Смекни!
smekni.com

Літаратура як від мастацтва (стр. 3 из 3)

Літаратуры, такім чынам, даступна прамое адлюстраванне працэсаў духоўнага жыцця ў яго сувязях з акаляючай рэчаіснасцю. Пры гэтым у літаратурных творах шырока і шматпланава ўзнаўляецца быццё як асобных людзей, так і цэлых грамадскіх груп. Ні адзін з відаў мастацтва не валодае здольнасцю такога шырокага і шматпланавага ахопу жыццёвых з’яў.

Зыходзячы з адзначанага вышэй, можна весці гаворку аб свайго роду універсальнасці літаратуры як віду мастацтва. З дапамогай мовы можна ўзнавіць любыя бакі рэчаіснасці, таму што выяўленчыя магчымасці слоўнага мастацтва практычна не маюць межаў.

Унікальнай якасцю мастацкай літаратуры з’яўляецца таксама яе ярка выражаная, адкрытая праблемнасць. Погляды пісьменніка, якія ўвасабляюцца перш за ўсё з дапамогай вобразаў, могуць выражацца ў яго творчасці і непасрэдна. Мастацкі тэкст нярэдка спалучае дэтальны паказ герояў, іх дзеянняў, узаемаадносін, перажыванняў з абагульняючымі характарыстыкамі жыцця і праблемнымі меркаваннямі, у выніку чаго аўтарскія пазіцыі ўвасабляюцца з надзвычайнай адкрытасцю і выразнасцю.

Многія літаратурныя творы, увасабляючы думкі аўтара напрамую, становяцца глыбока аналітычнымі, востра інтэлектуальнымі. Літаратурная форма з’яўляецца найбольш спрыяльнай для выражэння поглядаў аўтара. Маральна-этычныя, сацыяльна-палітычныя, гістарычныя, філасофскія, эстэтычныя погляды пісьменніка могуць непасрэдна выражацца і ў лірычных творах, і ў выказваннях дзеючых асоб, і ў мове апавядальніка.

Мастакі слова, асабліва паэты, нярэдка пішуць свайго роду праграмныя творы, у якіх фармулюецца іх пісьменніцкае «крэда». Такімі з’яўляюцца «Прарок» А. Пушкіна, «Паэт і грамадзянін» М. Някрасава, «Я не паэта…» Я. Купалы і інш. Таму ў многім паказальна, што ў пераважнай сваёй большасці ў сферы літаратурнай творчасці, найбольш інтэлектуальнай і праблемнай, фарміруюцца накірункі ў мастацтве: класіцызм, сентыменталізм, рамантызм і г. д.

І, нарэшце, у многіх шырока вядомых літаратурных творах мастацкім вобразам і карцінам папярэднічаюць (а часам і ідуць побач з імі) уласна публіцыстычныя меркаванні і абагульненні. Як прыклад – «Вайна і мір» Л. Талстога, «Доктар Фаустус» Т. Мана, «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля і інш. Разам з тым абагульняючыя меркаванні не павінны нагрувашчвацца, станавіцца самамэтай. У сапраўдных мастацкіх творах яны не падмяняюць вобразы і карціны, а дапаўняюць іх.

1.6 Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і. Літаратура ў сучасным тэхнізаваным свеце

Як ужо неаднаразова адзначалася, літаратура з’яўляецца надзвычай важным відам мастацтва. Яна хоць і адносіцца да т. зв. простых альбо аднасастаўных мастацтваў, але надзвычай цесна звязана з мастацтвамі сінтэтычнымі (шматсастаўнымі), якія спалучаюць у сабе некалькі розных носьбітаў вобразнасці (такімі з’яўляюцца архітэктурныя ансамблі, якія «ўбіраюць» у сябе скульптуру і жывапіс; тэатр і кінамастацтва ў іх вядучых разнавіднасцях; вакальная музыка і г. д.). Мастацкая літаратура выступае ў якасці надзвычай важнага кампанента сінтэтычных мастацтваў. У найбольшай ступені гэта адносіцца да драматычнага пісьменства, якое нават з улікам т. зв. драм для чытання (lesedrame – ням.) па сваёй сутнасці прызначана для тэатра. Ды і творы іншых родаў літаратуры ўдзельнічаюць у сінтэзе мастацтваў: лірыка ўступае ў кантакт з музыкай (песня, раманс), а таксама можа выкарыстоўвацца акцёрамі-чытальнікамі і рэжысёрамі (пры стварэнні сцэнічных кампазіцый). Апавядальная проза таксама даволі часта знаходзіць сабе шлях на сцэну і экран.

Пры ўсёй значнасці літаратуры яе роля і месца ў агульнай мастацкай сям’і не заўсёды правільна і поўнасцю ўсведамлялася. У розныя эпохі перавага аддавалася тым альбо іншым відам мастацтва. У антычнасці найбольш уплывовай з’яўлялася скульптура; у складзе эстэтыкі Адраджэння і ХVІІ ст. дамінаваў вопыт жывапісу. І толькі ў ХVІІІ, а яшчэ больш – у ХІХ ст., на авансцэну мастацтва выйшла літаратура. Адпаведна, адбыліся і змены ў эстэтычнай тэорыі. Так, ужо Лесінг у «Лаакаоне» рабіў акцэнт на перавазе паэзіі над жывапісам і скульптурай. Крыху пазней Кант вёў гаворку аб першынстве паэзіі над іншымі мастацтвамі. З надзвычайнай энергіяй узвышаў літаратуру над іншымі мастацтвамі, лічыў яе «вышэйшым родам мастацтва» В. Бялінскі.

Аднак, і гэта заканамерна, такой думкі прытрымліваліся не ўсе. Так, многія рамантыкі, а пазней і сімвалісты вышэйшай формай мастацкай дзейнасці і наогул культуры лічылі музыку.

Зазначым і падкрэслім, што падобныя меркаванні (як «літаратурацэнтрысцкія», так і «музыкацэнтрысцкія»), адлюстроўваючы змены і прыярытэты ў мастацкай культуры ХІХ – пачатку ХХ стст., аднабаковыя і не вытрымліваюць сур’ёзнай крытыкі. У супрацьлегласць іерархічнаму ўзвышэнню якога-небудзь аднаго віду мастацтва над ўсімі астатнімі пераважнай большасцю сучасных тэарэтыкаў падкрэсліваецца раўнапраўе форм мастацкай дзейнасці. Не выпадкова шырока бытуе выраз «сям’я муз».

ХХ ст. (асабліва яго другая палова) азнаменавалася сур’ёзнымі зрухамі ў суадносінах паміж відамі мастацтва. Узніклі, умацаваліся і набылі значны ўплыў мастацкія формы, якія грунтуюцца на новых сродках масавай камунікацыі: з пісьмовым і друкарскім словам сталі паспяхова спаборнічаць вусная мова, што гучыць па радыё, і, галоўнае, візуальная вобразнасць кінематографа і тэлеэкрана.

У сувязі з гэтым з’явіліся канцэпцыі, якія ў дачыненні да першай паловы ХХ ст. правамерна называць «кінацэнтрысцкімі», а да другой – «тэлецэнтрысцкімі». Практыкі і тэарэтыкі кінамастацтва неаднаразова сцвярджалі, што ў мінулым слова мела гіпертрафіраванае значэнне; а зараз людзі, дзякуючы кінафільмам, вучацца па-іншаму бачыць свет; што чалавецтва пераходзіць ад паняційна-славеснай да візуальнай, відовішчнай культуры. Адзін з тэарэтыкаў тэлебачання, канадскі вучоны М. Маклюэн, напрыклад, сцвярджае, што ў ХХ ст. адбылася другая камунікатыўная рэвалюцыя (першай было вынаходніцтва друкарскага станка): дзякуючы тэлебачанню, якое валодае надзвычайнай інфарматыўнай сілай, планета ператвараецца ў свайго роду вялікую вёску. Але гэта не самае важнае. Галоўнае, што тэлебачанне набывае велізарны ідэалагічны аўтарытэт: тэлеэкран уладарна навязвае глядацкай масе той альбо іншы погляд на рэальнасць. Калі раней пазіцыя людзей вызначалася традыцыяй і іх індывідуальнымі ўласцівасцямі, а па гэтай прычыне была ўстойлівай, дык у эпоху тэлебачання асабістая самасвядомасць практычна губляецца. Чалавецтва расстаецца з культурай індывідуальнай самасвядомасці і вяртаецца да племянной «калектыўнай бессвядомасці». Пры такой сітуацыі, сцвярджае М. Маклюэн, у кнігі няма будучага, бо занятак з ёю надзвычай інтэлектуальны; прасцей сесці каля экрана тэлевізара і чэрпаць адтуль інфармацыю, сузіраць творы мастацтва, нават тыя ж кнігі, толькі, вядома, пераведзеныя, няхай сабе і з пэўнымі стратамі, на мову кінамастацтва.

Як зазначае В. Халізеў, разглядаючы канцэпцыю канадскага прыхільніка тэлебачання, «у меркаваннях Маклюэна шмат аднабаковага, павярхоўнага і яўна памылковага (жыццё паказвае, што слова, у тым ліку і пісьмовае, зусім не адцясняецца на другі план, тым больш – не ліквідоўваецца па меры распаўсюджання і ўзбагачэння тэлекамунікацыі). Але праблемы, пастаўленыя канадскім вучоным, з’яўляюцца надзвычай сур’ёзнымі: суадносіны паміж візуальнай і слоўна-пісьмовай камунікацыяй складаныя, а часам і канфліктныя».

Пры ўсіх нюансах бытавання і функцыянавання літаратуры, нават у сучасную, тэхнічную і не надта спрыяльную для яе эпоху, нельга як прыніжаць, так і пераўвялічваць значэнне дадзенага віду мастацтва для жыцця прыватнага індывіда і грамадства ў цэлым.

Наогул жа, на думку В. Халізева, «ні ў якім разе не прэтэндуючы на тое, каб паўстаць над іншымі відамі мастацтва і тым больш іх замяніць, мастацкая літаратура, такім чынам, займае ў культуры грамадства і чалавецтва асаблівае месца як нейкае адзінства ўласна мастацтва і інтэлектуальнай дзейнасці, падобнай працам філосафаў, вучоных-гуманітарыяў, публіцыстаў».


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Введение в литературоведение.– 2-е изд., доп.– М., 1983.

2. Поспелов Г.Н. Теория литературы / Поспелов Г.Н. – М., 1978.

3. Теории, школы, концепции (критические анализы). Художественное произведение и личность.– М., 1975.

4. Тынянов Ю.Н. Иллюстрации // Тынянов Ю.Н. Поэтика. История литературы. Кино.– М., 1979.

5. Хализев В.Е. Теория литературы / Хализев В.Е.- 2-е изд.– М., 2000.

6. Абрамович Г.Л. Введение в литературоведение / Абрамович Г.Л. - 7-е изд., испр. и доп.– М., 1979.

7. Бахтин М.М. Эстетика словесного творчества / Бахтин М.М. - М., 1979.

8. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф.– М., 1995.

9. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.– 2-е выд., дапр. і дап.– Мн., 1982.

10. Литературный энциклопедический словарь.– М., 1987.

11. Марксистско-ленинская эстетика.– М., 1983.

12. Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік.– 2-е выд., дапрац. і дапоўн.– Мн., 1987.

13. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І. – г. Гомель, 2002. – 147 с.

14. Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.– М., 1982.

15. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя.– 2-е выд., дапр. і дап.– Мн., 1991.