Смекни!
smekni.com

Літаратура XIV-XV ст. (стр. 4 из 5)

Важныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства першай паловы XVI ст., зараджэнне новых тэндэнцый у светапоглядзе, пашырэнне гуманістычных ідэй выклікалі якасныя змены ў эстэтычных густах людзей, істотна паўплывалі на характар развіцця асобных літаратурных жанраў. Новыя гістарычныя ўмовы паставілі новыя ідэйна-мастацкія задачы і перад летапісцамі. Сваю ўвагу яны сканцэнтравалі амаль выключна на гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У XVI ст. на Беларусі працягвалі бытаваць летапісныя помнікі папярэдняга перыяду. Аднак ва ўмовах далейшага росту гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці, узмацнення патрыятычных настрояў, актывізацыі цікавасці да мінуўшчыны стала адчувацца вострая патрэба ў новай, больш поўнай і грунтоўнай гісторыі, болын адпаведнай сваім зместам і накіраванасцю актуальным задачам дня. Праўда, у сувязі з тым, што цэнтр агульнадзяржаўнага летапісання перамясціўся з усходу на захад, бо Смаленск у 1514 г. увайшоў у склад Расіі, а ініцыятыву ў гэтай справе ўзялі ў свае рукі літоўскія феадалы, новая распрацоўка гісторыі Літвы і Беларусі атрымала даволі нечаканы паварот.

У 20-я гг. XVI ст. у асяроддзі патрыятычна настроеных літоўскіх арыстакратаў была створана на беларускай мове «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», легендарная гісторыя Літвы ад міфічнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у форме гістарычнай аповесці, без датавання падзей, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў і шляхты ад рымскіх патрыцыяў. Яны, уцякаючы ад праследаванняў імператара-тырана Нерона, быццам бы апынуліся ў Прынёманскім краі і заснавалі тут першыя гарады і княствы. Ваяўнічыя літоўскія князі, гаворыцца ў хроніцы, аднавілі палітычнае і культурнае жыццё на разбуранай ардой Русі, абаранілі яе ад нападаў татара-манголаў і стварылі магутную дзяржаву. Гісторыя Вялікага княства Літоўскага даведзена ў гэтым творы да часоў Гедыміна ўключна.

Створаная літоўскім храністам велічная, ідэалізаваная гісторыя Літвы, поўная фактычных памылак, розных недакладнасцей і нават недарэчнасцей, нічога не мае агульнага з сапраўднасцю, хоць асобныя яе гістарычныя паданні (пра бітвы з татарамі, паходы Гедыміна на Украіну і інш.) маюць пад сабою рэальную аснову і ўяўляюць значную навукова-пазнавальную каштоўнасць. Падкрэсліваючы высакароднасць і старажытнасць свайго паходжання, паказваючы выключную ролю сваіх продкаў у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, літоўскія феадалы імкнуліся сцвердзіць сваю перавагу над беларуска-ўкраінскімі і польскімі, абгрунтаваць сваё права на пануючае становішча ў гэтай дзяржаве. Нягледзячы на арыстакратычнае паходжанне і гістарычную несапраўднасць шмат якіх падзей і герояў, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» аказала станоўчы ўплыў на развіццё літоўскай гістарыяграфіі і грамадска-палітычнай думкі, садзейнічала росту нацыянальнай самасвядомасці ў літоўцаў. Яна ўвайшла ў склад розных хранаграфічных кампіляцый і шырока бытавала таксама на тэрыторыі Беларусі.

Сярод гістарычных паданняў паэтычнасцю вылучаецца ў хроніцы апавяданне пра заснаванне Вільні. Аднойчы князь Гедымін, апавядае храніст, паехаў на паляванне і забіў на гары ля ракі Віленкі вялікага тура. Час быў позні, і князю прыйшлося заначаваць. I ўбачыў ён прарочы сон, быццам на суседняй гары «стоить волк железный велики, а в нем ревет, как бы сто волков выло». Прачнуўшыся, паклікаў Гедымін свайго галоўнага варажбіта разгадаць сон. «Княже великий, — сказаў той, — волк железный знаменует, [што] город столечный тут будет, а што в нем унутри ревет, то слава его будет слынути на весь свет». Загадаў Гедымін пабудаваць на тым месцы горад, які назваў Вільняю і зрабіў сталіцай усёй дзяржавы. Вільня ўпершыню згадваецца ў старажытных дакументах пад 1323 г., якраз у часы княжання Гедыміна, таму прыпісванне яму заснавання гэтага горада мае рэальна-гістарычную аснову. Новая сталіца Літоўска-Беларускай дзяржавы (раней сталіцамі ў розны час былі Навагрудак, Кернава і Трокі) была пабудавана ў вельмі зручным месцы, ля сутоку рэк Віліі і Віленкі, у маляўнічай гарыстай мясцовасці. З часам народная фантазія надала гэтай падзеі незвычайны характар і стварыла паэтычнае паданне пра заснаванне князем Гедымінам Вільні, якое ў XVI ст. было літаратурна апрацавана і ўключана ў летапісы.

«Хроніка Быхаўца» — найбольш выдатны помнік агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання пачатку XVI ст. Яна названа па імені пана з-пад Ваўкавыска А. Быхаўца, якому належаў у мінулым стагоддзі адзіны вядомы яго рукапісны экземпляр. Замест гісторыі Кіеўскай Русі, якою адкрываецца тэкст Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., у пачатку «Хронікі Быхаўца» змешчана легендарная гісторыя Літвы, запазычаная з «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Складальнік гэтага летапіснага зводу ўнёс у тэкст два істотныя дапаўненні. Па-першае, пачатак падзей перанесены з I ст. у V і ў сувязі з гэтым па-іншаму вытлумачаны прычыны ўцёкаў рымскага патрыцыя Палемона і яго суайчыннікаў з Італіі. Яны ратуюцца не ад крывавага тэрору Нерона, а ад спусташальнага нашэсця гунаў на чале з палкаводцам Атылам. Па-другое, хроніка была дапоўнена запазычанай з Галіцка-Валынскага летапісу аповесцю пра літоўскіх князёў Міндоўга і Войшалка.

Гэты твор, своеасаблівы цыкл аб'яднаных адзінствам тэмы вострасюжэтных апавяданняў, — вельмі каштоўнае і важкае дапаўненне да «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Жыва і займальна расказваецца ў ім пра сапраўдныя гістарычныя падзеі, пра надзвычай складаны і драматычны этап першапачатковага станаўлення на тэрыторыі сучаснай Літвы і Заходняй Беларусі новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Змест аповесці складае кароткая гісторыя жыцця і дзейнасці першага вялікага літоўска-беларускага князя Міндоўга і яго сына Войшалка, якія жылі ў XV ст. Рашуча і смела, апавядае летапісец, пачаў палітычнае аб'яднанне літоўскіх і беларускіх зямель Міндоўг. Гэта выклікала лютае супраціўленне ўдзельных князёў, якія ўчынілі змову і забілі Міндоўга. Яго справу прадаўжаў Войшалк. Ён спачатку княжыў у Навагрудку, дзе хрысціўся і заснаваў на Нёмане манастыр. Пасля смерці бацькі Войшалк з дапамогай беларускіх дружын вярнуўся ў Літву на вялікакняжацкі пасад. Аднак яго таксама чакала гвалтоўная смерць: забіў Войшалка Леў Данілавіч, князь валынскі.

Другой мясцовай пісьмовай крыніцай аўтару «Хронікі Быхаўца» паслужыў Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., на падставе якога выкладзена гісторыя Літоўска-Беларускай дзяржавы часоў Альгерда і Вітаўта. У склад гэтай хронікі ўвайшлі ўсё асноўныя летапісныя творы арыгінальнай часткі першага зводу («Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», Смаленская хроніка і інш.), апрача «Пахвалы Вітаўту». Тэкст папярэдніх беларуска-літоўскіх летапісаў быў багата дапоўнены і пашыраны ў «Хроніцы Быхаўца» новымі матэрыяламі пра гістарычнае мінулае Літвы і Беларусі XIV—XV ст. Такім чынам упершыню была створана даволі цэльная і найболын поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя гэтых краін у перыяд іх знаходжання ў складзе Вялікага княства Літоўскага ад легендарных часоў і да пачатку XVI ст.

Вельмі багаты і разнастайны змест арыгінальнай часткі «Хронікі Быхаўца». Тут і кароткія апавяданні з жыцця і дзейнасці асобных князёў (Альгерда, Вітаўта і інш.), звесткі па гісторыі хрысціянства і ўнутрыпалітычных адносінах у Літоўска-Беларускай дзяржаве, белетрызаваныя апісанні некаторых значных падзей грамадска-палітычнага жыцця (напрыклад, гісторыя каранацыі Вітаўта ў 1430 г., забойства ў 1440 г. князя Жыгімонта і інш.). Асабліва жыва і дэталёва пададзены падзеі канца XV — пачатку XVI ст., асноўны змест якіх — барацьба з крымскімі татарамі. Гэтыя запісы грунтуюцца на асабістых уражаннях аўтара і ўспамінах непасрэдных удзельнікаў падзей.

Цэнтральная тэма «Хронікі Быхаўца» — ваенна-патрыятычная. Яна выразна гучыць у творы, асабліва ў арыгінальнай частцы. Нямала яркіх старонак хронікі прысвечана апісанню шматлікіх паходаў і бітваў, ратных подзвігаў нашых суайчыннікаў, іх рыцарскай доблесці і гераізму (напрыклад, апавяданне пра паход князя Альгерда на Маскву, апісанне бітвы з нямецкімі крыжакамі пад Грунвальдам у 1410 г. і з татарамі пад Клецкам у 1506 г. і інш.). Адлюстраваныя ў хроніцы значныя моманты з гісторыі беларускага і літоўскага народаў выклікалі ў чытачоў пачуццё гонару за сваю багатую мінуўшчыну і служылі высакароднай справе іх патрыятычнага выхавання.

Побач з тэндэнцыяй гераізаваць нацыянальную гісторыю ў «Хроніцы Быхаўца» выразна выявілася яшчэ імкненне яе аўтара белетрызаваць апісанне мінуўшчыны. Імкнучыся дасягнуць найбольшай эфектыўнасці выкладу, максімальнай дзейснасці ідэйна-мастацкага зместу твора, храніст спрабаваў, і не без поспеху, цікава і займальна апавядаць, выклікаць у суайчыннікаў адпаведныя эмоцыі, абудзіць у іх патрыятычныя пачуцці.

Апрача агульнадзяржаўнага патрыятызму, характэрнай асаблівасцю ідэйнай пазіцыі храніста з'яўляецца таксама моцная антыпольская тэндэнцыя. У творы катэгарычна сцвярджаецца, што феадалы Вялікага княства Літоўскага — «старшая шляхта і прэдняя, ніж ляхове». Непрыязнае стаўленне аўтара «Хронікі Быхаўца» да кіруючых колаў Польшчы адлюстравала настроі і погляды таго грамадскага асяроддзя Літвы і Беларусі пачатку XVI ст., прадстаўнікі якога бачылі ў польскіх феадалах і сваіх асабістых канкурэнтаў-праціўнікаў, і галоўных ворагаў палітычнай незалежнасці Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Аўтарам «Хронікі Быхаўца» хутчэй за ўсё быў патрыятычна настроены беларускі шляхціц, цесна звязаны з літоўска-беларускімі арыстакратамі, пра што сведчаць і змест і мова твора, якую можна лічыць узорам свецкага стылю беларускай літаратурнай мовы XVI ст. У заключнай частцы хронікі найбольш дэталёва і дакладна апісаны падзеі, што адбываліся ля Слуцка і Навагрудка, а таксама навакольная мясцовасць. Напэўна, храніст або паходзіў адтуль або пэўны час жыў там.