У паэтычным працэсе пасляваеннага перыяду ўзнікаюць розныя творчыя плыні, вядзецца спрэчка мастацкіх "школ". Матэрыял вялікай вайны і суровых пасляваенных гадоў уяўляў суцэльную мастацкую цаліну. У подступах да яго паэты ў першую чаргу рабілі стаўку на фальклорна-літаратурную тыпізацыю, выпрацаваную шляхам шматступеннай аранжыроўкі вусна-паэтычнай спадчыны папярэднімі літаратурнымі пакаленнямі. Найбольш выразна гэта выявілася ў творчасці П. Броўкі і А. Куляшова. П. Броўка ўдала сумясціў лірычныя прыёмы з эпічнай абагуленасцю фальклорнага светасузірання, даўшы цікавы жанравы сімбіёз адычнага стылю. А. Куляшоў праз фальклорнае светабачанне ў паэмах "Ясны кут" і "Хлеб" дасягаў ліра-эпічнага сплаўлення жывой драмы жыцця з ідэалізаванымі памкненнямі грамадскай свядомасці сучасніка, не збіваючыся на апісальны "аповяд у вершах", што пазней, у час асаблівага запанавання тэорыі бесканфліктнасці, дасць пра сябе знаць у такіх яго буйных паэтычных творах, як "Родныя берагі" (1948), "Добры друг" (1949), "Чырвон-гарадок" (1950).
У паэтаў "ваеннай" генерацыі П. Панчанкі, К. Кірэенкі, А. Вялюгіна дамінуе выяўлена лірычнае адлюстраванне жыцця ў магістральным напрамку сусветнай і, у прыватнасці, усходнеславянскай паэзіі, з дасягнутай к гэтаму часу гранічнай вытанчанасцю паэтычнай тэхнікі, псіхалагічнай культуры пачуцця, па-сучаснаму раскаванага паэтычнага слоўніка.
Цікавы паэтычны тып уяўляла паэзія Максіма Танка. Ёю ўвабрана надзвычай многае ад народнай эстэтыкі, пра што сведчылі напісаныя ў пасляваенны час, з рэдкім пераўвасабленем у фальклорную стыхію, песенныя творы: "Няма сцежкі карацейшай" (1952), "Не сумуй жа, браце мой" (1952), "Вяселле" (1953), "Заручыны" (1953) і інш. Але для паэта вельмі важным быў "эксперыментальны" давераснёўскі перыяд, адзначаны інтэнсіўным засваеннем арсеналу еўрапейскай паэзіі, у тым ліку і ў яе мадэрных дасягненнях. Прыёмы навейшай паэзіі — парадокс, самаіронія, гіпербалічнае адушаўленне свету, фабульна разгорнуты асацыятыўны вобраз — і з'явіліся тым паэтычным трансфарматарам, што ўзбуйняў жыццёвую канкрэтыку ў расквечаны, абагулена цэласны нацыянальны космас (вершы "Вясной" (1946), "Другу" (1946), "Добра было б..." (1947), "Стары гасцінец асамотнены" (1946), "Перад зімовым сном палёў" (1948), "На родных сцежках" (1950).
У вершаванай тэхніцы ў цэлым назіраецца спрэчка дзвюх тэндэнцый. З паэтычных эксперыментаў 20-х гадоў прыходзіць перабольшанае захапленне тропікай і перайначанне кампазіцыйнай структуры твора. З класічным ладам верша, што развівае тэму ўсёй сістэмай метрычнага дзеяння паводле ўнутрыінтанацыйнага яго разгортвання, якога прытрымліваюцца яшчэ Якуб Колас ("Рыбакова хата"), Пятро Глебка, часткова Аркадзь Куляшоў і Кастусь Кірэенка, пачынае спаборнічаць "кінематаграфічная" кампазіцыя, дзе асноўны цяжар пераносіцца на аўтаномны мікравобраз, своеасаблівае "пляценне" тропаў. Побач з М. Танкам, П. Панчанкам з іх пераходнымі формамі віртуозным майстрам тропавай, мазаічнай кампазіцыі выявіў сябе А. Вялюгін — вынік колішніх заняткаў у інстытуце кінематаграфіі. З клопатаў гэтай "школы" па аднаўленню формы — тропавы імажынізм і мазаічная кампазіцыя — надоўга запануе ў паэзіі, будзе мець плеяду паслядоўнікаў у пакаленні шасцідзесятнікаў.
Пасляваенны перыяд у беларускай паэзіі не быў роўны. Суровай праўдай рэчаіснасці пазначаны лепшыя творы непасрэдна першых пасляваенных гадоў, на паэзіі ва ўсім адчуваецца яшчэ водсвет вогненнай ваеннай пары. Нават элементы жыццёвай ідэалізацыі яшчэ дараваліся паэзіі, успрымаліся як натуральнае жаданне франтавога пакалення выбавіцца з вялікага гора вайны, на ўсе грудзі ўздыхнуць, наталіцца марай доўгачаканага міру. На жаль, з прыняццем партыйных пастаноў 1946—1948 гг. "Аб часопісах "Звезда" і "Ленинград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", "Аб кінафільме "Большая жизнь", "Аб оперы "Великая дружба" В. Мурадэлі" на працяглы перыяд усталёўваецца жорсткае адміністратыўнае кіраўніцтва культурай, практыка якога крытыкавалася ў пазнейшых урадавых рашэннях як "дапушчэнне яўных перабольшанняў і аднабаковасці ў ацэнцы паасобных твораў". Ва ўмовах канфармісцкай апекі паэзія перажывае глыбокі ўнутраны крызіс, збіваецца на суцэльнае ўсхваленне бясхмарных поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, шукае канфлікты ў афіцыйнай тэме барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм, спыняецца на творчым раздарожжы.
З больш-менш прыкметных твораў гэтага часу можна назваць паэму А. Зарыцкага "Аповесць пра залатое дно" (1953), жыццёвыя калізіі якой уступалі ў яўны канфлікт з прадпісаннямі сацыялістычнага мастацтва. Гэтак званыя маральныя "плямы" грамадства ў творы аказваюцца зусім не спадчынай "выклятага" мінулага, а спараджэннем параўнаўча новай прафесіі навукоўцаў. Раскрыццём у навуковых і асабістых узаемаадносінах дырэктара інстытута прафесара Крушыны, таленавітага вынаходніка Шацілы, што з франтавой пары выношвае мару стварэння "балотнага камбайна", і вучонага сакратара, а затым намесніка дырэктара кар'ерыста Шпунта, які сваім неўтаймоўным дзяляцтвам і махінацыямі здольны загубіць любую жывую справу, — пісьменнік засяроджваў увагу найперш на рэальных агульначалавечых страсцях, выкрываў маральныя язвы сучасніка, першапрычыну вытворчых, эканамічных і ўсіх іншых канфліктаў і перашкод грамадскаму прагрэсу.
3. Проза першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1945-1955)
Зноў жа, як і ў паэзіі, у прозе першага пасляваеннага дзесяцігоддзя галоўнымі тэмамі былі асэнсаванне падзей толькі што адгрымеўшай вайны і працы па аднаўленню разбуранай народнай гаспадаркі, пераходу да мірнага жыцця.
У асваенні ваеннай тэматыкі заслугоўваюць увагі пачатковыя спробы былога франтавіка Івана Шамякіна, у якога выявіўся яркі эпічны талент. Напісаныя яшчэ ў вайну, паводле асабістага франтавога вопыту, аповесць "Помста" і апавяданне "У снежнай пустыні", пры ўсіх вучнёўскіх недахопах уяўлялі сабою сапраўдныя знаходкі нетрадыцыйнага для беларускай літаратуры "ваеннага" стылю, у напрамку якога будзе развівацца сталая рэалістычная проза аб вайне, пазначаная асаблівымі патрабаваннямі дакументальнай дакладнасці і асабістай перажытасці мастацкага матэрыялу. Драматычная калізія аповесці — маральная перамога маёра Раманенкі, які святое пачуццё помсты за смерць маці, дачкі, замучанай жонкі пранёс да парога дома злачынцы обер-лейтэнанта Генрыха Візэнера, але ўладай найвышэйшага духоўнага імператыва не ўчыніў расправы над сям'ёй немца. Памежны па экзістэнцыяльнай вастрыні драматычны канфлікт быў яшчэ ва ўсім псіхалагічным аб'ёме не па сіле маладому празаіку і вырашаны ў палярызавана аголеных страсцях, месцамі ў меладраматычных нотах і не раскрыты ў сваёй агульначалавечай праўдзе. Хоць акцэнты, дэталі ў гэтай пагранічнай падзеевай сітуацыі, унутраныя жэсты героя накрэслены, можна сказаць, з чуйным мастацкім тактам. Можа, яшчэ больш характэрны для пачатковых пошукаў празаіка твор "У снежнай пустыні". У вострасюжэтнай аўтарскай манеры, у адлюстраванні экстрэмальных эпізодаў вайны ў Запаляр'і, дзе атрымаў сваё баявое хрышчэнне будучы пісьменнік, адчуваецца бясспрэчная вывучка ў Джэка Лондана. Але ва ўсіх, нярэдка авантурных мастацкіх хадах твора, у паказе лётчыкаў, збітых на варожай тэрыторыі, і кіламетр за кіламетрам, на зыходзе сіл адольваючых шлях да сваіх, — столькі дакладнага адчування вайсковых абставін і ў цэлым псіхалагічна пераканаўчай матываванасці паводзін герояў, што твор выглядаў сапраўдным подступам пасляваеннай прозы да рэалістычнага паказу вайны.
Па свежых слядах ваенных падзей I. Шамякін на сумежным вайсковым вопыце зрабіў спробу асвоіць матэрыял партызанскага руху на Беларусі. Вынікам стала аповесць "Глыбокая плынь" (1949). Як першы, хай сабе белетрыстычны подступ да партызанскай тэмы, пабудаваны на тыпажах роднай Гомельшчыны, з цэнтральнай ідэяй партызанскага руху як глыбокай, усенароднай плыні супраціўлення ворагу, раман I. Шамякіна задавальняў першы попыт пасляваеннага чытача на кнігі пра толькі што адгрымеўшую ваенную навальніцу і ў ліку лепшых твораў саюзнай літаратуры быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Наколькі гэта быў толькі папярэдні, рамантызаваны ў духу часу вобраз партызанскай вайны, пакажуць наступныя, у тым ліку і дакументальныя творы непасрэдных удзельнікаў "вайны пад стрэхамі".
Зрэшты, і твор з асабіста перажытага вопыту, крыху пазнейшы раман "Згуртаванасць" (1951) Міколы Ткачова, былога франтавіка і партызана, вырашаны таксама цалкам у рамантызаваным плане, настолькі складаным, ды і недазволеным па тым часе для поўнага рэалістычнага выяўлення, заставаўся пласт вайны ў тыле ворага. Пры ўсёй нагрувашчанасці падзеевай героікі, слабай псіхалагічнай праяўленасці характараў і проста схематызме вобразаў кіраўнікоў партызанскага атрада Камлюка і Новікава ў "Згуртаванасці" М. Ткачова як вынік асабіста перажытага данесены рэальны каларыт часу, жывыя прыкметы жыцця роднай Краснапольшчыны пад акупацыяй, жудасныя явы фашысцкага "новага парадку", расслаенне насельніцтва ва ўмовах трагічнага ваеннага выбару.
З асабістага партызанскага вопыту выраслі таксама аповесці "Без нейтральнай паласы" (1950) У. Карпава, "Насустрач" (1951) У. Шахаўца, "Дняпроўскія хвалі" (1946) Р. Няхая, якія, аднак, у мастацкіх адносінах не ўзняліся з нарысавага фактаграфічнага стану ў асваенні жыццёвага матэрыялу.