Па характары беларуская старажытная літаратура шмат у чым роднасная з фальклорам. Арыентацыя на традыцыйнае і ўмоўнае, на агульнапрынятае і ідэальнае, сінкрэтызм і ананімнасць, рухомасць тэксту твора і некаторыя іншыя асаблівасці выразна збліжаюць гэтыя два віды славеснага мастацтва як з'явы адной і той жа культурна-гістарычнай эпохі.
Разам з тым беларуская старажытная літаратура не была нейкай застылай, кансерватыўнай сістэмай. Яна таксама развівалася, бо развівалася жыццё, з якім яна была цесна звязана; аднак развівалася марудна, нераўнамерна, як і само сярэдневяковае грамадства. Развіццё гэтае адбывалася ў асноўным у межах адной і той жа эстэтычнай сістэмы. Кожны жанр старажытнай літаратуры меў свой прадмет, свае прынцыпы і сродкі адлюстравання, свой літаратурны стыль. З часоў Адраджэння, з часоў Скарыны ў беларускай літаратуры пачалі ўжо зараджацца і індывідуальныя пісьменніцкія стылі.
Беларуская старажытная літаратура непадобная да сучаснай і характарам бытавання твораў. Яны распаўсюджваліся пераважна ў рукапісных зборніках у адзінкавых экземплярах, таму шмат твораў не дайшло да нас, загінула. Пісалі спачатку на пергаменце, пазней, з XV ст., на паперы. Перапіска кнігі сярэдняга памеру і яе афармленне займалі некалькі месяцаў, таму ў даўнія часы кніга каштавала дорага і не мела шырокай чытацкай аўдыторыі: большасць людзей былі непісьменнымі. Яна стала больш даступнай толькі са з'яўленнем кнігадрукавання.
2. Летапісы
старажытнай беларуская літаратура
Летапіс быў найбольш значным жанрам беларускай літаратуры XV — пачатку XVI ст. У летапісах і хроніках адлюстраваліся багатае гістарычнае жыццё нашага народа, вядучыя грамадска-палітычныя ідэі эпохі. Менавіта ў летапісным жанры даволі рана і ярка выявілася тэндэнцыя да развіцця, да творчага пераадолення старых літаратурных традыцый. У шматвяковай гісторыі летапісання на Беларусі як у люстры адбіліся некаторыя вельмі характэрныя асаблівасці і асноўныя заканамернасці развіцця ўсёй беларускай літаратуры эпохі феадалізму.
Кожны народ, дасягнуўшы пэўнага ўзроўню развіцця, пачынае ўсведамляць значэнне свайго гістарычнага быцця, сваёй мінуўшчыны, памяць пра якую неабходна захаваць для будучыні як важны сродак самапазнання і маральна-патрыятычнага выхавання пакаленняў у духу гераічных традыцый продкаў. Ствараюцца і перадаюцца праз стагоддзі міфы і легенды, сагі і быліны, паданні і песні, у якіх апяваюцца велічныя справы і ўчынкі герояў, раскрываецца гістарычнае мінулае народа. З узнікненнем пісьменства паэтычнае асэнсаванне гісторыі паступова саступіла месца больш дакладнаму і дакументальнаму яе апісанню. Хавальнікамі гістарычнай памяці, своеасаблівымі энцыклапедыямі гістарычных ведаў эпохі Сярэднявечча сталі аналы, хронікі, гісторыі, у якіх занатоўваліся найболын значныя падзеі пераважна грамадска-палітычнага жыцця асобных краін, народаў, княстваў, гарадоў, апісваліся жыццё і дзейнасць выдатных гістарычных асоб. Такімі помнікамі даўняга пісьменства, прысвечанымі роднай гісторыі, былі ва ўсходніх славян летапісы.
Своеасаблівасць летапіснага адлюстравання гісторыі ў апісанні пераважна гістарычна сапраўднага, рэальна былога, якое, як правіла, падавалася ў пагадовай форме і спалучала лаканічную, дакументальна-дзелавую фіксацыю адзінкавых гістарычных фактаў і падзей з жывым, эмацыянальна-вобразным, белетрызаваным, нярэдка пабудаваным на вусна-паэтычных паданнях і розных легендах асэнсаваннем мінулага. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі гісторыю з пункту гледжання свецка-рыцарскіх ці хрысціянска-аскетычных ідэалаў. Летапісы складаліся свецкімі і духоўнымі асобамі ў розным сацыяльна-культурным асяроддзі з рознымі ідэйна-мастацкімі задачамі, таму вельмі разнастайныя паводле зместу, ідэйнай накіраванасці, жанрава-стылявых асаблівасцей, форм і спосабаў гістарычнага апавядання.
Летапісанне на Беларусі ўзнікла яшчэ ў эпоху феадальнай раздробленасці. Яго вытокі ў мясцовых гістарычных паданнях і дзелавым пісьменстве, а таксама ў літаратурных традыцыях летапісання і гістарычнай прозы Старажытнай Русі. Гістарычныя запісы вяліся амаль ва ўсіх значных гарадах, сталіцах удзельных княстваў, цэнтрах грамадска-палітычнага і культурнага жыцця асобных зямель. Самым буйным у тыя часы беларускім горадам быў Полацк, які ў пару сваёй найбольшай магутнасці сапернічаў з Ноўгарадам, Смаленскам і нават самім Кіевам. Першым летапісным творам, складзеным на беларускіх землях, быў, відаць, Полацкі летапіс, урыўкі якога захаваліся ў Кіеўскім летапісе XII ст., што разам з «Аповесцю мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскім летапісам складае вядомы агульнарускі летапісны звод пачатку XIV ст. — Іпацьеўскі летапіс. Гістарычныя запісы вяліся таксама ў Навагрудку, Пінску, Слуцку і іншых гарадах Беларусі. Ва ўрыўках у складзе розных летапісных зводаў і кампіляцый збярогся Смаленскі летапіс XIV — пачатку XV ст. Летапісы XII—XIV ст. мелі мясцовы характар. У іх апісваліся падзеі, што датычыліся пераважна гісторыі асобнага ўдзельнага княства і яго сталіцы. Паводле жанравай формы яны, як і іншыя старажытнарускія летапісы, не былі цэласнымі творамі, сюжэтна закончанымі гістарычнымі аповесцямі, а мелі фрагментарны характар; падзяляліся на асобныя, нярэдка слаба звязаныя паміж сабою часткі — пагадовыя запісы, аб'яднаныя толькі агульнасцю тэмы і формы гістарычнага апавядання.
Новыя якасці і рысы набыло беларускае летапісанне ў XV ст. У сувязі з завяршэннем палітычнай цэнтралізацыі і ўзмацненнем этнічнай кансалідацыі беларускіх зямель узніклі агульнадзяржаўныя, беларуска-літоўскія паводле зместу і характару летапісы. Яны з'явіліся вынікам новых ідэйна-палітычных тэндэнцый і гістарычных канцэпцый эпохі, яркім адлюстраваннем новага этапу ў гістарычным жыцці беларускага народа. У іх выявіліся погляды перадавых грамадскіх сіл Беларусі і Літвы першай паловы XV ст., якія стаялі на баку вялікакняжацкай улады, што змагалася супраць феадальнай раздробленасці за адзінства і магутнасць краіны, за яе высокі міжнародны аўтарытэт. Першымі летапіснымі творамі, складзенымі з новых, агульнадзяржаўных пазіцый, былі «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.
«Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» быў прысвечаны апісанню палітычнай гісторыі Літвы, Беларусі і Украіны XIV — пачатку XV ст., гісторыі напружанай барацьбы за ўладу паміж нашчадкамі князя Гедыміна (1316—1341), барацьбы за палітычнае аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель, чаго вымагалі гістарычныя абставіны. Твор напісаны не ў традыцыйнай пагадовай форме, а як звязная гістарычная аповесць.
Асаблівай цэльнасцю і лагічнасцю выкладу, майстэрствам займальнага вострасюжэтнага апавядання вылучаецца першая частка «Летапісу». У цэнтры ўвагі невядомага аўтара — жорсткая, бескампрамісная, поўная драматызму барацьба паміж князямі Ягайлам Альгердавічам, які пасля смерці ў 1377 г. свайго бацькі стаў вялікім князем літоўска-беларускім, і яго дзядзькам Кейстутам Гедымінавічам. Баючыся магутнага Кейстута, які меў вялікі ўплыў у дзяржаве і ў марах бачыў на вялікакняжацкім пасадзе ў Вільні свайго любімага сына Вітаўта, Ягайла вырашыў пазбавіцца ад небяспечнага дзядзькі. Шукаючы падтрымкі звонку, ён учыніў змову з нямецкімі крыжакамі. Мудры і рашучы Кейстут апярэдзіў пляменніка і захапіў сталіцу княства Вільню. Неўзабаве непакорлівы Ягайла вярнуў сабе вялікакняжацкі пасад. I вось праціўнікі сыходзяцца на рашучую бітву. Аднак у апошні момант, апавядае летапісец, Ягайла прысылае ганцоў з прапановай мірна ўладзіць дынастычную спрэчку і запрашае да сябе Кейстута з Вітаўтам для перагавораў. Пасля некаторых ваганняў князі прымаюць прапанову і накіроўваюцца ў стан праціўніка, дзе былі здрадліва палонены і адвезены ў Крэўскі замак. Стары князь па загадзе Ягайлы быў задушаны, а яго сын паспеў выратавацца, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне. Вітаўт уцёк у Прусію да крыжакоў. Гісторыя барацьбы Кейстута з Ягайлам выкладзена ў «Летапісе» як бы на адным дыханні, ёмка, дакладна, дынамічна і выразна. Твор дадаткова ажыўляюць каларытныя дыялоіі, простая мова герояў. Нягледзячы на знешні аб'ектывізм апавядання, сімпатыі аўтара цалкам на баку Кейстута і Вітаўта, якія намаляваны з яўным спачуваннем як сумленныя і высакародныя рыцары ў супрацьвагу здрадліваму, няўдзячнаму і бязлітаснаму Ягайлу. Як паказваюць асобныя дэталі зместу, агульная накіраванасць, мова і стыль твора, першапачатковая частка «Летапісу» напісана ў свецкім асяроддзі, блізкім да князя Вітаўта, дзесьці ў канцы XIV ст. з мэтай гістарычна абгрунтаваць права гэтага князя на вялікакняжацкі пасад у Вільні, апраўдаць яго паводзіны ў той міжусобнай спрэчцы і асудзіць перад гісторыяй Ягайлу, забойцу Кейстута.
Працяг «Летапісу» не мае той арганічнай цэльнасці і завершанасці, як пачатак, а ўяўляе шэраг асобных гістарычных апавяданняў пра самыя розныя падзеі: пра жаніцьбу і каранацыю ў Кракаве князя Ягайлы, пра бітву літоўскіх князёў са смаленскімі пад Мсціславам, пра выдачу замуж дачкі князя Вітаўта Софіі за маскоўскага князя Васіля Дзімітравіча, пра загадкавую смерць у Кіеве князя Скіргайлы і інш. Галоўным героем твора становіцца Вітаўт. Апісанне яго настойлівых спроб дасягнуць запаветнай мэты — вялікакняжацкага трона ў Вільні, чаго ён, нарэшце, дамогся ў 1392 г., калі Ягайла, на той час ужо кароль Польшчы, вымушаны быў аддаць яму вярхоўную ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім, і бурнай дзейнасці ў першыя гады яго самастойнага панавання ў гэтай дзяржаве складае асноўны змест другой часткі «Летапісу». Вітаўт робіць паходы на Віцебск, Смаленск, Украіну, пазбаўляе ўлады непакорлівых мясцовых князёў, далучае да Вялікага княства Літоўскага ўскраінныя беларускія і ўкраінскія землі, умацоўвае іх палітычнае адзінства. Як прадстаўнік перадавых грамадскіх сіл Літвы і Русі канца XIV — пачатку XV ст. беларускі летапісец апісвае і ацэньвае падзеі з агульнадзяржаўных пазіцый. Ён цалкам ухваляе збіральніцкую, цэнтралізатарскую палітыку гэтага князя, узвышэнню якога, сцвярджае аўтар, была рада «ўся зямля Літоўская і Руская». Другая частка «Летапісу» напісана кніжным стылем старабеларускай літаратурнай мовы таго часу, верагодней за ўсё каля 1430 г. у Смаленску ў асяроддзі мясцовага праваслаўнага духавенства, якое падтрымлівала аб'яднальную палітыку літоўска-беларускіх князёў на Русі.