Смекни!
smekni.com

Лiтаратура ў эпоху Асветніцтва (стр. 1 из 3)

Лiтаратура ў эпоху Асветніцтва


СОДЕРЖАНИЕ

1. ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АСВЕТНІЦВА

1.1 Агульныя асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва

1.2 Паэзія

1.3 Драматургія

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АСВЕТНІЦВА

1.1 Агульныя асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва

У 40—50-я гг. XVIII ст. ідэі Контррэфармацыі паступова сталі саступаць месца Асветніцтву, якое развівалася на мясцовай глебе пад стымулюючым уздзеяннем польскай і заходнееўрапейскай грамадскай думкі.

Эпоха Асветніцтва нарадзіла новага чалавека, новыя ідэалы. Яны знайшлі сваё ўвасабленне як у філасофіі, у практычнай дзейнасці рэфарматараў, так і ў літаратуры.

У другой палове XVII ст. літаратура развівалася ў крыху іншых умовах, чым у папярэдні перыяд.

Беларусь па-ранейшаму перажывала глыбокі палітычны крызіс, працягвалася шляхецкая анархія. Але эканамічны заняпад змяніўся ажыўленнем у сельскай гаспадарцы, рамёствах, гандлі. Узніклі буйныя мануфактуры (Гродна, Крычаў, Слуцк, Ружаны).

З сярэдзіны XVIII ст. пачаліся настойлівыя пошукі выхаду а зацяжнога крызісу, звязаныя з актывізацыяй элементаў новага, капіталістычнага ўкладу. У грамадскай думцы тон сталі задаваць прыхільнікі рэформ (I. Храптовіч, А. Тызенгаўз, М. Бутрымовіч).

Ідэі Асветніцтва аказалі дабратворны ўплыў на развіццё грамадска-філасофскай думкі Беларусі. Дзякуючы яе лепшым прадстаўнікам (К. Нарбут, Б. Дабшэвіч, А. Доўгірд, I. Храптовіч, М. Пачобут-Адляніцкі, М. Карповіч, I. Яленскі і інш.) сярэдневяковая схаластыка і абскурантызм часоў Контррэфармацыі сталі ўступаць месца рэлігійнаму скептыцызму і рацыяналізму, культу розуму. Вялікую папулярнасць сярод мясцовых чытачоў набылі творы Ф. Вальтэра, Ж. Русо, Д. Дзідро, рускіх і польскіх асветнікаў. Значны крок уперад зрабіла культура Беларусі. Пашырылася сетка друкарняў (Гродна, Магілёў, Нясвіж, Полацк, Мінск, Слонім, Шклоў). Большую частку іх прадукцыі стала складаць літаратура свецкая, у тым ліку і мастацкая.

У 1776—1780 гг. у Гродна выходзіла першая на тэрыторыі Беларусі газета — польскамоўная «Gаzeta Grodzienska». Абнавілася, стала больш свецкай адукацыйная сістэма. У Гродна дзейнічалі мастацка-тэатральная, медыцынская, ветэрынарная і іншыя школы, дзе вучыліся пераважна дзеці сялян. Характэрнай з'явай эпохі Асветніцтва былі прыгонныя (прыдворныя) тэатры (Нясвіж, Слонім, Гродна, Ружаны, Шклоў, Чачэрск і інш.), якія мелі арыгінальны рэпертуар на польскай, лацінскай, рускай і французскай мовах. Пастаноўкі прыгонных тэатраў стымулявалі развіццё музыкі, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Гродна, Магілёве, Віцебску, Мінску, Ружанах, Шклове і іншых гарадах Беларусі былі ўзведзены новыя палацы (часам цэлыя палацавыя ансамблі), ратушы і цэрквы. У мастацтве на змену «элітарнаму» барока прыйшоў болып «масавы» класіцызм. Гэты мастацкі напрамак найбольш адпавядаў грамадскім тэндэнцыям эпохі Асветніцтва.

Асветніцкія ідэі вызначылі асноўныя рысы тагачаснай эстэтыкі, якая, у адрозненне ад барочнай, крыніцай натхнення абвяшчала аб'ектыўную рэчаіснасць. Перад стваральнікам мастацкага твора ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, фарміраваць з чалавека грамадзяніна і патрыёта.

Асноўнымі літаратурнымі напрамкамі эпохі Асветніцтва з'яўляліся класіцызм і сентыменталізм. Першы з іх апеляваў да чалавечага розуму, другі — да сэрца, пачуццяў. Але і класіцысты, і сентыменталісты былі перакананы ў дзейснасці мастацкага слова, у тым, што пісьменнік — гэта настаўнік, выхавальнік грамадства.

І класіцызм, і сентыменталізм выразна праявіліся ў шматмоўнай літаратуры Беларусі эпохі Асветніцтва. Беларускія творы займалі ў ёй яшчэ меншае месца, чым у часы барока. Асноўнай літаратурнай мовай тагачаснай Беларусі з'яўлялася польская мова. Тут нарадзіліся або жылі класікі польскай літаратуры Ю. Нямцэвіч, А. Нарушэвіч, Ф. Карпінскі, Ф. Князьнін, Ф. Багамолец і інш. Пасля 1772 г. і асабліва ў 1790-я гг. актыўна распаўсюджвалася руская мова. К канцу XVIII ст. узнікла руская літаратура Беларусі (I. Сакольскі, Г. Дабрынін, Л. Энгельгарт і інш.). У Мінску працаваў выдатны паэт-лацініст, аўтар паэмы «Птушыны збор» Міхал Карыцкі. У дварах магнатаў і шляхты пашырыліся французская і нямецкая мовы, на якіх пісаліся панегірычныя оды і чуллівыя ідыліі.

На такім шматмоўным фоне даволі сціпла выглядаюць здабыткі тагачаснай беларускай літаратуры. Як гэта на першы погляд ні парадаксальна, якраз на эпоху Асветніцтва, калі развеялася ноч Контррэфармацыі і ўстанавіўся культ розуму, прыпадае найбольшы крызіс беларускай паэзіі, драматургіі і асабліва прозы (яна была па сутнасці прадстаўлена толькі беларуска-польскім зборнікам анекдотаў «Торба смеху», складзеным К. Жэрам). I прычыны гэтага крызісу трэба шукаць як ва ўзмоцненай паланізацыі мясцовага насельніцтва, так і ў пашырэнні нарматыўнай эстэтыкі класіцызму, якая дапускала беларускае «прастамоўе» толькі ў «нізкіх», парадыйна-бурлескных жанрах. Для «высокіх» жанраў (трагедыя, ода) патрабавалася «высокая» (польская, лацінская або стараславянская) мова. Моўнае раздваенне назіраецца нават у творчасці аднаго і таго ж аўтара: у камедыйных творах К. Марашэўскага і М. Цяцерскага ўжываецца беларуская мова, а іх трагедыі на антычныя сюжэты ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму напісаны па-польску.

Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. сведчаць, што зацяжны крызіс беларускай літаратуры паспяхова пераадольваўся. У эпоху Асветніцтва створаны мастацкія помнікі, якія па сваім змесце і мове ўжо цалкам належаць да прыгожага пісьменства новага часу.

1.2 Паэзія

Дзве тэндэнцыі, абумоўленыя ўздзеяннем класіцысцкай эстэтыкі, выразна прасочваюцца ў беларускай паэзіі эпохі Асветніцтва. Рэлігійнае і панегірычнае вершатворства перайшло пераважна на польскую мову. У рэдкіх выключэннях (вершы на смерць Антона Салагуба, на прыезд у Дубае каля Пінска польскага караля Станіслава Аўгуста) адчуваецца свядомая архаізацыя, зварот да «высокай» лексікі старой беларускай літаратуры. З рукапісных зборнікаў амаль цалкам знікае песенна-інтымная лірыка. Але затое паспяхова развіваецца бурлескная паэзія. Нараджаецца палітычная сатыра («Разгавор імператрыцы з Ільгештромам лістоўны», «Указ гарачы», «Праект»).

На паграніччы часоў барока і эпохі Асветніцтва ўзнік віншавальны верш I. Храптовіча «Всем многі век в новой хаці», напісаны ў пачатку 40-х гг. на Навагрудчыне ў сувязі з канкрэтнай падзеяй — уваходзінамі ў новую хату дзеда і бабулі маладога паэта. Класіцысцкія каноны яшчэ не цалкам запаланілі аўтара, не адгарадзілі яго ад гутарковай мовы. Побач з тым у вершы ўжо няма і празмернай экзальтаванасці, рэлігійнасці, характэрных для аналагічных барочных твораў. Храптовіч славіць дзеда і бабулю за зямныя дабрачыннасці, жадае ім зямных даброт. У віншаванні паэтызуецца не абстрактны палац увогуле, а канкрэтны новы дом, у якім сабраліся госці на ўваходзіны:

Палац гойны. в нім прыгожо,

Поўберано всюды гожо,

Где пойдеш, напасеш очы,

Гледеўбысь аж до цёмнай ночы.

Асноўнае месца ў беларускай паэзіі другой паловы XVIII ст. займалі бурлескна-сатырычныя творы, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты аб стварэнні свету, выгнанні з раю першых людзей, нараджэнні Хрыста, яго ўваскрэсенні і сашэсці ў пекла. Ад ранейшага рэлігійнага зместу ў травестацыях па сутнасці застаюцца толькі традыцыйныя імёны. Адносіны святых, «жыхароў» неба нагадваюць рэальныя, зямныя адносіны. Каларытна і даволі дакладна перадаюцца дэталі паўсядзённага жыцця беларускага сялянства.

Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва дзеліцца на калядную і велікодную. У той час бытуюць старыя калядкі, узнікаюць новыя. У калядцы «Того дня вельмі слаўного», запісанай у другой палове XVIII ст. у Глыбоцкай школе, з этнаграфічнай дакладнасцю расказваецца аб занятках сялян, іх клопатах і радасцях. Спалучэнне высокіх слоў малітвы і будзённага зместу выклікае камічны эфект, надае вершу бурлескнае гучанне:

Того дня вельмі слаўного, алі, алілуя,

Народівся нам спасіцель,

Господі, помілуй нас,

Пречыстая маці, блогославі нас...

Нуш ты, Гаўрыло, бегай по сяно,

Шчобы деціна не змерзнула.

А ты, Івашку, бігай по кашку,

Шчобы децінка не сголодняла...

Одна была Зося, упекла прося,

Нім бога уйрэла, порося з'ела,

Дарку позвала, чарку подала,

Ганцы дайніцу, Агапе шкленіцу.

Вам песночка, нам коледочка, алі, алілуя.

Маеце шчо даці, неколі стояці,

Господі, помілуй нас.

Да канца XVIII ст. адносіцца травесційнае «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла», якое з'яўляецца беларускай пераробкай украінскай «Вірши на Великдень». Ва ўкраінскім і беларускім тэкстах ёсць сур'ёзныя розначытанні, у беларускім творы больш акрэслены парадыйна-сатырычвы элемент. Ва «Уваскрэсенні Хрыстовым» выразна праявілася асветніцкае вальнадумства. Аўтар свабодна абышоўся з біблейскім тэкстам. Хрыстос, дзева Марыя, апосталы, святыя, прарокі надзелены смешнымі чалавечымі слабасцямі, паводзяць сябе як звычайныя грэшнікі:

Асілак рынуўся Самсон,

Што быў дужа лас на сон,

I са страху закрычаў,

Што б яго ён падаждаў.

Тут наскочыў Маісей

I падняў яго скарэй,

Што б дарогу даць Якубу,

Бо пазаду, ва ўсю губу,

Ілля ехаў на канях, —

Гром пушчаў такі, аж страх.

За ім пёрся Блісей, —

Нёс армяк ў руцэ сваей.

А за ім святы Яфет

Нёс і шаблю і мушкет.

Адным з найбольш значных твораў беларускай паэзіі эпохі Асветніцтва з'яўляецца «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года», напісаная ў сувязі з паўстаннем Т. Касцюшкі. Невядомы аўтар заклікае ўзняцца на барацьбу з царскім самаўладствам. У «Песні» пералічваюцца ўсе сацыяльныя крыўды, якія адчуў народ:

Помнім добра, што рабілі,

Як кас дзёрлі, як нас білі.

Дакуль будзем так маўчаці,

Годзі нам сядзець у хаці.

Каней нам пазаезджалі,

Што хацелі, то і бралі...

Нашто землю нам забралі?

Нашто ў путы закавалі?