Смекни!
smekni.com

Літаратура як від мастацтва (стр. 1 из 3)

ЛІТАРАТУРА ЯК ВІД МАСТАЦТВА


ЗМЕСТ

1. Літаратура як від мастацтва

1.1 Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе

1.2 Мастацкія магчымасці слова

1.3 «Нярэчыўнасць» вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка

1.4 Час і прастора ў літаратуры

1.5 Пазнавальныя магчымасці літаратуры і яе праблемнасць

1.6 Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і. Літаратура ў сучасным тэхнізаваным свеце

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Літаратура як від мастацтва

1.1 Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе

літаратура мастацкая славеснасць

Літаратура з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных і даступных відаў мастацтва, бо яна ёсць мастацтва слова.

Заўважым, што тэрмін «літаратура» побач з азначэннем мастацтва слова ўжываецца таксама ў дачыненні да любых твораў чалавечай думкі, якія замацаваны ў пісьмовым слове і маюць грамадскае значэнне. Ёсць літаратура тэхнічная, навуковая, публіцыстычная, даведачная, эпісталярная і інш. Аднак у звычайным і больш строгім сэнсе літаратурай называюць творы мастацкай пісьменнасці.

Сам тэрмін «літаратура» ўзнік параўнальна нядаўна і пачаў шырока ўжывацца толькі ў ХVІІІ ст., выцесніўшы тэрміны «паэзія» і «паэтычнае мастацтва», якімі зараз абазначаюцца вершаваныя творы. Ён быў вызваны да жыцця кнігадрукаваннем, якое, з’явіўшыся ў сярэдзіне ХV ст., параўнальна хутка зрабіла «літаратурную» (прызначаную для чытання) форму бытавання мастацтва слова асноўнай і самай распаўсюджанай сярод іншых відаў мастацтва. Раней жа мастацтва слова існавала перш за ўсё для слыху, для публічнага выканання і разглядалася як умелае, адмысловае ажыццяўленне «паэтычнага» дзеяння сродкамі асаблівай паэтычнай мовы («Паэтыка» Арыстоцеля, іншыя старажытныя і сярэдневяковыя эстэтычныя трактаты Захаду і Усходу).

Літаратура як мастацтва слова ўзнікла на глебе вуснай народнай творчасці ў глыбокай старажытнасці – у перыяд фарміравання дзяржавы, якая побач з усімі характэрнымі для яе інстытутамі парадзіла таксама і развітую форму пісьменнасці. Аднак першапачаткова літаратура не выдзялялася з пісьменнасці ў шырокім сэнсе слова. У старажытных помніках, такіх, напрыклад, як «Біблія», «Махабхарата», «Аповесць мінулых часоў», элементы славеснага мастацтва існуюць у непарыўным адзінстве з элементамі міфалогіі, рэлігіі, начаткамі прыродазнаўчых і гуманітарных навук, маральнымі і практычнымі ўказаннямі, рознага роду інфармацыяй і г. д. Разам з тым сінкрэтычны характар ранніх літаратурных помнікаў ні ў якім разе не дазваляе лічыць іх эстэтычна бескаштоўнымі, бо тая форма рэлігійна-міфалагічнай свядомасці, якая адлюстравалася ў гэтых помніках, была па сваёй структуры вельмі блізкай да мастацкай.

Хоць, як вынікае з прыведзеных вышэй звестак, гісторыя мастацкай літаратуры налічвае некалькі тысячагоддзяў, літаратура ў тым сэнсе слова, у якім яно ўжываецца зараз, фарміруецца і ўсведамляе сябе толькі з пачаткам нараджэння новага, буржуазнага грамадства. Славесна-мастацкія творы мінулых часоў таксама набываюць у дадзеную эпоху спецыфічна літаратурнае быццё, перажываючы пры гэтым істотныя змены ў новым – чытацкім (а не вусным) успрыманні. Адначасова ідзе працэс разбурэння нарматыўнай паэтычнай мовы: літаратура ўбірае ў сябе элементы агульнанароднай мовы, яе слоўны «матэрыял» становіцца універсальным. Заўважым, што эстэтыка ХІХ ст. (Гегель, рамантыкі і інш.) пачынае ставіць на першы план чыста змястоўную, духоўную своеасаблівасць літаратуры і ўсведамляць яе ў першую чаргу не ў шэрагу іншых відаў мастацтва, а побач з навуковымі, філасофскімі, публіцыстычнымі відамі пісьменнасці. Аднак к сярэдзіне ХХ ст. усталёўваецца сінтэтычнае разуменне літаратуры, а менавіта разуменне яе як адной з форм мастацкага засваення свету, як творчай дзейнасці, што належыць мастацтву, але разам з тым з’яўляецца такой разнавіднасцю мастацкай творчасці, якая займае ў сістэме мастацтваў асаблівае, прыярытэтнае і вядучае месца. Гэта, дарэчы, зафіксавана ў няхай сабе не зусім правільным з фармальна-лагічнага пункту гледжання, але ж усё-такі надзвычай шырокаўжывальным выразе «літаратура і мастацтва».

Адзнакі літаратуры як вядучага віду мастацтва праяўляюцца ў многім. Па-першае, літаратура вельмі чулая да пульсу эпохі: яна жыва і непасрэдна адгукваецца на павевы часу, на новае, перадавое, прагрэсіўнае ў жыцці, хутка і аператыўна перадаючы ўсё гэта сваім чытачам. Так, напрыклад, агульнапрызнаным лічыцца ўплыў рускай класічнай літаратуры ХІХ ст. на грамадскую атмасферу свайго, ды і крыху пазнейшага часу, альбо ўплыў беларускай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ стст. на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці нашага народа. Па-другое, многія мастацтвы грунтуюцца на літаратурнай аснове. Сярод іх – тэатр, кіно, тэлебачанне, эстрада, опера і нек. інш. Па-трэцяе, многім відам мастацтва творы літаратуры, растыражыраваныя (асабліва ў апошнія два стагоддзі) ў сотнях тысяч экзэмпляраў, «падказваюць» сюжэты, матывы, вобразы, выступаючы ў дадзеным выпадку ў якасці першакрыніцы.

Ёсць таксама шэраг іншых момантаў, якія выводзяць літаратуру на адно з самых вядучых месцаў у агульнай мастацкай сям’і. Вытокі, першапрычыны гэтага ляжаць у спецыфіцы і магчымасцях яе мастацка-выяўленчага матэрыялу і сродку стварэння вобразаў – звычайнага чалавечага слова.

1.2 Мастацкія магчымасці слова

Мастацкія магчымасці слова і мовы ў цэлым выяўляюцца ў наступных момантах.

Па-першае, адной з галоўных крыніц вобразнасці мовы з’яўляецца іншасказальнасць слова, г. зн. выкарыстанне ў мове твораў мастацкай літаратуры слоў у пераносным значэнні.

Па-другое, слоўная вобразнасць дасягаецца ў мастацкіх творах дзякуючы ўмеламу падбору аўтарам выяўленчых дэталей, прычым, іншы раз без выкарыстання нейкіх асаблівых сродкаў мовы (у прыватнасці, іншасказання), з абазначэннем таго, што адлюстроўваецца, звычайнымі, простымі моўнымі сродкамі.

Па-трэцяе, мова можа аказацца вобразнай і тады, калі аўтар узнаўляе воблік таго, хто гаворыць, з дапамогай укладвання яму ў вусны нейкіх надзвычай спецыфічных слоў (тэрмінаў, дыялектызмаў, жарганізмаў, слоў-паразітаў і г. д.).

Вобразныя магчымасці мовы якраз і вызначаюць рысы літаратуры як асаблівага віду мастацтва.

Да патэнцыяльных вобразных магчымасцей слова і мовы ў цэлым дапасоўваецца ў творах мастацкай літаратуры і той фактар, што мова іх, як правіла, максімальна арганізаваная. Кожнае адценне, кожны нюанс у сапраўдным літаратурна-мастацкім творы валодае выразнасцю і важкасцю. Калі «звычайнае» выказванне можа быць перааформлена без нанясення страты яго зместу (аб адным і тым жа, як вядома, можна сказаць па-рознаму), дык для мастацкага твора ломка моўнай тканіны нярэдка аказваецца згубнай.

У мастацтве слова вельмі важным з’яўляецца ашчадны адбор самых значных, найбольш выразных слоў і моўных канструкцый. Усё выпадковае і няпэўнае, усё нейтральнае, чаго шмат у звычайнай гутарковай мове, у літаратурна-мастацкім творы зводзіцца да мінімуму, а ў ідэале – да нуля. Пры гэтым у літаратуры выкарыстоўваюцца часам такія моўныя формы, якія цяжка, а то і зусім немагчыма ўявіць па-за мастацтвам.

Аднак фармальныя адрозненні мастацкай мовы ад іншых яе відаў неабавязковыя. Часта бывае, што літаратурныя тэксты няўхільна прытрымліваюцца лексікі, семантыкі і сінтаксісу звычайнай мовы – вусна-размоўнай (дыялог у рэалістычных раманах) альбо пісьмовай (проза ў выглядзе запісаў і дзённікаў). Але і ў тых выпадках, калі мастацкая мова з’яўляецца на першы погляд быццам бы тоеснай «звычайным» выказванням, яна ўсё-роўна валодае максімальнай упарадкаванасцю і эстэтычнай дасканаласцю.

1.3 «Нярэчыўнасць» вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка

Літаратура адносіцца да тых відаў мастацтва, якія прынята называць выяўленчымі ў адрозненне ад экспрэсіўных. Пры гэтым літаратура прынцыпова адрозніваецца ад іншых мастацтваў, для якіх характэрнай рысай з’яўляецца выяўленчасць. Жывапісцы і скульптары, акцёры і рэжысёры ствараюць вобразы, якія валодаюць нагляднасцю. Лініі і фарбы ў жывапісе, бронзавыя, драўляныя, мармуровыя фігуры скульптурных твораў, рухі артыстаў у тэатральных спектаклях і кінафільмах непасрэдна ўздзейнічаюць на нашы зрокавыя адчуванні.

Не тое ў мастацкай літаратуры. Словы ўсяго толькі асацыятыўна звязаны з тым, што яны абазначаюць. Чытаючы альбо слухаючы літаратурны твор, мы не бачым таго, што адлюстроўваецца, але з дапамогай уяўлення як бы па-новаму ўзнаўляем прадметы і факты, аб якіх распавядаецца. Слоўныя вобразы пазбаўлены нагляднасці, яны ўмоўныя і «нярэчыўныя», як зазначыў у свой час Лесінг у «Лаакаоне». М. Чарнышэўскі сцвярджаў, што, паколькі вобразы фантазіі (г. зн. уяўлення) больш бляклыя і слабыя ў параўнанні з непасрэдным пачуццёвым успрыманнем, паэзія па сіле і яснасці суб’ектыўнага ўражання заметна прайграе астатнім мастацтвам. Адзін з відных замежных тэарэтыкаў мастацтва, прадстаўнік фенаменалагічнага накірунку Р. Інгардэн гаварыў аб непаўнаце і некаторай схематычнасці слоўных вобразаў.

Адсутнасць прамой нагляднасці ў літаратурна-мастацкіх вобразах кампенсуецца іх асаблівымі, спецыфічнымі магчымасцямі. У адрозненне ад жывапісца і скульптара, пісьменнік узнаўляе не толькі тыя бакі рэчаіснасці, якія могуць быць успрыняты зрокава, але і ўсё тое, што адкрываецца слыху і пачуццю.

Галоўнае ж, што аўтар літаратурнага твора непасрэдна арыентуецца на «пазаадчувальнае» ўспрыманне чытача, а менавіта на яго інтэлектуальнае ўяўленне.

Такім чынам, слоўна-мастацкія вобразы ўзнаўляюць не столькі самі па сабе прадметы ў іх пачуццёва ўспрымальных уласцівасцях, колькі рэакцыі на рэчаіснасць чалавечай свядомасці, цэласныя суб’ектыўныя ўспрыманні.

Літаратуры супрацьпаказана шматстайная «рэгістрацыя» зрокава ўспрымальных частак прадметаў і мноства «дапаможных» падрабязнасцей. Разам з тым для пісьменніка непажаданыя і сумарныя, тэзісна-схематычныя абазначэнні пры адсутнасці дэталей, штрыхоў, прыватнасцей. Адцягненае «лагізіраванне» (няхай яно кампактнае, сціснутае альбо, наадварот, грувасткае, шматслоўнае) няздольнае даць сапраўднага мастацкага эфекту. Слоўны тэкст поўнасцю адпавядае патрабаванням мастацтва, калі пісьменнікам знойдзены нешматлікія яркія дэталі і падрабязнасці, якія ўзнаўляюць прадмет у цэласнасці яго вобліку.