасце, (што/калі)…”. Такая канструкцыя перш за ўсё выражае інтэлектуальную прымету (“вельмі добра, прыемна”):
Я ў тым шчаслівая, напэўна, што не выходзіла адсюль (Ян.; 75);
Я рада, што праз груд гадоў не развучылася смяяцца (Ян.; 79).
Акрамя станоўчай ацэнкі, якая выражаецца сродкамі аб’ектнай часткі, сцвярджаецца таксама адмоўная адзнака адпаведнай супрацьлеглай падзеі: “калі б гэтага не адбылося, было б дрэнна”. Часта ў склад прэдыката ўводзіцца ўказанне на таго, хто з’яўляецца ініцыятарам дзеяння) падзеі шляхам выкарыстання прыналежных займеннікаў (“маё, тваё, наша і г.д. шчасце”):
Доля мая – нібы гронка любові (Ян.; 257);
Гэта доля мая – песня, сцежка, трывога (Ян.; 187).
Лексема “шчасце” ў саставе пабочнага слова (“на шчасце”) так, як і прэдыкатыўная частка, у першую чаргу здольна перадаваць станоўчую ацэнку выказвання таго, хто гаворыць:
Песні яшчэ не ўсе, на шчасце, перапеты (Карж.; 36);
Ах, на шчасце, яшчэ не ўсохла балота (Ян.; 222);
На шчасце, не ўсе дарогі валакуцца ў зманашаны Рым (Ян.; 32).
Блізкім па семантыцы і будове з’яўляецца зварот “на радасць” (У гэтай кватэры, на радасць, ёсць боль, што завецца зямлёй (Ян.; 32). Такая канструкцыя можа ўскладняцца наяўнасцю займенніка, які ўказвае на носьбіта шчасця (на наша шчасце (Лось; 31). Распаўсюджаны пабочны зварот, у якім рэалізуецца лексема “лёс”. Будова такой пабочнай канструкцыі ажыццяўляецца па схеме: “дзякаваць + каму” (дзякуй лёсу, ёсць азёрны час; дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку (Ян.; 20). Семантыка такого звароту выражаецца ў задавальненні, выказванні падзякі за удалы зыход падзей.
Значэнне шчасця з пункту погляду крыніцы яго месцазнаходжання з’яўляецца, відавочна, вынікам метанімічнага пераносу назвы душэўнага стану на прычыну, якая яго выклікае. Псіхалагічна сукупнасць станоўчых эмоцый, якая прыносіць суб’екту перажыванні шчасця, бліжэй за ўсё да пачуцця кахання. Напэўна, менавіта таму шчасце атаясамліваецца з найбольш інтэнсіўнай крыніцай: