Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х-1930-х гадоў
СОДЕРЖАНИЕ
1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў
2. Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў
У агульнай сістэме мастацкай літаратуры на першым месцы ў Заходняй Беларусі, несумненна, знаходзілася паэзія. Прычым, і ў 1920-я, і ў 1930-я гг.
Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі звязаны перадусім з імёнамі Леапольда Родзевіча, Уладзіміра Жылкі, Ігната Канчэўскага. Яны былі найбольш творча актыўнымі, і знак іх працы знайшоў выразны адбітак у перыядычным друку пачатку 20-х гадоў, у выглядзе асобных кніжак. Хоць працягвалі працаваць паэты, што прыйшлі ў літаратуру яшчэ ў нашаніўскую пару: Гальяш Леўчык (1880—1944), Казімір Сваяк (1890—1926), Стары Улас (1865—1939). Менавіта Л. Родзевіч у своеасаблівым сінтэтычным жанры паэме-сказе «Беларусь» і У. Жылка ў паэме «Уяўленне» патрапілі найпаўней выявіць той душэўны тонус, той настрой, якім жыла творчая беларуская інтэлігенцыя пад уражаннем падзелу бацькаўшчыны дзяржаўнай мяжой, зрыву адбудовы дзяржаўнасці Беларусі. Менавіта ў заходнебеларускі перыяд У. Жылкам былі напісаны такія лірычныя шэдэўры, як «Беларусь», «Віхор», «Замчышча», «Полімпсэст», «Сёмуха». Жылка паэтызуе вызваленчае змаганне. Захопленасць ідэаламі вызваленчага руху, вернасць ім з вялікай сілай гучыць у вершах «Меч», «Вершы аб Вільні», «Наш лёс, бы кат рукой забойнай», «Толькі той, чый вольны дух», «Каваль».
Вершы рана памерлага паэта Iгната Канчэўскага (1896—1923), падпісаныя псеўданімам «Ганна Галубянка», вылучаліся рамантычнай эстэтыкай і высокай культурай пачуцця.
На першую палову 20-х гадоў у Заходняй Беларусі прыпадае найбольшая літаратурная актыўнасць паэта-клерыка Кастуся Стэповіча (Казіміра Сваяка), які пачаў друкавацца яшчэ ў газеце «Віelarus» у 1913 г. У 1924 г. у Вільні ўбачыў свет зборнік К. Сваяка "Мая ліра".
Удзельнік сусветнай вайны, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў перыяд яго ўздыму ў 1917—1920 гг. Макар Краўцоў (Косцевіч) (1890—1941), акрамя вядомага верша-гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», створанага пад уражаннем слуцкага паўстання, складае верш «Братом», у якім спалучаны роздум над трагічным лёсам беларускай зямлі з магутнай верай у нацыянальную свабоду яе народа.
Адасоблена ад заходнебеларускіх паісьменнікаў, прасякнутых нацыянальнай ідэяй або ідэяй сацыяльнага разняволення працоўных, стаяла Наталля Арсеннева (1903—1998), чые вершы з самага пачатку 20-х гадоў стала друкаваліся амаль ва ўсіх перыядычных выданнях.
Блаславёная на паэтычнае выступленне М. Гарэцкім, пад час вучобы паэтэсы ў Віленскай беларускай гімназіі, Арсеннева ў сваёй лірыцы засяродзілася на суб'ектыўным пачатку, перажываннях інтымнага характару. Асноўная крыніцай паэтычнай інспірацыі яе сталі прырода, космас. Нягледзячы на індыферэнтнасць паэтэсы да грамадскіх праблем, бясспрэчны талент яе высока цаніўся прадстаўнікамі літаратурнай грамадскасці. У 1927 г. выйшаў зборнік паэзіі Н. Арсенневай «Пад сінім небам».
На пачатку 20-х гадоў у газетах «Беларускі звон» і «Беларускія ведамасці» друкаваўся паэт і мастак Алесь Смаленец (1893—1966), сапраўднае прозвішча — Ружанцоў. На той час ён, былы ўдзельнік сусветнай і грамадзянскай войнаў, быў камандзірам беларускага батальёна ў Літве, створанага эміграцыйным урадам Вацлава Ластоўскага, рэдагаваў часопіс «Беларус-вайсковы». Вершы А. Смаленца вылучаліся ваеннай тэматыкай. У вобразнай структуры іх пераважалі вобразныя рэаліі вайны. М. Гарэцкі знаходзіў іх «моцнымі думкаю і даволі арыгінальнымі формаю». Пазней А. Смаленец выступаў як перакладчык беларускай паэзіі на літоўскую мову і з літоўскай на беларускую.
Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба (1906—1934) адносяцца да 1923 г. Будучы вучнем Беларускай віленскай гімназіі, паэт звязаў свой лёс з камуністычным падполлем, стаў сябрам члена ЦК КПЗБ Арсеня Канчэўскага, брата вядомага літаратара, удзельнічаў у арганізацыі гурткоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў родных мясцінах на Смаргоншчыне. А. Салагуб двойчы арыштоўваўся дэфензівай, да года праседзеў у Лукішках. Алесю Салагубу ў літаратуры Заходняй Беларусі належыць першынства, роля адкрывальніка турэмнай тэматыкі, стваральніка вобраза палітвязьня, пазней М. Танкам і В. Таўлаем узнятага да шырокіх мастацкіх абагульненняў. Лірычны герой А. Салагуба — аlter еgо аўтара — натура мэтаімклівая і цэласная. У яго свядомасці арганічна спалучаны сацыяльны і нацыянальны ідэалы. Ён далучаны да ідэі разняволення чалавецтва ў планетарным маштабе («Мы рады, рады, што змяняем гісторый ход»), адначасна змагаецца, пакутуе ў астрозе і марыць убачыць «вольнай сваю Беларусь». У 1929 г. выйшла кніга А. Салагуба "Лукішкі". Лёс А. Салагуба трагічны. Вырваўшыся з польскай турмы, ён нелегальна перайшоў граніцу, скончыў у Мінску Беларускі дзяржаўны універсітэт, выдаў зборнік вершаў, даволі часта выступаў у перыядычным друку, паступіў на вучобу ў аспірантуру пры Беларускай Акадэміі навук. Трапіўшы пад другую хвалю рэпрэсій у Савецкай Беларусі, загінуў у 1934 г.
У лірыцы Міхася Машары (1902—1976) чуецца арганічны індывідуальны пачатак. Сацыяльныя арыенціры, пазіцыя паэта дакладна акрэслены, паэтава крэда выказана канкрэтна-вобразна, упэўнена. Ужо ў першай паэтычнай заяўцы — сціплай, на адзінаццаць вершаў, кніжыцы "Малюнкі" (Вільня, 1928) — М. Машара здолеў даць некалькі небанальных абразкоў вёскі, накідаць нязмушаныя малюнкі прыроды, упэўнена пашырыць, развіць у літаратуры Заходняй Беларусі тэму астрогу, няволі (вершы «Вёска», «Цяпер я ўжо зусім не той», «Ў золаце зорных валокнаў»).
У 1927 г. у Вільні выйшаў зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча (1904—1945) "Веснавыя мелодыі". Паэт востра адчувае нядолю паняволенай сваёй зямлі, але гаворыць пра гэта залішне агульна («Русь Белая», «Раб», «Signum»). Прыбягае да гісгарычных асацыяцый, кліча на дапамогу змаганню за свабоду бацькаўшчыны-Беларусі цені слаўных продкаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта, звяртаецца да акта 25 сакавіка 1918 г. як сведчання ўзвышэння духу народа (з цыкла «Вечнае»). Інтымная лірыка Ф. Грышкевіча сведчыць аб даволі высокім інтэлектуальным узроўні асобы аўтара, але высокай эстэтычнай вартасці вершы не набралі.
Адштурхоўваючыся ад эстэтычнага крэда М. Багдановіча, Хведар Ілляшэвіч (1910—1948) імкнуўся да павышэння культуры верша ў сваёй мастацкай практыцы. У 1929 г. у Вільні ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік "Веснапесні".
Міхась Васілёк (1905—1960), творца найперш гумарыстычнага складу, у сатырычным часопісе «Маланка» трапным словам, у духу народнага гумару высмейваў паноў, прадстаўнікоў польскай адміністрацыі, палітыкаў, не абмінаючы ўвагай і заганы ў родным сялянскім асяроддзі (вершы «Як я трапіў у камуністыя», «Перад выбарамі», «Гарэлка»). Паэт умее абыграць народную прытчу («Дзед і смерць»), скарыстоўваючы традыцыйны народны матыў, напоўніць яго актуальным сацыяльным зместам («Эх, каб грошы»). У грамадзянскай жа лірыцы М. Васілька 20-х гадоў гучаць матывы, інтанацыі, характэрныя для ўсёй заходнебеларускай паэзіі таго часу. Паэт горача кліча свой край, маладое пакаленне стаць «смелай ступою на шлях адраджэння, шлях з векавечнае цемры збаўлення» (Васілёк М. Шум баравы. Вільня, 1929. С. 24.).
У другой палове 20-х гадоў у віленскай беларускай перыёдыцы, часопіснай і газетнай, даволі часта друкаваўся паэт з Латгаліі Пятро Сакол (сапраўднае прозвішча Масальскі). Вершы П. Сакола «Беларускі сцяг», «Песня крывічоў», «Хай гром грыміць», «Покліч», аб'яднаныя ў цыкле «Песні аб волі», красамоўна сведчылі аб прасякнутасці маладога паэта, навучэнца Люцынскай беларускай гімназіі, нацыянальнай ідэяй (Сакол П. Світанне. Рыга, 1929. С. 43, 44, 47, 49.). Іх характарызавала ярка выражаная грамадзянская скіраванасць і публіцыстычная адкрытасць. Паэтычная творчасць П. Сакола ў цэлым развівалася ў агульным рэчышчы беларускай літаратуры, створанай на захад ад польска-савецкай мяжы. Аднак беларускаму паэту з Латвіі ўдалося ўнесці ў яе рэгіянальныя матывы. У іх сацыяльная і нацыянальная ідэі аказаліся цесна з'яднанымі. У паэме «Латгаліяда», на жаль, няскончанай, роздум над сацыяльнай нядоляй краю, лёсам яго людзей паэт рэалізуе ў сэнсава выразных і яскравых вобразах, выяўляе добрае адчуванне гістарычнага кантэксту.
Што ж датычыць празаічных жанраў у заходнебеларускай літаратуры 1920-х гг., то яны найперш прадстаўлены апавяданнямі, навеламі і замалёўкамі М. Гарэцкага 1921—1922 г., некалькімі апавяданнямі Макара Краўцова, нарысамі, абразкамі Вацлава Адамовіча (Дзяргача), апавяданнямі Вяч. Лаўскага, надрукаванымі ў студэнцкай перыёдыцы.
М. Гарэцкім у заходнебеларускі перыяд яго дзейнасці створана аповесць «Дзве душы», пачата аповесць «За што?», вядомая ў апошняй аўтарскай рэдакцыі як «Ціхая плынь», напісана да двух дзесяткаў апавяданняў. Побач з распрацоўкай «вечных» (экзістэнцыяльных) тэм на пачатку 20-х гадоў М. Гарэцкі ў жанры апавядання, навелы развівае далей беларускую адраджэнскую ідэю, стварае вобразы ўдзельнікаў беларускага вызваленчага руху («У 1920 годзе», «Усебеларускі з'езд 1917 года», «Фантазія»). Заўсёды чуйны да павеваў новага ў жыцці, пісьменнік не без насцярогі прыглядаецца да некаторых з'яў, прынесеных сацыяльнай рэвалюцыяй у Расіі. Ён даследуе асобныя рысы новай улады ў яе асабовым, чалавечым праяўленні, акцэнтуе сацыяльна-псіхалагічны аспект у раскрыцці вобразаў (апавяданні «Алостал», «Незадача»). У віленскі перыяд творчасці М. Гарэцкі, згодна з задумай узнавіць у мастацкім слове гісторыю народа, асабліва вялікую ўвагу ўдзяляе тэме мінуўшчыны. Пры гэтым, як ужо было засведчана ім у зборніку «Рунь», мастак плённа выкарыстоўвае матэрыял, бытавыя рэаліі часоў паншчыны (апавяданні «У панскай кухні», «Страшная музыкава песня», «Смачны заяц» і інш.).
Акрамя прозы М. Гарэцкага, псіхалагізмам, чалавеказнаўчай скіраванасцю вылучаюцца апавяданні М. Краўцова «Маршлют», «Маскалёвы дзеці», у якіх па-мастацку даследуецца народны характар, у класічнай манеры распавядаецца пра народнае жыццё. Асобных адзнак свайго часу, заходнебеларускай рэчаіснасці ў іх пісьменнік не выяўляе. Ён паказвае вобразы-тыпы старой беларускай вёскі.