У іншым плане складзена «Жыццё Феадосія Пячорскага», вядомага царкоўна-палітычнага дзеяча Старажытнай Русі. Твор напісаны ў канцы XI – пачатку XII ст. Нестарам, манахам Кіева-Пячорскага манастыра, заснавальнікам якога быў Феадосій. Паводле агульнай кампазіцыі гэтае жыціе значна бліжэй да класічных узораў агіяграфічнага жанру, чым «Сказанне пра Барыса і Глеба»: мае традыцыйны ўступ, гісторыю жыцця і падзвіжніцкай дзейнасці галоўнага героя, апавяданне пра цуды і заключэнне. Феадосій – сапраўдны, паводле сярэдневяковых хрысціянскіх уяўленняў, герой свайго часу, святы, які ўвасабляе светла-ўзнёслы, ідэальны пачатак у жыцці. Яму супрацьпастаўляецца ў творы яго маці – сімвал усяго зямнога, матэрыяльна-бытавога. Горача любячы сына, яна ўсімі сіламі і сродкамі перашкаджае Феадосію стаць манахам-аскетам і аддацца служэнню Богу. На гэтым і будуецца канфлікт у пачатку жыція. Асноўная частка твора прысвечана апісанню падзвіжніцкага жыцця Феадосія ў манастыры, яго духоўнага самаўдасканальвання і кар'еры ад простага манаха да ігумена. Тут сумяшчаюцца два планы: з аднаго боку, агіяграфічная ідэалізацыя вобраза святога ўгодніка і яго панегірычна-рытарычнае ўслаўленне, а з другога – праўдзівы паказ рэальна-гістарычнага чалавека з будзённымі, зямнымі клопатамі і справамі, рэалістычнае апісанне суровага манастырскага жыцця. Паступова біяграфічная аповесць пераходзіць у своеасаблівы збор навел, кожная з якіх служыць ілюстрацыяй святасці галоўнага героя, яго найлепшых чалавечых дабрачыннасцей. Характэрная асаблівасць гэтага жыція – спалучэнне жыццяпісу Феадосія з гісторыяй Кіева-Пячорскага манастыра, важнага цэнтра культуры Кіеўскай Русі, дзе былі створаны многія выдатныя помнікі старажытнарускага пісьменства і ўзгадаваны цэлы шэраг вядомых царкоўна-палітычных і культурных дзеячаў усходніх славян.
«Жыццё Феадосія Пячорскага» паслужыла адной з літаратурных крыніц Кіева-Пячорскага пацерыка, што ўяўляе сабой серыю займальных дыдактычных навел з жыцця пячорскіх манахаў. Пачатак зборніку паклала перапіска ўладзіміра-суздальскага епіскапа Сімона з кіеўскім манахам Палікарпам, якія жылі ў канцы XII – першай палове XIII ст. Да іх апавяданняў былі далучаны «Жыццё Феадосія Пячорскага», летапісныя апавяданні пра пячорскіх манахаў і іншыя творы. Асноўнай жа крыніцай Кіева-Пячорскага пацерыка паслужылі вусныя легенды і паданні, якія бытавалі ў сценах славутага манастыра. Зразумела, рэчаіснасць адлюстравана ў пацерыку з пункту погляду царкоўна-рэлігійных ідэалаў, у ім услаўляецца аскетычнае жыццё, а станоўчымі героямі выступаюць манахі, якіх сёння мы ўяўляем нейкімі дзівакамі, людзьмі, адарванымі ад жыцця, крайне адсталымі, прымітыўнымі і кансерватыўнымі. Не трэба, аднак, забываць, што ў эпоху Сярэднявечча манастыры былі важнымі цэнтрамі пісьменства, а найбольш адукаваныя манахі – актыўнымі ўдзельнікамі культурнага прагрэсу. Менавіта як помнік культуры свайго часу, старажытнарускай літаратуры і выклікае гэты зборнік найбольшую цікавасць. Жывасць і разнастайнасць займальнага сюжэтнага апавядання, спалучэнне гістарычна-дакладнага і літаратурнага, рэальнай жыццёвай праўды і фантазіі, будзённа-бытавога і ўзнёслага, незвычайнага, «прывабнасць прастаты і вымыслу» Кіева-Пячорскага пацерыка, пра якую гаварыў А.С. Пушкін, на працягу стагоддзяў прыцягвалі чытачоў.
Апрача жыцій агульнарускага характару, якія ствараліся ў Кіеве, у эпоху феадальнай раздробленасці ў сувязі з ростам грамадска-палітычнай самастойнасці асобных зямель, развіццём у іх культуры і пісьменства, агіяграфічныя творы пачалі ўзнікаць у іншых гарадах Русі: у Полацку, Смаленску, Пскове, Ноўгарадзе. Як і кіеўскія жыціі, яны ўяўляюць сабою своеасаблівыя гістарычныя аповесці, мастацкія нарысы жыцця герояў, выдатных людзей часу, якія вызначыліся сваімі ўчынкамі, сваёй дзейнасцю, сваімі духоўнымі якасцямі і заслужылі добрай памяці і ўшанавання.
У XII ст. у Полацку жыла Ефрасіння-Прадслава, унучка князя Усяслава Чарадзея. Яшчэ зусім юнай яна пакінула свецкае жыццё і пайшла ў манастыр. Падзвіжніцкая дзейнасць Ефрасінні спрыяла развіццю асветы, культуры і мастацтва ў Полацкай зямлі. З яе імем звязана будаўніцтва дзвюх цэркваў у Полацку, заснаванне манастыра, стварэнне выдатнага помніка прыкладнога мастацтва Старажытнай Русі – славутага крыжа Лазара Богшы і іншыя культурныя пачынанні. Пад канец жыцця яна падарожнічала ў «святую зямлю» Палесціну, памерла ў Ерусаліме ў 1173 г. У канцы XII – пачатку XIII ст. было напісана на царкоўнаславянскай мове «Жыццё Ефрасінні Полацкай». Галоўная гераіня паказана як асветніца, што з маладых гадоў выявіла незвычайную любоў да ведаў, да духоўнага самаўдасканалення і бачыла сваё прызванне ў тым, каб служыць умацаванню хрысціянства ў Полацкай зямлі і ўзняць культурна-асветніцкі і маральны ўзровень сваіх суайчыннікаў. Яна сама перапісвала кнігі, клапацілася пра будаўніцтва ў Полацку новых храмаў і манастыроў, маладзейшых вучыла «чистоте душевной». У «Жыцці Ефрасінні Полацкай» у храналагічнай паслядоўнасці выкладзены асноўныя этапы біяграфіі гераіні. Твор вылучаецца спакойным тонам апавядання, павольным разгортваннем падзей. Кульмінацыі дзеянне дасягае тады, калі зусім яшчэ юная Прадслава (свецкае імя) канчаткова вырашае назаўсёды пакінуць свет і самаахвярна падацца ў манастыр. Горка плача цётка, у роспачы бацька. «Жалостно терзаше власы главы своея», ён галосіць: «Горе мне, чадо мое! По что се сотворила еси, печаль души моей принесе? Люте мне, чадо мое сладкое, жалости сердца моего! О горе мне, чадо мое милое!» Аднак мэтаімкнёная і настойлівая Ефрасіння застаецца непахіснай. Паступова, але ўпэўнена яна здзяйсняе ўсе свае планы і задумы. Нягледзячы на адсутнасць знешняй займальнасці, у жыціі адчуваецца ўнутраная напружанасць, высокая духоўная страсць і апантанасць падзвіжніка, які глыбока верыць у сваю высокую місію на зямлі. Твор завяршае панегірычная пахвала гераіні. З аднаго боку, аўтар не меў права не прытрымлівацца асноўных правіл нарматыўнай хрысціянскай эстэтыкі для агіяграфічыага жанру, якія патрабавалі паказу ідэальнага героя, таму Ефрасіння значна прыўзнята, ідзалізавана і пазбаўлена многіх жывых, індывідуальных рыс. З другога – ён не мог зусім адрывацца ад жыцця, цалкам ігнараваць факты біяграфіі гераіні, таму ў творы адносна мала цудоўнага, незвычайнага, а літаратурны схематызм і ўмоўнасць, дыдактычная рыторыка і мастацкі вымысел спалучаюцца з гістарычнай дакладнасцю, жывасцю і жыццёвай праўдзівасцю апавядання. Сэнс жыція ў гарачай пропаведзі асветы, духоўнай дасканаласці чалавека, падзвіжніцтва ў імя ідэі, хрысціянскага гуманізму. «Жыццё Ефрасінні Полацкай» асабліва цікавае і каштоўнае як адзін з першых твораў, напісаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Твор мясцовы па змесце і паходжанні, помнік рэгіянальнага пісьменства, якое было своеасаблівым пераходным мостам ад літаратуры агульнарускай да ўласна беларускай. Гэтае жыціе ў жанравых адносінах аб'ядноўвае біяграфічную аповесць, хаджэнне і пахвалу і стаіць ля вытокаў беларускай арыгінальнай гістарычнай прозы старажытнага перыяду.
Вобраз Ефрасінні Полацкай стала «прапісаўся» ва ўсходнеславянскай культуры. Адразу пасля смерці яна была ўзведзена рускай праваслаўнай царквой у ранг святых, а ў 1547 г. афіцыйна кананізавана. 23 мая лічыцца у рускім праваслаўным календары яе днём. У 1870 г. рэшткі святой Ефрасінні былі перавезены з Кіева-Пячэрскай лаўры (туды яны трапілі ў 1178 г.) у Полацк; у 1910 г. усе мошчы беларускай асветніцы вярнуліся на радзіму, у Полацк (Спаса-Ефрасінеўская царква). Дарэчы, дзякуючы гэтым падзеям, да гісторыі выдатнай усходнеславянскай асветніцы далучылася пэўным чынам і Гомельшчына. Як сведчанне вялікай папулярнасці Е. Полацкай ва ўсходніх славян з’яўляюцца дайшоўшыя да нас царкоўныя спевы 16–18 стст. аб ёй. Легендарнае жыццё Ефрасінні Полацкай стала аб’ектам адлюстравання ў творах многіх беларускіх пісьменнікаў (У. Арлоў, В. Іпатава, І. Чыгрынаў і інш.).