Смекни!
smekni.com

Літаратура другой паловы XVI ст (стр. 2 из 4)

Першая дакументальная згадка пра С. Буднага — кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага універсітэта за 19 кастрычніка 1544 г. Калі зыходзіць з таго, што юнаку ў час паступлення ва універсітэт было каля 14 год, — звычайны для пачаткоўцаў узрост — то, можна меркаваць, што ён нарадзіўся прыкладна ў 1530 г. або ў самым канцы 1520-х гг. у нейкай Будзе. Дзе знаходзілася тая Буда — загадка, бо вёсак з такой назвай на Беларусі, таксама як і ў Польшчы, безліч (у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, дарэчы, указваецца вёска Буда каля Плоцка, што на тэрыторыі сучаснай Польшчы). На карысць жа яго беларускага паходжання паказваюць многія факты. Найперш, ён вельмі кепска ведаў Польшчу. Гэта і нядзіўна, бо дакладна вядома, што ўсё сваё свядомае жыццё Будны пражыў у Вялікім княстве Літоўскім і толькі зрэдку выязджаў у Польскае каралеўства для ўдзелу ў пратэстанцкіх сінодах. Аднак асабліва важна тое, што Будны напісаў свае першыя творы — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — на старабеларускай мове. Матчынай мовай асветніка, несумненна, была беларуская мова. Пра гэта красамоўна сведчыць і палымяны заклік Буднага да князёў Радзівілаў шанаваць яе ва ўсе часы, берагчы як неацэнны скарб. На жаль, дакладна невядома, дзе Будны атрымаў пачатковую адукацыю. Праўда, ёсць падставы гаварыць пра яго знаходжанне на Падляшшы, магчыма, у маёнтку Хадкевічаў, у Заблудаве, ці ў Супрасльскім манастыры. У 1558 г. С. Будны распачынае дзейнасць у Вільні: выкладае асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы, атрымліваючы за гэта, як сведчаць крыніцы, шчодрую па тым часе ўзнагароду. У сталіцы Вялікага княства Літоўскага ён не толькі знайшоў надзейны жыццёвы прытулак, але і атрымаў выдатную мажлівасць удасканаліць свой талент педагога, пісьменніка, філосафа і багаслова. У віленскі перыяд жыцця Будны, аднак, не прымаў актыўнага ўдзелу ў тых дыскусіях, што распачаліся ў асяроддзі пратэстантаў і ў выніку якіх адбылося рэзкае размежаванне адзінай дагэтуль рэфармацыйнай плыні на Беларусі, спачатку на два, а пасля і яшчэ на некалькі кірункаў. Мяркуючы па яго першых творах, ён схіляўся да кальвінскай дактрыны. Будны не спяшаўся ўслед за сваім патронам Мікалаем Радзівілам Чорным прымаць погляды антытрынітарыяў. Ён не хацеў браць на веру чужыя думкі, рызыкуючы, вядома, трапіць у няміласць да ўсемагутнага князя. Як бачна, ужо тады выявілася неардынарнасць натуры Буднага, імкненне самастойна адшукаць ісціну, дайсці самому да сутнасці з'явы. Ён, разам з тым, не кінуўся на злом галавы ў вір дыскусій, а бесперапынна назапашваў далей веды — грунтоўна аналізаваў біблейскія тэксты, скрупулёзна параўноўваў пазіцыі і погляды шматлікіх аўтарытэтных багасловаў, заходніх і ўсходніх айцоў царквы, нарэшце, прыводзіў у сістэму свае веды пра Сусвет, Бога і Чалавека і, такім чынам, набліжаўся да выпрацоўкі ўласнай тэалагічнай дактрыны. Каля 1560 г. С. Будны пераехаў з Вільні ў Клецк, дзе ў мясцовым кальвінскім зборы прадоўжыў справу, распачатую ў Вільні, адначасова рыхтуючы да друку свой першынец.

На пачатку лета 1562 г. з Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, што належала Мацвею Кавячынскаму, выйшла дыхтоўная, з густам аздобленая кніжка значных памераў, больш за пяцьсот старонак, пад тытулам «Катэхізіс, або Старадаўняя хрысціянская навука для простых людзей». Яна адразу прыцягнула ўвагу адукаваных людзей як у Вялікім княстве Літоўскім, так і далёка за яго межамі. Незаменная чытанка для дарослых і выдатны падручнік для дзетак, «Катэхізіс» з'яўляўся ў той жа час неардынарным філасофска-багаслоўскім творам, адметным паводле свайго зместу і глыбіні выказаных думак. Ён выклікаў шырокую літаратурную палеміку, якая стала прыкметнай з'явай усяго еўрапейскага рэфармацыйнага руху. Свой зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў нясцерпным жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». Яго «Катэхізіс» 1562 г. прывабліваў чытачоў як зместам, так і манерай выкладання матэрыялу, выключнай логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў.

Літаральна праз тры месяцы пасля з'яўлення «Катэхізіса», 11 кастрычніка 1562 г. з Нясвіжскай друкарні выйшаў новы твор С. Буднага на старабеларускай мове — «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».

Жывучы ў Клецку, С. Будны каля 1562—1563 гг. пачаў наладжваць непасрэдныя кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Публічная дыскусія пачатку 60-х гг. XVI ст. паміж клецкімі, нясвіжскімі, віленскімі і малапалянскімі пратэстантамі, прысвечаная досыць складанаму тэалагічнаму пытанню пра зыходжанне Святога Духа, падштурхнула Буднага да напісання твора «Аб зыходжанні Святога Духа». Беларускі тэолаг, жадаючы пачуць меркаванні знаных еўрапейскіх тэарэтыкаў Рэфармацыі, паслаў падрыхтаваны на лаціне багаслоўскі трактат у Цюрых, Генрыху Булінгеру.

На працягу далейшых трыццаці гадоў, аж да самай смерці (1593), С. Будны шмат працуе на тэолага-каментатарскай ніве (піша і выдае кнігі, займаецца навуковым перакладам, удзельнічае ў пасяджэннях пратэстанцкіх сінодаў, выступаючы з дакладамі, перапісваецца з еўрапейскімі пратэстантамі, напрыклад, з англічанінам Дж. Фоксам, і г. д.). З найбольш значных прац яго гэтага часу неабходна назваць такія, як польскамоўны «Катэхізіс» (Нясвіж, 1563—1564), «Аб зачацці Сына Божага» (1569), «Аб асноўных догматах веры» (1570), пераклад Новага Запавету і апокрыфаў (канец 1570-х гг.; дарэчы, да перакладу Новага Запавету С. Будны звяртаўся і пазней, незадаволены першапачатковымі сваімі спробамі; можна нават сцвярджаць, што ён, так бы мовіць, шліфаваў сваю ранейшую працу), «Аб дзвюх прыродах Хрыста» (Лоск, 1574), пераклад на польскую мову твора Эрнеста Варамунда Фрыза «Аб фурыях альбо французскім шаленстве» (Лоск, 1576), «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» (Лоск, 1576), «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду» (канец 1570-х), «Аб свецкай уладзе» (1583, Лоск). За апошні твор С. Будны быў выключаны з арыянскай абшчыны як ерэтык, асуджаны пратэстантамі на Луцкавіцкім сінодзе 1582 г., адлучаны ад царквы і пазбаўлены духоўнага сану. Гэтыя падзеі пазбавілі С. Буднага душэўнай раўнавагі, назаўсёды выбілі яго са звыклай жыццёвай каляіны. Каля 1583 г. ён пакідае Лоск і, напэўна, накіроўваецца ў Іўе, дзе дзейнічала арыянская акадэмія. Асветнік, мусіць, зноў паспрабаваў знайсці сябе на педагагічнай ніве. У канцы 1580-х С. Будны разам з Ф. Даманоўскім удзельнічаў у вядомым дыспуце з полацкімі езуітамі.

Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў, унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка завяршыўся 13 студзеня 1593 г. у Вішневе (сённяшні Валожынскі раён Мінскай вобласці) у доме шляхціца-пратэстанта Лявона Моклака.

Арыгінальнасць С. Буднага як мысліцеля выявілася ў выпрацаванай ім этычнай дактрыне, якая стала унікальнай з'явай ва ўсёй славянскай і еўрапейскай культуры. Зыходны момант этыкі Буднага — адрозненне найвышэйшых маральных законаў, дадзеных Богам у 10 запаведзях Майсея, а затым паўтораных Ісусам Хрыстом, ад законаў, устаноўленых самімі людзьмі. Божыя законы, сцвярджаў гуманіст, у параўнанні з чалавечымі, найбольш дасканалыя, бо прадугледжваюць пакаранне не толькі за злачынныя справы, але й за благія намеры. У «Катэхізісе» 1562 г. ён падрабязна вытлумачыў сэнс кожнай запаведзі і паказаў, што тых, хто не выконвае іх, чакае жорсткае пакаранне.

Як сапраўдны гуманіст С. Будны крытыкаваў пралюбадзействы, блюзнерскія ўчынкі, заклікаў да пашаны бацькоў і старэйшых, выкрываў несправядлівыя войны.

С. Будны заняў адметную пазіцыю падчас дыскусій, што адбываліся ў 70—80-х гг. XVI ст. вакол найважнейшых палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыяніравання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных станаў, адносін да прыватнай уласнасці.

Імкнучыся дасягнуць сацыяльнай справядлівасці і грамадскай гармоніі, С. Будны выказаў шэраг арыгінальных ідэй і прапаноў, накіраваных на ўрэгуляванне ўзаемадачыненняў паміж беднымі і багатымі. Ён найперш адкінуў вучэнне камуністаў XVI ст. — Якуба з Калінаўкі, Пётры Гоняда, Марціна Чаховіца і інш., якія заклікалі да зліквідавання прыватнай уласнасці і патрабавалі ўсеагульнай роўнасці. Пазнаёміўшыся з асноўнымі тэзісамі іхняга вучэння, беларускі аналітык заявіў пра яго гістарычную неперспектыўнасць і прапанаваў уласную мадэль развідця грамадства, а таксама аптымальны механізм яго рэгулявання, які прадугледжваў мірнае суіснаванне розных станаў. У «Катэхізісе» і «Апісанні Іўеўскага сінода 1568 г.» С. Будны даказваў не толькі непазбежнасць, але і неабходнасць сацыяльнай няроўнасці, сцвярджаючы, што ні Хрыстос, ні апосталы ніколі не патрабавалі знішчэння багатых і прыватнай уласнасці. Кожны чалавек, падкрэсліваў ён, можа мець маёмасць любых памераў, абы яна набывалася сумленным шляхам. С. Будны ў процівагу тэарэтыкам радыкальнага накірунку прапанаваў не зліквідаванне гаспадароў і падданых, а памяркоўны шлях удасканалення ўзаемадачыненняў між імі, вызначыў іх абавязкі і правы. Так, згодна з яго тэорыяй, гаспадары ні пры якіх абставінах не павінны біць сваіх падданых, пазбаўляць іх неабходных для жыцця рэчаў, патрабаваць больш падаткаў, чым прадугледжана законам. Яны мусяць адкрываць для падданых навучальныя ўстановы, будаваць бажніцы, справядліва судзіць, вучыць на свае сродкі і аберагаць ад паганскіх ды эпікурэйскіх уплываў. У сваю чаргу падданыя павінны маліцца за сваіх гаспадароў, дапамагаць ім ва ўсіх справах, ніколі не казаць і нават не думаць пра іх кепскага, шанаваць іх, заўсёды жадаць толькі дабра, без абурэння плаціць падаткі, выконваць усе распараджэнні і загады за выключэннем тых, што скіраваныя супраць Бога. Беларускі асветнік рэзка крытыкаваў тых падданых, якія, абурыўшыся сваім становішчам, паўставалі са зброяй у руках супраць гаспадароў.

С. Будны неаднаразова ўздымаў свой голас супраць грамадска-палітычнай дактрыны вялікакняскіх і польскіх анархістаў — Паўла з Візны, Яна Немаеўскага, Пётры Гоняда і іншых, што патрабавалі знішчэння дзяржавы і ўсіх урадавых структур — суда, войска, канцылярыі, цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. Беларускі гуманіст сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і дзяржавы, бліскуча пацвердзіўшы думку, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць велізарную карысць усяму грамадству. Погляд беларускага філосафа на ўрад падтрымалі многія дзяржаўныя дзеячы Беларусі і Польшчы, незалежна ад іх веравызнання.