Смекни!
smekni.com

Колер і свет у прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа (стр. 3 из 4)

Глава ІІ. Колеравая і светлавая эстэтыка паэзіі я. коласа

2.1 Частотнасць ужывання колеравых і светлавых лексем

Частотнасць ужывання пэўных колеравых і светлавых лексем дае падставы для характарыстыкі аўтарскіх асаблівасцяў бачання свету ў фарбах, вызначэння колеравых густаў і эстэтычных поглядаў пісьменніка. Гэта, у сваю чаргу, ілюструе спецыфіку яго творчай манеры і светаўспрымання ўвогуле.

Падрабязная табліца класіфікацыі колеравых і светлавых лексем, зыходзячы з прынцыпу частотнасці іх ужывання, прадстаўлена ў ДАДАТКУ. Але, даючы характарыстыку распаўсюджанасці тых ці іншых светлавых і колеравых лексем, варта адзначыць некаторыя асаблівасці.

Так, найбольш пашыранымі ў колькасным плане колеравымі лексемамі ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа можна назваць зялёны і белы. Першая з іх ілюструецца такімі прыкладамі:

Зялёнае мора ржаных каласоў [І; с.51] ;

Разгорнуць шырока зялёныя крылы [ІІ; с.287] ;

Зелянеюць два-тры клёны [І; с.15] ;

У зелень убрала вясна [І; с.88] ;

У зялёны ліст адзенецца [І; с.78] ;

Зелянее луг, ралля [І; с.73] ;

Глуха шэпча лес зялёны [І; с.62] ;

Лексема, што абазначае белы колер можа быць прадстаўлена наступнымі прыкладамі з тэкстаў Я. Коласа:

У белым попеле снягоў [І; с.75] ;

Пабялелі вусы, світка вазака [І; с.24] ;

У белым снезе маладняк [І; с.24] ;

І толькі зоркі пабялелі [ІІ; с.135] ;

Хмаркі белыя плылі [І; с.99] ;

Рады белай мы зіміцы [І; с.76] ;

Белую саломку ветрыкі паб'юць [І; с.37] ;

Белыя хмаркі над намі гулялі [І; с.34] ;

І па белым акіяне [І; с.76].

Дастаткова вялікая частотнасць ужывання ў паэтычных тэкстах каларонімаў зялёны і белы тлумачыцца іх лексічным значэннем, а таксама іх адпаведнасцю мэце апісання прыродных з’яў і навакольнага асяроддзя.

Менш распаўсюджанымі з’яўляюцца лексемы, што абазначаюць сіні і залаты колеры.

Таксама дастаткова часта пры апісанні аўтарам з’яў прыроды, навакольнага асяроддзя сустракаюцца назвы чырвоны, срэбраны, чорны, шэры.

Адзінкавымі можна назваць такія колеранайменні:

Крыштальны (Ой, гладзь нябёс далёкая, крыштальная, глыбокая!) [І; с.91].

Празрысты (У сіняй далечы празрысты туман) [І; с.51].

Смуглы (Высокі, смуглы лес ціхутка гаварыў) [І; с.10].

Брыльянцісты (І брыльянцістаю расою) [ІІ; с.115].

Акрамя непасрэднага называння колераў у аўтарскіх вершах сустракаюцца і называнне саміх паняццяў “коле", “фарба". З мэтай ілюстрацыі дадзенага факта варта прывесці такі прыклад з тэксту: І сабрала неба фарбы колераў дзівосных [І; с.32].

Такім чынам, найбольш частотнымі па сваім выкарыстанні з’яўляюцца белы (9) і зялёны (9) колеры. Самымі рэдкаўжывальнымі можна назваць такія колеранайменні як празрысты, крыштальны, смуглы, брыльянцісты.

Абсалютная большасць каларонімаў рэпрэзентавана прыметнікамі. Гэта звязана з тым, што колеравыя лексемы выкарыстоўваюцца пераважна ў сваім звычайным граматычным афармленні: колеравая прымета рэалізоўваецца праз прыметнік. Да таго ж, стылістычнае ўжыванне прыметнікаў увогуле тлумачыцца агульнымі ўласцівасцямі гэтай часціны мовы, якія даюць магчымасць выражаць самыя разнастайныя па сваёй эмацыянальна-эксрэсіўнай афарбоўцы прыметы і якасці прадметаў і з’яў.

Варта таксама адзначыць, што ў паэтычных тэкстах Я. Коласа намі былі выяўлены, акрамя звычайных для ўжывання поўных форм, яшчэ і прыметнікі кароткай формы: Неба ў хмарах, даль імгліста; Стаў чырван месяц круглаліцы. Такая форма прыметніка не характэрная для ўжывання ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.

Калі гаварыць пра частотнае размеркаванне люксонімаў у вершаваных творах Я. Коласа, то варта адзначыць, што найбольшай частнотнасцю вызначаецца люксонім, які абазначае вышэйшую ступень праяўлення свету: блішчаць (9):

На ўсходзе неба грае пераліўным блескам [І; с.31] ;

Паблісквае на сонцы Балачанка [І; с.161] ;

І блеск зорны патух [І; с.98] ;

Бляск пужліва мігне [І; с.97] ;

І бляск-іскры разлівае [І; с.85] ;

Чыстыя росы як срэбра блішчалі [І; с.34] ;

Сее бляск-чырвонцы [І; с.31].

Дастатковай распаўсюджанасцю ў аўтарскіх тэкстах вызначаюцца антанімычныя люксонімы “светлы" і “цёмны". Паводле біблейскай міфалогіі, гэта найбольш важная сімволіка супярэчнасці быцця, яго глыбіннай таямніцы і знамянальных пераходаў. Паняцці “светлы" і “цёмны” маюць глыбокі трансцэндэнтны характар.

Калі звяртацца да агульнага лексічнага значэння знойдзеных у працэсе працы люксонімаў, то дамінуюць адзінкі, якія маюць наступнае значэнне: “свяціцца або адсвечваць роўным святлом", “яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца ў чым-небудзь", “ледзь свяціцца", “свяціцца мігальным святлом". Дамінаванне ў аўтарскіх тэкстах такіх лексічных адзінак стварае ўражанне роўнага, цёплага і насычанага святла.

Калі гаварыць пра аднесенасць люксонімаў да пэўных часцін мовы, то найбольш часта яны выражаюцца назоўнікамі (бляск, цьма, прасвет, цемень-імгла, мрок). Тлумачыцца гэты факт тым, што функцыянальна назоўнік здолны называць з’яву, прадмет, у тым ліку і тую, што мае дачыненне да свету і колеру.

Таксама вялікую распаўсюджанасць маюць дзеясловы-люксонімы (свеціць, заззяе). Гэта можна патлумачыць тым, што дзеяслоў здольны называць любы працэс і дзеянне - дзеянне свячэння, згасання і г. д. таксама.

2.2 Ахраматычныя каларонімы ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа

Як адзначаюць спецыялісты, усе колеры падзяляюцца на храматычныя і ахраматычныя. Да храматычных, ці асноўных, адносяць сем колераў вясёлкі - чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы; да ахраматычных - белы, чорны і ўсе шэрыя колеры.

Акрамя названых можна выдзеліць трэцюю - найменні колераў, што нельга аднесці ні да храматычнай, ні да ахраматычнай груп, напрыклад: буры, зямлісты.

Вялікую ролю ў сістэме колераабазначэння мастацкага твора адыгрывае прыём “колеравага кантрасту”. Гэта матываваная канцэнтрацыя супрацьлеглых па сваёй семантыцы каларонімаў у межах мікракантэксту.

Трэба звярнуць увагу на супрацьлеглыя па сваёй прыродзе каларонімы “чорны” і “белы", якія ў вялікай колькасці прысутнічаюць у вершах разгледжаных намі зборнікаў.

Так, прыметнікі “чорны” і “белы" абазначаюць звычайна колер прадмета (чорныя вочы, ночы; белы снег).

Чорны колер звычайна асацыіруецца са злом, нечым адмоўным, што ідзе з культуры, архетыпаў у падсвядомасці кожнага чалавека. Так, напрыклад, названы колер звязваецца аўтарам з міфалагічнымі істотамі, звышнатуральымі сіламі, рэлігійным уяўленнем пра грахоўнасць:

Ігрышча сіл чорных, начніц, ведзьмакоў [І; с.120].

Трэба, аднак, зазначыць, што прыкладаў, падобных да папярэдняга ў аўтарскіх тэкстах вельмі невялікая колькасць.

Часцей за ўсё ў прыродаапісальнай лірыцы Я. Коласа сустракаецца такое супрацьпастаўленне разгледжаных колераў, калі іх антанімічнасць праяўляецца ў межах адного кантэксту, дзе пераход ад цемры да святла, змена ночы і дня - сімвал перамогі дабрыні над злом:

Пройдзе ноч, згіне цьма, непраглядны мрок-цень [І; с.98] ;

І мне свеціш у тэй цемры яснаю зорой [І; с.93].

У аўтарскай пазіцыі можна выдзеліць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: адна з іх апісвае веру ў аптымістычнае заканчэнне любой справы, добрае будучае і веру ў перамогу дабрыні над злом (як у прыведзеных вышэй прыкладах).

Другая ж, адваротная тэндэнцыя - апісвае непераможнасць чорных сілаў і бездапоможнасць чалавека ў змаганні з імі:

Над палямі мрок прарваўся, па нізінах расплыўся [І; с.31] ;

Церушыўся мрок бязмоўны і п’яніў мяне язмін [І; с.62] ;

Свет закрыла цьма густая [І; с.66] ;

Мрок насядае глыбей і цяжэй [І; с.119] ;

Хмурна. Глуха. / Цьма пануе [І; с.66].

Частым з’яўляецца таксама выпадак, калі Я. Колас выкарыстоўвае чорныя фарбы, цёмны свет пры апісанні рэалій асяроддзя, прыродных з’яў: пры дапамозе іх малюе ноч, палі:

Белым снегам замятае вецер чорныя палі [І; с.76] ;

А на беразе пад дубам, у ночку цёмную рыбак [І; с.10].

Да групы ахраматычных колераў таксама адносім белы, які даволі часта сустракаецца ў тэксце вершаў разгледжаных намі зборнікаў. Белы колер - гэта эквівалент дзённага святла, гэта сімвал малака і семені, што атаясамліваюцца з жыццём. Вельмі часта гэты колер выкарыстоўваецца для характарыстыкі белых вусаў, снегу што, магчыма, вядзе свой пачатак яшчэ з вуснай народнай творчасці: белы снег, белы дзень, белыя росы, анёл белы [11; 48]. Белы, светлы колер у аўтара ў асноўным апісвае з’явы прыроды: неба, снег, палі:

А над палямі ў ясным небе [ІІ; с.130] ;

Белыя хмаркі над намі гулялі [І; с.34] ;

І толькі зоркі пабялелі / У хаце дзверы зарыпелі [ІІ; с.135] ;

Над табою месяц круглы / У ясным небе ціха плыў [ІІ; с.29] ;

Найчасцей жа, белы колер у аўтара асацыіруецца з зімой, холадам, марозам, інеем:

Космы густа ім абвіты; /У ясным снезе маладняк [І; с.24] ;

Рады белай мы зіміцы,/ Рады з ёю ваяваць [І; с.76] ;

Усё змяшаецца ў тумане, /У белым попеле снягоў [І; с.75] ;

Белым снегам замятае /Вецер чорныя палі [І; с.76] ;

Скверыць холад. Пабялелі/ Вусы, світка вазака [І; с.24].

Белы колер - гэта яшчэ і колер срэбра, а срэбра - гэта колер Месяца і патоку прарокаў, што ачышчаюць аўру зямлі. Нядзіўна, што ў паэтычных творах наогул і у творах Я. Коласа ў прыватнасці, заўсёды нясе дадатную ацэнку:

Прыбіты вадою на срэбраны гак [ІІ; с.163] ;

Пад горкаю, бы срэбраны равок [І; с.161] ;

Як срэбра блішчалі [І; с.34].

Як бачна з папярэдніх прыкладаў, колер серабра ўводзіцца аўтарам у паэтычны тэкст пры дапамозе прыёма параўнання.