Станоўчым у дзейнасці сацыніян было тое, што прапагандаваць сваё веравызнанне яны імкнуліся на жывой народнай мове праз школы, прытулкі і шпіталі. Клапоцячыся аб развіцці народнай асветы, сацыніяне ўсюды, дзе толькі ўзнікалі іх рэлігійныя абшчыны ці арганізацыі, адкрывалі школы, друкарні і тым самым садзейнічалі абуджэнню грамадскай і нацыянальнай самасвядомасці народа.
Будучы сацыніянінам, Цяпінскі, аднак, не падзяляў радыкальных палітычных поглядаў той часткі сваіх паплечнікаў, якую ўзначальваў М. Чаховіц. У вырашэнні сацыяльных пытанняў ён прытрымліваўся ўмераных поглядаў, адстойваў права валодання прыватнай уласнасцю, прызнаваў апарат дзяржаўнай улады, апраўдваў удзел у вайне, калі яна вялася ў інтарэсах абароны Айчыны. Менавіта на гэтай падставе Цяпінскі сышоўся з С. Будным і стаў адным з блізкіх яго аднадумцаў.
Сваю дзейнасць Цяпінскі прысвяціў справе асветы народа. Дзеля гэтага ён прыняўся за цяжкую, але высакародную працу перакладчыка і выдаўца Евангелля на беларускую мову, у чым бачыў магутны сродак развіцця нацыянальнай культуры. Тым самым ён прадоўжыў пачатае, але не завершанае Ф. Скарынам у свой час выданне Бібліі, састаўной часткай якой, як вядома, з'яўляюцца кананізаваныя царквой чатыры кнігі Евангелля: ад Мацвея, Марка, Лукі і Іаана.
Гэта карпатлівая праца, якая ўключала ў сябе пошукі неабходных і аўтарытэтных для царквы рукапісных тэкстаў Евангелля, пераклад іх на беларускую мову і выданне, была нялёгкай і да таго ж патрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Таму, нягледзячы на ўсе намаганні, ён не змог давесці пачатую справу да канца. Паводле яго сцверджання, ён пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогай друкарні» толькі Евангелле ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі. Калі і дзе было выдадзена гэта першае друкаванае Евангелле, невядома. У тым адзіным экземпляры, які захаваўся да нашых дзён і зберагаецца сёння ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Расіі ў Санкт-Пецярбургу, такіх дадзеных няма. Аднак відавочнае падабенства шрыфтоў гэтага Евангелля і «Катэхізіса» С. Буднага (1562) дазваляе сцвярджаць, што друкавалася яно ўжо пасля таго, як спынілася выданне кніг кірылаўскім шрыфтам у Нясвіжскай друкарні Радзівіла. Значыць, яно было надрукавана не раней, чым у 70-х гг. XVI ст.
В. Цяпінскаму была добра вядома адмоўная рэакцыя артадаксальнага духавенства на кнігі Бібліі Скарыны. Пэўна, не жадаючы быць абвінавачаным у ерэтычных адступленнях ад літары і духу самога кананічнага тэксту, ён палічыў неабходным пры выданні Евангелля змяшчаць у кнізе паралельна з перакладам і тэкст царкоўна-славянскай крыніцы. Хоць такая практыка выдання ў значнай ступені ўскладняла работу недасведчанага ў друкарскай справе Цяпінскага, яна ў той жа час давала магчымасць праверыць якасць і майстэрства яго перакладу. I ў гэтых адносінах выданне Цяпінскага з'яўляецца унікальным для таго часу, які характарызаваўся, з аднаго боку, глыбокім крызісам праваслаўнай царквы і заняпадам царкоўнай асветы, а з другога — імкненнем асобных рэфарматараў абудзіць грамадскую самасвядомасць і нацыянальныя пачуцці беларускага і ўкраінскага народаў, каб адстаяць права на самастойнае культурнае развіццё.
Да выдадзенага Евангелля В. Цяпінскі напісаў страсную публіцыстычную прадмову, але па невядомых прычынах не апублікаваў яе. У гэтай прадмове ён выклаў свае грамадска-палітычныя погляды па шэрагу пытанняў, якія хвалявалі яго, і паказаў сябе не столькі як рэлігійна-царкоўны прапаведнік, што імкнецца далучыць чытача да пратэстанцкага веравызнання, колькі як непрымірымы барацьбіт, заклапочаны лёсам нацыянальнай культуры. У беларускай літаратуры таго часу не было іншага такога рашучага выступлення ў абарону роднай мовы і нацыянальнай культуры.
З невялікай паводле аб'ёму, але яркай і пафаснай прадмовы паўстае жывы вобраз аўтара, гарачага патрыёта. Цяпінскі лічыў, што жывую беларускую мову неабходна актыўна выкарыстоўваць як у школах, так і пры перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання. У гэтым шырокім ужыванні народнай мовы ён бачыў адзіны шлях плённага развіцця нацыянальнай культуры і магутны сродак духоўнага адраджэння беларускага народа. В. Цяпінскі імкнуўся ўздзейнічаць на патрыятычныя пачуцці феадалаў, абавязкам якіх лічыў клопат аб духоўным развіцці грамадства. Ён заклікаў іх адкрываць нацыянальныя школы, развіваць асвету і кнігадрукаванне на роднай мове і не цурацца традыцый, закладзеных продкамі. З болем у сэрцы і з абурэннем пісаў ён аб знявазе роднай мовы з боку значнай часткі беларускага духавенства і свецкіх паноў, у выніку чаго даводзілася «не без встыду своего» адпраўляць дзяцей вучыцца ў польскія школы. У абыякавасці паноў да надзённых духоўных патрэб краіны, у іх празе да нажывы і ў рэнегацтве Цяпінскі не без падстаў бачыў адну з галоўных небяспек, што пагражалі захаванню нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Ён быў перакананы, што толькі шляхам асветы і адукацыі на роднай мове можна пазбегнуць небяспекі, якую несла беларускаму народу асімілятарская палітыка польскіх феадалаў. Таму Цяпінскі так настойліва і паслядоўна змагаўся за палітычнае і нацыянальнае адзінства беларускага народа, заклікаў да згуртавання яго грамадскіх сіл і ставіў інтарэсы радзімы вышэй за ўсё. Дзеля палітычнай кансалідацыі нацыянальных сіл ён праяўляў выключную верацярпімасць. Разам з тым Цяпінскі быў рэлігійным чалавекам і лічыў Евангелле самай неабходнай кнігай у развіцці нацыянальнай культуры.
Сацыяльны ідэал пісьменніка-публіцыста аказаўся расплыўчатым і абстрактным. Яго адносіны да простага народа, які ў большасці сваёй прытрымліваўся праваслаўнага веравызнання, набывалі дваісты характар. Цяпінскі захапляўся талентам і прыродным розумам сваіх суайчыннікаў, клапаціўся аб іх культурных патрэбах, але не падзяляў іх рэлігійных поглядаў. Аднак у тых складаных умовах В. Цяпінскі здолеў узняцца да разумення таго, што ў пытаннях абароны інтарэсаў радзімы, кансалідацыі яе грамадска-палітычных сіл і развіцця нацыянальнай культуры рэлігійныя погляды як прыватная справа кожнага чалавека не павінны быць верашкодай. I ў гэтым яго гістарычная заслуга.
В. Цяпінскі быў выдатным прадаўжальнікам справы Скарывы. У сваёй перакладчыцкай і кнігавыдавецкай дзейнасці ён шмат пераняў ад першадрукара: пераймаў прыклад тэхнічнага афармлення кнігі, а таксама напісаў да свайго перакладу прадмову. Аднак Цяпінскі ў некаторых адносінах пайшоў далей за свайго вялікага папярэдніка. Так, ён больш шырока абгрунтаваў і развіў думку аб значэнні асветы на роднай мове, аб неабходнасці стварэння нацыянальных школ, закліканых абуджаць у народзе пачуццё нацыянальвай самасвядомасці. Ён смялей, чым Скарына, уводзіў у мову свайго перакладу элементы гутарак. Яго мова значна далей, чым у Скарыны, адышла ад мовы царкоўнага пісьменства.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI — першая палова XVIII ст. / Уклад. С.Л. Гаранін, В.А. Чамярыцкі. Мн., 2003.
2. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2006.
3. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т. 1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968.
4. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. - Мн., 1984-1987.
5. Мысліцелі і асветнікі Беларусі (X—XIX стагоддзі): Энцыклапедычны даведнік - Мн., 1995.