Смекни!
smekni.com

Літаратура як від мастацтва (стр. 2 из 3)

У асацыяцыях чытача, якія вызываюцца слоўна-мастацкімі вобразамі, шмат індывідуальнага і адвольнага. І гэта адна з істотных рыс літаратуры як мастацтва. Уяўленні аб знешнасці герояў, іх рухах, жэстах, міміцы, аб абставінах дзеяння ў чытача больш суб’ектыўныя ў параўнанні з успрымаючым жывапіс, скульптуру, тэатральнае дзеянне, кінакарціну. У кожнага з нас свой Фауст, Таццяна Ларына, дзядзька Антось, Ганна Чарнушка. Такім чынам, чытач становіцца свайго роду саўдзельнікам стварэння мастацкіх вобразаў.

Зносіны чалавека з «нярэчыўнымі» вобразамі літаратурнага твора ажыццяўляюцца ў любых абставінах і «ўпісваюцца» ў яго паўсядзённае жыццё намнога лягчэй, чым успрыманне жывапісу, скульптуры, тэатральнай пастаноўкі, кінамастацтва. Чытач сам выбірае тэмп успрымання твора. Па ходу знаёмства з раманам, драмай альбо паэмай ён часам ізноў вяртаецца да ўжо пройдзенага тэксту, выбіраючы моманты, калі яму трэба, закрыўшы кнігу, падумаць аб прачытаным альбо, наадварот, засяродзіцца на чымсьці іншым. Слоўны вобраз – гэта свайго роду трамплін для сатворчасці чытача, штуршок для дзейнасці яго ўяўлення.

Пры ўсіх адзначаных нюансах слоўнае мастацтва аднак захоўвае свае сувязі са сферай бачнага. Літаратурны твор уяўляе сабой своеасаблівы сінтэз вобразаў, якія адлюстроўваюць і «нябачнае», і «бачнае». Таму мастак слова часта бывае занепакоены тым, каб у чытачоў фарміраваліся яркія зрокавыя ўяўленні. Дадзеная якасць літаратурна-мастацкага твора імянуецца слоўнай пластыкай.

Слоўная пластыка была асабліва важнай у антычнай літаратуры. Не выпадкова старажытнымі філосафамі паэзія нярэдка характарызавалася як «жывапісанне словам». Пластыка захавала сваё значэнне і ў літаратуры наступных эпох. Так, напрыклад, аб арыентацыі на «жывапісанне словам» у сваёй творчасці зазначалі Гётэ, Горкі і некаторыя іншыя славутыя пісьменнікі.

Разам з тым пры ўсёй важнасці перадачы мастакамі слова рэчаіснасці ў яе бачных зрокам праявах сфера слоўнай пластыкі ад эпохі да эпохі паступова звужалася. Гэта вымушалася грунтоўным і ўсебаковым аналізам жыццёвых з’яў, а таксама імкненнем пісьменнікаў даць глыбокія псіхалагічныя характарыстыкі сваім персанажам.

Такім чынам, адсутнасць у слоўных вобразаў прамой нагляднасці, будучы ў пэўнай ступені іх абмежаванасцю, кампенсуецца разам з тым магчымасцю выхаду з дапамогай «нярэчыўных» вобразаў на шырокія гарызонты пазнання свету.

1.4 Час і прастора ў літаратуры

Рэчаіснасць у яе прасторава-часавых каардынатах кожным відам мастацтва засвойваецца па-рознаму. Так, жывапіс і скульптура паказваюць прадметы ў статыцы, вылучаючы на першы план іх прасторавыя абрысы і прапорцыі.

Мастацкая ж літаратура (у гэтых адносінах да яе блізкія тэатр і кіно) узнаўляе пераважна такія жыццёвыя працэсы, якія працякаюць у часе, г. зн. чалавечую жыццядзейнасць, што звязана з ланцужком перажыванняў, думак, намераў, учынкаў, падзей. На дадзеную асаблівасць і спецыфіку слоўнага мастацтва адным з першых звярнуў увагу Лесінг. Імкненне літаратуры да адлюстравання жыццёвых працэсаў ён тлумачыў часавай працягласцю чалавечага маўлення.

Пры гэтым пісьменнік не звязаны з неабходнасцю адлюстроўваць бягучы час літаральна і непасрэдна, як гэта, напрыклад, уласціва тэатральнай пастаноўцы, дзе сцэнічны і рэальны час у межах аднаго дзеяння (акта) павінны абавязкова супадаць. У літаратурным творы могуць быць дадзены старанныя, падрабязныя характарыстыкі якога-небудзь прамежку часу. Даволі часта пісьменнік, наадварот, дае надзвычай кампактныя характарыстыкі дзейсных прамежкаў часу. Такім чынам, пісьменнікі могуць ці расцягваць, ці, наадварот, сціскаць час дзеяння.

У перадачы прасторавых адносін літаратура пэўным чынам прайграе мастацтвам, якія валодаюць выяўленчасцю. Лесінг падкрэсліваў, што прадметы, якія суіснуюць побач, павіны адлюстроўвацца галоўным чынам такімі мастацтвамі, як жывапіс і скульптура. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што апісанні нерухомых прадметаў у літаратурных творах не павінны вылучацца на першы план: «Тое, што вока ахоплівае адразу, паэт павінен паказваць нам марудна, па частках, і нярэдка здараецца так, што пры ўспрыманні апошняй часткі мы ўжо зусім забываем аб першай». У «Лаакаоне» адзначаецца, што вялікія паэты пазбягаюць падрабязных апісанняў і імкнуцца замяніць іх узнаўленнем падзей. У якасці прыкладу прыводзіцца факт з «Іліяды», дзе Гамер не малюе (вядома, словамі) шчыт Ахіла, а распавядае, як ён быў выкаваны Гефестам.

Прыведзеныя меркаванні Лесінга ў многім пацвярджаюцца вопытам слоўнага мастацтва наступных эпох. Таленавітыя пісьменнікі пры паказе асяроддзя, у якім знаходзяцца і дзейнічаюць персанажы, стараюцца пераадолець статычнасць. Так, напрыклад, малюючы карціны прыроды, яны паказваюць іх у пэўнай дынаміцы, развіцці (успомнім раніцу ў тургенеўскім «Лесе і стэпе»; альбо паказ гэтага ж часу сутак Мележам у «Палескай хроніцы», калі ён знаёміць чытача з Куранямі і штодзённымі турботамі жыхароў гэтай вёскі).

Там, дзе ідзе просты пералік прадметаў, мастак рызыкуе аказацца манатонным і невыразным.

У мастацкім засваенні прасторы літаратура валодае, аднак, і перавагамі ў параўнанні са скульптурай і жывапісам. Пісьменнік можа з неабмежаванай хуткасцю пераходзіць ад адной карціны да другой, лёгка пераносячы чытача ў розныя месцы.

Прасторавыя ўяўленні ў літаратурных творах нярэдка могуць мець і абагульняючае значэнне. Як прыклад – вышыні раю і глыбіні аду, г. зн. «верх» і «ніз» у «Боскай камедыі» Дантэ; матыў дарогі ў «Мёртвых душах» М. Гогаля, прастор у трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

Такім чынам, магчымасці літаратуры ў авалодванні прасторай хоць і нельга параўнаць з часавымі патэнцыямі гэтага віду мастацтва, аднак і яны істотна дапамагаюць у агульным працэсе ўзнаўлення жыцця.

1.5 Пазнавальныя магчымасці літаратуры і яе праблемнасць

Дыяпазон пазнавальных магчымасцей літаратуры вызначаецца двухпланавасцю слоўных вобразаў. Па-першае, з дапамогай мастацкай мовы абазначаюцца і характарызуюцца розныя бакі «пазаслоўнай» рэчаіснасці (зрокава бачныя паводзіны чалавека і акаляючыя яго прадметы, а таксама імпульсы, якія не атрымалі слоўнага ўвасаблення). Па-другое, у літаратурных творах шырока і канкрэтна ўзнаўляецца маўленчая дзейнасць людзей.

Чалавек у слоўным адлюстраванні (і толькі ў ім!) выступае ў якасці «носьбіта мовы». Гэта адносіцца ў першую чаргу да лірычных герояў, дзеючых асоб драматычных твораў і апавядальнікаў эпічных твораў. Характары персанажаў навел і апавяданняў, эпапей і раманаў раскрываюцца яшчэ і з дапамогай дыялогаў і маналогаў, якія вымаўляюцца ўслых альбо пра сябе. Тэкст літаратурнага твора – гэта заўсёды сукупнасць чыіхсьці выказванняў. Інакш кажучы, мова ў мастацкай літаратуры, будучы матэрыяльным сродкам стварэння вобразаў, выступае яшчэ і ў якасці важнейшага прадмета адлюстравання. Літаратура не толькі абазначае словамі жыццёвыя з’явы, але і ўзнаўляе самую моўную дзейнасць.

Выкарыстоўваючы мову ў якасці прадмета адлюстравання, пісьменнік пераадольвае тую схематычнасць слоўных карцін, якая звязана з іх «нярэчыўнасцю». Выказванні персанажаў уздзейнічаюць не толькі на ўяўленне чытача, але і на яго слыхавыя адчуванні: сінтаксічнымі канструкцыямі так ці інакш фіксуюцца інтанацыі таго, хто гаворыць. Літаратура, такім чынам, узнаўляе чалавечыя «галасы», хоць яны і не гучаць фізічна і ўспрымаюцца ўсяго толькі ўнутраным слыхам чытача.

Па-за мовай мысленне людзей, як вядома, ажыцявіцца ў поўнай меры не можа. Па гэтай прычыне літаратура з’яўляецца адзіным відам мастацтва, які прама і непасрэдна выкарыстоўвае чалавечую думку. Іншыя віды мастацтва робяць усё гэта толькі апасродкавана.

Узнаўленне літаратурай чалавечай думкі, мыслення адбываецца ў першую чаргу ў маналогах і дыялогах дзеючых асоб.

Нярэдкія ў літаратурных творах роздумы-развагі персанажаў альбо апавядальніка на філасофскія, сацыяльныя, маральна-этычныя, рэлігійныя, палітычныя, гістарычныя і іншыя тэмы. На працягу апошніх стагоддзяў узнік цэлы шэраг твораў літаратуры, у якіх інтэлектуальны бок жыцця чалавека вылучаны на першы план («Фауст» Гётэ, «Браты Карамазавы» Ф. Дастаеўскага, драмы Б. Шоу і М. Горкага, вершы і паэмы М. Багдановіча, А. Разанава і г. д.).

Працэсы мыслення адлюстроўваюць складанае і напружанае духоўна-эмацыянальнае жыццё чалавека, што можа свабодна і смела перадаць літаратура. Яна актыўна засвойвае эмоцыі і валявыя памкненні, якія маюць, кажучы мовай псіхолагаў і філосафаў, светапоглядны характар. Прычым, дзеля перадачы светапоглядных і наогул жыццёвых пошукаў герояў мастакам слова нярэдка прыходзіцца ўзнаўляць і пачуцці заблытаныя, няясныя, ірацыянальныя.

У шляхах і спосабах спасціжэння эмацыянальнага свету літаратура якасна адрозніваецца ад іншых відаў мастацтва. Калі, напрыклад, жывапіс і скульптура раскрываюць чалавечыя намеры і пачуцці толькі ўскосна (праз жэсты, позы, міміку), дык у літаратуры побач з ускосным абазначэннем перажыванняў асобы шырока выкарыстоўваецца прамы паказ душэўных працэсаў з дапамогай аўтарскіх характарыстык і выказванняў саміх герояў, якія прамаўляюцца ўслых альбо пра сябе. Узнаўляючы выказванні людзей з усімі эмацыянальнымі адценнямі, пісьменнікі змогуць пранікаць у самыя патаемныя глыбіні чалавечай душы.

І гэта дае магчымасць супаставіць літаратуру з мастацтвамі экспрэсіўнымі. Так, музыка і танец, спасцігаючы сферы чалавечай свядомасці, якія з’яўляюцца недаступнымі для іншых відаў мастацтва, разам з тым абмяжоўваюцца перадачай агульнага характару перажывання. Не тое ў літаратуры. Чалавечыя пачуцці і валявыя імпульсы даюцца тут у іх абумоўленасці жыццём і ў прамой накіраванасці на канкрэтныя з’явы рэчаіснасці.