Смекни!
smekni.com

Літаратура першай паловы XVI ст. (стр. 1 из 7)

Літаратура першай паловы XVI ст.

1. Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры першай паловы XVI ст.

Новы этап у развіцці беларускай літаратуры пачаўся ў XVI ст. Ён быў выкліканы важнымі сацыяльна-палітычнымі і культурна-гістарычнымі зменамі ў жыцці Беларусі таго часу. Да XVI ст. былі ліквідаваны рэшткі феадальнай раздробленасці, узмацнілася цэнтралізацыя краіны, што садзейнічала далейшаму грамадскаму прагрэсу. Пасля разбуральных нападаў крымскіх татар і вайны з Расіяй у пачатку XVI ст. наступілі гады адносна мірнага жыцця і стваральнай працы. Бурна развіваліся гарады, рамёствы і гандаль, пашырыліся і ўзмацніліся ўнутраныя і знешнія ўзаемасувязі, актывізавалася грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Да гэтага часу ў асноўным завяршылася таксама этнічная кансалідацыя беларускіх зямель, сфарміравалася беларуская народнасць. Беларусь уступіла ў эпоху сталага феадалізму.

У культурна-гістарычным плане гэта была эпоха Адраджэння, светапогляд якой вызначаў рэнесансавы гуманізм. Адбывалася далейшая секулярызацыя культуры, узмацняўся працэс разбурэння сярэдневяковага сінкрэтызму. Аднак складаныя сацыяльныя ўмовы другой паловы XVI ст. (Лівонская вайна, Люблінская унія 1569 г., рост грамадскай напружанасці і інш.) не далі магчымасці нармальна развіцца мноіім рэнесансавым з'явам беларускай літаратуры і мастацтва, паскорылі зараджэнне барочных тэндэнцый. Тым не менш, менавіта ў эпоху Адраджэння і ранняга барока беларускі народ дасягнуў такога высокага ўзроўню культурнага развіцця, стварыў такія выдатныя мастацкія каштоўнасці, якія вывелі Беларусь на перадавыя пазіцыі ва Усходняй Еўропе.

З эпохай гуманізму непасрэдна звязаны таксама ўздым нацыянальнай самасвядомасці народаў і адраджэнне народных моў. Да пачатку XVI ст. у асноўным завяршыўся працэс вызвапення мовы беларускага свецкага пісьменства ад архаічных, стараславянскіх элементаў (апрача арфаграфіі) і на грунце жывой гутарковай мовы сфарміравалася старабеларуская літаратурная мова, якая вылучалася вялікай функцыянальнай і жанрава-стылявой разнастайнасцю, багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў. Яе ўзор – мова беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік, лепшых перакладных твораў, а таксама Статута Вялікага княства Літоўскага, выдатнага помніка дзелавога пісьменства і права беларускага і літоўскага народаў, аднаго з першых у Еўропе зводу законаў.

Працэс дэмакратызацыі мовы беларускага пісьменства быў настолькі моцным, што закрануў нават царкоўна-рэлігійную літаратуру. Ужо ў другой палове XV – пачатку XVI ст. на беларускую мову былі перакладзены духоўныя аповесці «Жыццё святога Аляксея», «Страсці Хрыстовы» («Пакуты Хрыста»), шэраг біблейскіх кніг. Вялікае культурна-гістарычнае і нацыянальнае значэнне мела кнігавыдавецкая і перакладчыцкая дзейнасць Ф. Скарыны.

У XVI ст. на Беларусі назіраецца значная актывізацыя перакладчыцкай справы, выкліканая далейшым ростам духоўных запатрабаванняў розных слаёў беларускага насельніцтва, асабліва шляхты і гараджан, уздымам цікавасці да гісторыі і культуры іншых народаў. Паказальна, што калі спачатку перакладаліся найбольш творы царкоўна-рэлігійнага зместу, то ў другой палове стагоддзя перавага стала аддавацца помнікам свецкага характару, у чым нельга не бачыць уплыву новых, гуманістычных тэндэнцый часу. Менавіта ў гэты перыяд на беларускую мову былі перакладзены гістарычная аповесць пра Атылу, лацінская рэдакцыя антычнага рамана пра Аляксандра Македонскага «Александрыя», сярэдневяковыя рыцарскія раманы пра Трыстана і Ізольду, «Гісторыя разбурэння Троі» Гвіда дэ Калоны і інш. Чытальніцкі спіс тагачаснага адукаванага беларуса значна пашыраўся таксама за кошт прадукцыі віленскіх і кракаўскіх друкарняў, якія выдавалі ў другой палове XVI ст. на польскай мове нямала твораў зарубежнай літаратуры, у тым ліку старажытнагрэчаскіх і рымскіх аўтараў.

Арыгінальная беларуская літаратура першай паловы XVI ст. адвосна небагатая. Асноўную масу твораў па-ранейшаму складаў традыцыйны фонд пісьменства, царкоўна-рэлігійнага і свецкага, які сфарміраваўся яшчэ ў папярэднія стагоддзі. З усіх літаратурных жанраў найбольш актыўна развіваўся тады на беларускіх землях летапіс. Захоўваючы ў цэлым свой сярэдневяковы характар, гэты жанр зазнаў у эпоху Адраджэння адчувальныя змены. Працягвалася алітаратурванне дзелавых запісаў, белетрызацыя гістарычнага апавядання. Асноўным састаўным элементам летапісных зводаў, літаратурнай формай апісання мінулага стаў не кароткі пагадовы запіс, а сюжэтнае разгорнутае апавяданне пра падзею («Хроніка Быхаўца»). Мацнела імкненне пераадолець тэрытарыяльныя і храналагічныя межы нацыянальнай гісторыі, жаданне выйсці на прасцягі сусветнай гісторыі. Гэта часткова было дасягнута дзякуючы перакладу на беларускую мову ў другой палове XVI ст. польскіх хронік М. Бельскага і М. Стрыйкоўскага, у якіх значнае месца займае апісанне палітычнай гісторыі Русі і Вялікага княства Літоўскага на міжнародным фоне, але канчаткова рэалізавана толькі ў XVII ст. у беларуска-украінскім хранографе «Вялікая хроніка». У беларускіх хроніках XVI ст. выразна выявілася таксама тэндэнцыя рамантызаваць нацыянальную гісторыю і больш эфектыўна выкарыстоўваць яе дзеля патрыятычнага выхавання чытачоў.

Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння без творчай спадчыны Ф. Скарыны. Ён быў не толькі заснавальнікам ва Усходняй Еўропе новага, свецкага падыходу да Бібліі і новага, гуманістычнага тыпу літаратурнага перакладу. Яму належаць першыя на ўсходнеславянскіх землях вопыты кніжнага вершаскладання і здзіўляючыя па змястоўнасці, глыбіні думкі і літаратурнай дасканаласці прадмовы да выдадзеных ім кніг, якія паклалі пачатак гуманістычнай публіцыстыцы, філалогіі і літаратурнай крытыцы на Беларусі. Шматгранная наватарская творчая дзейнасць Скарыны, накіраваная на выхаванне ўсебакова развітага, дасканалага чалавека ў духу высокіх рэнесансавых ідэалаў, адкрыла новы этап у гісторыі беларускай культуры, далучыла беларускі народ да новых працэсаў духоўнага развіцця, што адбываліся тады ў перадавых краінах свету.

Новай асаблівасцю культурнага жыцця Беларусі XVI ст. было пашырэнне ўжывання лацінскай мовы, якая на працягу многіх стагоддзяў служыла ў Еўропе мовай асветы і навукі, важным сродкам культурнай узаемасувязі народаў, асваення антычнай літаратурнай спадчыны. Яна была мовай навуковай і мастацкай творчасці: па-латыні пісалі філасофскія трактаты і дзелавыя лісты, творы гістарыяграфіі і публіцыстыкі, вершы і паэмы, выкладалі ў школах і універсітэтах. Значнае развіццё атрымала на беларускіх землях у эпоху Адраджэння новалацінская паэзія. Яе заснавальнікам стаў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры.

2. Францыск Скарына

Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. Сямейнае прозвішча паходзіць ад старажытнага славянскага слова «скора» (скура), адсюль – скарняк, па-старабеларуску – скарыніч, што азначала прафесію рамесніка, які займаецца апрацоўкай скур. Відаць, родапачынальнікам Скарынаў быў гарбар, нашчадкі якога разбагацелі і заняліся гандлем. Скарынічам называў сябе Францішак Скарына ў сваіх акафістах-акравершах. Пад гэтым прозвішчам часам згадваецца ў дакументах і яго родны брат Іван. Дата нараджэння Ф. Скарыны дакладна невядома. Паводле розных ускосных звестак, найбольш верагодна, што ён нарадзіўся ў сярэдзіне 1480-х гадоў. У друку называлася таксама дата 18.3.1470 г.

Імя нованароджанаму раней, як правіла, выбіралі паводле царкоўнага календара, г. зн. надавалі імя таго святога, дзень памяці якога прыпадаў на дзень нараджэння дзіцяці. Продкі і бацькі Скарыны былі, несумненна, хрысціянамі праваслаўнага веравызнання, таму ён быў хрышчаны паводле праваслаўнага абраду і атрымаў адпаведнае грэка-славянскае імя, якога, на жаль, мы не ведаем. Напэўна, паводле гэтага ж прынцыпу пазней яго назвалі ў адпаведнасці з каталіцкім календаром Францыскам (Францішкам). Паўторна ён мог быць ахрышчаны манахамі-бернардзінцамі, якія ў 1498 г. заснавалі ў Полацку кляштар і касцёл у імя св. Францыска. Беларускі асветнік вельмі ганарыўся сваім паходжаннем «са слаўнага горада Полацка» і выразна вызначаў сваю этнічную прыналежнасць (русін, рус, г. зн. беларус) і нацыянальна-патрыятычную скіраванасць сваёй асветніцкай дзейнасці на карысць «браціі маёй русі».

Дзіцячыя і юнацкія гады, праведзеныя Ф. Скарынам у родным Полацку, былі спрыяльнымі для культурна-гістарычнага развіцця горада, ды і ўсіх беларускіх зямель, і аказалі дабратворны ўплыў на фарміраванне яго асобы і светапогляду. На Скарыну станоўча ўздзейнічалі агульны ўздым у канцы 15 ст. гарадскога жыцця ў Полацку, які ў 1498 г. атрымаў магдэбургскае права, жыватворны дух гераічнай полацкай гісторыі, багатыя культурныя традыцыі бацькоўскай зямлі. У родным горадзе і навакольных вёсках, сярод простага (паспалітага) люду спасцігаў ён багаты змест і глыбокі сэнс народных звычаяў і абрадаў, самабытны лад і натуральнае хараство беларускай мовы. У полацкі перыяд закладзена і яго поўнае глыбокай пашаны стаўленне да кнігі як каштоўнай крыніцы ведаў і мудрасці, маральнага ўдасканалення і духоўнага ўзвышэння чалавека. Тады фарміраваўся і ўваходзіў у сэрца юнага Францішка непаўторны вобраз роднага Полацка і Бацькаўшчыны, гарачую любоў да якіх ён пранёс праз усё жыццё. Наклалі свой выразны адбітак на яго і характар жыцця ў бацькоўскім доме, агульная атмасфера старажытнага горада на Дзвіне, дзе сыходзіліся гандлёвыя шляхі, дзе бывалі людзі розных краін і земляў, розных веравызнанняў і нацый, дзе даўнія дэмакратычныя традыцыі вечавога ладу своеасабліва пераасэнсоўваліся ў новых умовах гарадскога самакіравання. Такія выдатныя якасці асобы Скарыны, як шырыня поглядаў і дэмакратызм, верацярпімасць і адкрытасць, дзелавітасць і мабільнасць, закладваліся яшчэ ў родным горадзе. З маленства выявілася ў яго неадольная цяга да новага і нязведанага, прага да ведаў і падарожжаў, што рана паклікала цікаўнага юнака ў вялікі свет. Першымі буйнымі гарадамі, дзе давялося пабываць яму, былі, напэўна, Вільня і Рыга.